Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Калісьці даўно-даўненька, здаецца, назад цэлыя стагоддзі таму, было гэта. Сымону гадоў ці не дзесяць тады мінула. Вунь памагаў ужо матцы з сярпом пры загоне пераспелага жыта. Трэба ж чым хутчэй. Суседзі, у якіх стае рук да працы, даўно пажалі. Памагае й самая старэйшая замужняя сястра. Рэжуць вострыя сярпы таўстыя сцёблы, й паволі пляцецца гутарка.
— Эх, Божа ж мой, Божа,— уздыхае, выпрастаўшы спіну й навокал пазіраючы, маці,— працуеш, працуеш век, а памрэш, дык ці ўспомніць хаця хто...
— Мама, мамачка даражэнькая... каб ты толькі ведала...
Але гэтых апошніх слоў не чуваць на жытнішчы. Іх цяпер заглушае жаласлівы вецер на чужой эльзаскай зямлі.
II
Ад самай першай сутычкі з французамі, ад часу заняцця пазіцыяў на фронце, перабежкі людзей да праціўніка прадаўжаюцца. Пераходзяць найчасцей малымі групамі — па тры-чатыры. Камандзіры бачаць, як таюць шэрагі, як убываюць людзі. Рапарты аб перабежках падаюцца ўверх позна — каб адцягнуць, утаіць. Афіцэры бачаць, што мараль войска нізкая. I чаго ж вартая ў баі армія, якая нават на сталым адрэзку фронту не можа наладзіць нармальнага харчавання?
Няма сумлеву, што праціўнік ад перабежчыкаў ведае колькасць, якасць, твар, баявую маральнасць і распалажэнне ўсіх адзінак на гэтым баку. Ён ужо добра зарыентаваны, што тут адно павуціная заслона, прайсці праз якую не будзе ніякіх цяжкасцяў. Ведае, пэўна ж, і тое, што беларусы не маюць намеру бараніць чужой нявольніцкай імперыі. Праціўнік, як відаць, спыніўся адно для перадышкі, каб падцягнуць запасы амуніцыі, харчоў, людзей. Тое з трыццатай дывізіі, што само не адпаўзе добраахвотна на той бок ды пакуль што трымаецца ў цэласці, жыве на пазычаным часе.
Галодныя жаўнеры насуперак загадам зверху лазяць па гаспадарскіх падвалах, забіраюць усё, што пападаецца пад руку з еміны. Іншыя, забываючыся, заліваюцца віном. Ці адзін ужо дастаў за гэта кулю ў лоб ад немцаў. Але галодных не накорміш загадамі, забаронамі, не пашлеш у акоп бараніць свае пятлі...
Камандзіры батальёна Мураўёва, прынамсі, тыя, што стараюцца бачыць і думаць, ведаюць, што штучна склееная адзінка дажывае апошнія дні. Дзеля таго думаюць яны аб ратаванні свайго жыцця ў недалёкай будучыні. Калі пачнецца апошні акт драмы на нямецкім баку, калі гарматнымі грымотамі адчыняцца дзверы ў новы свет, трэба ўцалець пад агнём і перайсці на другі бок — вось асноўная ідэя, што гнездзіцца ці ў адной галаве.
Лейтэнант Сцервін зноў паклікае на дапамогу ўсю сваю вынаходлівасць. Што хутка фронт крахне — у яго няма сумлеву. Застаецца адно крыху прадугледзець, a пасля — папярэдзіць выпадкі. Трэба перабрацца на той бок — гэта ўжо ясна, ведама й пастаноўлена не сёння. Трэба не толькі перайсці цэлым, але й захаваць усё сваё багацце.
Лейтэнанта Башмакова — камандзіра звяза з чацвёртай роты — Сцервін ведаў яшчэ з Беларусі. Разам у паліцыі доўгі час служылі. Каб яму, Сцервіну, столькі год здаровага й шчаслівага жыцця, колькі яны ўдвух літраў самагонкі зглумілі. Дый чаго іншага толькі не выраблялі пад час таго глумлення... Адным словам, гэта — «парень», з якім шмат чаго можна было зрабіць. Дый ці першы раз рабіць прыйдзецца...
He трэба было Башмакову й двух слоў, каб зразумеў, у які бок кіруе Сцервін свае аглоблі.
— Так в чем же дело,— адказаў былы чырвонаармеец,— давай, не медля...
Умовіліся на сёння. Башмакоў мае быць дзяжурным па роце, будзе цэлы час у баявой гатоўнасці. Каля гадзіны адзінаццатай сустрэнуцца на перадавых пазіцыях, на левым крыле абаронных акопаў Асбаха. Сцервін будзе абыходзіць пазіцыі свае роты, а там ужо сустрэнуцца й гайда... Так, здаецца, проста й дасканала. Як піць даць, казаў той. Ужо раней асачылі й абмеркавалі дарогу на другі бок, найбольш праўдападобныя месцы пазіцыяў праціўніка, да якіх трэба накіравацца.
