Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
V
Разбудзілі рана. Пры дзвярах падвала, з якіх паволі вылазілі на двор палонныя, стаялі па тры перапісчыкі. Сымон з Віктарам і іхнія сябры заўважылі пры сваіх дзвярах Кнора — камандзіра іхняга звяза ў Менскай школе БКА. 3 ім быў іншы афіцэр з батальёна Мураўёва й трэці, якіх хлопцы не ведалі па прозвішчах.
— Як прозвішча? — спытаў Кнор па-польску Сымона.
— Сымон Спарыш.
— Пан з’яўляецца палякам, пане Спарыш?
Пры гэтым Кнор зусім выразна, але незаўважна для двух іншых афіцэраў маргнуў Сымону правым вокам.
— Так, я ёсць паляк.
Пры гэткім пытанні й адказе карціла юнаку зарагатаць перад Кнорам на ўвесь голас, але асцярожнасць падказала іншае. Кнор адзначыў знаёмага ўжо яму амаль шэсць месяцаў «паляка» па спіску й апытваў далейшых. На шырокім двары электрычны рухавік пампаваў ваду. Адна помпа забяспечвала нейкія тры тысячы палонных у мурах Сан Брэгіла. Як давялося даведацца нашым героям, бальшыня тутэйшых сталых палонных былі немцамі. Атрымоўвалі яны на дзень па 250 грамаў чорнага хлеба й па ма-
кулінцы маргарыну. Два разы на дзень атрымоўвалі ваду, за якой ужо цяпер станавіліся групамі ў чаргу каля помпы.
3 аднаго будынка двое палонных вынеслі на насілках цень чалавека й заладавалі на аўтамашыну, што накіравалася вонкі цераз галоўную браму. Яшчэ адна ахвяра вайны й няволі...
Атрымаўшы сціплую порцыю чорнага хлеба й маргарыну, палонныя рушылі каля паўдня на безансонскую станцыю. Сымон дачуўся ўжо пазней, што маёр Мураўёў з Рэшатавым і шматлікімі іншымі былымі савецкімі афіцэрамі, а таксама й група радавых, трапілі з безансонскай цвярдыні за калючы дрот абозу, адкуль стараліся іх выслаць да «бацькі» Сталіна. Хадзілі чуткі, што некаторым з іх удалося дастацца ў французскі чужаземны легіён, а некаторых везлі ў савецкую Расею, ды што не адзін з іх кінуўся з борта мараплава ў Міжземнае мора. Усё гэта былі толькі чуткі, якія немагчыма было вайной праверыць.
Эшалон з палоннымі быў пад наглядам былых афіцэраў. Канвойных не было, акрамя колькіх чалавек польскае ваеннае місіі. Фактычна людзі ўжо не былі палоннымі й вальней уздыхнулі. Сымона здзівіла тое, што бальшыня людзей ўжо пераключылася на польскую мову. Калечылі яны яе, здзекаваліся над ёй на розныя лады — аж слухаць было брыдка. Усё ж Сымонавы й Віктаравы сябры, былыя кадэты з Менска, гутарылі па-беларуску й ні перад кім не крыліся.
Цягнік з таварнымі вагонамі, перапоўненымі «палякамі», пакінуўшы Безансон, накіраваўся праз Доль, Дыжон і Валенцыю ў Авіньён, што ляжыць у дэльце Роны, блізка на поўнач ад Марселя. Іншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вінаградных палёў ронскай даліны, жахнуцца, убачыўшы знішчэнні Дыжона й іншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасці. Голад, нядоля й няволя прытупілі рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцця з’яўляецца адзінай меркай перыяду існавання, калі нармальна не жывецца й не адчуваецца.
VI
Польскі транзітны абоз у Авіньёне меў адно заданне: працай вайсковае місіі, што трымала кантакты з камандамі хаўрусніцкіх сіл у паўдзённай палавіне Францыі, збіраць усіх грамадзян былой Рэчы Паспалітай, так ці йнакш трапіўшых пад нямецкія вайсковыя штандары, і накіроўваць іх у Італію ў Другі корпус, што ўваходзіў у Восьмую брытанскую армію. Акрамя людзей з нямецкіх фармацыяў, вайсковая місія старалася вербаваць і іншых палякаў на тэрыторыі Францыі. Абоз быў адно зборным і перасыльным пунктам. He было тут ані дакладнага медыцынскага агляду, ані выдавання вайсковай вопраткі, ані вайсковых заняткаў. Людзей збіралі, кармілі, у выпадку патрэбы давалі медыцынскую дапамогу і адсылалі мараплавамі з Марселя ў Неапаль.
