Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
та ў слове «чацвер» над абодвума, пісанымі лацінкай «ц» стаялі нейкія птушкі, й прачытаў цэлае слова не «чацвер», а «цяцьвер». Толькі пасля ўдалося распытацца доктаравага сына, свайго аднагодка, што гэта быў беларускі каляндар, які бацька дастаў з Вільні.
Самі палякі былі сваімі магільшчыкамі ў акупаванай Заходняй Беларусі, калі сваю апрычонасць ад мясцовага насельніцтва й быццам «лепшасць» і «вышэйшасць» выказвалі не добрай гаспадаркай, навукай і паляпшэннем дабрабыту насельніцтва, а вечным, штодзённым вытыканнем беларусам іхняга невуцтва, цемнаты, бяды й прымітыўнае адсталасці. Народ, загнаны на дно матэрыяльнай галечы, ведаў, на каго паказваць пальцам, як на віноўніка. У паноў ляжалі тысячы гектараў слабавыкарыстоўванае зямлі, асаднікі абразалі хутары й вузкія палоскі, а селянін беларускі часта-густа душыўся на пары гектарах самае неўрадлівае зямлі, а то й зусім быў беззямельным ды цягнуў бяду батраком, працуючы на пана ці асадніка. Недарма ж людзі вечна сварыліся й судзіліся за зямлю, а судовы акупацыйны апарат выцягваў з іх апошні цяжка зароблены грош.
Нічога не ўтрывалілася так у Сымонавай памяці, як справа з сярнічкамі. Прадукцыя сернікоў была ў руках манаполю. Нават на бензінныя запальнічкі трэба было мець дазвол, за які салёна плацілася. Пачка ж сернікоў каштавала восем грошаў. Калі параўнаць, што мужчыны пры касьбе ці жанчыны пры жніве зараблялі ў сярэднім не больш за паўтара злотага, а дзесятак яек пад вясну каштаваў каля сарака грошаў, выходзіла, што сернікі былі надзвычайна дарагімі. Каб ашчадней было, сяляне звычайна шчапалі сярнік на дзве, а то й на чатыры часці. Прыгадваў Сымон, як маці, скончыўшы страву раніцою, зграбала ў кучку гарачыя вугалькі ў печы, каб захаваць прысак на распалку вечарам. Здаралася ж, што й не было чым у хаце дроў у печы ці лямпы запаліць. .
— Бяжы, сынок, да Антаніны, папрасі пару вугалькоў, каб печ распаліць,— прасіла хлопца маці,— а калі няма, то няхай сернікоў з пяток пазыча.
Прынесеную хлапцом пазычаную запалку намагалася маці найперш падзяліць вострым нажом на колькі частак. Часценька не ўдавалася. Найцяжэй было з галоўкаю серкі, што часта пры расшчэпліванні зусім адпадала ад дрэва. Сымон ніколі не забыўся, як цяжка пры гэтым уздыхала маці:
— Божа ж ты мой, от жа якое ліха. I не ўдалося. Кажуць — дзе каротка, там ірвецца.
Спяшыў назаўтра Сымон з дзесяткам яек у мястэчка. Свая сям’я бачыла яйкі на стале адно на Вялікдзень ці пры цяжкіх летніх працах. Збыўшы тавар, вяртаўся дахаты хлапец з новым запасам сернікоў, а маці зноў старалася кожную штуку падзяліць на чатыры.
Усе малыя дзеці цікавяцца рознымі машынамі. Малы Спарыш любіў цягнікі, аўтамабілі й самалёты. Першых нагледзеўся ўволю, бо чыгунка прабягала каля вёскі. Горш было з аўтамашынамі. Хаця вёска ляжала пры галоўнай дарозе, яны праходзілі там надта рэдка. Бывала, спасцеражэ хлапец на дарозе вялікі клуб пылу і — адкуль возьмуцца тыя ногі — прэ, задыхаўшыся й адвесіўшы язык, каб хаця ж успець прыгледзецца зблізку. Звычайна ехаў гэта з адлеглага на восем кіламетраў маёнтка пан Слівінскі. «Які ж бы я быў шчаслівы,— думаў Сымон,— калі б гэны пан спыніўся хоць на мінутку й дазволіў прыгледзецца да самаходу, а мо й дакрануцца да яго».
Колькі чуў хлапец пра магутнасць польскае дзяржавы, колькі наслухаўся ад настаўніцы гісторыі апавяданняў аб польскім геройстве ў мінулым, аб сіле Полыпчы ў сучасным. Ад мясцовых панкоў і ўсякай адміністрацыйнай дробязі чуў, што Польшча мае самую найсільнейшую армію ў Еўропе, што такой не маюць ні немцы, ні расейцы. Былі ў палякаў, паводле іх, і моцныя танкі й самалёты, і падводныя лодкі «Ожэл» і «Сэмп», і іншая зброя.
