Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Жалудовіч, заклапочаны, цярэбіць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсміхаюцца, і не ведае, што рабіць.
Капралава пяро прыгожымі роўненькімі чорнымі нітачкамі напісала пад рубрыкай «прозвішча» Жолондовіч.
— Як імя?
— Аляксандар.
— Веравызнанне?
— Каталік.
— Рыма-каталік?
— Так.
— Нацыянальнасць — паляк? — глядзіць капрал на Жалудовіча з усмешкай, што быццам гаворыць: «Папрабуй жа сказаць, што не».
— He паляк, а беларус.
— Пёрруне! — лае пісар, злосна кідаючы асадку аб
стол.— А цо то за звежэ? Рыма-каталік і беларус? Як то можа быць?
— Звычайна,— не траціць раўнавагі «Жолондовіч».— Рэлігійная прыналежнасць — рыма-каталік, а нацыянальнасць — беларус.
— Няма каталікоў беларусаў! — злосна трымае сваё капрал.— Усе каталікі — гэта палякі.
— Так? — з іроніяй адказвае «Жолондовіч».— Дык тады запішыце, пане капрал, і ўсіх французаў, італьянцаў і гішпанцаў палякамі. Яны ж таксама каталікі.
Пісар, здзіўлены й анямелы, талопіцца ў Жалудовіча, быццам яму хто мокрай анучай з’ехаў па твары.
— Пся крэў! — гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтэнанта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамі. Капрал вяртаецца да свайго стала, і ў эвідэнцыйным фармуляры польскае арміі родзіцца яшчэ адзін беларус.	-
П
База другога польскага корпуса, званая «сёмкай» у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гектараў плошчы. Заўсёды была па берагі перапоўненая рэкрутамі, што вялікім адміністрацыйным апаратам дзяліліся тут на розныя зброі й аддзелы, і або на месцы атрымоўвалі перашкаленне ў майстэрстве пяхотнае зброі, або высылаліся, пасля сегрэгацыі, у іншыя цэнтры шкалення. Камяністая раўніна была ўсеяна тысячамі палатак. 3 паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал аддзяляў абоз ад нікому непрыдатных карлаватых кустоў-зараснікаў.
У цэнтры абозу, пасярод вялікае плошчы. знаходзіўся даволі вялікі, збудаваны з белых вапнякоў будынак. У буднія дні быў ён кінатэатрам, у нядзелю — касцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылі там імшу. Войска не магло памясціцца за адзін раз у будынку, й дзеля таго імша паўтаралася.
Адылі не ўсе жаўнеры ідуць у касцёл. Праваслаўныя маюць сваю капліцу побач галоўнае шашы. Іх невялікая жменя, дый тая пад час службы не мае даволі месца ў палатцы, дзе ледзь памясціўся алтар. Святар, старьі сівенькі 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамі, вывезенымі калісьці з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй
Беларусі і Украіны ў глыб Савецкага Саюза. Як і ксяндзы, ён мае ступень капітана й бярэ капітанскі «жолд». Заданне ягонае — духовая апека над праваслаўнымі «палякамі» й іншымі.
Святар служыць літургію па-славянску, а казанні гаворыць па-польску. Язык змагаецца з непрывычнай мовай. Выходзіць зусім не гладка. Здаецца, што ў кожны момант накінутая сілай у царкву пальшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовіцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысцюсенькую расейшчыну.
Між наведвальнікаў праваслаўнае капліцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафіцэра, а афіцэраў хоць ты са свечкай шукай. На грамнічнае свята 1945 года сабралася каля сямідзесяці чалавек. Некаторыя ўціснуліся ў капліцу, іншыя прыслухоўваюцца да службы блізка ўвахода, а бальшыня стаіць групкамі воддаль. Мова ў бальшыні польская, рэдка беларуская або ўкраінская. Адно самыя смелыя й свядомыя не толькі не хаваюцца, а быццам наўмысля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасць.
Усё гэта выдаецца нейкім нерэальным. Сказалі б вы, што перад вамі стаяць цені людзей, якія баяцца саміх сябе. Выкрыўленая святаром мова камічна пераплятаецца з калечаннем яе вернікамі. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусім не зламала яшчэ гэтых людзей.