,У абозе былі выгодныя баракі, кухні, лазні, прасторны пляц, што пад восеньскімі дажджамі замяніўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды — ці не самае найважнейшае — вялікія канцылярыі, што гулі сотнямі галасоў, вечна пульсавалі жыццём бесканечнае ракі народа. Харчы былі добрыя. Праезджыя адпачывалі тут, нічога не рабілі, адно памалу загойвалі фізічныя раны.
Якіх там толькі людзей і тыпаў не давялося бачыць! Перадусім — вопратка. Шмат было апранутых па-цывільнаму. Іншыя дзесьці й аднекуль, мо яшчэ з перад вайны, захавалі ведамыя чатырохрожныя шапкі, званыя рагатоўкамі. Надта смешнымі выглядалі яны для непрывычных вачэй. Вялізная колькасць, мо больш паловы, насіла нямецкую вайсковую вопратку. Былі некаторыя ў амерыканскіх і брытанскіх «батледрэсах». Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай і ўкраінскай. He ўсе хаваліся са сваёй мовай і нацыянальнасцю. Хіба ж і вайсковая місія й каманда Другога корпуса ў Італіі не ведалі, што амаль палова насельніцтва перадваеннай Польшчы была беларусамі і ўкраінцамі? Дык і цяпер мусілі талерантна адносіцца да моваў і нацыянальнасцяў. •
У Авіньёне нашы героі прабылі цэлы тыдзень. За гэты час адпачылі й фізічна пахарашэлі. Чысцілі, мылі, латалі, вылежваліся ў сухіх і цёплых чыстых пасцелях або хадзілі па абозе й збіралі навіны.
На трэці дзень пасля прыезду сустрэлі пры санітарным пункце Віктара Сянкевіча й Касіновіча — двух сяброў з
групы Грамыкі. Узрадаваліся ім, як братам, тым больш яшчэ, што ад іх здабылі весткі аб частцы колішняй афіцэрскай школы, што перайшла да макісаў. Была надзея, што зноў усе збяруцца ў кучу, хоць ужо на італьянскім беразе.
Пасля шасцідзённага адпачынку ў Авіньёне група ў ліку 418 чалавек накіравалася ў Марсель, дзе затрымалася ў транспартным абозе блізка порта. Пару дзён пазней прыехала з Авіньёна яшчэ '200 чалавек. Выходзіць у горад было забаронена. Забівалі час гульнёю ў карты. На зведанне горада мала было ахвотнікаў. He ведалі мовы, не мелі грошай. Ніхто не хацеў валачыцца без мэты. Чакалі на выезд.
ЧАСТКА
ДРУГАЯ _ __ ш-ть-
Кляймо нячысціка
і
Вялікія прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўздзейнічаюць на чалавека. Які прастор! Якая вольнасць! Якая магутнасць! Зрок ваш блудзіць па шэра-блакітных ці зеленкаватых бурлівых хвалях і, не знаходзячы пункта апоры, мімаволі паведамляе розуму пра веліч і бязмежнасць бачанага. Мо першы раз у жыцці вы бачыце мора ці акіян і не можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно — вольнасць, яно — уздым, яно — магутнасць! Вы адрываецеся ад рэчаіснасці, забываецеся, што, будучы на борце мараплава, усё яшчэ з’яўляецеся часткаю людскога й цывілізаванага. Блудзіце зрокам туды, дзе амаль незаўважна край мора зліваецца з прасторам неба. Захапляецеся стыхіяй бязмежнае, здаецца, вады й паветра і ўяўляеце, што вы таксама частка яе. Калі вы здольныя глыбока думаць і марыць, то забудзецеся аб фізічным існаванні й станеце часткаю неабсяжнага мора, часткаю вольнае, магутнае прыроды.
