Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
— Вы, можа, думаеце, што рэкрут Дзежка адбывае кару за звычайную бойку, пад час якой без правакацыі накінуўся на невінаватага сябра? Кажу вам, што не. To не была бойка з нейкае звычайнае прычыны. Біліся не таму, што падпілі ці не падзялілі дзяўчыны. Прычына была другая. Над ёй хачу й затрымацца.
Другі польскі корпус пасля цяжкіх і зацяжных геройскіх баёў у паўночнай Афрыцы пад Тобрукам і ў Італіі, асабліва пад Монтэ Касына й на Лініі Готаў, страціў тысячы, а мо й дзесяткі тысяч сваіх найлепшых жаўнераў.
* Статутаў.
Дарога наша са зброяй у руках да вольнай Айчыны яшчэ далёкая. Прайшлі мы, можа, толькі палавіну яе. Так, пане, хто ведае. Таму й армія наша патрабавала новых папаўненняў, свежых сілаў. Таму, ведаючы, што акупант Польшчы сілаю забіраў у свае шэрагі нашых «родакаў» і што яны цяпер, карыстаючы з пераможнага маршу хаўруснікаў, пераходзяць да іх масамі ў палон і жадаюць далучыцца да нас, наша каманда даўно папаўняе шэрагі корпуса палоннымі з нямецкае арміі. 3 гэтага дваякая карысць: і для тых, што прыходзяць, і для нашай арміі, бо яна расце й MauHee. Найбольшая ж з таго карысць для нашай Айчыны Польшчы, бо ейнае дабро толькі ляжыць у нас на сэрцы.
Але не забывайцеся, што гітлераўскі акупант Польшчы раз'ядаў і нішчыў цела нашага народа. Вынішчыўшы мільёны голадам і ў канцэнтрацыйных абозах, ён уводзіў розніцу й сеяў нязгоду сярод жывых. Адным з метадаў такога «ружнічкавання» быў вынаход на тэрыторыі Польшчы нацыянальнасцяў, якіх раней не было або якія не выявіліся. Некаторыя людзі, якім убіта ў галовы, што яны не палякі й што палякі — іх ворагі, трапілі й да нас. Яны ёсць прадукт гітлераўскае палітыкі, аб чым найчасцей і не ведаюць. Я скажу вось што: пара было б ім прыпомніць тыя дабрадзействы, якімі іх надзяліла перадваенная Польшча, і забыцца...
— Ачхі! А-ачхі! А-а-апсік! — пачулася гвалтоўнае кашлянне пару дзесяткаў асоб у роце. Эдзё раптоўна змоўк і, злосны, зачырванеўся. Былыя менскія кадэты зрабілі анёльскія міны й чакалі далейшага.
— ...кажу, варта было б ім прыпомніць тыя дабрадзействы з перадваеннай Польшчы,— працягваў са злосным націскам афіцэр,— і выкінуць з галавы гітлераўскія «бздуры». Так, пане, асабліва цяпер, калі наша армія ўзяла іх пад крыллі свае апекі, павінны яны быць удзячнымі Польшчы. Але здаецца, што яны яшчэ не ўсвоілі лекцыі. Пад нямецкай акупацыяй маглі пашыраць розныя дурніцы й марыць аб нейкім «ружнічкаванні». Для нас жа яны былі й будуць польскімі грамадзянамі. Іхні абавязак, так, як і наш, змаганне за вызваленне польскай Бацькаўшчыны. Таму дзіўна, што некаторыя з іх, трапіўшы нават цяпер у нашыя аддзелы, стараюцца дэманстраваць нейкія нацыянальныя розніцы. Я не хачу гэтага чуць і бачыць у сваёй роце! — крыкнуў, ледзь не запеніўшыся, нашчадак езуіта Скаргі.— Хачу папярэдзіць тых, што хочуць уводзіць у нас розніцы
й нязгоду, што мусяць спыніць гэта неадкладна! Няхай выкінуць з галавы гітлераўскія «бздуры» дзеля свайго дабра. Або яны будуць добрымі жаўнерамі й добрымі польскімі грамадзянамі, як усе іншыя, або, калі будуць далей прадаўжаць бруднае палітыканства, для іх знойдзецца месца па-за рамамі арміі. Так, пане. Запішыце гэта сабе на лбе, да каго гэта адносіцца!
Чэмпіён духовых «цнотаў» спыніўся, каб адсапнуцца, пераступіў з нагі на нагу й закончыў такімі словамі:
— Вы ўсе ёсць жаўнеры, й аб тым, што маеце рабіць, думае армія, у даным выпадку думаю я. Жывеце, працуйце, захоўвайцеся як жаўнеры. У войску няма й не можа быць ніякай палітыкі. Ясна ці не?