Сцервін зацягнуў пару глыткоў пахучага дыму з нямецкае цыгарэты, устаў і зірнуў на камандзіра роты, што драмаў за сталом пры закуранай лямпе.
— Думаю пройтмсь, Нван Павловмч,— кінуў, быццам нехаця.
•— Да, да, хорошо, пройднтесь,— адказаў камандзір,— проверьте, как там ребята м вообіце, что где слышно. Черт подерн, уже двадцать трн человека нз роты удрало,— церабіў галаву.— Разве онн не знают?.. Да, впрочем...— махнуў вялай рукой капітан.
Сцервін бярэ на плячо аўтамат і, не азіраючыся, выходзіць.
— Але ж і цёмна, бляха! — кляне, спыніўшыся за дзвярыма.
Ноч цёмная, як дзёгаць. Лейтэнант пастаяў, колькі змог разгледзеўся, штосьці памеркаваў. Рука выцягнула з-пад пазухі плоскую пляшку, а вусны ўзяліся смактаць з вялікай прагнасцю. Цеплыня разлілася па жываце.
Сухі вецер магутнымі крыллямі бушаваў у цемнаце. Дзесьці ўверсе шумелі густыя клубы хмараў, калаціліся вяршыні аголеных дрэваў. Вецер церабіў грыўку валасоў.
Нідзе нікога не відаць. Лейтэнант пастаяў, пасля, паво-
лі адмераўшы крокаў трыццаць у заходнім кірунку, павярнуў налева ў бочную вулічку. Ужо набліжалася адзінаццатая, і хто ведае, ці Башмакоў яго не чакае. Ён і не думае паказвацца ў акопы свае роты. Чаго? Няма дурных. «Трохі мо й занадта цёмна, але хто яго ведае. Можа, так і лепш»,— мяркуе, асцярожна ступаючы, Сцервін.
Ззаду, здаецца, чуваць нейкія крокі. Ён спыняецца й азіраецца, але нічога не бачыць. Зрэшты, навокал жа свае. Чаго ж тут баяцца? Але нейкая няпэўнасць пачала дакучаць апошнімі днямі... Ледзь не трывога. Ніколі так раней не было... Эх, дурнота,— махае ён у думках рукой і для пэўнасці падцягвае ды трымае напагатоў аўтамат, каб у выпадку нечаканасці... Туліцца бліжэй да сцяны забудаванняў па левым баку. Можа, так хутчэй спасцеражэ спадарожніка.
Ізноў спыняецца й чакае момант, але нічога не відаць. «Ат, мусіць, ці не здалося мне. Дый чаго я так, як дзіця, трывожуся? Свае ж навокал...» — і ставіць смялей крокі, трымаючыся амаль самых сцен.
Раптам нечыя рукі, быццам стальныя кляшчы, хапаюць за шыю й цягнуць за вугал хаты.
— Ах ты! У-у-у-ух! — вырываецца нечакана ў Сцервіна, і ён напружвае ўсе сілы, каб вырвацца са стальных абдымкаў. Але напаснік балюча крутануў назад левую руку Сцервіна, а другой уміг скінуў з пляча аўтамат і трымае за горла.
— Стой, гадзюка! — нянавісцю дыша голас.— Папаўся ты нарэшце!
Ззаду хуткім трушком збліжаюцца нечыя крокі, й перад Сцервіным вырастае рослая фігура.
— Маліся, нячысцік, калі ў Бога верыш! — загадвае шурпаты бас.— Бо прыйшла хвіліна помсты. За ўсе крыўды, якія ты прынёс беларускаму народу, за гвалчаную матку, мужа, дзіця, за расстраляных і апаганеных...
— Пу-у...— задыхаецца і ўецца, быццам тая гадзюка ў кляшчах, Сцервін.
Вочы ягоныя аж вылазяць з вачніц, спасцярогшы маланкавы рух правай рукі папярэдняга напасніка. Даўгое жыгала кантаватага штыка ўядаецца пад рэбры.
— У-у-ух!
Сцёрвінавы калені гнуцца, арганізм слабее й звужаецца, паглынае ўсё навокал начны дзёгаць.
Дзве постаці моўчкі пару хвілін стаяць над свежым
трупам. Насок жаўнерскага чаравіка паварочвае ўверх уліплы ў балота нос.
— Ці не лепш было б дзе прыхаваць?
— Пэўна ж. Але дзе?
