Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Яфрэйтар адрапартаваў камандзіру ПАП аб знішчэнні немцамі «кар’ера» й смерці Пранука Бонка. Гэта была адно фармальнасць, бо раней яшчэ данеслі камандзіру ягоныя ж людзі, што сачылі за ўсім выпадкам. Тэлефанічна камандзір звязаўся з ротным, якому перадаў непрыемную навіну. Пасля змяркання рэшткі Пранука Бонка былі прыбраныя з дарогі людзьмі з санітарнае часці.
Сымонаў твар раз’яснеў шчырай, ветлівай усмешкай, калі ўбачыў Аляксандра Лабуна. Гэта быў, апрача яго, адзін беларус на ПАП. Сябры моцна паціснулі адзін аднаму рукі.
— Здароў, брат, здароў. Сціпла называю цябе братам, але ты мне даражэйшы цяпер, як брат,— трос рукой Сымон.
— Такіх мілых гасцей чымся пабольш. Ведаеш, як мне аднаму сярод чужых надакучыла.
— Што й гаварыць.
— Як жа ты ўцалеў? «Кар’ер» ваш немцы разбілі.
— Жартуеш? Такога загартаванага ваяку, як я, і кулі ўжо не бяруць.
— He вер тым кулям, бо яшчэ, чаго добрага...
— Ускочылі былі за сцяну руінаў. Толькі бядака-шафёр папаўся, бо хацеў з «кар’ерам» — наўцёкі. «Спандавам» зрэзалі.
— Сукіны каты!
— Вам добра дакучаюць тут?
— Гэта месца даволі небяспечнае, асабліва ўночы.
Як быццам на запярэчанне гэтаму колькі мін тузанула паветрам. Адна ўпала блізка хлява, але не дэтанавала.
— Гэй, там! — пачулася з хаты.— Чаго пасталі, як разінькі сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся бліжэй сцяны!
Два беларусы падышлі й селі ля кучы з пяском каля самай сцяны.
— Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? — пытаўся Лабун.
— Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў жа чалавек ужо не раз пад абстрэлам і на фронце — сам ведаеш. Але кожны новы раз, які б ты стары жаўнер ні быў, калі трапіш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулі лятуць у тваім кірунку й абавязкова ў цябе трапяць.
— А тая, што мае трапіць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзішся.
— У тым-то й сук. Толькі пасля ўжо чалавек звыкне, што ці кулі свішчуць, ці чмялі гудуць — усё роўна.
— Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых ці чуў мо?
— He, братка, нікагусенькі,— адказаў Сымон.— А ты?
— Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як і раней, не траціць гумару.
— Ага, вось маю і я навіну.
— Ну?
— He так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывізійнай газетцы раздзел пошукаў Чырвонага Крыжа. I ведаеш, каго напаткаў?
— Каго ж?
— Мікула Мар’ян шукае брата Віталія Мікулу.
— Мар’ян Мікула?
— Так.
— Выглядае, што капітан Мікула меў брата.
— Мусіць.
— I што ты зрабіў?
— Ну, што ж мог... напісаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Віталі быў, ведаеш, у БКА, пасля ў трыццатай, ды што быў немцамі арыштаваны й, падобна, застрэлены.
— Адказу яшчэ не атрымаў?
— He было ж калі.
— Цікава. Мы й не ведалі, што Мікула меў брата ды яшчэ ў польскай арміі.
— Ды яшчэ маёра.
— Так?
— Гэтак падаваўся ў пошуках.
— Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напіша. Думаю, варта было б паінфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капітану Мікуле і што ён, ягоны брат, павінен толькі ганарыцца Віталем. Гэта быў адзін з герояў нашага народа. Кажу «быў»... Хто ведае, мо яшчэ жыве...
— Хадзілі чуткі, што зліквідавалі яго ў Дахаў.
— Сам Бог ведае.