— Няхай адно цяпер адважацца швабы ці кацапы ступіць на нашу польскую зямлю! — вымахвалі кулакамі панкі й падпанкі.— He дамо ніводнага гузіка ад нашага польскага плашча.
I хутка прыйшла нагода. У палякаў забралі не толькі ўсе «гузікі», але й сам «плашч». За два тыдні згінула «вялікая моцарствовая», якую паны так нядаўна маніліся яшчэ разбудаваць «ад можа да можа». Польскі акупацыйны апарат, быццам тая пена, знік з беларускага цела, а маскоўская чырвань, дазволіўшы сялянам на парумесячную перадышку, хапіла іх за горла абцугамі калгаснае сістэмы. Запоўніліся на станцыях гаротнікамі-беларусамі цяплушкі-вагоны, і ўчора яшчэ прыгнятаны панамі беларускі селянін ехаў сёння ў Сібір следам тых жа прыгнятальнікаў.
Калі раней Сымон Спарыш меркаваў, што палякі ёсць фальшывыя, эксплуататары, нялюдскія ў дачыненні да сла-
бейшых, дык за часамі гітлераўскае акупацыі, сочачы, як верна служылі немцам і дзе маглі вынішчалі беларусаў, пераканаўся, што было сярод іх ці мала подлых. 3 агідай глядзеў, як людзі, якіх ведаў са школы, што раней пагражалі «швабам», сёння за кавалак хлеба гатовыя былі лізаць ім пяткі, здзекаваліся над безабароннымі, абы выслужыцца новым панам.
«Так,— думаў юнак, прыглядаючыся зеленкаваташэрым хвалям Міжземнага мора з мараплава, што вёз яго цяпер у Італію,—• вельмі ж цікава, як выглядаюць і што робяць цяпер «пшэкі» й ці хоць крышку змяніліся, навучыліся й паразумнелі за вайну. Дый глядзець цяпер ужо буду іншымі вачыма. Колькі ж за час вайны набраў чалавек жыццёвай практыкі. Гэта ж не тое, што калісьці — свет быў закрыты. Галоўнае, што прыйшла нарэшце нацыянальная свядомасць і што з поўнай разумовай спеласцю магу цяпер добра ацаніць колішняга акупанта».
На сонечным узбярэжжы
і
Неапаль! Колькі на працягу стагоддзяў валадары пяра прысвяцілі табе слоў, колькі кампазітары складалі аб табе ■ песняў, колькі маляры спэцкалі фарбы, стараючыся адлюстраваць тваё прыгожае аблічча. А ты ўсміхаўся празрыста-блакітнаю гладдзю шырокае паўкруглае затокі, вітаў падарожных залатымі праменнямі ўзыходзячага з-за твае спіны сонца, супіўся шэрымі, па гарбатым схіле раскіданымі мурамі ды вечна пагражаў цёмным сілуэтам велічна-маестатычнага Везувія.
Уязджаючы ў Неапалітанскую затоку з захаду, мінаеце па дарозе з правага боку малы скалісты абток* Капры. Недарма ў даўнейшыя часы служыў ён добрым сховішчам і абароннай цвярдыняй для піратаў. Стратэгічнае палажэнне забяспечвала рабаўнікам хуткі й зручны доступ да ўсіх пунктаў горнага пахілага ўзбярэжжа, а лабірынт водных злучэнняў пад скаламі абтока быў дасканалым сховішчам для нарабаванай здабычы, зброі й ваенных матэрыялаў.
Змяніліся спосабы людскіх войнаў і разбояў, а разам з імі й прызначэнне абтока Капры. У выгодных вілах, санаторыях і на летнішчах адпачываюць багатыя замежныя госці з усяго свету, лечацца й дужэюць змучаныя й хворыя, упіваюцца сонцам і палошчуцца ў крыштальна чыстай вадзе падарожнікі, кішэні якіх патрапяць вытрымаць немалыя кошты. Абток Капры славіцца па цэлым свеце ў песнях, памінаецца ў назвах вуліц, мільгае свётламі неонаў у рэкламах. Абток Капры лагодна казыча прыемныя ўспаміны ці аднаго з багачоў, якому ўдалося правесці там у выгадзе й пяшчотах сонечныя часы жыцця.
Адылі для звычайнага чалавека, што праязджае паўз Капры ў Неапаль, абток застаецца ў памяці нерэальным, невыразным сілуэтам ахутаных ранішнім туманам скалаў. Затое Неапаль — гэта не з’ява, а рэальнасць, даступная бальшыні хаця б таму, што з’яўляецца галоўнай брамай, праз якую замежнае людское мора плыве на сонечныя берагі Апенінскага паўабтока.
