Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
— Ну, хлопцы! — пачаў Дзежка, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы віна.— Ведайце добрае сэрца радавога Канстанціна Дзежкі. He хацеў жа я абгульваць вас сёння, але калі вы, проста сказаць, напрасіліся, дык дазвольце мне хоць пачаставаць вас.
— Брава! Маладзец! — гукнуў Скронскі, што надта ж любіў пацягнуць віна, асабліва дармавога.
— А за што ж п’ём? — пытаўся Фост’як.
— Увага, панове, увага! — падняў уверх руку Дзежка.— Вып’ем сёння за новы беларускі ўрад!
— Урад? А дзе ж ён?
— А вось зараз зарганізую.
— А міністраў маеш?
— А во зараз будуць. Колькі ж гэта мне патрэбна? Чакайце хвілінку: найперш мушу мець міністра вайны, пасля гандлю, гаспадаркі, замежных справаў, асветы, нутраных справаў,— лічыў на пальцах.— Цьфу на цябе! Ужо шэсць трэба, а ў мяне пад рукою адно чатыры беларусы.
— Прэм’ер-міністрам хіба ж сам будзеш? — падказваў Скронскі.
— Абсалютна ясна, зразумелая рэч.
— У вас, у цэлай «Кацапіі», ці знойдзецца столькі разумных людзей, каб на ўрад хапіла...— кінуў з кутка Мыдлеўскі. Ён сядзеў воддаль ад гульцоў і ўшываў гузік. Хлопцы й забыліся б аб ягоным існаванні, калі б цяпер не адазваўся.
Арганізатар «урада» зірнуў на шляхцюка.
— Ты не бойся. Наш просты дзядзька табе гэткага разумнага шляхціца прадасць, купіць і грошы палічыць.
— Здзісек, перастань ты! — гукнуў да Мыдлеўскага Фост’як.
— Я гэтых хамаў знаю...— буркнуў той у адказ.
Дзежка ўдаў, што не чуў апошніх слоў.
— Ну дык давайце, хлопцы, вып’ем. Бяры, Чарнецкі, ты гэту пляшку,— сунуў Дзежка суседу віно,— ты самы тут у нас, мабыць, паважнейшы й пачынай, а я буду з гэтай.
— Дык ты ж урада не скончыў арганізаваць,— спасцярог Самароб.
— Няважна, братка, зарганізую пасля, а цяпер вып’ем за ягоныя поспехі.
У гэты час Спарыш, пачуўшы знадворку шуміху, увайшоў у палатку.
— А вось і яшчэ адзін міністр,— паказаў на новапрыбылага Скронскі.
— Так, братка,— хлопнуў Дзежка па плячы Сымона,— добра, што на час з’явіўся. Арганізую беларускі ўрад і якраз раздаю міністэрскія партфелі. Хочаш цёпленькую пасаду?
— To як гэта ты? — усміхнуўся Сымон.— 3 пляшкаю ў руцэ ўрад арганізуеш?
— Ну, ведаеш, трэба ж за здароўе й за будучыя поспехі абліць крышку. Дык давайце, хлопцы: за здароўе новага беларускага ўрада! — падняў Дзежка ўверх пляшку й прапаласкаў горла.— На, цягні, Самароб, і перадавай далей.
— За здароўе беларускага ўрада! •— гукнуў Скронскі й нахіліў пляшку. Абедзве пляшкі пайшлі па руках. Кожны, не шкадуючы, стараўся добра пацягнуць.
— Давай жа мне, a то ўсё вып’еш! — адбіраў наступны.
— To як жа там з партфелямі? — пытаўся Скронскі.
— Няхай сабе то й жарт,— заўважыў Чарнецкі,— але як беларускі народ будзе нас паіць, дык, можа, й нашы суседскія дачыненні ўнармалізуюцца.
— Ясна, абы пабольш віна й водкі.
Усе дружна засмяяліся.
— Дык вось што да міністраў цяпер, панове,— прадаўжаў Дзежка,— Самароба назначаю міністрам гандлю, Яронскага — вайны. Сымон Спарыш будзе ў мяне міністрам юстыцыі — надта ж паважная й вялікая ў яго галава. Кацялок, панове, у яго варыць, што называецца. На міністра юстыцыі падходзіць. Згода, панове?
— Згода, брава! — памог Скронскі.
