Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Захады перад нямецкімі ўладамі аб звальненні палкоўніка Шувалава з палону й адданне яго ў дыспазыцыю Беларускай цэнтральнай рады хутка закончыліся поспехам. Шувалаў, акрамя прадуктаў, быў назапашаны й грашыма. Астроўскі запрапанаваў яму пасяліцца ў сваёй прыватнай кватэры. Як прэзідэнт, так і ягоныя ад’ютанты вельмі
ўсцешыліся такому госцю й асабліва захапляліся ягоным спорным багажом. Неўзабаве ў памяшканні ў Астроўскага пачалося новае, шмат весялейшае жыццё.
Палкоўнік Шувалаў прыйшоў у рэферэнтуру вайсковых спраў пры БЦР на месца Езавітава. «Тоже белорус» зусім нядрэнна адчуваў сябе ў новай ролі, хаця шкадаваў, што надта ж раптоўна пачалі малёць ягоныя запасы прадуктаў. У хуткім часе нават і працаўнікі БЦР прывыклі да новага твару. «Няхай будзе й адзін маскаль на завод»,— жартавалі міжсобку. Маючы такога прэзідэнта, дык яно ўсяго спадзявацца было можна: нават і графа-расейца на становішчы найвышэйшага вайсковага чыноўніка БЦР.
Дывізія «Беларусь»
і
26 лістапада 1944 года, калі амерыканцы й французы зрабілі вялікі пралом фронту на адрэзку Бельфорт — Эпіналь — Альткірх, паглынуўшы амаль усю трыццатую пяхотную, слаба ўзброеную дывізію, палкоўнік Зіглінг выратаваўся са сваім штабам і са жменяю жаўнераў, пераважна немцаў.
Параза вялікай неспадзеўкай для Зіглінга не была. Быў ён занадта дасведчаным камандзірам, каб яшчэ перад няўхільным наступам хаўруснікаў мець нейкія перабольшаныя ілюзіі пра баяздольнасць ці вытрываласць сваіх жаўнераў. Ведаў, што войска было слаба ўзброенае нават ручной зброяй, не гаворачы ўжо аб тым, што не мела панцырных аддзелаў і даволі артылерыі. У людзей не было ніякай ахвоты да супраціву. Масавыя дэзерцыі ў жнівені і верасні былі яшчэ адным лішнім довадам, што людзі адно чакалі нагоды, каб апынуцца на другім баку фронту. Рэпрэсіі, якія Зіглінг змушаны быў правесці між афіцэрскага й радавога персаналу, яшчэ больш зняверылі й знеахвоцілі людзей да немцаў. Людзі не толькі незадаволеныя былі недахопам харчоў, цёплае вопраткі й зброі, яны ўжо наогул страцілі ўсялякую ахвоту да прадаўжання змагання.
Аб усім гэтым палкоўнік добра ведаў. Усё ж лічыў, што нават і ў гэткім стане войска ягонае здольнае будзе паставіць, прынамсі, мінімальны, супраціў. Ніяк не магло памясціцца ў ягонай галаве, што можа стацца так, як фактычна адбылося пазней: амаль усё войска, акрамя немцаў, дый тых не ўсіх, без вялікага бою перачакала першую артылерыйскую бамбардзіроўку праціўніка ды, калі непрыяцельская пяхота й панцырныя аддзелы папаўзлі наперад, тысячамі пайшло ў палон.
Зіглінг, відаць, быў занадта аднабаковым у сваіх разважаннях і заслаба ведаў беларусаў наогул, нават і тых, пад сваёй камандай, каб памеркаваць, што прычыны паразы былі шмат глыбейшымі. Нацыянальна свядомыя й ідэйныя беларусы не мелі намеру ратаваць учарашняга акупанта свае Бацькаўшчыны. Яны даўно й ясна ўявілі, што іхні супраціў амерыканцам ці французам, да якіх не адчувалі наймалейшае варожасці, будзе адно дарэмным кровапраліццем.
Найбольшай неспадзеўкай для Зіглінга была поўная
адсутнасць супраціву з боку батальёна Мураўёва. Як-ніяк — гэта ж быў пробны батальён, які, паводле ранейшых меркаванняў, меў быццам бы адкупіць віну за дэзерцыі, аддаць немцам доўг за той давер, якім яго абдарылі, паставіўшы на ўсе камандныя становішчы афіцэраў беларусаў і расейцаў. Сам маёр Мураўёў быў добрым і давераным сябрам Зіглінга, на яго палкоўнік пакладаў вялікія надзеі, добра ведаючы ягоныя баявыя здольнасці й заслугі. Таму Зіглінг і паставіў батальён на самым цэнтральным і найважнейшым адрэзку дывізійнага фронту — тут жа перад варотамі індустрыяльнага Мюльгаўзэна. Бессупраціўны пераход Мураўёва й ягоных людзей да французаў адабраў у Зіглінга апошнія рэшткі даверу, якія ён меў яшчэ да гэтых «унтэрмэнаў».
