Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Другая рота 21-га батальёна — фактычна падафіцэрская школа — праходзіла навуку прыспешаным тэмпам. Выглядала, што на фронце патрабаваліся людзі й што вучні недарма елі белы хлеб. Вестка аб сканчэнні шкалення
прыйшла ў канцы лютага. Камандзір роты, лейтэнант Олесь, раніцою пасля снедання сабраў людзей у прасторнай святліцы школы і, прыняўшы рапарт, пачаў гаварыць да вучняў:
— Сабраў я вас, хлопцы, дзеля таго, каб паведаміць, што сёння нам, на вялікі жаль, прыйдзецца разысціся. Хачу таксама ў кароткіх словах закрануць і нашу палітычную сітуацыю. Няма чаго хаваць, што палажэнне наша сягоння крытычнае. Вы самі гэта ведаеце. Інфармую вас згодна з загадам вышэйшых кіраўнікоў арміі. Палажэнне наша проста трагічнае. Гэта не значыць, што мусім апускаць уніз галовы. Былі ў нашай гісторыі цяжэйшыя моманты, й мы ператрывалі, дзякуючы гераізму нашага народа. Ператрываем і гэты. Дый не толькі ператрываем, але й дасягнем намечанае мэты.
Слухаючы, здавалася, што й сам лейтэнант Олесь не надта верыў у гэтае «ператрыванне» й перамогу.
— Крымская афера, як вам ужо ведама, паказала, да чаго здольны тыя, якіх мы ўважалі за сваіх хаўруснікаў. Яны зрабілі з ворагам гандаль нашым коштам. Яны нас здрадзілі. Выглядае цяпер, што Ангельшчына й Амерыка перастануць прызнаваць наш адзінапраўны лонданскі ўрад. Але гэта не значыць, што й мы перастанем прызнаваць яго. Ялта ці не Ялта, ён — адзіны ўрад, вакол якога згуртаваны ўвесь польскі народ. Мусім згуртавацца ля яго яшчэ шчыльней, каб з большай упэўненасцю ісці да мэты. Лонданскі ўрад — адзіная наша апора й адзіны легальны ўрад Польшчы.
Для паінфармавання чытача мусім прыгадаць, што пад час другой сусветнай вайны Сталін утварыў з польскіх камуністаў, гадунцоў Масквы, гэтак званы Люблінскі камітэт, перайменаваны пазней у Варшаўскі ўрад. На канферэнцыі ў Ялце Сталін дамагаўся ад заходніх хаўруснікаў прызнання гэтага камуністычнага твора як адзінапраўднага ўрада Польшчы. Хаўруснікі не надта настойвалі, што эміграцыйны ўрад у Лондане, пад загадам якога быў другі корпус у Італіі, першы корпус Мачка ў Галандыі, нешматлікі марскі флот й паветраныя сілы, ды (пакуль яно трывала) збройныя сілы Варшаўскага паўстання, быў адзіным легальным польскім урадам. Справу развязалі кампрамісам.
Да часу вольных выбараў у парламент у акупаванай савецкімі войскамі Польшчы наважылі ўтварыць урад з двух існуючых урадаў. Гэткім чынам польскі вызвольны фронт
поўнасцю прайграў, а маскоўскі чырвоны дыктатар атрымаў вольную руку ў акупаванай краіне.
Пасля абвешчання Ялцінскае ўмовы на Захадзе вялікая частка палякаў страціла надзею на вызваленне Польшчы. Нашчадкі Касцюшкі й Пілсудскага добра ведалі цану маскоўскім словам, і адно самыя наіўныя маглі верыць, што Польшча пасля вайны нейкім чынам станецца вольнай. Да такіх наіўных, як выглядала, лейтэнант Олесь не належаў.
— Я раней казаў і цяпер кажу,— прадаўжаў ён,— што канфлікт між заходнімі хаўруснікамі й Масквой немінучы. Гэта толькі справа часу. Мусім не траціць веры, мусім захаваць свае сілы да апошняга бою.
Афіцэр адчытаў спецыяльны загад камандзіра Другога корпуса генерала Уладыслава Андзрса, які закранаў Ялцінскую канферэнцыю, ейныя пастановы ў справе Польшчы й заклікаў жаўнераў не толькі прадаўжаць няскончанае змаганне з Нямеччынай, але вытрываць і мацавацца духам у далейшым.
Вучні падафіцэрскае школы таго ж самага дня разышліся па сваіх аддзелах. Нашы героі; вярнуўшыся да Эдзі й прабыўшы там дзве пары, атрымалі загад выязджаць на фронт і ў канцы лютага паехалі ў Брындызі — суседні порт на Адрыятычным моры, каб адтуль мараплавам накіравацца на поўнач.