Дзесьці ў глыбіні сэрца засталіся родныя парасткі, якім дай добрую пажыву, сонца й глебу — вырастуць і зацвітуць сваім родным.
Зусім зразумела, што Сымона Спарыша цікавіць, якія тут людзі. Дзе ж ужо тады, калі не тут сваіх шукаць. Ён і цяпер, паслухаўшы й пэўна ацаніўшы святара, ляніва блукае між малымі групкамі й прыслухоўваецца. На вока трапіла тройка, якіх па веку й выгляду назваў бы спарахнелымі грыбамі. Па іх рухах і павольнай спеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскія круглыя аладкі, нязграбна ляжаць на пасівелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькі-сяляне. Капрызны лёс некалі адарваў іх ад плугоў, кінуў на Сібір ці ў Нямеччыну, а пасля прынёс аж сюды.
Адзін з іх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцідзесяці, выцягнуў з кішэні чырвоную вайсковую кніжку й штосьці паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асцярожненька прыблізіўся.
— А я падаваўся беларусам,— кажа той, трымаючы ў руках кніжку,— але пакуль запісалі ў кніжку, дык палякам зрабілі.
— Ты беларусам падаўся? — пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнік.
— Так. I паглядзіце — тут напісалі паляк.
Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кніжку.
Сымон пазірае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павінна быць паказана нацыянальнасць маткі й бацькі паводле нараджэння, густым чорным чарнілам замазаныя два словы, а пад нізом фігуруе па-ангельску «поліш» (паляк).
— А вось ты не беларус,— цвердзіць гаспадару кніжкі вастраносы.
— Чаму так?
— Ну, бо ў Полыпчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскі касцёл, там не было беларусаў, а дзе была царква — там былі.
— Дык што гэта ты пляцеш? — адазваўся трэці.— Гэта ж ці не помніш, што ў нас праваслаўных рускімі называлі? Так і казалі — польскія Каляды й рускія Каляды. Іначай я і не чуў...
— Дык тыя, што называлі рускімі, то й былі беларусы.
Сымон спачатку маніўся ўмяшацца ў гутарку, але пасля памеркаваў, усміхнуўся й вярнуўся да сваіх сяброў.
ІП
Давялося за апошніх колькі месяцаў нашым героям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якія рэчы, праходзіць безліч фармальнасцяў і дзеля таго, калі пасля двухнядзелызага побыту загадалі ім стаць да прысягі «на вернасць Рэчы Паспалітай» у тым кінакасцёле, загад не выклікаў вялікіх супярэчнасцяў. Мо паўгода назад, калі б нехта сказаў ім, што змушаныя будуць прысягаць на белчырвоны сцяг, не адзін плюнуў бы гэтаму некаму ў вочы. Сёння ўважалі акт прысягі простаю фармальнасцю без значэння, неабходным злом, якога нікому з іх не мінуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не беззмястоўныя для іх гукі шаблоннае прысягі ў чужой мове й чужому пану.
Адылі мы далёка размінуліся б з праўдай, калі б сказалі,
што ніводнаму з іх гэта прысяга не лягла цяжкім болем на сэрцы. Дарма што логіка жыцця падказвала іншае — у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзімы й блізкіх. Прысяга была той тупой іржавай пілой, што бязлітасна шоргала па крыватачывых духовых ранах. Калі вусны аўтаматычна паўтаралі ксяндзовы словы «на вернасць», уся духовая істота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьці з самага жыццёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасць і дурніца, што галоўнае — гэта прысяга пачуцця, сумлення й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыі, калі, трапіўшы ў палон, трэба было запісвацца палякамі, уся натура старалася бараніцца перад новым і яшчэ горшым гвалтам.