II
Здаючы рапарт аб поўным разгроме свае дывізіі вышэйшаму начальству, Зіглінг прыгадаў не толькі аб слабым узбраенні, недахопе падтрымкі з боку панцырных аддзелаў, браку харчоў, але вялікі націск палажыў і на тое, што гэтыя чужыя людзі не вартыя былі нямецкага даверу.
— А што ж мы на гэта парадзім? — запыталіся ў адказ.— Сваімі ж людзьмі ўсіх дзірак не залатаем.
Зіглінг падаў заяву з просьбаю, каб пераслалі яго ў чыста нямецкі аддзел. Меў надзею, што хаця перад канцом вайны будзе мець магчымасць змагацца побач людзей, якім мог поўнасцю давяраць. Быў ён чыста франтавым афіцэрам, не любіў інтрыгаў, не любіў уваходзіць у розныя псіхічныя ці іншыя прычыны непаслухмяных і недаверлівых людзей. Хацеў быць на самым перадзе, дзе гаворыць адно зброя й дзе ведаеш, што калі ўпадзеш, дык цябе падбяруць, перавяжуць і дагледзяць, дзе твой афіцэр ці баявік-сябра збоку — твой прыяцель, які падобна думае, мае супольныя інтарэсы й турботы.
Палкоўнік спадзяваўся на задаваленне сваёй просьбы не таму, што нядаўна страціў на фронце масу людзей, але таму, што лічыў, што армія патрабуе маладых, энергічных, загартаваных у баях афіцэраў. За гэткага, безумоўна, сябе ўважаў. Быў бы задаволены, калі б атрымаў нават батальён. Адылі ягонай просьбе наадрэз адмовілі. Наадварот: не-
двузначна сказалі, што паколькі змог у такі рэкордна кароткі час страціць столькі людзей, то ад яго цяпер будуць чакаць, каб у рэкордна хуткі час прывёў дывізію да ранейшага стану.
Усё было амаль па-старому: Зіглінг заставаўся камандзірам дывізіі, у складзе якой была адно жменька нямецкіх афіцэраў. Таксама, як некалі ў ліпені пад Варшавай, трэба было папаўняць яе людскімі сіламі з раней акупаваных усходніх земляў — пераважна з Беларусі. Дый часу на рэарганізацыю надта мала было. Гэта палкоўніку надта ж не прыйшло да смаку, асабліва цяпер, калі поўнасцю страціў да беларусаў давер. Калі ж глядзець на ягоную асабістую кар’еру, Зіглінг вярнуўся да пункта, на якім знаходзіўся пад час першай арганізацыі трыццатай дывізіі каля Варшавы, з той адно розніцай, што ў ягонай вайсковай кар’еры з’явілася вялікая чорная пляма: параза ў Эльзасе. Хто ведае, ці ўдасца яе сцерці.
Яшчэ адно, ці не самае найгалоўнейшае, выявілася пры абмеркаванні новай сітуацыі, у якой знайшоўся: Зіглінг бачыў, што вайна блізілася да канца, параза Трэцяга райха была немінучай, а значыцца, яму не стане часу, каб набраць новых людзей і прывесці іх хоць да частковай баяздолызасці. Гэткім чынам новы загад вышэйшых вайсковых уладаў разумець трэба было як поўную адстаўку назад на пазіцыю школьна-адміністрацыйнага афіцэра. Гэта й было для яго найбольшай карай, не ўспамінаючы ўжо таго, што палкоўніку даўно карціла не мець нічога супольнага з «унтэрмэнамі» з усходу.
III
У пачатку снежня 1944 года палкоўнік Зіглінг разам з недабіткамі з Эльзаса прыехаў у баварскае мястэчка Гіршаў, недалёка на ўсход ад Нюрнберга. Зрабіўшы невялікія змены ў сваім штабе, распачаў працу. Людзі набіраліся з недабіткаў розных іншых аддзелаў, амаль з цэлай Нямеччыны. Нямецкага інструктарскага персанала напачатку хапала. Людзі, накіраваныя да яго загадамі зверху, былі пераважна беларусамі. Заняты планамі адбудовы трыццатае дывізіі, камандзір не спасцярог, як мінуў Новы год. У пачатку студзеня атрымаў з Берліна тэлеграму, каб з’явіўся туды на інспекцыю Першага беларускага кадравага батальёна на
Ліхтэнерштрасэ дзеля магчымага ўключэння яго ў сваю адзінку.
