Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Праца на могільніку была цяжкая. Кожны мусіў выкапаць адну яму ў дзень. Зямля была цвёрдая, быццам скала — хоць ты зубамі грызі. I тут былыя менскія кадэты зачалі сапраўды адзін другога пазнаваць. Калі хто не спраўляўся са сваім заданнем, дык іншыя, сільнейшыя, дапамагалі слабейшым. Адны ездзілі пад самы фронт і збіралі трупы, іншыя «апраналі» прывезенае ў мяшкі, трэція капалі ямы, а чацвёртыя закопвалі. Праца йшла ледзь не канвеерам, як на амерыканскіх фабрыках. Адно есці было малавата, хоць яда была наогул нядрэнная. Цяжка папрацаваўшы, арганізм дамагаўся дастатковай пажывы. Нянавісць да амерыканцаў пабольшылася, калі аднаго дня прывезлі яны й размясцілі побач нямецкіх палонных. Беларусы чуліся надта пакрыўджанымі. Некаторыя бажыліся, пры наплыве злосці, што, калі б другі раз апынуліся пры нямецкай арміі й мелі выбар — уцякаць да макісаў ці заставацца пры немцах,— больш не зрабілі б памылкі.
— Я б, братка, біў гадаўё гэтае, пакуль амуніцыі ставала. Пасля пайшоў бы ў палон, і тое самае было б. Адно, што лішняга гада са свету звёў бы, вось што! — казаў Кастусь Дзежка. 3 Кастусёвай думкай згаджалася цэлая група.
VI
У Віктара Сянкевіча пад пахаю вырасла вялікая скула. Ён не мог больш працаваць з рыдлёўкаю ці кіркай. Амерыканскі вайсковы лекар, агледзеўшы яго, сказаў, каб больш нічога на могілках не рабіў, пакуль не адашлюць у шпіталь. Віктар атрымаў новую функцыю, якую й сам не ведаў як бы назваць: не то парадкавага, не то падручнага да ўсіх працаў. Збіраў смецце, падмятаў памяшканні, дзе жылі амерыканцы, выконваў іншыя дробязі. Акрамя смецця Сянкевіч збіраў арэхі, яблыкі, грушы па суседніх садах, недакуркі ў абозе. Усю такую здабычу зносіў у хлеў і дзяліў сярод сяброў вечарам пасля працы. Часценька даставаў ад амерыканцаў шакаладу, пячэнне й іншыя прысмакі. Асаблівую цану мелі ў групе акуркі, бо хлопцы цярпелі на нястачу табакі. Гэткі Віктараў занятак патрываў з тыдзень часу. Амерыканцы адвезлі яго ў шпіталь у Безансон, дзе праляжаў сем дзён. Адтуль быў высланы ў Авіньён каля Марселя. Група Грамыкі, папрацаваўшы каля трох тыдняў магільшчыкамі, таксама ў балыныні сваёй апынулася пасля ў абозе ў Авіньёне, а адтуль трапіла ў Другі корпус Андэрса ў Італію.
Лейтэнант Сцервін
I
Яшчэ за дзень перад гэтай няўдачнай выправай канюхоў у Гаймсбрун давялося Сымону Спарышу везці на фронт на сваёй фурманцы харчы. Чатыры вазы, у тым ліку й Сымонаў, паехалі ў галоўны харчавы склад, што быў у гумне суседняй вёскі, і, наладаваўшы свае возікі, павалакліся ў кірунку Асбаха. Ужо на ўсходнім беразе вёскі заўважыў Спарыш там-сям па абодвух баках дарогі нямецкія гарматы, што папрытуляліся, нахутка акапаныя, каля дрэваў і кустоў. Характэрна, што нідзе не відаць было цяжкіх гарматаў, танкаў ці панцырных машынаў. У галаве не надта спрактыкаванага ў ваенных справах канюха Сымона паўстала пытанне: якія мэты мелі немцы на гэтым адрэзку фронту? Ці спадзяваліся яго доўга ўтрымаць? Калі так, то дзе ж была ўся неабходная зброя?
Элементы трыццатай дывізіі, месцамі ўперамешку з іншымі аддзеламі, займалі адрэзак фронту ад швейцарскай мяжы, праз Альткірх, і дугой абгіналі на захадзе Мюльхаўзен. Іншыя, адарваныя ад дывізіі аддзелы, былі параскіданыя яшчэ далей на поўнач і на захад — баронячы й так даволі недаступныя шляхі ў Вагезах.
