Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
He мог і цяпер Сцервін не заўважыць нескрыванай пагарды, што свяцілася ў прамяніста-блакітных вачах, Найбольш і калолі яго тыя вочы. Яны разам вабілі й здзекаваліся з яго, прыцягвалі й мучылі, чаравалі й смяяліся з ягонай нікчэмнасці.
He пайшло яно ўсё так, як планаваў Сцервін. Асноўнае — памыліўся камендант, калі лічыў, што гэта годная
жанчына з крыштальна чыстым сэрцам, непераможна-ўзлётнаю душою, незапэцканым сумленнем, высокай маральнасцю наважыла ахвяравацца сваім гонарам, аддацца Сцервіну фізічна, нават і для ратунку мужа. I цэлае шчасце, што ў пару спасцярогся, a то магла б зарэзаць. Гэтак трымаючы ўжо яе ў абдымках ды розумам і чуццём падрыхтаваўшыся да кульмінацыйнай насалоды, спасцярог Сцервіна хуткі рух, і ў парў заўважыў сталь нажа ў ейнай правай руцэ. Вырваўшы з рукі нож, моцна разгарачаны, амаль не помніў камендант, як сціснуліся кляшчамі ягоныя пальцы вакол мяккай, быццам лебядзінай, шыі... Апамятаўся адно, як нехта пастукаў у дзверы.
Пробаваў супакойваць сябе пасля Сцервін, даводзячы, што помста прыйшла, што мэту асягнуў, што аддаў дзіця немцу, што ўзмоцніў сваю пазіцыю й лішні барыш здабыў. Ды нешта й не тое было. Птушачка зарана выскачыла з рук. Добра адчуваў, што ў параўнанні з задушанай жанчынай, якую не ўдалося згвалціць, ён быў адно малым, нікчэмным, брудным, запэцканым у чужую кроў чарвяком.
Часамі й пабойваўся помсты за той вялікі злачын. Хоць здавалася, што ані муж, ані жонка не мелі навокал сваякоў, усё ж былі пагрозы з боку мясцовага беларускага актыву/а мо дзе якое вока й сачыла. Стараўся ад гэтага часу ўважна прыглядацца й прыслухоўвацца. Асабліва цяпер, ужо на парозе пераходу ў зусім іншы, заходні свет, пад іншую ўладу, якая, пэўна ж, будзе шукаць злачынцаў і караць іх, Сцервін быў моцна ўстрывожаны. А злачынстваў тых зрабіў шмат — і супраць жыдоў, і палякаў, і найбольш супраць беларусаў, пераважна сялян. Дык і было чаго баяцца. Недарма ж слухаў вушамі й стараўся абнюхваць носам.
IV
Ідучы на чале аддзела дэзерціраў па дарозе на фронт у Асбах, Сцервін не сягаў зрокам на свой жыццёвы шлях. Думаў тое-сёе пра цяперашняе. Дый думаць было цяжкавата. Так, як і шмат іншых афіцэраў, ён быў амаль пэўны, што раней ці пазней прыйдзецца апынуцца на другім баку, а там ужо давядзецца носам на ўсе бакі пачмыхаць, панюхаць, паглядзець, разведаць. Мо й там дзе якое «карыта» будзе, калі ўдасца, калі грахоў не прыпомняць. Дый «ка-
рыта» ж мо будзе не зусім такое, як у Беларусі. Хто ж яго ведае...
Задатак жа нейкі ў яго пры сабе ёсць. Вось, успомніўшы аб задатку, гэтым жалезным капітале, былы камендант аж крыху павесялеў. Як жа хваліў сябе цяпер за мудрасць і далёказорнасць: у гарачы час, калі эвакуіраваўся з Бацькаўшчыны, стукнула яму ў галаву ідэя жменьку ці другую залатых манетаў паўшываць у розныя месцы мундзіра. Адно ж уцеха ўцехай, але каб хаця капітал як захаваць, каб вось неяк чэрці не знайшлі. Хто яго ведае, як там будзе з тым пераходам. Трэба будзе старацца, камбінаваць.
Гэтак Сцервін, ведучы калону, найбольш цяпер і думаў аб тым капітале. Пару разоў для пэўнасці й рукамі там-сям па швах і па гузіках памацаў, улучна аж і з тым найбольш бяспечным месцам. Ажно весялей неяк зрабілася.
«Ужо калі б на тым баку дзе й давялося цяжкавата, дык, можа, пры дапамозе жменькі гэтых манетаў удасца дарогу як-небудзь прачысціць. Людзі ж нідзе не без грахоў. Можна намовіць, перакупіць. Хто ж мог бы на мікалаеўскія не паахвоціцца?» — разважаў былы камендант.