У Беларускай цэнтральнай радзе адбылася нарада Зіглінга з Астроўскім і Езавітавым. Пасля настойвання двух апошніх і кансультацыі са сваімі ўладамі немец згадзіўся, каб дывізія называлася «Беларусь» і каб камандны склад быў беларускім да камандзіра батальёна ўлучна. Немцы мелі быць адно інструктарамі. Згадзіўся й на тое, каб пры ім быў беларускі афіцэр — сувязны паміж Беларускай цэнтральнай радай і дывізіяй.
Дамовіўшыся аб усім, Зіглінг паехаў на Ліхтэнерштрасэ. Уважна перагледзеўшы выстраеных беларускіх вайскоўцаў, сказаў, што старэйшых векам у дывізію не прыме. Крыху пазней з’явіўся ў Берліне пасланы Зіглінгам маёр. Атрымаўшы ад Езавітава спісы людзей, праверыў іх, пасадзіў на чыгуначны транспарт і павёз на поўдзень.
Усё гэта зрабіла на падпалкоўніка Кушаля — камандуючага Беларускае Краёвае Абароны — надта цяжкое, нават трагічнае ўражанне. Выглядала, Беларуская цэнтральная рада перадала немцам беларускіх вайскоўцаў, што марылі аб змаганні за Беларусь, як звычайнае гарматнае мяса. Ды не было для беларусаў ніякае рады.
На афіцэра сувязі між Зіглінгам і БЦР вызначаны быў маёр Барыс Рагуля, які тады ж выехаў у Гіршаў, у ваколіцах якога размясціліся жаўнеры Беларускага кадравага батальёна. На сваім становішчы маёр Рагуля быў надта коратка. Немец намагаўся быць у дывізіі поўным гаспадаром, зусім не зважаючы на Рагулю. Атрымаўшы беларускіх афіцэраў і радавых, хутка пастараўся забыцца аб умове з БЦР і беларускаму маёру не надаваў больш вагі. Калі ж той неаднаразова дамагаўся ганаравання ўмовы, перадусім забеспячэння аддзелаў беларускім камандным персаналам, немец хутка знайшоў добрую прычыну, каб яго пазбыцца. Запрапанаваў Рагулі паехаць на школу перашкалення штабовых афіцэраў дзесь на Памор’і.
Маёр Барыс Рагуля чуў аб лёсе, што сустрэў капітана Мікулу ў Эльзасе, і ведаў прычыны яго. Наважыў, што не было патрэбы яму стацца другім Мікулам, бо для беларускае справы гэта не прынесла б ніякае карысці, таму й выехаў у прапанаваную школу. Гэткім чынам Зіглінг застаўся поўным панам у дывізіі і, маючы ўжо звыш паўтары тысячы людзей, распрацаваў планы ды пачаў заняткі.
IV
Штоначы, а нярэдка нават і пры дзённым святле, безабаронны з паветра Берлін цярпеў жахлівыя налёты амерыканскае авіяцыі. Аднойчы моцнае бамбардаванне пашкодзіла гасподу Беларускае цэнтральнае рады на Вайсэнзэе. Пад час паветранае атакі працаўнікі БЦР з сем’ямі хаваліся ў падвале будынка. Бомба трапіла якраз над самымі галовамі, шмат хто страціў прытомнасць, у іх ліку й сам прэзідэнт Астроўскі. Іншая бомба лучыла ў будынак на Ліхтэнерштрасэ, дзе месцілася рэшта беларускіх вайскоўцаў. Забітыя былі адзін афіцэр і ягоная жонка. Пасля гэтага сябры БЦР і працаўнікі яе пачалі неарганізавана пакідаць Берлін, кіруючыся на захад і на поўдзень.
Астроўскі падмеркаваў свой выезд пад 25 сакавіка. Забраўшы ў самаход ад’ютантаў, выехаў у Гіршаў, каб адсвяткаваць там Дзень незалежнасці Беларусі. Назад ужо не вярнуўся. 3 Гіршаў чыгункаю выехаў да свае радні ў горад Гекстар. Ад гэтага часу па ім і след прастыў. З’явіўся на вочы беларусаў адно ўвосені 1945 года пад прозвішчам Крывіцкі.