Жаўнеры з «трыццаткі», седзячы ў акопах на самым левым фланзе каля швейцарскай мяжы, ноччу маглі бачыць святло на швейцарскіх межавых вышках. Усе аддзелы былі лёгка ўзброеныя. Ці ж яны маглі трымаць ворага кулямётамі й мінамётамі нават у тым выпадку, калі б стараліся й хацелі? Шмат хто думаў, што на фронце прыйдуць на дапамогу панцырныя часці, цяжкая артылерыя, самалёты. Але вось прыйшоў фронт, і нічога таго не было відаць. Немцы разлічвалі, відаць, адно на затрыманне наступу праціўніка, каб, такім чынам’, ззаду на лініі Зігфрыда за Рэйнам даць больш часу для падрыхтоўкі ўмацаванняў. А там ужо зіма й цяжкі для фарсіравання Рэйн прыйдуць абаронцам Нямеччыны на дапамогу.
Прайшло каля трох гадзін з часу, як вярнуліся канюхі з баявога паходу на французскія тагікі ў Гаймсбрун. Віктар Караткевіч усё яшчэ круціўся каля Сымона й варажыў, што рабіць: ці лепш самому вярнуцца на фронт, ці чакаць на тое, што лёс прынясе. Дарма турбаваўся хлапец, бо лёс зусім неспадзявана вырашыў праблему.
Надвечар з’явіліся ў вёсцы два афіцэры, заданнем якіх было сабраць усіх дэзерціраў і адвесці на фронт. Адзін з іх, капітан са штаба Мураўёва, паклікаў падафіцэра, што наглядаў за канюхамі, і пачаў распытваць пра дэзерціраў.
Выявілася, што ў вёсцы было іх колькі дзесяткаў. Найчасцей скрываліся пры канюхах у сялянскіх хатах. Некаторыя ўжо паспелі ўпіцца добрым мясцовым віном, не беручы на ўвагу пратэстаў сялян, шнырачы па іхніх вінных і фруктовых складах.
Мабілізацыя дэзерціраў заняла звыш дзвюх гадзін. Сяляне памагалі афіцэрам шукаць, пазбываючыся няпрошаных і шкодных «гасцей». На скрыжаванні вуліц у цэнтры Гальфінгэна сабралася ладная група ўцёклых з фронту жаўнераў, а ўсё яшчэ знаходзілі новых. Віктар Караткевіч не кідаўся ў ніякія хітрыкі, а спакойна павесіў на плячо «качаргу» й далучыўся да натоўпу. Агулам сабрана было трыццаць два чалавекі. Сымон наважыў пацікавіцца тым, што робіцца, і таксама падышоў да месца зборкі. Стаяў побач, прыглядаючыся.
— А ты што робіш? — клікнуў яго капітан.— Давай далучайся! — Канюх збянтэжыўся. Думаў, што капітан не да яго гаворыць, і азірнуўся назад, каб пабачыць, ці хто за ім не стаіць, але там нікога не было. Гэны рух спасцярог капітан.
— Ты, ты! Я да цябе гавару! — паказаў на канюха пальцам.— Чаго аглядаешся? Давай, станавіся ў калону! Хутчэй!
— Гаспадзін капітан, я ж канюх, а не дэзерцір.
— Няважна, хто ты. Ногі маеш здаровыя, стрэльбу насіць можаш, дык і далучайся.
— Дык як жа конь мой сам застанецца? — спрабаваў Сымон.
— Даволі! Далучайся! Дзе твая зброя?
•— На возе.
— Бяжыце й прынясіце ягоную стрэльбу і ўсё іншае,— загадаў капітан падафіцэру. Той хутка пабег у пуню, каля якой стаяла Сымонава фурманка, і вярнуўся з «качаргой», шлемам і торбай-хлебаком.
«Цьфу на цябе! — кляў сам сябе Сымон.— I чаго мяне сюды чорт нёс? Ці не мог гэта я дзе збоку, здалёк ад іхняга вока перачакаць? Але хто ж там угадае, дзе цяпер лепш».
— Ха-ха-ха! — смяяўся Караткевіч.— Папаўся, галубок!
— Ну, добра. Табе ўжо буду кумпанію трымаць. Прынамсі, пад маім наглядам ад цяперашняга часу будзеш ды другі раз з фронту не ўцячэш.
— Ты глянь, які ваяка! Пабачым, як ты сам устоіш!
II
Дробненькі асенні дожджык не ўнімаўся. Густыя зрэбныя хмары паўзлі нізка над зямлёй. Змяркалася рана. 3-за хмараў час ад часу выглядаў тоненькі серп маладзіка. Ужо ладна сцямнела, калі аддзел змабілізаваных дэзерціраў, у іх ліку й канюх Сымон Спарыш, пакінуў Гальфінгэн і накіраваўся дарогаю на Альткірх.