Рота стаяла нямая. Злосны й збялелы Дзежка, здавалася, каб мог — спапяліў бы зрокам і развеяў бы цень Эдзі.
— Пане старшыня,— звярнуўся камандзір да старшыні роты, старэнькага, але чэрствага сяржанта харонжага,— дайце дыспазіцыі да дзённых заняткаў.
V
Вечарам таго ж дня Сымон Спарыш заглянуў у палатку да Дзежкі. Там аж у дзве партыі рэзалі ў «ачко». Сымон пакруціўся і, лічачы сваю асобу лішняй, наважыў наведаць Лабуна. Застаў яго адзінокага ў пустой палатцы. Пры млявым святле свечкі нешта разглядаў у кніжцы. Лабун належаў да людзей, якіх слушна называюць кніжнай моллю. Калі не бываў п’яны ці падвыпіты (што часценька здаралася), вольныя хвіліны прысвячаў кніжкам. Быў надзвычайна здольны й начытаны. Сымон часценька клікаў яго прафесарам.
— Здароў, прафесар! — прывітаўся.
— Здароў, брат, здароў. Хадзі й прысаджвайся.
Сымон сеў побач і прыглядаўся да матэматычных фігур у Лабуновай кніжцы.
— Вось, братка, гэта дык неспадзеўка. Хто ў чым: адзін у карты, другі на выпіўку, трэці да дзяўчат бяжыць, а ты тут з нейкімі перапутанымі матэматычнымі фінціклюшкамі забаўляешся. Як цябе нешта такое цікавіць можа ў такі час?
— Кожнаму, братка, сваё, як ты сам сказаў,— бліснуў матэматык акулярамі.
— Дык гэта ты называеш сваім?
— Пэўна ж. Я люблю матэматыку.
— Ну ведаеш ты што? Я б хутчэй зразумеў, каб ты які цікавы раман чытаў, ці што... He магу ўявіць, як нехта ў такіх абставінах і пры такой атмасферы матэматыку грызці можа...
— Дык вось ведай, што ёсць адзін такі,— распрамяніўся Лабун смехам.
— Пахваліся ж хаця, як далёка залез ты па матэматычнай драбіне.
— Глядзі вось сам,— падсунуў хлапец Сымону кніжку ў мяккай рудой вокладцы.
— Ого, братка,— ківаў Спарыш галавою,— ты ўжо так далёка, што я нічога не разумею. Вышэйшая матэматыка? Гм... He ведаю, хваліць ці ганіць. Навошта табе яна?
— А вось няхай будзе. Што навучуся — маё, ніхто не адбярэ,— адказаў Лабун абыякава.
— У школу ісці манішся?
— Будзе відаць. Пакуль што няма магчымасцяў.
— Можа й, выпадала б табе пазайздросціць, што такую хлёсткую маеш мазгаўніцу. Я каб і хацеў, то не мог бы, асабліва ў такіх абставінах.
— Невядома, ці лепшыя будуць.
— Я не гэта меў на думцы. Мяне страшна прыгнятае тое, што мы воляй-няволяй папаліся да гэтых пшэкаў, і ты бачыш, якія яны. Вазьмі гэты выпадак з Дзежкам. Што ты думаеш наконт яго?
— Паводле нашага Эдзі, дык ён заслужыў.
— Эдзю маю ў... Пытаюся, як паводле цябе.
— Думаю, што гэта крайняе свінства з боку Эдзі, вялікая несправядлівасць. Шляхцюк даўно правакаваў і прасіў аплявухі. Але, ведаючы гэту псіну, ці можна было чаго іншага спадзявацца?
— Хлопцы нашы ўсе такой думкі, а палякі глядзяць па-рознаму. Можна выпадак ацэньваць з двух бакоў: як чыстую бойку —і ў даным выпадку Мыдлеўскага поўная віна, бо ён першы на Дзежку скочыў,— або дашукоўвацца матываў і правакацыю разглядаць правакацыяй. Як ні вазьмі, якім бокам ні абярні, усё роўна кругом вінаваты панок гэты. А Эдзё з поўнай свядомасцю судзіў аднабакова: прыпісаў Дзежку ўсю віну й знайшоў матывы ў нейкім гітлераўскім выхаванні й «бздурах». Вось дык суддзя, каб ты галавой налажыў! Гэта ж проста знявага й аплявуха для
нас, беларусаў. Гэта, братка, найбольш і баліць. Які б ён дурны, гэты сукін сын, ні быў, але тут прызнаць выпадае, што ведае, дзе ўдарыць у балючае месца. Хутчэй за ўсё ён кіраваўся абшарніцкай логікай: я тут пан, а ты — хлоп, не варты майго польскага пса. Правоў ніякіх не маеш і дзеля таго мусіш лізаць ногі свайму пану й яму падпарадкоўвацца. Вось як усё гэта выглядае.