— Лабуна... чакайце, што ж тут даць Лабуну?
— Дай яму гаспадарку,— прапанаваў Чарнецкі.
— Куды ён. Гаспадар з яго ніякі. Беларусь галадаць будзе,— жартаваў Дзежка.— Вы ж не забывайцеся, што й вам, палякам, харчы прадаваць будзем, бо ў вас жа на тых голых мазурах нічога надта не расце. He, мусіць. На міністра гаспадаркі я каго іншага знайду, а цяпер мушу Лабуна партфелем забяспечыць.
— Дай яму вонкавыя справы.
— Дай яму партфель хамскае асветы. Будзе вучыць кацапаў, як клапоў і вошы ганяць,— параіў гэтым разам ужо надта ж голасна Мыдлеўскі.
Усе ў палатцы сціхлі й пазіралі на Дзежку. Той змоўк і пачырванеў. Ледзь заўважна дрыгнула ніжняя губа. У вачах з’явіліся маланкі. Мыдлеўскі не першы раз дапякаў Дзежку й іншым беларусам і цяпер ці не перабраў мерку.
— Ты агідны, смярдзючы паразіт! — прашыпеў змяёй арганізатар урада.— Ты гніль з падонкаў жыцця людскога! Я б цябе, гада...
Мыдлеўскі не даў скончыць. Маланкаю кінуўся на Дзежку. Беларус адступіў пару крокаў убок, а былы асаднік з разгону, зачапіўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накінуўся на яго й пачаў таўчы кулакамі.
Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасцераглі сур’ёзнасць выпадку. У палатцы падняўся крык і вэрхал. Змагароў пачалі разбароньваць, а Фост’як,
выбегшы на двор, клікаў службовага. У дзвярах пачуўся прарэзлівы гук свістка і вырасла высокая фігура капрала падхаронжага з бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.
— Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?
Змагары стаялі пасярод, засопшыся, і абтрасалі з вопраткі пясок.
— Ён на мяне накінуўся, пане падхаронжы! — жаліўся Мыдлеўскі.
— Я на цябе накінуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць! — бараніўся Кастусь.
— Ці не бойка гэта тут была? — распытваў службовы.
— Ніхто не біўся, пане падхаронжы,— асмеліўся Лабун.
— Як то не біўся? Ён мяне біў! — крычаў паляк.— Пане падхаронжы, я не лгу. Я яму гэтага не дарую.
— Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.
IV
Камандзірам чацвёртай роты «цэнзусоўцаў» быў сярэдняга росту, лысаваты й гарбаносы лейтэнант Эдвар Цяслюк, празваны жаўнерамі Эдзем. У войску ёсць два роды афіцэраў: франтавыя й заднія або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлівацца літараў загадаў, сачыць за найменшымі дробязямі; пільнаваць, каб блішчэла на кожным рэкруце вышліфаваная спражка й ззялі выглянцаваныя чаравікі; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы не было аніводнай пылінкі, каб былі зашпілены ў жаўнерскіх мундзірах усе гузікі й аплікі; спасцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе не было аніводнай валасінкі і каб у шэрагу роты, пастаўленай на «зважай», не зварухнулася без загаду аніводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць і абрыдзіць жыццё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было б смела залажыцца, што калі б Эдзё нейкім чынам трапіў ваяваць на фронце ў ліку рэкрутаў, якіх школіў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося б атрымаць, прыляцела б не з боку праціўніка, а ззаду ад сваіх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афіцэры й не высылаюцца на фронт, хіба ўжо ў самыя крытычныя часы, калі вычарпаюцца афіцэрскія рэзервы.
Адылі Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неаб-
ходныя й лішнія дробязі, валодаў яшчэ й іншым талентам,— яму, прынамсі, здавалася, што гэта быў талент,— красамоўства. Калі не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Без сумлеву лічыў сябе адным са слупоў узгадавання вызвольнай польскай арміі, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выканання загадаў і розных, часамі аж камічных драбніцаў, уважаў здольнасць прамаўлення за адзін з найважнейшых сваіх атрыбутаў. Калі б Эдзё, з гэтымі прамоўчымі здольнасцямі, апынуўся нейкім чынам на перадвыбарчай платформе мітынгу ў дэмакратычнай краіне, то здарылася б адно з двух: або пасля колькіх хвілін прамаўляў бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў бы абшлёпаны памідорамі й гнілымі яйкамі. Але Эдзё быў вайсковым афіцэрам. У войску ж ці табе хочацца ці не, падабаецца ці не, а слухаць мусіш. Афіцэр тое выкарыстоўваў і хіба сам адзін у найбольшай меры насалоджваўся собскімі прамовамі.
