Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Адно з прыходам гітлераўскіх акупантаў выявілася, што Вітвіцкі сапраўды сядзеў у Бярэзвецкай вязніцы, што за польскім часам працаваў на карысць нямецкае разведкі й што быў звернуты ў Нямеччыну бальшавікамі пад час вымены людзей, якая адбылася ў 1940 годзе між Масквою й Берлінам, калі Сталін і Гітлер былі добрымі хаўруснікамі. Калі ў 1941 годзе былы шпіён Вітвіцкі з’явіўся ў Глыбокім, дык шмат хто пэўна не пазнаў бы колішняга школьнага вартаўніка з Каралеўшчыны, калі б не тая сталая прыкмета — нос-хобат. Гэтым разам і дэкарацыя была іншая. Цяпер Вітвіцкі ўжо прыехаў сюды гаспадарыць. Гэты былы вартаўнік заняў пачэснае месца нямецкага школьнага шэфа й інспектара на Глыбоцкую акругу. Якім прыхільнікам беларусаў быў Вітвіцкі, няхай сведчыць хаця б адзін першакласнае вагі ў школьных справах факт, што на беларускага акруговага школьнага інспектара ён трымаў ведамага непрыяцеля беларусаў — маскаля Субботіна, які нават на школьных вучнёўскіх пасведках падпісваў сваё прозвішча з падвойным «б» і «т».
Было б яшчэ паўбяды, каб былы шпіён Вітвіцкі абмежаваўся адно школьнымі справамі ў акрузе. Адылі ўлада ягоная, як і ўсіх гітлераўцаў-акупантаў, была неабмежаваная. Школьны шэф, на вялікае няшчасце загнаных у гета жыдоў і беларускага насельніцтва Глыбоччыны, выкарыстоўваў тую ўладу поўнасцю.
Кожны яўрэй з гета, калі ішоў вуліцаю ў калоне на працу ды здалёк заўважыў немца, мусіў здымаць шапку й кланяцца. Шматлікія немцы, асабліва мясцовыя працаўнікі цывільнай улады, не бралі таго на ўвагу. Інакш было з Вітвіцкім. Барані Божа, пападзіся яму пад руку яўрэй, што ішоў па ходніку, замест па бруку, або што не скінуў перад ім шапкі — застрэліць на месцы. I колькі ж было такіх выпадкаў. Ведалі ў Глыбокім яго ўсе жыды й баяліся як агню.
Добра было, калі Вітвіцкі ішоў па вуліцы ў ярка-зялёным мундзіры цывільнага ўрадніка. Тады яўрэй мог убачыць яго здалёк і ў парў дрыжачай спрацаванай рукой скінуць шапку. Бяда, што ён часценька хадзіў у цывільнай вопратцы. Казалі некаторыя, якія ведалі гэтага вырадка бліжэй, што рабіў ён гэта наўмысля. Ідучы апранутым у цывільнае, Вітвіцкі заўсёды трымаў у кішэні напагатове «люгэр». Сустрэўшы калону яўрэяў на вуліцы ды заўважыўшы, што некаторыя не ўспелі яму пакланіцца, не міне яе, каб не пакінуць на бруку пару трупаў.
3 мясцовых гарадскіх польскіх басякоў усякае масці арганізаваў Вітвіцкі аддзел, што трымаў варту каля будынка нямецкага камісарыята ў Глыбокім. Было іх звыш сарака. Усе выводзіліся з гарадское польскае басоты, гатовай на ўсё за адпаведную заплату. Чаму ж з польскіх басякоў? — спытаў бы нехта. Хіба ж не было ў горадзе ці навокал ахвотных хлапцоў з беларускае моладзі?
Усё гэта сталася не прыпадкова. Немцы, згодна зверху накінутага плана ці інструкцыяў, паслугоўваліся адкідкамі грамадства з ненавіснай беларускаму насельніцтву польскай басоты. Яны ведалі, што тая здольная была на ўсе брудныя справы. Дый патрэбная ж была немцам нязгода й грызня між мясцовым беларускім і малымі рэшткамі польскага насельніцтва. У агульны нямецкі план, дзеля таго, уваходзіла польская басота, сюды ж пэўна належаў і маскаль інспектар Субботін; бабскія брыгады прастытутак-полек, што, быццам тыя мухі гной, абселі акруговы камісарыят, нямецкую жандармерыю, СД і паасобных, важных у адміністрацыі немцаў; палякі ў чорнай паліцыі й іншыя.
Вітвіцкі з бандай польскай басоты хутка даўся ў знакі беларусам навокал Глыбокага, асабліва ўздоўж чыгункі Полацак — Маладэчна. Ён здабыў сабе пару пакінутых бальшавікамі транспартных аўтамабіляў, прыдбаў чэшскую зброю й часценька выязджаў на паляванне. Ясна, не называў таго паляваннем, а рэйдамі супраць чырвоных партызанаў. Бяда ў тым, што ні камандзір, ні аддзел басякоў нічым не выявіліся як змагары супраць бальшавіцкіх групаў. Затое колькі ж яны папалілі й абрабавалі вёсак уздоўж успомненай чыгункі, дый ці толькі каля яе!