Прыходзіла часамі на думку Сцервіну й ягоная сям’я: жонка й двое дзетак. He было часу забраць іх з сабою, уцякаючы, так горача было. Што ж зробіш... Нельга было прыхінуць сям’і, дык хаця самому трэба было ратавацца. He мог жа заставацца на пэўную смерць. I не вінаваціў сябе за тое. Ды наогул калі-небудзь і пры большых «справах» ці вінаваціў сябе ён? Усё ж рабілася для палепшання будучыні. Дык і навошта было гуляць нейкімі апраўданнямі? Ці ж то ён устанавіў правы жыцця? Жыццё ж, паводле Сцервіна, гэта былі джунглі, дзе мацнейшыя й хітрэйшыя заўсёды былі наверсе, а слабейшыя й пакрыўджаныя крычалі аб праве, праўдзе й іншых драбніцах. Бяда была ў тым, што жаўнеры не ведалі гэтага прыродна-жыццёвага права, што палягалі на сумленні, справядлівасці, гарэлі нейкім патрыятызмам, верай у Бога ці яшчэ чым.
«Цьфу на гэта ўсё! To было для іншых, а не для яго, Сцервіна, што рана пазнаў асноўную жыццёвую праўду. Ведаў, што ў жыцці, асабліва дзеля большых здабыткаў, ці нат для собскага ратунку ў выпадку небяспекі, ахвяры трэба было несці. Дык і што ж такое, калі ён тут у ахвяру прынёс сям’ю сваю? Выхаду ж не было. He мог жа з
сабою забраць. Калі б дзеля сям’і застаўся, дык усе разам пацярпелі б — у гэтым не магло быць сумлеву. Дык і чорт яе там з бабай — другая будзе. Падумаеш, баба! Крышку шкада было дзетак, дзяўчынкі й хлопчыка. Пэўна, бальшавікі іх зліквідуюць. Але як жа йнакш льга было...»
Ад гэткага разважання ў думках Сцервін зноў перакінуўся да цяперашняй сітуацыі, і няпэўнасць пачала закрадацца ў яго свядомасць.
«А што, калі знойдзецца такі адзін ці два, што на другім баку данясуць, пастараюцца ўсе ягоныя мінулыя грашкі прыпомніць? Нямала ёсць ворагаў.
Мала што можа здарыцца? I хіба ж калі нават дзе хто й быў, што трымаў яго на воку, дык ці ж ён вылезе цяпер наверх? Гэта там, ужо на другі бок дастаўшыся, трэба будзе ўважней прыглядацца. Ужо калі хто пастараецца паклікаць яго да адказнасці ці на нейкі суд перад нейкай уладай (а ўлада ж там, як бы яна ні выглядала ці называлася, усё ж будзе), дык, пэўна ж,— на другім баку. Але што ж меў цяпер рабіць, каб гэтаму запабегчы? Нічога. Зробленага — не вернеш. Трэба падрыхтавацца на найгоршае, а там ужо няхай будзе, што будзе, што мае быць. Добра вось, што яшчэ жменьку гэтых залаценькіх неяк захаваў. Мо на помач прыйдуць. Дый калі не яны, у выпадку няшчасця, дык хто ж тады мае памагчы? Трэба сцерагчы й хаваць іх, быццам сваё вока. Можа, у іх бўдзе пачатак і канец ягоных непрадугледжаных цяжкасцяў? Абавязкова, абавязкова трэба дапільнаваць, каб не адабралі. Гэта ж, можа, апошні ратунак».
Гэтак Сцервін, заглыбіўшыся ў свае думкі, валачыўся з правага боку на чале калоны. Ад некаторага часу крыху звольніў кроку і, маршыруючы амаль на ўзроўні сярэдзіны групы, адным вухам падслухоўваў, як нешта ўсё вурчаў свайму сябру той канюх, якога прыпадкова залічылі ў лік дэзерціраў і паслалі з імі на фронт. He падабаўся Сцервіну хлапец. «Хто яго ведае чаму? — думаў сабе.— Можа, ён што пра мяне ведае? Чаго так уважна колькі разоў да мяне прыглядаўся? Нават і тады, калі яго арыштавалі за лішні выстралены патрон і калі Мураўёў ужо надвечар выклікаў з бункера, калі ўсе афіцэры стаялі каля барака, дык надта ж неяк дзіўна быў уталопіўся ў мяне. Няўжо ж мяне знае? He можа быць. Хлопец, здаецца, зусім незнаёмы. Каб ведаў, каб быў пэўны, дык, можа б, дзе тут пры фронце як-небудзь набок яго ўдалося? I чаму ён мне не падабаец-
ца? Мо таму, што заголасна заўсёды выказваецца са сваім патрыятызмам? Гэта ж і ад Рэшатава пару разоў пра яго й пра ягонага сябру чуў. А патрыёты — асабліва цяперашнія, беларускія — гэта ж вар’яты. Яны там за нешта ўзнёслае, уяўленае, неіснуючае стаяць, дык і гатовы добраму, практычнаму, такому, як ён, чалавеку крыўды прынесці».