У чацвёртай роце ўсе рэкруты былі з сярэдняй асветай. Збіралі іх сюды, каб накіраваць пасля ў афіцэрскія школы, званыя падхаранжоўкамі. У першай палове студзеня 1945 года ў роце было каля паўсотні былых кадэтаў з менскае школы камандзіраў БКА. Прыходзілі групамі й паасобку: тыя, што перайшлі былі да макісаў у Францыі, і тыя, што пасля папаліся ў палон з трыццатае дывізіі. Усе, быццам змовіўшыся, накіроўваліся ў чацвёртую роту. Чым больш прыходзіла старых сяброў, тым было весялей.
Бальшыню з іх не звіхнуў бурны лёс — яшчэ больш памужнелі, набраліся практыкі, дасведчання, пасталелі розумам. Хоць не кідалася цяпер так у вочы тое патрыятычна-юнацкае злучво, дзякуючы якому некалі перамаглі супольна так шмат цяжкасцяў, хоць, здавалася, не было між імі сёння такой спаенасці, як некалі, іх трэба было лічыць адзіным і моцным целам. Трымаліся й сябравалі між сабою, часценька спявалі родныя песні й з вялікім недаверам адносіліся не толькі да польскіх камандзіраў, але й да палякаў наогул. Сваімі рэнегатамі пагарджалі й ігнаравалі іх.
Найсмялейшымі былі Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш, першы мо нават больш, чымся апошні. Дзежка, дарма што надта пацярпеў у амерыканскім палоне, не страціў ранейшага гумару. Больш таго — ён цяпер патрапіў быць здольным цынікам. Ніколі й нікому не ўступаў, асабліва ж калі ведаў, што слушнасць на ягоным баку. Выразна разумеў, што смех — гэта не толькі здароўе, але й найлепшая зброя ў дасведчаных руках. Сымон, што на свой век быў занадта сур’ёзным, шмат думаў і перажываў, не мог адразу зразумець таго-сяго з Дзежкавага захавання,
аж пакуль адно здарэнне не выясніла шмат чаго раней загадкавага.
У палатцы, дзе памяшчаліся Дзежка, Лабун, Самароб і Яронскі — чатыры менскія кадэты — жылі й чатыры палякі: жартаўлівы й звычайна ветлівы, паходжаннем дзесь з Пазнанскага краю, Чарнецкі, паважны й ціхі Фост’як, бесталковы й балбатлівы Скронскі й бурклівы, вечна незадаволены сын асадніка з Заходняй Беларусі, беларусаед Мыдлеўскі. Ён ад свайго бацькі атрымаў у спадак тое пачуццё «вышэйшасці», панскасці й «лепшасці» ў дачыненні да сялянскага беларускага народа, не гаворачы ўжо аб неталеранцыйнасці да ўсяго беларускага ды іншых адмоўных «цнотах». He абмінаў нагоды, каб паздзекавацца над «кацапамі». Пад слова «кацапы» падводзіў не толькі расейцаў, але й беларусаў і ўкраінцаў. Хаця нейкім чынам трапіў у роту «цэнзусоўцаў», некаторыя сумляваліся, што меў сярэднюю асвету. Пабыўшы ў Сібіры, надта зненавідзеў расейцаў. Разам умацавалася ў яго й ранейшая нянавісць да беларусаў, на целе якіх некалі ўзрос і гадаваўся.
У Дзежкавай палатцы часценька гулялі ў карты, пераважна ў ачко. Стаўкаю былі цыгарэты, але таму, што яны ў банку нішчыліся й брудзіліся, дык гулялі сернікамі, якія пасля зменьвалі на цыгарэты. Гэтак у адзін студзеньскі падвячорак, пасля дзённых рэкруцкіх заняткаў на полі, аматары картаў заселі вакол малога століка. Дзежку выдатна шанцавала, і пасля няцэлай гадзіны перад ім ляжала з паўтузіна выйграных пачак цыгарэтаў. Ён паклікаў аднаго з сяброў, што сачылі за гульнёй, і, пашаптаўшыся, сунуў таму ў кішэню тры пачкі. Праз паўгадзіны сябра вярнуўся з дзвюма пляшкамі добрага віна. Дастаў яго, пэўна ж, ад італьянца, шмат якіх цэлы час круцілася каля базы, каб які гандаль зрабіць.