Выедуць, бывала, на тыдзень ці два. Дзесь знойдуць на чыгунцы міну. Значыцца, трэба ж знайсці й вінаватых. Дзе яны там будуць ганяцца за сапраўднымі злачынцамі! Лягчэй спаліць суседнюю адну ці другую вёску. Так і глядзіш, як абкружаць яе, пазганяюць у пуню ўсіх малых, старых бацькоў і матак ды ўсіх жыўцом спаляць. Паздзекаваўшыся ўволю над маладымі дзяўчатамі, аддадуць іх пасля разам з хлапцамі ў адпаведнае месца й рукі, каб накіраваць на нявольніцкую працу ў Нямеччыну. Такія оргіі, дзе цякла самагонка й кроў, адны гарэлі жыўцом, а іншыя былі гвалчанымі, Вітвіцкі надта ж любіў. Пасядзеўшы ў Глыбокім пару месяцаў пры «школьных справах», былы вартаўнік выязджаў са сваёй групай на правінцыю, каб піць, душыць, забіваць, гвалціць, паліць. «Ваякі» не адставалі ад камандзіра. Выезды былі даволі перыядычныя.
Пра здзекі Вітвіцкага над беларускім жыхарствам Глыбоччыны можна было б, сабраўшы тысячы фактаў і праслухаўшы сведкаў, напісаць вялікую асобную працу. Гэта не ёсць наша мэта. У няслаўных шэрагах гітлераўскіх катаў нашай акрываўленай Бацькаўшчыны Вітвіцкі заняў адно з перадавых месцаў. Мы толькі коратка абмежаваліся ўспамінам пра Вітвіцкага таму, што тэма гэта размінаецца з нашым асноўным апавяданнем, і хацелі чытача хоць збольшага пазнаёміць з абліччам чалавека, якога мы пакінулі ў таварыстве васьмі канюхоў на дарозе з Гальфінгэна ў вёску Гаймсбрун, дзе чакаюць іх два французскія танкі й пара кулямётчыкаў на касцельнай званіцы. Дык і вернемся цяпер да іх.
VI
Маленькая група пакінула Гальфінгэн раніцою каля гадзіны дзевятай. Імжыў дробненькі дожджык, вецер хутка гнаў хмары й гнуў абголеныя ўжо восенню дрэвы. Дарога ў Гаймсбрун была пустая.
На самым перадзе малой баявой групы, што павольна йшла дарогай, тырчаў хобат-нос Вітвіцкага. Побач дрыпалі два жаўнеры з панцырфаўстамі на плячах. Наступным ішоў кулямётчык, амуніцыйныя, а ў самым хвасце, неахвотна стаўляючы ногі, цягнуліся Віктар з Сымонам. На плячах неслі стрэльбы, якія празывалі «качэргамі».
— Ну, што ж, папаўся? Га? — смяяўся з Віктара Сымон.— 3 аднаго фронту ўцёк, дык хоць на другі трапіш.
— Вязе мне, брат,— усміхнуўся таварыш,— ніяк не выкручуся.
— Можа, з цябе ваяку яшчэ й зробім. Як ты думаеш?
— 3 мяне-то яшчэ, але ж і ты не калека. Га-га-га... Нарэшце выцягнулі й цябе. Паваюй крыху, годзе канюхом быць.
— Але адкуль, ты думаеш, гэты сабака ўзяўся? Ты думаеш, ён пазнаў нас?
— Пэўна ж, пазнаў. Ён раз пабачыць чалавека й помніць заўсёды. А нас жа бачыў не раз на настаўніцкіх курсах дый пасля. Чаму б яму не пазнаць. Мусіць, недзе пры нашай дывізіі прыляпіўшыся быў, нячысцік.
— Ці ты калі сніў, як мы яшчэ ў пяты клас дома хадзілі, што некалі нас школьны стораж у бой павядзе?
— Дажыліся гонару, што й гаварыць! — адказаў не адразу Віктар.
Гутарка не клеілася. Вычувалася нейкая далёка схованая, але яўна прысутная трывога. Баявое заданне, што стаяла перад групай, як-ніяк было цяжкое й складанае. Варта не забывацца, што некаторыя канюхі ніколі раней не бралі ўдзелу ў баях. Праціўнік, што пры дапамозе двух танкаў заблакаваў дарогу, кожную хвіліну спадзяваўся немцаў і, пэўна ж, сачыў усе падходы. Седзячы на званіцы, французы маглі далёка навокал бачыць усё праз біноклі. Дажджлівая пагода прыйшла канюхам на помач, Маглі падысці зусім блізка незаўважанымі, хоць элемент раптоўнае атакі быў выключаны, бо праціўнік быў падрыхтаваны на ўсялякія неспадзеўкі.
