Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Над раніцай выйшаў на скрай лесу й непадалёк, цераз поле, убачыў будынкі. Па змучаным бяссонніцай твары прабег цень задавалення. Пастанавіў ісці ў вёску. У самай крайняй хаце сустрэлі Віктара з недаверам і пытаннем. Сям’я складалася з сярэдняга векам чорнага тоўстага мужчыны, ягонай хударлявай жонкі й дзяўчынкі, векам каля гадоў дзесяці.
Віктар, як умеў, так пытаўся, ці ёсць у вёсцы немцы. Гаспадар некалькі разоў хітнуў галавой у знак запярэчання. Толькі калі Сянкевіч даў яму зразумець, што ён не немец і што ўцёк да макісаў, твар у француза праяснеў, і ён паглядзеў на юнака болыц прыхільна. Ноздры Віктаравага носа казытаў пах нейкай стравы, а вочы, здавалася б, каб маглі, дык уміг з’елі б толькі што пачатую баханку белага хлеба на стале.
Ён ужо быў і наважыўся папрасіць есці, але гаспадар
папярэдзіў, сказаўшы ісці разам з дзяўчынкай, якая завядзе Віктара ў добрыя рукі да макісаў.
Хата, у якую прывяла Сянкевіча дзяўчынка, знаходзілася ў адлегласці мо паўкіламетра ад галоўнай дарогі. Гаспадыня была палячкай, а муж ейны, як пасля выявілася, шэфам правінцыйнай партызанкі. Ніштаватая з выгляду, гадоў трыццаці, жанчына была даволі гаваркая. Віктар даведаўся ад палячкі, што ён ужо другі, які прыйшоў прасіць «азылю». Першы быў нейкі паляк, які, згодна словаў гаспадыні, саскочыў з нямецкага аўта ды ўцёк сюды да партызанаў. Паляк называўся Зэмбэк, і гаспадыня хутка Віктара з ім пазнаёміла. Быў гэта сярэдняга росту бландзін, даволі ветлівы й бесклапотнай натуры сілезняк. Гаварыў дыялектам Сілезіі.
Перш за ўсё Віктар звярнуў самую асноўную ўвагу на яду, якой палячка наставіла цэлы стол. Было там мяса й бульба, малако й белы хлеб і шмат іншага. Пасля колькідзённай галадоўкі юнак накінуўся на яду, й на працягу нейкай паўгадзіны ддя яго нічога на свеце, акрамя стала са стравамі, не існавала. Аж павесялеў хлапец, адсапнуўшы пасля ежы. Другое, што ўсцешыла Віктара, гэта тое, што ў хаце знайшлося тое-сёе з цывільнай вопраткі. Гэткім чынам, скінуўшы з сябе ўсё мокрае і вашывае, Віктар прасіў гаспадыню; каб спаліла нямецкую вопратку разам з вошамі, якіх, пэўна, было там сотні. Хоць яно не ўсё так пасавала, як хлапцу хацелася б, усё ж таўсты й цёплы сіні світэр, а таксама суконныя штаны й шэры падношаны гарнітур былі не найгоршай здабычай, беручы на ўвагу, што дасталіся з ласкі добрых людзей. Для пакрыцця галавы атрымаў Віктар зусім на сваю меру капялюш з даволі высокай стрэшкай. Ён ніколі не мог падазраваць, што высокая стрэшка капелюша некалі ўратуе яму жыццё. Паляк і беларус былі адведзеныя ў лес. Тут ім, як казалі французы, амаль зусім не будзе пагражаць небяспека. Атрымалі па некалькі коцаў для спання, і кожны дзень прыносілі ім есці. Дэзерціры надзеяліся, што гэтак выгадна, у лясной яме пад прыкрыццём галінаў, пралежваючы цэлыя дні й спажываючы чужыя харчы, дачакаюцца прыходу хаўруснікаў. На вялікі жаль, гэтак не сталася.
II
Прайшло некалькі дзён. Аднойчы ва ўмоўлены час ніхто не прынёс яды. Наогул ніхто не паказаўся да гадзіны пятае. Уцекачы здагадаліся, што нешта не ў парадку. Дзень быў дажджлівы й вельмі ветраны. Раптам пачулі шмат людскіх галасоў і заўважылі сярод дрэваў, даволі далёка яшчэ, нямецкіх жаўнераў, што йшлі шнурам са зброяй напагатове. Гэта быў аддзел, што ачышчаў лес ад партызанаў. Уцекачы кінуліся бегчы, пакінуўшы ў сваім мярлогу кацялкі, коцы й іншыя драбніцы. Немцы не заўважылі ўцекачоў, толькі, знайшоўшы іхні свежы мярлог, не маглі разгадаць, як гэта так сталася, што здабыча ўцякла з-пад носа. Сянкевіч і Зэмбэк, зашыўшыся ў гушчар, прасядзелі да позняй ночы.