I сапраўды за нейкі тыдзень пазней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мікулы ліст, дзе той, пішучы па-польску, распытваўся пра брата й прасіў, каб Сымон напісаў усёўсенька, хаця б найменш важнае, што ведае. Сымон напісаў другі ліст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзіра, пачынаючы ад Менска й канчаючы Эльзасам ды пераходамі беларусаў да макісаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно меркаваў, бо й сам не ведае напэўна, ці капітан быў зліквідаваны немцамі ў Дахаў. На другі ліст адказу не атрымаў.
VII
Пяшчотна-цёплае вясенняе сонейка вяртала прыродзе жыццёвыя сілы. Навокал абароннага пункта пачыналі зелянець сады й вінаграднікі, усміхаліся краскі. Травіца зарастала й пакрывала зеленню сляды танкаў і «кар’ераў», неглыбокія канаўкі ад мінаў і снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азіміна. Ад ПАП у кірунку нямецкіх умацаванняў на насыпе ракі Сэньё роўнымі шэрагамі апраналіся ў лісточкі яблыні, грушы й вінаграднік. Птушкі, часта палоханыя ўзрывамі й перастрэлкаю, маўкліва таіліся ў садах, a то і ўцякалі ад фронту, каб у бяспечнейшых месцах будаваць гнёздЬі. На гэтак званай нічыёй зямлі — паласой між нямецкімі й хаўрусніцкімі абароннымі пазіцыямі — зелень дрэваў мела ўплыў на павышэнне двухбаковай актыўнасці патрулёў. Пад аховай
зелені людзі падпаўзалі зусім блізка да ўмацаванняў праціўніка. Вартавыя напружвалі зрок, сачылі за рухам кожнае галінкі, каб у час спасцерагчы ворага й не дапусціць яго за мяжу небяспечнае лініі.
У адзін з такіх прыгожых вясенніх дзён на панадворку фермы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была раздзетая вышэй паясніцаў і старалася здабыць першы вясенні загар. Чацвёра з іх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сцяны дома. гулялі ў карты. Адзін выпыльваў коц. Сымон прымасціўся на старым крэсле пад сцяною каля дзвярэй і штосьці чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнікаў. Было ціха й цёпла. To з аднаго, то з другога боку адклікаўся фронт. Міны капалі на палях і агародах новыя канаўкі.
Адна такая міна раптам разарвалася крокі за два ад карцёжнікаў і блізка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых і дужых людзей за імгненне да гэтага раптам замянілася ў акрываўленых калекаў.
Аднаму карцёжніку, што ляжаў на левым баку ды, выставіўшы ўверх рукі, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукі. Віселі яны на перасечанай амаль напалову далоні, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжніку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькія кавалачкі гарачай сталі трапілі ў ніжнюю шчаку. Кроў тоненькімі нітачкамі сачылася па шыі. Чалавека, які, трымаючы абедзвюма рукамі за рагі, выпыльваў коц, нейкім цудам жалеза мінула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталіся падзюраўленыя, быццам сіта, абрыўкі. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыі, нешта балюча ляпнула па цемені на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў між густых валасоў маленькі гузячок, прыціснуў яго, зірнуў на плямку крыві на пальцы і пераканаўся, што косць была непашкоджаная і што пад скураю не было асколка.
На панадворку падняліся енкі. 3 хаты выбеглі жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк .былі перавязаныя, а выкліканая тэлефонам санітарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогі. Ужо на змярканні Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом ніжняй часткай левай шчакі. Тры раненыя засталіся ў шпіталі.
Міна, мо адна з тысячы такіх, выпушчаных праціўні-
кам, гэтым разам знайшла здабычу. ПАП паслабеў на трох чалавек. Таго самага вечара камандзір ПАП забараніў жаўнерам без службовай патрэбы выходзіць па-за сцены ўмацаванага будынка.
VIII
На другую ноч пасля вышэйапісанага выпадку, каля дзесятае гадзіны, Сымон стаяў на варце. Меў загад перш страляць, а пасля ўжо распытвацца, хто й што. Сымонаў пост быў пры паўдзённа-ўсходнім куце хаты. Сядзеў у сярэдзіне высокай, паўколам вылажанай гурбы мяшкоў з пяском. Адно шлем і вочы тырчэлі над краем. Перад носам — заладаваны скарастрэл «томсан», а побач яго — паўдзесятка гранатаў.