Увайшоўшы ў вёску й мінуўшы колькі двароў, Вітвіцкі
затрымаў групу. Паясніў сітуацыю й план, якім шляхам аддзел меў зліквідаваць французскія танкі. Воддаль, ледзь заўважна праз імглісты дожджык, чарнелі невялікія дрэвы на могільніку й побач цераз вуліцу направа — касцельная вежа. Вітвіцкі гаварыў адно аб танках, нічога аб кулямётчыках на вежы не ўспамінаў. Ніхто не ведаў аб іх. Паводле плана, сам ён з кулямётчыкам і адным панцырфаўстам меў ісці наперадзе. Далей ішоў яшчэ адзін жаўнер з панцырфаўстам. Двое са стрэльбамі мелі йсці паўз агароды з правага боку вуліцы, а двое з левага — дзеля дапамогі цэнтру з флангаў.
Гэтак хутка размеркаваўшы людзей, група, ужо гатовая да бою, рушыла наперад. Вітвіцкі з кулямётчыкамі, амуніцыйным і панцырфаўстамі пасоўваўся асцярожна каля сцен хатаў на вуліцы. Вёска была зусім мёртвай. Сымон з Віктарам накіраваліся паўз агароды з правага боку. Яны сачылі за вуліцай, а мо не найменш і за агароднінай ды якой садавінай.
— Ну, куды цябе пагнала? Хадзі хутчэй! — спанукаў Сымон сябра, які заскочыў пад яблыню, каб паглядзець, ці не захаваўся дзе які позні ападак.
— А табе куды спяшацца? Бяжы, як хочаш.
— Але ж калі ўжо не хочаш біцца, дык хаця ўдаваць мусіш. A то што будзе, як пабачыць Вітвіцкі?
Хлопцы, туляючыся паўз гаспадарскія будынкі й пераскокваючы цераз платы, паволі пасоўваліся наперад. Затрымаліся, паслухалі. Мёртвая цішыня. Ізноў крануліся наперад. Раптам са званіцы зарагатаў кулямёт. Хутка пасля гэтага на вуліцы пачуўся крык. Сымон і Віктар кінуліся туды, каб пабачыць, што сталася. Выбегшы з двара, спасцераглі, як два жаўнеры цягнулі параненага. Папалі яму ў нагу.
— На, трымай гэтую балдавешку,— аддаў адзін з іх Віктару панцырфаўст.
— Што там сталася?
— Як сыпануў вунь са званіцы, дык і хавацца не было дзе.
— Дзе ранілі?
— У нагу.
3 боку могільніка чуваць была перастрэлка. Вітвіцкі, відаць, спрабаваў адбівацца, але ручны аўтамат не раўня быў кулямётам танкавым і тым, са званіцы. Хутка паказаўся й ён ды, махнуўшы ўсім рукой, загадаў ісці назад у Галь-
фінгэн. Параненаму сяк-так перавязалі вышэй калена нагу, палажылі на захопленую ў адным панадворку кароткую драбінку, што служыла за ношкі. Дарога назад выдавалася шмат цяжэйшай, бо трэба было валачыць параненага.
Тое, чаго не змаглі зрабіць канюхі пад камандаю Вітвіцкага, зрабіў нямецкі танк «тыгр» на наступны дзень. Ён прыехаў дзесь ззаду й адно ўспеў паказацца ў Гаймсбрун, як абодва «шэрманы» кінуліся наўцёкі. Ведама, «шэрман» «тыгру» не раўня, і ў такіх выпадках тым, што сядзяць у «шэрмане», добра мець зручнага шафёра. «Тыгр» дагнаў і спаліў аднаго, а другі ўцёк у бок фронту. Дарога праз Гаймсбрун зноў была адкрытая.
Чалавек, якога немцы не маглі застрэліць
і
Віктар Сянкевіч пастанавіў шукаць нейкага прытулку. Ноч была дажджыстая. Малады юнак палохаўся кугакання соваў і іншых лясных жыхароў, але найбольш баяўся немцаў. He ўгадаеш, дзе можаш на іх наткнуцца. Здавалася Віктару, што прырода й людзі — усе разам змовіліся супраць яго. Змочаны, дрыжучы ад холаду, галодны, ён ледзь цягнуў ногі, наўздагад выбраўшы кірунак. Заўсёды, зрабіўшы колькі крокаў, затрымоўваўся, прыслухоўваўся ўважна навакольным гукам і ўпіваўся зрокам у цемру, хочучы супакоіць сябе, што небяспека аднікуль не пагражае. He надта верыў Віктар, што ў чужым лесе, у нейкіх няведамых гарах ды ў дажджлівую ноч удасца знайсці нейкі прытулак. Калі б тады нехта й папытаў яго, які прытулак меў наўвеце, пэўна, не патрапіў бы адказаць. Абы што-небудзь: хату якую, пастухову будку або нават нейкую сухую нару — усё было б добра, адно каб схавацца ад гэтага праклятага настырлівага дажджу, што да касцей прабіраў зябам. Колькі разоў здалося Сянкевічу, што непадалёк пачуліся людскія галасы, і ўжо ўяўленне малявала сілуэты немцаў. Затрымоўваўся, устрывожаны, на месцы й з палёгкай уздыхаў, калі побач не бачыў ворага.