He дзівіцеся, калі паэт, сутыкнуўшыся з вялікім прасторам мора, гойдаючыся дзесь на мараплаве, адкоціць такі ёмкі верш ці паэму, што вы ніколі й не падазравалі б яго ў такіх здольнасцях. Мора — яго натхненне. Ён жа абавязкова пад тым вершам ці паэмай і зазначыць, што напісана на Атлантычным ці іншым акіяне, дый не забудзецца аб даце, каб ведалі, маўляў, што ён быў там і што магутныя воды маюць і на яго такі самы творчы ўплыў, як на сотні й тысячы іншых слаўных папярэднікаў — тварцоў мастацкага слова.
He дзівіцеся, калі пачуеце, што мора мае й гаючыя ўласцівасці. Ці адзін духова змучаны й скалечаны чалавек знойдзе ў мерных і шумных марскіх пералівах бальзам, што гоіць духовыя раны, дапамогу ў турботным жыцці, раўнавагу духовае трываласці, знойдзе надзею й пабачыць зарысы лепшае будучыні.
Але мора — гэта перадусім стыхія, сіла. Неабмежаваная, невычарпальная. Яно ад бяспамятных часоў нішчыла, крышыла й тапіла на сваім шляху ўсё слабое, бездапаможнае. Незлічоныя разы было загубай для чалавека. Тапіла ягоныя заакіянскія экспедыцыі, руйнавала ўзбярэжную маёмасць і здабытак. Чалавек нарэшце знайшоў сродкі
бяспечнага падарожнічання па моры, але ніколі не пакарыў яго неабмежаванай сілы.
Сымон, едучы з Марселя ў Неапаль мараплавам разам са сваімі сябрамі, першы раз быў на моры. Перад вачыма задумлівага юнака разлёгся новы, вялікі й бязмежны свет. Ціхае зеленкаватае Міжземнае мора дыхала магутнасцю, вольнасцю. Лёгкі паўдзённа-заходні вецер часаў грывы хваляў, асеннім халадком перакачваўся й разгульваў па шурпатай гладзі. Чарада чаек шнурам цягнулася ў хвасце за мараплавам, манатонным і сумным крыкам наганяючы нейкую тугу й журботу.
II
Пасажыры павольна хадзілі па палубе, заглядалі ва ўсе закануркі старога мараплава, сачылі за руціннай працай матросаў, прыглядаліся хвалям і птушкам, гаманілі аб тысячы й адной розных дробных справаў.
Задуманы Сымон стаяў, абапёршыся на агароджу борта, і дзесьці блудзіў зрокам удалечы. Легкашумнае мора, журботны крык чаек і раўнамерны рух мараплава нараджалі ў юнацкай галаве ці мала думак. Жыццё, як яго бачыў хлапец, было нецікавае й невясёлае. Даўно абыякавасцю апрануліся ягоныя пачуцці. Як мараплаў цяпер плыў у нейкі чужы Неапаль, у новую прыстань, так, выдавалася яму, 'плыла й вялікая, страшная хваля жыцця. Хтосьці аднекуль кіраваў гэтай хваляй, вызначаў ейны бурлівы ход да нейкай мэты. Ён, Сымон, быў несены ёю міма сваёй волі, кіданы з аднаго канца Еўропы ў другі. Вось хваля тая хутка выкіне яго на незнаёмы бераг, там падхопіць іншая ды з новай сілаю панясе далей у невядомасць, і так, здавалася, будзе без канца. He быў гаспадаром самога сябе, не загадваў курсам жыцця й лёсу, а даўно ўжо стаў часткаю нейкай вялікай, бяздушнай, жахлівай пражорлівай машыны. Яна дыхала агнём і жалезам, харчавалася смерцю й калецтвам, нішчыла слабое й бездапаможнае, крышыла-папяліла ўсё па дарозе.
Дык і што з таго было Сымону, што сёння пакінуў ззаду Марсэль, а заўтра пабачыць Неапаль? Ці ж італьянская зямля магла быць для яго больш гасціннай, чымся французская? Або што яму з таго, што цяпер задарма падарожнічае па Міжземным моры? I ці ж дарма? Ці ж не прыйдзе
дзень, калі крывёй давядзецца заплаціць за такое падарожжа? Дзе ж была тая крыніца надзеі й веры ў нешта вялікае, лепшае, да чаго чалавек імкнецца й што трымае яго пры жыцці? Да чаго цяпер мог імкнуцца Сымон, не будучы гаспадаром самога сябе й трапіўшы ў шэрагі людзей, якіх даўно навучыўся ненавідзець за іхнія здзекі над беларускім народам? Ці льга было адгадаць, што нясе будучыня?