Спевы конікаў часта заглушаліся водгуллем ад выбухаў снарадаў і мін. На правым фланзе, ад польскіх пазіцыяў на ўсход, кожную ноч амаль бесперапынна гучала сімфонія гармат. Там былі пазіцыі яўрэйскай брыгады, створанай з уцекачоў з розных краін Еўропы. Адносна гэтага аддзела хадзілі між жаўнерскае масы розныя смешныя анекдоты. Тэмай бальшыні была прыказкавая баязлівасць нашчадкаў Аўраама. Якраз яна, як тлумачылі суседзі па фронце, спрычынялася да бесперапыннай начной стральбы на яўрэйскім адрэзку. Стралялі не таму, што немцы іх атакавалі, ці таму, што адрэзак іх быў найбольш важным і небяспечным, а, як казалі, таму, што стараліся дэмаралізаваць і палохаць праціўніка згодна старой адносна іх прыказкі: «Яўрэя не б’юць яшчэ, а ён ужо крычыць». Гэтак і цяпер: яўрэйскі адрэзак захлынаўся агнём, хаця суседнія хаўрусніцкія аддзелы абмяжоўваліся адно самай неабходнай перастрэлкай.
Дзесь далёка на захад і крышку наперад у нямецкі бок крычалі індыкі. Сымону давялося раней чуць, што індычыны гоман даносіўся з пакінутай птушынай фермы, якая апынулася на нічыёй тэрыторыі. Птушкі, трывожаныя стрэламі, а то й патрулямі, праводзілі неспакойныя ночы. На ферму часценька заглядалі патрулі з абодвух бакоў, і пасля кожнага такога візіту сям’я індыкоў змяншалася. Бывала, што варожыя патрулі там сустракаліся. Месца было вельмі небяспечнае. Паводле апавяданняў, на мінулым тыдні капрал з іншай польскай роты, што са сваім пяціасабовым
патрулём заглянуў на ферму ўночы (быццам службова, але фактычна таму, каб наладаваць мяшок птушкамі), застрэліў чатырох немцаў. Удалося гэта яму, як апавядалі, толькі дзякуючы вялікай цвярозасці й неразгубленасці ў крытычны момант, калі на ферме лоб у лоб сустрэўся з немцамі. Апавядалі далей, што капрал за гэткую вялікую баявую заслугу быў прапанаваны да ўзнагароды крыжам «Віртуці мілітары» — найвышэйшай польскай адзнакай за адвагу ў баі. Колькі было ў тым праўды ці выдуманага, Сымон не мог ведаць. Але ў тым, што на левым фланзе крышку ўперад існавала птушыная ферма й што там яшчэ й цяпер былі індыкі — не было сумлеву. Гэтак і цяпер гоман іхні гучаў дысанансам у агульным свісце снарадаў, тарахканні «брэнаў» і рогаце «спандаваў».
Пры святле батарэйнай электрычнай лямпачкі звязовы падхаронжы камандзір ПАП вызначыў трасы патруля, агледзеў трох чалавек у баявой гатоўнасці й тэлефанічна паведаміў камандзіру роты аб высланні людзей. Той у сваю чаргу меў паведаміць іншыя польскія пасты, каб ведалі, што свае людзі знаходзяцца ў баявой разведцы.
Сымон Спарыш, седзячы на варце й прыслухоўваючыся розным гукам ночы, думаў аб усім і аб нічым. Абыякавасць ягонай, звычайна чуллівай натуры змянілася атупеннем. Падобным быў да таго палена, якое нядбайлівы гаспадар топча на дрывотні дзесяткі разоў замест таго, каб прыхаваць у зацішнае й сухое месца пад страхою. Аднаго дня нечакана заўважыць яго пад нагамі ды знойдзе ўжытак.