Нельга не захапляцца прыгожай панарамай Неапаля ўдзень, а ўжо зусім немагчыма ўстрымацца ад захаплення
* Востраў.
ўначы. Тады старажытны горад забаўляецца золатам мільёнаў свётлаў. Калі вам давялося б увечары прыглядацца месту з мараплава, пэўна ж, вы імкнуліся б адрозніць верхнюю мяжу, дзе электрычныя свётлы зліваюцца з яркімі зоркамі, і другую мяжу ўнізе, дзе яны выразна адлюстроўваюцца ў спакойнай вадзяной роўнядзі. Падумаеце, што нечая магутная рука шчодрай жменяю рассыпала кавалкі золата ў небе, на зямлі і ў вадзе.
Кіньце вокам на паўдзённы бераг, што дугой абгінае затоку. Розныя збудаванні непарыўным шнурам абмелі бераг, як сягнуць вокам — аж да Сарэнта. Колькі ж разоў спіхаў людзей і іхнія збудаванні ў мора магутны двухгаловы Везувій. Яны зноў мабілізавалі сілы й сродкі ды дзяўблі чорную вулканічную лаву, зноў узбіраліся вышэй і вышэй на падножжа вулкана. Так і цяпер самыя найадважнейшыя, а мо й найбяднейшыя пасяліліся аж на мяжы небяспечнае зоны. Пражыць іх сонца зверху й пячэ чорная лава знізу. Яны першымі адчуваюць кожнае дыханне, кожны ўздрыг небяспечнага суседа. Вунь тросся ж ён ізноў пад вясну ў 1944 годзе. I цяпер заўважыць можна малых хлапчукоў па вуліцах Неапаля, Пампеі й суседніх мясцовасцяў, што ў шкляных прабоўках прадаюць на сувеніры турыстам па жменьцы гэтае апошняе, чорнае, да дзёгцю падобнае лавы. Дый хто пэўны, што гэта лава, дый якраз апошняя? Мо каторы набраў, дзе чаго пад руку папала. Ім жа, малым, босым, паўгалодным, абарваным, абы тую ліру здабыць, абы з дня на дзень пражыць.
Калі Неапаль вітае вас тварамі незлічоных будынкаў і палацаў, затока аж кішыць рухам усякіх мараплаваў і лодак. У порце людзі ўвіхаюцца над выладоўваннем транспартных суднаў. Ваенныя матэрыялы й прадукты едуць з-за акіяна, з Ангельшчыны. Трэба карміць вялікую ваенную машыну, што намагаецца цяпер выпхнуць немцаў з італьянскага бота на поўнач. Мараплавы халодзяць свае жываты й грэюць бакі каля берагоў прыстаняў. Каля іх мітусяцца малыя лодкі — быццам тыя парасяты каля сытых свінаматак. Гудзе рой людзей, цывільных і вайсковых — быццам у гарачую летнюю пару пчолы каля вулля. Між портам і абтокам Капры рэгулярна курсуюць пасажырскія з дзвюма палубамі, адкрытыя параплавы. Яны заўсёды запоўненыя народам. Гледзячы на той людскі мурашнік, можаце ўявіць важнасць гэтай арганічна-жыццёвай артэрыі, праз якую перанаселеная Італія, а цяпер пад час вайны
й звыш мільённая армія, лучыцца й супольна жыве з вонкавым еўрапейскім і заакіянскім светам.
Гледзячы на Неапаль і ваколіцу, можаце дзівіцца, якім гэта чынам сабраў Творца сюды столькі цудаў прыроды. Хто ведае, ці ў працэсе тварэння не спыняўся ён тут на адііачынак і ці не пазносіў тыя скарбы ў гэтае месца наўмысля, каб налюбавацца-нацешыцца вынікамі свае працы...
II
Нягледзячы на тое, што ўжо палова снежня мінула й што ў далёкай Беларусі, пэўна, пануе лютая зіма, Неапаль купаецца ў сонцы. Вуліцы ягоныя брудныя й пыльныя. Па асфальтах бразджаць і стогнуць вялікія зялёна-шэрыя грузавікі. Дзесьці далёка на поўначы шалее бесперапыннае змаганне. Тут жа адно цягнецца тоўстая нітка, што вядзе да гэтага клубка агню й смерці. Па ёй плывуць сокі, што стала ўзмацняюць і папаўняюць неабходнымі калорыямі ўсе клетачкі вялікага арганізма ваеннае машыны. Побач гэтай ніткі таўчэцца самая бедная, абадраная й звычайна зладзейская гарадская неапалітанская галеча. Прагнымі вачыма сочыць, ці дзе няма якое прорвы, ці не пацячэ набок, каб накінуцца, нарабаваць. А калі само дзе не пацячэ, то й дзірку пастарацца зрабіць, дапамагчы, абы нажыцца.