Дождж не пераставаў. Хлопцы пастанавілі йсці далей. Вылезшы з гушчару, накіраваліся да той хаты, дзе Віктар упершыню навязаў лучнасць з французамі. Прайшлі адно пару сот метраў, як збоку пачулася вострае: «Гальт!» Наскочылі на нямецкі патруль. Колькі мага сілаў у нагах, двойка рванула назад. За плячыма зарагатала аўтаматычная зброя. Пад час уцёкаў Віктар Сянкевіч згубіў Зэмбэка. Упацёмку, моцна перапалоханы, Віктар бег туды, куды ногі кіравалі. Галоўнае было — бегчы, чым далей ад куляў, ад немцаў...
Па дарозе Сянкевіч натрапіў на нейкую глыбокую канаву, напоўненую вадой. Па калені ў вадзе праседзеў там колькі хвілін, пасля памаленьку, амаль вобмацкам, асцярожна, каб не рабіць шуму, Віктар ці то плыў, ці то йшоў, абы як надалей хаця ад вартаўнікоў. Нарэшце ўдалося выкарабкацца з вады. Увесь мокры ў ніжняй палавіне, заглыбіўся зноў у лес. Жывячыся арэхамі, ягадамі й слімакамі, удалося Сянкевічу праседзець там пару дзён. Адылі надта пачынаў дакучаць голад. Навокал нічагусенькі не было чуваць: ні стрэлаў, ні галасоў. Здавалася юнаку, што ўсё замерла ці прытаілася й чакала на ягоны наступны крок. Нават совы й тыя прыціхлі.
Віктар не мог ведаць, што сталася. Меркаваў, што, мабыць, немцы адступілі й запанавала міжфрантавая цішыня. Нейкая сіла зноў пхала юнака наперад. Ды ўжо й нястачы цярпеў вялікія: трэба было чаго-небудзь добра пад’есці й
падсушыць вопратку.
ш
Віктар выйшаў з лесу й накіраваўся ў вёску. Зірнуў на свой ручны гадзіннік, які добра трымаў час, нягледзячы нават на тое, што быў замочаны пад час уцёкаў і боцькання ў вадзе. Была адзінаццатая гадзіна. Юнак прыгадаў, што была гэта нядзеля. Прайшоўшы пару сотняў метраў, пабачыў тую самую хату, дзе першы раз заглянуў да французаў і адкуль яго накіравалі да палячкі. Стаў як укапаны і думаў, што рабіць. Ісці ці не ісці? Аглянуўшыся навокал і не ўбачыўшы нідзе немцаў, ішоў далей па аўсянішчы. Заўважыўшы па дарозе адзінокі сноп аўса, што, быццам сірата, ляжаў на апусцелай ніве, Віктар, як сялянскі сын, нават па прывычцы, без лішняй думкі ўзяў сноп пад паху. Ужо набліжаўся да хаты, як раптам перад носам заварушыліся нямецкія жаўнеры. Было іх там каля сотні, калі не больш. Сядзелі ў акопах і, зразумелая рэч, даўно бачылі Сянкевіча. Хлапец на адзін дроб часіны захістаўся ў сваёй хадзьбе. Зусім не разгубіўшыся, ён маланкава пастанавіў, што трэба ўдаваць нейкага сына французскага селяніна, што йдзе наведаць свайго дзядзьку дзесь далей каля дарогі. Немцы Віктара не зачапілі, а ён стараўся выглядаць зусім бесклапотным і нават крыху здзіўленым, што пабачыў у адным месцы столькі жаўнераў.
Калі ўвайшоў у хату, тоўсты чорны мужчына й ягоная хударлявая жонка адразу пазналі ранейшага наведвальніка, хоць цяпер ён быў у цывільнай вопратцы. На тварах іхніх адбіўся вялікі перапалох. Француз з нескрыванай трывогай махаў рукой,' паказваючы на дзверы. Сянкевіч зірнуў на гаспадыню й папрасіў хлеба й малака, але тая дала зразумець, што не можа яго цяпер карміць. Нічога не заставалася, як адно пакінуць хату. Выйшаўшы на двор, Віктар ужо павярнуў направа й наважыў ісці да палячкі, але не зрабіў і пяці крокаў, як пачуў ззаду шурпаты голас: «Halt, Mensch!»*
Быццам не чуючы таго голасу, ішоў далей. Раптам за самай спіной пачуў выстрал. Стаў і азірнуўся. Да яго падышлі тры немцы.