Сцервін уважней наставіў вуха й стараўся слухаць, што гаварыў канюх. Той колькі разоў пазіраў на яго і, відаць, нешта хацеў сказаць.
— Спадар лейтэнант,— нарэшце асмеліўся, гаворачы чысценька па-беларуску.
— Ну, что?
— Пусціце мяне назад у абоз. Мяне ж памылкова забралі.
— Как то? Да прн чем здесь я? Разве я тебя забрал?
— Хоць, можа, і не вы, а капітан той, але ж я канюхом быў і толькі прыпадкова папаўся яму пад руку. Дый конь мой застаўся сам, даглядаць за ім няма каму. Пусціце, спадар лейтэнант.
— Еслн м была ошнбка, то не моя, конечно. Пустнть тебя назад я не ммею права.
— To ж вы цяпер камандзір. Як жа не маеце права?
— А тебе какое дело? Разве я должен тебе докладывать о том, что делаю? — Пры гэтым Сцервін накасавурыўся і ўжо даволі пагрозліва зірнуў на канюха.
— Пакінь ты! — таўхануў пад бок Сымона Віктар.— Чаму ты яго просіш? Будзем во разам.
— Я ж думаў, што мо чалавек зразумее, ажно...
Сымон не сёння заўважыў фарсістага афіцэра. He змог бы пэўна вытлумачыць, чаму той яму так не спадабаўся з выгляду. He ішла гаворка аб вопратцы ці аб тых бліскучках, але найбольш — аб самім твары. Сымону здавалася, ' што гэта наскрозь фальшывы чалавек. Хоць бліжэй яго й не ведаў, назіраў адно здалёку, але ж хто мог не спасцерагчы ягонай празмернай ліслівасці да сяброў-афіцэраў, асабліва да старэйшых камандзіраў сваіх, і той абыякавасці, штучнай адлегласці, на якой трымаў сябе Сцервін у дачыненні да малодшых чыноў?
Цяпер жа Сымон першы раз трапіў пад ягоную ўладу. Чуў раней, што быццам Сцервін быў беларусам. Дык і чаму ж, калі іншыя афіцэры гаварылі па-беларуску й па-ўкраінску, памінаючы ўжо толькі чыста вайсковую расейскую
каманду, чаму ён — гэты францік з шэрагам залатых зубоў наперадзе, аніяк не хацеў з ім, Сымонам, нават і цяпер гаварыць па-беларуску?
«Эх, тут нешта не тое. I цікава, чаму гэты чалавек мне так не падабаецца? Ці не варта было б крышку больш аб ім пранюхаць?»
V
— Гальт! — пачулася з цемры наперадзе, й два ручныя ліхтарыкі з абодвух бакоў дарогі вузенькімі палоскамі святла прарэзалі восеньскую цемру ды коўзалі па тварах затрыманых Сцервіным людзей. Дарожная старожа нямецкае вайсковае паліцыі сачыла за рухам у абодвух кірунках, лавіла й затрымоўвала падазроных й дэзерціраў.
Сцервін падышоў наперад да немцаў, замяніўшыся з імі колькімі сказамі, і малая калона паволі рушыла наперад. ЯшчЭ зрабілі адзін кіламетр. Пад узгоркам шаша павярнула дугой налева ды пасля стужкаю выпрасталася ў кірунку Асбаха. 3 правага боку, ледзь заўважныя ў цемры, тырчалі густаватыя зараснікі.
Дарога была пад сталым абстрэлам артылерыі праціўніка. Ледзь заўважны цёмны гарызонт асветліцца водбліскам гарматных стрэлаў, да вушэй прыбяжыць свіст снарадаў. Гул узрываў спыняе манатонна-нуднае выццё асенняга ветру. Праціўнік страляе вобмацкам, наўгад. Вось ізноў чуваць, як дзесьці за ўзгоркам зарагаталі жалезныя глоткі, і сотні кілаграмаў жалеза з непрыемным дэмаралізуючым енкам лятуць у кірунку малое групы дэзерціраў. Сцервін не турбуецца. Яшчэ з Бацькаўшчыны, а то й з апавяданняў ведае, што не трэба баяцца тых снарадаў, свіст якіх чуеш загадзя. Свішчуць толькі пералётныя. Тых, што могуць у цябе трапіць або не далятуць, свісту ніколі не пачуеш. Дык Сцервін і не турбуецца. He тое каб ён адважным быў. Зусім не. Ці раз дома даводзілася, не аглядаючыся, назад пяткі падмазваць, a то часамі й камбінаваць, каб дзе пад лівень агню не трапіць. Праўда, была ў Сцервіна адвага іншага роду: прыкладам, у селяніна самагонку адабраць ці над жыдамі паздзекавацца, абрабаваць дзе каго пад час «выканання службовых абавязкаў». Баявой жа адвагай не грашыў...