Вегетацыя
і
Найцяжэйшым і найбольш страшным момантам, што пабуджае глыбокія духовыя перажыванні для трапіўшага першы раз у жыцці за краты вязня, ёсць першая хвіліна свядомасці пасля абуджэння з начнога сну. Яна больш жахлівая за той момант, калі чалавек перакрочыць першы раз парог турмы. У вязніцу чалавек уваходзіць усё ж падрыхтаваным да гэтага; ён пагаджаецца, што ў сілу нейкіх немінучых абставін сустрэне за гэтым парогам няволю, здзекі й цемру.
Адмоўна зарэагуе ён на абставіны, новае наваколле за цяжкімі ржавымі жалезнымі дзвярыма, можа, з перапалоху зробіць інстынктыўны крок назад адно таму, што ўяўленне раней не змагло адлюстраваць у свядомасці ўсіх нечаканасцяў, якія яму цяпер наканавана перажыць. Адно — ён не можа дакараць сябе за тое, што не ведаў, куды яго вядуць. Тым часам, будзячыся рана пасля першай ночы ў вязніцы, адкрыўшы вочы, не адвыкшы яшчэ ад вольнага жыцця й хатніх абставінаў, у гэную першую хвіліну соннай паўсвядомасці пачне чалавек вадзіць зрокам па шэрых турэмных сценах і столі і з вялікай натугаю старацца ўгадаць, дзе знаходзіцца. Першыя пасля сну промні свядомасці пастараюцца паклікаць на помач памяць, каб развязаць загадку. Паволі падымецца галава; вочы скіруюцца на адзіны сноп святла, што падае знадворку ў камеру праз густыя краты маленькага ваконца; розум пачне адрозніваць людзей, рэчы, наваколле, і ажно тады прыйдзе страшнае разуменне, што чалавек знаходзіцца ў вязніцы.
Інстынкт самазахавання падкажа розуму, што гэта ці не ёсць адно непрые.мная з’ява, міраж; недавер умомант авалодае галавою. На момант заплюшчацца вочы й з’явіцца борзда народжаная надзея, што непрыемная з’ява, пэўна ж, знікне, што гэта, мабыць, толькі благі, кашмарны сон. Паволі й нясмела зноў пачнуць адкрывацца вочы, а з’ява ўсё ж не аддаліцца. Наадварот — органы чуцця пачнуць з упэўненасцю дэманстраваць, што першая з’ява была канкрэтнай і цалкам рэальнай; цені вязняў пачнуць рухацца й гаварыць; моцныя жалезныя краты ў цеснай адтуліне ўсё яшчэ тырчаць, разрэджаныя хмарным снапом святла; з-за цяжкіх турэмных дзвярэй прылятуць гукі мерных
крокаў турэмнага вартаўніка, лязгат турэмных ключоў — усе самыя розныя гукі й водгулле ранняй вязнічнай беспрасветнай будзёншчыны.
Разбуджаны навічок, канчаткова ўпэўніўшыся, што ён знаходзіцца ў катушку, будзе сядзець нейкі час нерухома, рукою падпёршы падбародак; пазяхаючы ды ўздыхаючы, пачне шкадаваць, чаму салодкі сон забыцця не трываў далей, чаму на змену прыйшоў бязлітасны кашмар сапраўднасці. У гэты момант як нельга лепш ацэніць ён волю й ніколі ўжо не зможа забыцца, якую вартасць мае сон, забыццё, нябыт, летуценні. Калі мае крылатае ўяўленне, дык пры дапамозе яго, магчыма, зробіць выснаў, што найлепш змог бы адсядзець у вязніцы, калі б увесь час мог спаць або знаходзіцца ў забыцці. Яшчэ ўчора, ведзены ў вязніцу, уяўляў, пэўна ж, гэту нецікавую сапраўднасць, фізічную нядолю. Адылі й цяпер ужо, пасля першага пачуццёвага ўструсу, здолеў пагадзіцца, што хаця-нехаця, а мусіць зжыцца з абставінамі, што гэтыя абставіны існуюць і існаваць будуць ад яго зусім незалежна. Ён ужо дасць гэтым абставінам правы грамадзянства дзесьці ў малой каморачцы свайго пачуцця й розуму. Зразумее, што й сам цяпер з’яўляецца арганічнай, шэрай, бястварай часцінай гэтых абставінаў, што мусіць падрыхтавацца фізічна й духова, прытарнавацца найвыгадней і найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт.