— Хто ты такі? — спытаў адзін з іх.
— Я жыву ў суседняй вёсцы і йду да майго дзядзькі, што жыве там каля дарогі.
Віктару здавалася, што так сказаў, але й сам не верыў,
♦ Стой! (ням.)
бо гаварыў нейкай французка-нямецкай мешанінай, якую жаўнеры няведама ці разумелі. Безумоўна, што б хлапец там ні казаў, не мела б яно вялікае вагі. На яго гаркнулі, а адзін штурхануў рулём стрэльбы ў плечы, й павялі ў пуню, дзе была каманда нямецкага аддзела. Прывёўшы, пачалі шукаць зброі. Знайшлі ўсе Віктаравы дакументы, пісаныя ў нямецкай мове. Пачырванелі ад злосці, а сяржант з васпаватым тварам, плюнуўшы Віктару проста ў вочы й лаючы яго мянушкай дэзерціра, сабакі, здрадніка й Бог ведае яшчэ чым, пачаў аплявушваць юнака дзвюма рукамі.
Забралі ад Віктара гадзіннік, усе дакументы, здымкі, нават хустачку. Пазванілі некуды, й за хвілін дзесяць прыехалі два афіцэры. Шмат з хлапцом не цацкаліся: проста загадалі адвесці метраў сто ад будынкаў і расстраляць. Заданне было даручана двум жаўнерам. Адзін з іх насадзіў штык на стрэльбу і, ударыўшы Віктара прыкладам у азадак, гаркнуў, каб выходзіў. Нічога не заставалася, як падпарадкавацца загадам. Выходзячы, схапіў з полкі сваю хустачку й пару франкаў, што ляжалі побач. Чаму гэта зрабіў — сам не ведаў. Немцы, быццам не дагледзеўшы, не ўзялі таго на ўвагу.
Ішлі па польнай дарозе — Віктар спераду, а два немцы ззаду. Зрабіўшы крокаў дваццаць, Сянкевіч пачуў недзе касцельныя званы. Магчыма. што яму здалося. Апошнія перажыванні, хваляванне, цяперашняя ледзь не паніка перад немінучай смерцю дый ранейшы голад, фізічная слабасць, вычарпанне — усё гэта магло выдатна спрычыніцца да ўяўленых званоў. Званы чуліся, як здалося Віктару, зусім выразна. Разам з гэтым ва ўяўленні вырас зморшчаны, заклапочаны твар маткі, а дзесь вышэй над гэтым усім — воблік Бога. У адну тую хвіліну Віктар Сянкевіч заглянуў у раннюю сваю маладосць і ў будучыню, якая вось мае скончыцца за пару хвілін. Пасля здавалася, што ў момант гэты перажыў раптам некалькі гадоў. Нейкі падсведамы голас падказаў: уцякай направа!
Віктар азірнуўся назад, а немец, ціснучы штыком у спіну, крычаў:
— Schnell, du verfluchte Schweinehund! Marsch!*
Непадалёк, з правага боку, пачынаўся лес, з левага ж быў абгароджаны калючым дротам гарод. Юнак незаўважна зусім паціснуў на правы бок дарогі, а немец, спасця-
♦ Хутчэй, праклятая свіння! Марш! (ням.)
рогшы гэта, яшчэ раз поркнуў штыком у плечы. Прайшлі так метраў з дваццаць. Віктар, сочачы прыбліжэнне свайго канца, мераючы апошнія крокі на гэтым свеце, цвёрда наважыў, што не называцца яму больш беларусам, калі, як тая авечка, паслухмяна дазволіць сябе застрэліць. Колькі меў сілы, раптам ірвануў направа.
Пырскнуў агонь з аўтамата. Наступна пачуўся крык, і Віктар падсведама ведаў, што за ім бягуць. Кулі свісталі каля вушэй, але неяк зручна іх абмінаў, зігзагамі перабягаючы між дрэваў. Нешта сарвала з галавы капялюш. Ужо шмат пазней мясцовыя французы, знайшоўшы прастрэлены капялюш, шукалі па лесе ягоны труп, будучы пэўнымі, што немцы юнака застрэлілі. Пасля дзесяці ці больш хвілін бегу Сянкевіч упаў зняможаны. У галаве паказаліся сотні рознакалёрных зорак, здавалася, што лёгкія вось і глядзі як разарвуць грудзі, два цяжкія малаткі білі ў скроні. Адкрыўшы рот, з вялікімі цяжкасцямі ён стараўся злавіць паветра. Воддаль чуліся нямецкія галасы.