— А вось, давай, цягнем туды,— паказвае гаспадар голасу ў бок будынка з большым падстрэшшам.— Чым-небудзь накрыем. Пакуль суд ды справа, дык і не будуць ведаць, дзе падзеўся. Падумаюць, што ўцёк. A то нашы нявінныя хлопцы пацярпець могуць...
— Дык давай хуценька!
Адзін бярэ труп за рукі, другі за ногі й цягнуць пад іншы будынак. Палажыўшы пад самай сцяной, воддаль ад вуліцы, бяруць, што трапляецца пад рукі — усялякі хлам — і кідаюць наверх. Штык застаецца ў грудзях.
— Здаецца, што будзе добра.
— Мабыць, ужо не відаць,— мяркуе другі.
— Ты стой!— спасцерагаецца першы.— Гэты ж гад на сабе кучу золата, пэўна, меў... Чаму б не папароцца?
Момант маўчання.
— Можа, й праўда... Ах,— махае рукой другі,— няхай яно яму на водкуп ад чарцей у пекле будзе. Хадзем хутчэй!
Адзін падымае кінуты па дарозе каля вугла хаты Сцервінаў аўтамат, і абое накіроўваюцца ў поле. Паволі, крадучыся, мінаюць пярэднія пазіцыі і, кіруючыся на захад, таюць у ночы.
III
Пасля ўсяночнай варты, па калені ў калатушцы, Сымон быў зменены. Вярнуўшыся ў касцёл, крышку, што ўдалося, падсушыў, адпачыў і зноў быў накіраваны з панцырфаўстам у хату, дзе з двума іншымі мелі назіраць з акна ў падвале. Тут крышку пажывіліся. Праўда, у гаспадарскай пустой хаце не знайшлі хлеба. Тут не яны ўжо першыя былі, ды мо й не апошнія. Адно было ўволю яблыкаў і кіслага белага віна. Цэлы час паласкалі віном засохлыя горлы й закусвалі фруктамі.
Таго самага вечара, калі помста дагнала лейтэнанта Сцервіна, Сымон зноў быў высланы на правы фланг у малы ненакрыты акопчык. 3 ім пайшоў ведамы ўжо чытачу Гвардзейчык. Ніводзін не спаў, бо й спаць было цяжкавата
неяк. Каля паўночы сухі вецер пачаў разганяць хмары, і зноў паказаўся серп 'месяца. Міны не давалі заснуць. Яны свісталі, чаргуючыся, па ўсёй лініі фронту. Направа ад таго месца, дзе трымалі пазіцыю Сымон і Гвардзейчык, на паўночны захад ад іх, нехта нанізваў вогненныя пацеркі на шнурочак. Рэгулярныя дугі агнявых куляў то падымаліся ўверх і лукам спадалі да зямлі, то зноў ёмка несліся, прыгнуўшыся, здавалася, да самых чубоў недалёкіх кустоў. На дапамогу ім побач рагаталі снарады лёгкай артылерыі й мінамёты. Аб’ектам праціўніка быў мост на канале ў вёсцы Гагэнбах. Здабыўшы яго, можна зайсці ў тыл аддзелам у Асбаху, адрэзаць ім дарогу водступу. 3 боку «трыццаткі» агонь быў слабы. Нават няшмат зарыентаваным у вайне Спарышу й Гвардзейчыку пасля паругадзіннага назірання ясна было, што праціўнік здабыў аб’ект і вужакай улез у зробленую адтуліну. Пад дзень агонь перанёсся добрых пару пядзяў на ўсход.
Нядзельнае світанне 26 лістапада загрымела сотнямі глотак французскіх гарматаў. Загарэлася доўгая дуга эльзаскага фронту. Французы згушчалі агонь на пярэдніх пазіцыях вёскі Асбаха, намацвалі бункеры й звычайныя акопы. Снарады торгалі мяккія грудзі голага поля, крышылі дрэвы. Жвавы вецер разганяў едкі сінявы дымок пораху па-над буграмі й далінамі. Пасля блізу гадзіннай артылерыйскай, амаль аднабочнай, кананады згусцелі хвалі гукаў танкавай, аўтаматычнай і пяхотнай хуткастрэльнай зброі. Сухі ляскат «стэнаў» — амерыканскіх кароценькіх скарастрэлаў — нагадваў трэск ломаных галінаў.
Цяжар галоўнага ўдару пайшоў на Асбах і направа ад Сымона, праз вёску Гагэнбах, дзе ноччу праціўнік здабыў мост на канале. 3 боку «трыццаткі» супраціў быў зусім слабы, амаль ніякі. Толькі на пярэдніх пазіцыях Асбаха кароткі час бразджаў «максім», але й той хутка заглох. Праціўнік хутка й глыбока ўядаўся ў грудзі «трыццаткі».