Але непераможны й заўсёды прысутны інстынкт самазахавання вечна шэпча й падказвае іншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоння. Ён — падсвядомы й, здавалася б, неазначаны, але заўсёды прысутны і ў момант фізічнага ці духовага крызісу спяшае людской істоце на хуткі ратунак. Паколькі фізічнае існаванне чалавека бязвыхаднае, ён цягне пачуццёва-разумовую людскую істоту цераз адзін парог часовага ратунку, пераносіць яе ў зусім іншы свет -— туды, дзе сам чалавек з’яўляецца поўным і абсалютным валадаром быту й нябыту — у свет мараў і летуценняў.
Кожны чалавек, няхай будзе ён найбольшы скептык, самы заядлы песіміст і нявера, мае гэткі свет — менш або больш абмежаваны. Туды ён у найбольш цяжкія й крытычныя хвіліны ўцякае ад назойлівай сапраўднасці, там валадарыць і як магутна-крылаты арол бушуе па неабсяжных прасторах летуценняў. Шматочкі парваных і разбітых надзеяў саўюцца ў тонкую пражу нейкай суцэльнасці, з
руінаў разбуранага й развеянага духовага самабыту пачнуць вышукоўвацца рэшткі, макулінкі веры ў лепшае й святлейшае. Паўстануць падпоры й масты, праз якія зняможаны духовы арганізм пачне памалу, вобмацкам крочыць праз бездані да будучыні. Адно нявера можа затрымацца над непраходным прадоннем, а ў веруючага народзіцца надзея, аснованая на вечнай, адзінай і незаменнай боскай справядлівасці. Нефартунны духовы мучанік даверыць сябе ў рукі апекі й ласкі Найвышэйшага і Усемагутнага. У гэты час духовага ўпадку і фізічнага крызісу ён пачне мацнець любоўю да Адзінаправільнага Валадара. (...)
II
У нармальных мірных умовах дзяцінства, пакуль чалавек не стане на собскія ногі, нават падбіраючыся, а то й пераскочыўшы жыццёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб’ектыўнасцю заглянуць жыццёвай рэчаіснасці ў вочы. Абапірае свае меркаванні й крокі на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцця праз сваю, асаблівую адно для яго, прызму. Адсюль такія шматлікія ў юнацкім веку памылкі, расчараванні ці іншыя няшчасці.
Сымон Спарыш мала меў часу, каб даспяваць у нармальных спакойных абставінах ды паўтараць тыя памылкі, што рабілі раней і будуць прадаўжаць рабіць пазней юнакі ранейшых і будучых пакаленняў.
Сусветны катаклізм кінуў яго ў ліку іншых сяброў на скрыжаванні пякельных дарог, туды, дзе раз’юшаная сіла й гвалт. Там не мелі вагі ані пачуццё, ні розум. Сіла была правам, а права — сілаю. Магутны цыклон-гігант душыў і цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганічна хворае, фізічна нетрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахіснае.
Як малая, цвёрда злепленая снежная куля, кінутая на змякчаны адлігаю снег з высокай горнай вяршыні, буйнее, таўсцее й набірае разгону й сілы па дарозе ды крышыць пасля й нішчыць усё жывое й мёртвае, гэтак раздзьмуханая сіла ваеннага гвалту й знішчэння, здавалася, што далей, то болын набірала моцы й імпэту. Дэструкцыйнасць ваеннае сілы не можа быць рацыянальнай, поўнасцю накіраванай ці кантраляванай. У меру павелічэння ейнае раз’юшанае гвалтоўнасці першапачатковыя дзейнікі, што выклікалі яе з
пэўнымі вызначанымі мэтамі, трацяць над ёю нават частковы кантроль. Гэтаксама, як у групе падвыпітых дзецюкоў паб’юцца двое, пасля ж на дапамогу ці проста, каб узяць нейкі ўдзел, прыйдуць усе непакліканыя, й зробіцца неразбярыха такая, што пад канец няведама, каго вінаваціць,— таксама і ў вялікіх войнах. Пасля пэўнае мяжы сіла гвалту выклікае дзейнасць пабочных элементаў, дзеля розыгрышу асноўнае стаўкі непатрэбных. Гэтак бандыты рабуюць і забіваюць, выкарыстоўваючы ваеннае бязладдзе там, дзе няма пільнага вока ўлады; садысты страляюць і жыўцом паляць людзей не дзеля таго, што гэта неабходна, а таму, каб насыціць сваю звярыную прагавітасць смерці й знішчэння іншых.