Амаль кожнае раніцы, пасля агульнае ранняе малітвы, снедання, падліку людзей і рапарта чацвёртая рота хацянехаця мусіла слухаць колькіхвілінныя Эдзевы прамовы. У лейтэнанта было шмат тэм,сярод найбольш улюбёных былі — аб чысціні й парадку, аб падпарадкоўванні загадам і аб розных духовых «цнотах».
Выпадак з Дзежкам і Мыдлеўскім адкрыў перад Эдзем новыя небакраі. Чэмпіён пашырэння й узгадавання розных духовых «цнотаў» убачыў перад сабою новыя вялікія магчымасці выяўлення сваіх прамоўніцкіх здольнасцяў.
Перш за ўсё назаўтра два віноўнікі былі пакліканы да карнага рапарта. Мыдлеўскаму лейтэнант даў адно вуснае папярэджанне, а Дзежку пакараў чатырма гадзінамі гэтак званае «стойкі ў поўным рыштунку». Кастусь адбываў кару на працягу чатырох дзён у абеднюю пару — па адной гадзіне кожны дзень. Роўна а дванаццатай адзначаўся ў службовага падафіцэра роты. Апрануты быў як для паходу, улучна з плецаком, шлемам, патранташамі й стрэльбай. Пляцак напакаваны быў прыпісаным жаўнерскім рыштункам. Вопратка мела быць вычышчаная й выпрасаваная, як з-пад іголачкі. Службовы падафіцэр пасля інспекцыі адводзіў Дзежку ў цэнтральнае месца на пляцы перад палаткамі роты, дзе ставіў пакаранага на «зважай» са стрэльбаю на левым плячы, і ў гэтай пазіцыі юнак мусіў адстаяць цэлую гадзіну. Каму здаецца, што гэта лёгенька, няхай паспрабуе пастаяць гадзіну, як сказаў бы селянін,
улегцы, а не то што наладаваўшы на сябе мо пуды два рознага знараддзя. Пакараны не мае права зрабіць найменшага руху, акрамя моргання вачыма. Галоўная небяспека — млявасць, што праз пэўны час апаноўвае пакаранага. «Стойка» ў асноўным і палягае на змаганні ўкаранага з млявасцю і дранцвеннем цела. Апрача ротнага службовага падафіцэра, што не спускаў з Дзежкі вока, заглядаў у роту дзеля дапільнавання адбыцця кары й батальённы службовы афіцэр.
На наступны дзень пасля пакарання Дзежкі Эдзё наважыўся асвяжыць свае прамоўніцкія здольнасці. Нагодаю была ранняя зборка пасля снедання перад заняткамі ў полі.
— Рэкруты! — пачаў да пастаўленай на «вольна» роты самародны Цыцэрон.— Учора пакараў я радавога з нашай роты сумай чатырох гадзінаў «стойкі ў поўным рыштунку пад стрэльбай». Ведаеце, што гэта адна з найцяжэйшых караў, якія ёсць у войску, але я кажу, што за ягоную віну — гэта кара надта лёгкая. Так, пане, гэта лёгкая кара, якую я мог адмераць за тое, што ён зрабіў. Ніколі, паўтараю, ніколі, колькі часу служыў я афіцэрам у войску, не было мне міла караць падуладных. Заўсёды аб гэтым зазначаў, казаў і вам колькі разоў, прасіў, каб вы захоўваліся й трымаліся ўсіх рэгулямінаў* і загадаў. Калі караю, дык толькі ў меру крайняй неабходнасці, толькі тады, калі падуладны не бачыць, што ўсё, што я раблю, гэта дзеля ягонага дабра. Так, пане, дзеля ягонага дабра й сам заслугоўвае кары.
Гарбаносы лейтэнант паправіў сваю напалеонаўскую паставу, кашлянуў разоў пару, прачысціў прасочанае алкаголем горла й пасля, акінуўшы суровым зрокам тры шнуры твараў, працягваў: