Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Куды горш было, калі прыйшлі бальшавікі й давялося ў зўсім іншы раён змывацца, дакументы падрабляць. Але й тут нос Сцервіна не падвёў. Зрабі ты каму паслугу, зробяць і табе. Сцервін заўсёды трымаўся гэтай аксіёмы й шчэ ніколі не расчараваўся ў сваіх разліках-камбінацыях. Іншая справа, што трэба было ведаць, каму ласкі рабіць і хто табе мог тым самым аддзячыць. Гэтак і пры бальшавіцкай акупацыі ўдалося там падмазаць, там падкупіць, а ці ў адным месцы дык і проста звычайна папрасіць, і ўсё ж, урэшце, удалося цёпленькае местачка пры гарадскім гандлёвым прадпрыемстве знайсці. He тое каб ён быў гандляром. О, не! Але ўсё ж, як кажуць, дзе п’юць, там і льюць. Ці ж чалавек не мог скарыстаць хоць з маленькага карытца? Няўжо ж меў каля крамаў, як іншыя, у чэргах гадзінамі й днямі тырчаць? Трэба ж было й есці, й апранацца. Дык і шмат зручней было пры гарадской бальшавіцкай гандлёвай фірме працаваць. Там, як ужо прынялося, усё было «па блату». Ты некаму, дык і нехта табе. Так яно й вялося зверху аж у самы ніз. Праўда, трэба было мець зыркія вочы й надта ж чуллівыя вушы, каб дзе не праваліцца.
Але ж вочы й вушы ў Сцервіна былі ледзь не падвойныя, калі гаварыць пра практыку, набітую руку. Дык і йшло ўсё гладзенька, як па маселцу...
Ажно тут новая перамена — немцы. Зноў спатрэбіліся ўсе інтэлектуальна-вынаходніцкія здольнасці. Ды тут і не так проста. Вайна ж трывала. Хто ведае, хто там каго зможа, пераможа, чым тое ўсё кончыцца. Чакаць мо на цішэйшае даўжэй давядзецца, й неяк не хацелася ўсяго на адну карту стаўляць... А як жа тут без «карыта»? Нейкі час давялося сядзець, як той мышы пад мятлой, прыглядацца, сачыць, што іншыя робяць, варажыць. Бачыў, як усялякая гарадская басота, польская ў найбольшай меры, у паліцыю кінулася. Сачыў, як нажывалася. Дык што ж там і варажыць доўга. Трэба ж наважыцца, каб запозна не было. Любіў жа ўладу. А хто ж вайной мог мець уладу, калі не той, што зброю трымаў? Дый не там — на фронце, але тут — ззаду, дзе было крышку выгадней, зацішней.
Доўга не надумваўся. Пакаштаваў жа вунь некалі ваеншчыны яшчэ пад польскай акупацыяй. Можа б, тут так і знайсці тое «карыта»... Іншыя там беларускім патрыятызмам, нацыяналізмам загарэліся, у адміністрацыю,
школьніцтва кінуліся. Гэта ўсё не для Сцервіна было. Якое ж там «карыта»?
Ясна, цяпер пастараўся ўсюды самым чыстым і адданым беларусам фігураваць. Трэба ж было лезці. Дык і ўлез на кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы й нядрэнна скончыў. А пасля ўжо й да «карыта» бліжэй.
Эх, і «карыта» ж было гэта! He абы-якое! Тут ужо трэба было неяк з нямецкімі ўладамі, пераважна з жандармерыяй камбінаваць. Дык і што ж там такога... Ці ж першы раз даводзілася даносіць на тых, што на дарозе стаялі, у ласку ўбівацца, падкупліваць? Як на тое шчасце, надта ж разумны чалавек быў камендантам нямецкай паліцыі. Добра разумеў такіх людзей, як Сцервін. Што было да гэтага лейтэнанта, што пры ім пацярпела пад мянушкаю камуністаў колькі нявінных беларускіх патрыётаў, што разбагацеў немец — усё бачыў. Здабыўшы месца каменданта гарадской раённай паліцыі, пачаў жыраваць і сам Сцервін. Тут жа й яўрэяў можна было выкарыстоўваць і над сялянамі ўволю паздзекавацца, асабліва ж дзе ў акцыю супраць бальшавіцкай партызанкі паехаўшы. I піць жа было, хоць ты, казаў той, заліся. He шкадаваў Сцервін ані сабе, ані тым, што памагалі яму да ўлады далезці. Пажыў, казаў той, па-людску.
Калі б было ў Сцервіна нейкае сумленне, можа, варта было б пачаць гаварыць аб ім. Адылі гэта быў бы пусты гук.
III
Калі мы кагадзе заўважылі, што Сцервін быў фарсун, дык мусім дадаць, што ў яго якасць гэтая вязалася вузка й цесна з заўсёдным паляваннем на прыгожы род. Ці аднае ж дзяўчыны ласкаў удалося пакаштаваць Сцервіну на працягу свайго бурненькага жыцця! Хто ж іх і пералічыць. Ды мо не зусім і ласкамі яны часамі былі. Бывала, што й змушаць прыходзілася, асабліва ж калі ўлада была ягоная. Бывалі дзяўчаты, аб якіх Сцервін і забыўся — пералётны момант прыемнасці, дый толькі. Бывалі й жанчыны. Усё тое зацерлася, от так выкарысталася ды і ў нябыт адышло. Адно сваёй сяброўкі школьнай, у якую калісьці, як казалі, утрэскаўся па вушы, ніяк забыцца не мог. He хінулася да яго дзяўчына, дый годзе. Колькі ж быў налазіўся, нацягаўся за ёю, грошы страціў, намаганняў рабіў. Рыба ніяк не клявала.
Можа б, што было, каб паабяцаў жанімства. Але не меў жа такіх шляхотных намераў. Заўсёды трымаўся тае аксіёмы, хто ведае калі й кім яму ў вушы ўложанае: «Усіх дзевак не здабудзеш, але старацца трэба». Дык і стараўся. Ды нічога ж не выходзіла. I Сцервін быў злы, Як жа, яго, такога прыгожага (а гэткім заўсёды сябе лічыў), і проста так, як нейкую кузурку, пад нагу, ці як тую анучу — набок? Гэтага ж ён не даруе. Эх, не даруе! He будзе ж ён называцца Сцервіным, калі тое вось так люзам пусціць.
Доўга чакаў. He было магчымасцяў, дый абставіны не тыя. Бывалі моманты, што й не верыў, што некалі наогул давядзецца свой намер ужыццёвіць. Ажно як камендантам паліцыі стаўся, ідэя ў галаве нарадзілася. Праўда, жанчына тая даўно замужам была, хлопчыка чатырохгадовага мела. Як жа тут? Ды шчэ й муж на адказным становішчы ў адміністрацыі служыць. Яно ж сабе хоць і ў беларускай, хоць і не на такой ужо высокай пасадзе, але ж чалавек быў іншымі шанаваны, давер меў, ведамы беларускі патрыёт.
Самае горшае, што жанчына як наўмысля ўвесь час пад носам была, Сцервіна дражніла. Дый яшчэ больш расцвіла, папрыгажэла. На яго ж цяпер і зусім ужо ўвагі ніякай не звяртала, хоць і ці не найбольшым начальнікам у гарадку быў. Эх, як жа тут дараваць. Гнаілася старая рана, й свярбелі рукі, што трымалі стырно лакальнае ўлады. Часцей і часцей усё меркаваў Сцервін, як, калі й якім чынам...
Хто ведае, што магло б яшчэ быць, калі б не камендант нямецкае жандармерыі. Той дык як з неба быў пасланы. Можа б, ён і не прыдаўся так для собскіх мэтаў Сцервіна, калі б не факт, што немец быў бяздзетны й што ягоная жывоцістая немка няздольная была малых у сямейку прыводзіць. Муж быў вельмі тым незадаволены, але й не было рады.
Адно пасля таго, калі нямецкі камендант раз на вуліцы ўбачыў прыгожага сінявокага светлавалосага сынка той жанчыны, на якую ад маладосці вастрыў зубы Сцервін, калі спытаўся, чый гэта быў хлопчык, адно тады прыйшла ў галаву лейтэнанта светлая думка.	.
— Якое ж бы гэта было шчасце, каб я такога меў,— гаварыў немец, гледзячы на малога хлапчука, што праходзіў з маткай па вуліцы.
Сцервін часценька выпіваў з немцам, гаварыў яму
«ты», адным словам, быў блізкім чалавекам. Немец быў у пажылых гадах, на вайну папаўся не з сваёй волі й, пэўна ж, каб не гэтая завіруха, дык і ў паліцыі даўно не служыў бы, а спакойна сядзеў бы на пенсіі, пакурваў люльку ды смактаў бы з куфля хмельнае піва ды мо таксама, як і цяпер, наракаў, што жонка сям’і не памножыла.
— А гэтага вы не хацелі б часам за сына мець? — паспрабаваў адважна, кіўнуўшы ў бок малога, Сцервін.
Немец адразу не ведаў, што сказаць, і памаўчаў, доўга пазіраючы то на свайго субяседніка, то на дзіця з маткаю, што ўжо павярталі за рог дома.
— Гм... чаму ж бы не. Прыгожае дзіця. Зусім рыхтык як немец.
Ізноў памаўчалі. Сядзелі абодва на верандзе дома, дзе мясцілася паліцыя.
— Можа б, як давялося зрабіць...— быццам так, ад нехаця кінуў Сцервін.
— Матка ж ягоная. Што з ёй? Што з бацькам? — быццам пытаючы с’амога сябе, спахапіўся немец.
— Што ж матка... можна б як-небудзь набок.
— Я не ведаю. Муж ейны чалавек ведамы...
— Пакіньце справу мне, а я ўжо так неяк нешта прыдумаю,— запэўніў Сцервін.
Немец доўга і ўважна прыглядаўся да падпітага таварыша. Нарэшце твар ягоны паяснеў, і выраз поўнага зразумення, а мо ўжо і ўяўлення шчаслівай будучай сямейкі адбіўся на абліччы. На твары ў Сцервіна мільганула агідная ўсмешка, прагавіта-злосныя шэрыя вочы бліснулі полымем нянавісці ў тым кірунку, куды пайшла жанчына, а тонкія вусны моцна сціснулі нямецкую цыгарэту.
Муж нічога не падазраваў, калі выкліканы быў хутка пасля гэтае размовы ў паліцыйны кабінет Сцервіна. Давялося каменданту вочы хаваць, у твар не глядзець, але не мог жа, раз пачаўшы, нічым скончыць. Чалавека збаёдаць было лёгка, а ў Сцервіна практыкі было хоць адбаўляй. He вельмі ж Сцервін пасля браў на ўвагу й розныя выказванні ды пагрозы сяброў зліквідаванага.
Са шмат большай далікатнасцю давялося дзейнічаць у дачыненні да жонкі застрэленага. Колькі ж разоў прыходзіла бедная маладая жанчына да каменданта, як горка плакала, як прасіла. Спрабаваў пасылаць яе Сцервін да каменданта нямецкай жандармерыі, на яго віну звальваючы, але той ці не так разумеў цэлую гульню, ці не
хацеў рукі пэцкаць — адсылаў жанчыну назад да Сцервіна.
Хадзіў камендант па кабінеце й насалоджваўся відам прыбітай горам жонкі й маткі, якая, быццам тая безабаронная, не аброслая яшчэ ў пер’е маладая птушачка, звалілася з гнязда і не ведала, што з ёю, бездапаможнаю, станецца. Колькі разоў запэўніваў, што мужу ейнаму не будзе ніякага ліха, што павезлі яго на допыты ў Менск, што ўсё будзе добра, але жанчына не давала яму супакою. Калі захацела даведацца адрас, дзе можна было знайсці мужа ў Менску, паставіла Сцервіна ў тупік.
Давялося нарэшце намёкамі апераваць. Мо Сцервін не быў надта вынаходлівы з тымі намёкамі, мо крыху грубавата праводзіў цэлую справу. Як жа жахнулася, збялела, ледзь не самлела, пакрыўджаная, калі аднойчы ягоныя, Сцервіна, намёкі поўнасцю яе ўпрытомнілі і калі яна ўявіла, што камендант ад яе хацеў. Лепш бы той сцэны й не прыпамінаць,— гаварыў сабе пасля Сцервін. Але ж трэба было неяк. 1 як жа інакш?
Пару дзён яна не паказвалася зусім. Ужо камендант Сцервін і надзею пачаў траціць і сумлявацца ў мэтазгоднасці цэлага прадпрыемства. Але адно на момант. Меркаваў, што ці не прыйдзецца й з ёй радыкальным спосабам, так, як з мужам, скончыць. He мог жа затрымацца на паўдарозе. Немец чакаў на дзіця. Аж на грудзях палягчэла, калі на трэці дзень, апусціўшы вочы, сама, без хлопчыка, яна прыйшла. Тады ўявіў сабе камендант, як моцна гэта прыгожая істота мусіла кахаць свайго мужа, што для ратунку яго, пасля доўгіх і цяжкіх змаганняў, непраспаных начэй (гэта й на пахудзелым і збляднелым твары відаць было), згадзілася гонарам сваім ахвяраваць. Дзесьці ў натуры ў Сцервіна з’явілася нешта ў выглядзе спачування. Адылі адно на момант, бо зараз жа ў памяці адрадзіўся той бесцырымонны спосаб, якім яна некалі, яшчэ дзеўкай будучы, пазбылася яго ды пасля ён быццам і не існаваў для яе. Стары чарвячок злосці й нянавісці, прагнасці помсты зноў заварушыўся пад грудзьмі.