— I з гэтага ты надта здзіўлены?
— Прызнацца — так. Чалавек шмат чаго нядобрага ведаў і бачыў у палякаў, але спадзяваўся, што мо вайна зрабіла на іх нейкі дадатны ўплыў, навучыла чаго. Кажуць — дасканалішся ў нядолі. Можа, яно не адносіцца да палякаў, а мо Эдзё — вынятак. Калі ж яны ўсе такія, тады трэба іх пашкадаваць, бо не скарысталі з вялікай гістарычнай лекцыі.
— Ведаеш, я не філосаф і не гістарычны тэарэтык. Але тое-сёе ў гэтым разбіраюся. Успомні дачыненні палякаў да беларусаў між гэтымі войнамі. Польскія паны, дзякуючы сваім інтрыгам, дурной палітыцы ў дачыненні падбітых народаў і бяздарнай гаспадарцы, зруйнавалі не толькі сваю «Карону», але й Вялікае княства Літоўскае. Лагічна вынікала б, што доўгая няволя пад Маскоўшчынай мусіла б спрычыніцца да пераацэны імі дагэтуляшнага шляху, знаходу памылак, канкрэтнага перабудавання палітычнай псіхікі вядучага класа, пастаўлення новых вехаў да лепшае будучыні. А яны — што? Гістарычная лекцыя не была засвоена. Адразу пасля здабыцця незалежнасці ў васемнаццатым годзе прагавітыя панкі і іншая трухлядзь, кіруючыся абшарніцка-рабаўнічымі інтарэсамі, узяліся абрабоўваць наш бедны сялянскі народ, адбіраць у яго апошнюю зямельку, школы, цэрквы й іншае. Імкнуліся да поўнага знішчэння нашай апрычонасці, да асіміляцыі. Ты, зрэшты, ведаеш, як было. Там вось і былі зародкі іхняга няшчасця, новае вялікае трагедыі, якая адбывалася й цяпер адбываецца на нашых вачах. Мы, братка, не пазналі яшчэ добра палякаў цяпер, не ведаем добра, якія ўплывы зрабіла на іх вайна. Прытым заўваж, што маем тут справу з мілітарыстамі. He трэба забывацца, што пасля першай вайны якраз легіянерыпілсудчыкі былі тымі асаднікамі, што прыехалі ў Беларусь і паадбіралі ў нашых сялян найлепшую зямельку. Калі б гэтай хеўры ўдалося адваяваць Польшчу хоць у перадваенных межах, дык нашві сённяшнія афіцэры былі б заўтрашнімі асаднікамі. Такі Эдзё лавіў бы беларускую рыбку й
паляваў бы на беларускіх зайцаў, а ты й я вывозілі б ягоны гной і гадавалі б збожжа.
— У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысць, што палякі сёння, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць і ейныя асновы? Ад таго часу, калі лёс спалучыў шляхі беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяціць, а цяпер амаль зусім знікла. Толькі маскалі на тым скарысталі. Польскім панкам варта было б зрабіць парадак у сваім катушку, пакуль у чужы пхацца. Ніколі нікому не прынеслі яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палітычнай недаспеласці, самі лятуць у бездань і іншых за сабой цягнуць!
— Нам трэба з імі мець як найменш супольнага. Як ты кажаш, будуць цягнуць нас за сабою ў бездань.
— Гэта ўсё справы будучыні. Цяпер вось трэба неяк ператрываць, асцерагацца, каб панскія «псы» цябе не ўкусілі. Можа, варта вучыцца на іхніх памылках. Гэта ці не будзе найбольшая карысць для нас у польскай арміі. Прыйдзе канец вайны, й хто ведае, як будзе свет выглядаць. Але што б ні сталася, тое, што навучыўся,— тваім будзе, а для нашай Бацькаўшчыны патрэбныя спрактыкаваныя людзі. Вучыся на памылках ворага. Як прыйдзе час — будзеш ведаць ягоную моц і слабасць. Змаганне з ім не будзе тады вялікай праблемай.