Ішлі моўчкі. Нават тыя, што былі нядрэнна падпілі пры сялянскіх вінных бочках, хутка працверазелі. На чале аддзела йшоў лейтэнант Сцервін. Капітан, з якім ён з’явіўся ў вёску, яшчэ раней ад’ехаў на самакаце, спяшаючы ў батальён.
Лейтэнант Сцервін быў у батальёне Мураўёва звязовым камандзірам у трэцяй роце. Быў гэта сярэдняга росту, тонкі, чорнавалосы, з шэрагам залатых зубоў наперадзе, нябрыдкі з выгляду мужчына. Гадоў яму было звыш трыццаці пяці. Шмат хто называў яго франтам. I не дзіва, бо лейтэнант Сцервін аддаваў асаблівую ўвагу не толькі вопратцы, але й выгляду наогул. Яму здавалася, што ён вельмі прыгожы. Вопратку ўважаў дадатковай аздобай. Любіў таксама розныя цацкі й бліскучкі, як на руках, так і на мундзіры. He толькі цяпер, але шмат раней, калі ўдалося яму здабыць месца камандзіра паліцыі раённага места X. на Бацькаўшчыне, прыдбаў сабе вялікі срэбраны пярсцёнак з чэрапам і дзвюма скрыжаванымі косткамі — якраз такі, як насілі некаторыя гітлераўскія каты. На другім меншым пальцы лейтэнант-францік насіў вялікі залаты пярсцёнак з манаграмай. На левай руцэ ў Сцервіна гняздзілася каштоўная залатая «Амега», якую собіла здабыць у курсе выконвання «службовых абавязкаў» у Беларусі.
Афіцэрскі мундзір Сцервіна аж залішне выразна быў паабшываны сярэбранымі ніткамі. Калі б вам давялося сустрэць лейтэнанта ў Эльзасе ў святочны дзень, калі ён
прыбраны й адфранчаны йшоў па вуліцы, каб заглянуць да якой-небудзь мясцовай дзяўчыны, вы падумалі б, што бачыце перад сабою старэйшага рангам афіцэра, калі ўжо не самога генерала. Гэтак свяціліся й блішчэлі абчэпленыя аздобамі рукі, ззялі адзнакі на паплечніках і на шапцы. Любіў Сцервін пафарсіць выглядам — што й гаварыць.
Бяда вось адно, што надыходзіць бура. Прыйшоў фронт і надта ж няпэўныя часы. Тут ужо малавата было спрактыкаваных паліцыйных здольнасцяў Сцервіна, каб пранюхаць, што чакае наперадзе.
Чалавек гэты быў беларусам адно з назову й для выгады. Сэрца ў яго — калі сэрцам называць не той кавалак ллоці, што пульсуе ў чалавека ў грудзях, а крыніцу прывязанасці й кахання некага ці нечага — не было. Бацька быў расейцам, а маці нечым невыразным — не то палячкай, не то ўкраінкай-галічанкай. Коратка гаворачы, дома Сцервін не атрымаў ад маці тае прывязанасці й любові да свайго народа й Бацькаўшчыны, што маткі даюць дзецям са сваім грудным малаком, з прыгожымі народнымі калыханкамі, казкамі, фальклорнай культурай. Хлапец меў і нядрэннае ўзгадаванне, казалі, што скончыў гімназію, хоць быў ладны гультай і надта да навукі не хіліўся.
Але ён быў перадусім камбінатарам. Надта ж палюбіў выгаду й багацце, каб на шляху дасягнення хоць часткі матэрыяльнага дабрабыту маглі перашкодай стаць такія рэчы, як сумленне, асабісты гонар, прынцыповасць ці пашана да правоў іншых. Ужо за часамі польскае акупацыі Сцервін неяк прымазаўся ў лясніцтве. Нядрэнная была пасада, тым больш што ці раз даводзілася якога мужыка за каўнер у лесе злавіць або й маладзіц, што збіралі ў недазволеных месцах ягады. Ды пакуль там суд ды справа, дык і паздзекавацца ўволю можна было.
Эх, як соладка быць начальнікам! Сцервін ужо як асмакаваўся тым «карытам», дык дзе ж там яго адгоніш. Усе добрыя пасады ці службовыя месцы ён заўсёды называў «карытамі». Дарма што для ўспакаення палякаў і задавалення прыёмных на працу ў лясніцтва нормаў трэба было з праваслаўнага на каталіка перахрысціцца, дарма што даводзілася ці раз польскім вялікім і малым начальнікам рукі лізаць, дарма што і ў «двойку» (польскую разведку-дэфензіву) даводзілася часамі тое-сёе даносіць -— Сцервін жа трымаўся пры «карыце» й меў усе намеры ўтрымацца далей.