Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
— Давай зараз другі! He марудзь! — спанукаў лейтэнант.— Калі за гэтым разам трапіш у мэту, заробіш ад мяне пляшку водкі.
— Думаю, што траплю.
— Дык давай.
У гэты час цемнаватая адтуліна з супрацьлеглага боку
адклікнулася «спандалавым» залпам. Наступаючая пяхота не магла вылезці на верх насыпу. Дождж куляў бзыкаў па яго хрыбце, а некаторыя, адбіўшыся рыкашэтам ад рэдкага камення, быццам тыя жукі, страціўшы ранейшы імпэт, завурчалі, пералятаючы за плечы.
Сымон падняў «п’ятаву» ножку вышэй, аблічаючы на адлегласць дадатковых дзесяці метраў, і заладаваў другую бомбу. Прычакаўшы, пакуль сціхне аўтамат, на жываце пад’ехаў да самага верху насыпу і цэліўся мо пяць секунд. Гэтым разам даўганосая, круглаватая, велічынёю з добрую бручку хвастатая бомба трапіла проста ў вызначаную адтуліну. Стаўбур зямлі, пылу й кавалкаў дробнага сучча падняўся на метраў пяць уверх. Бункер ахутаўся пылам, полымем і дымам.
— Брава! Вось маладзец! — крыкнуў у захапленні малады афіцэр.— Маеш ад мяне пляшку водкі.
— Калі, пане лейтэнант? — усміхнуўся ад задавалення Сымон.
— Пасля сканчэння акцыі.
— Ну, гэта дык па вадзе віламі пісана. Хто ведае, калі тая акцыя скончыцца.
— Я бы цяпер табе даў, дык уп’ешся й другі раз не трапіш у бункер,— тлумачыў афіцэр, вылезшы ўжо наверх і разглядаючыся па баках.
— Усё роўна я гэтага вам не дарую, пане лейтэнант.
Але той ужо не слухаў. Рукамі паказваў людзям, каб вылазілі наверх і падцягвалі для пераправы лодкі.
— Бяры ўжо, калега, і гэтую,— сунуў Кіцынскі апошнюю з кантэйнера бомбу. Сымон узяў яе й завастрыў. На правым крыле жаўнеры спускаліся ўжо ўніз.
— Але ж і душна,— жаліўся Кіцынскаму Спарыш.
— Няхай яе кроў залье, такая спякота,— памог наракаць паляк.— I цягай, як той дурань, столькі ладунку на плячах. Добра, што хаця крыху ўжо выстралялі.
Рэчка была неглыбокая й вузкая. Пантонныя лёгкія лодкі бралі па пяць чалавек. Сымон пераязджаў на другі бок устоячкі, перавесіўшы цераз плячо «п’ят» і трымаючы ў правай руцэ завостраную бомбу. Вельмі ўважаў на доўгі нос і чырвоны запальнік, каб, барані Божа, чаго ім не дакрануцца. Запальнік быў надзвычай адчувальны, й часта бомба выбухала, стукнуўшы носам аб якую галінку...
На другім баку Спарыш не хацеў бачыць, якое знішчэнне зрабіла ягоная бомба ў бункеры. Хоць даўно звыкся з кась-
бой смерці навокал, ён адно ў выпадку неабходнасці пазіраў на забітых ці пакалечаных. Апынуўся разам з Кіцынскім і нейкім малым тоўсценькім капралам у вузкім, кароценькім акопе, выкапаным накшталт лацінскае пяцёркі. Раён ракі Сантэрно на гэтым адрэзку ўжо маўчаў. Адно на левым фланзе, мо на кіламетр ці больш воддаль, трывала самая заядлая перастрэлка ўсялякае зброі, улучна з артылерыяй. Абаронцы моста й шашы сканцэнтравалі там вялікія сілы.
Вось наперадзе над чупрынамі садоў праімчаліся ў заходнім кірунку адзін за адным тры ганчакі-«спітфаеры», й там дзесь над шашою загрукацелі з гарматак якраз так, як калісь, пранюхаўшы калоны трыццатае дывізіі на гладкіх эльзаскіх дарогах.
Тыя самыя самалёты. Калісь — чужыя, цяпер — свае. Іхні грукат некалі напаўняў цябе трывогай, цяпер уліваў моц і сілу. I гэта ўсё на працягу пяці-шасці месяцаў. Ці ж не здурэў гэты свет? — думаў «п’ятавы» стралец.
Пераправа пяхоты праз рэчку трывала каля гадзіны. Займалі акопы й бункеры на паўночным баку. Нізка хілілася на захад сонца. Загадана было затрымацца. Шмат акопаў, як відаць было, абаронцы лініі Сантэрно ніколі не ўжывалі.
Магчыма, што наступ быў занадта гвалтоўны, магчыма, што ў немцаў не хапіла людзей. Апошняе было менш праўдападобным, бо як-ніяк Сантэрно было другой абароннай лініяй і мусіла быць абсаджана жаўнерамі.
На паўночны бок ад рэчкі краявід нічым не розніўся ад таго, з паўдзённага боку. Ад акопа, дзе сядзеў Сымон, праз цвітучы сад відаць была напаўразбураная артылерыяй ферма. Курыў, дагараючы, стог саломы й пуня. Уцалела адно белая хата-ляпянка. Меншы хутар знаходзіўся ў адлегласці метраў ста пяцідзесяці наперадзе крышку налева. Навокал нікога не было відаць.
Сымон зірнуў на ляжачы наўзверх акопа свой пуцаты завостраны «п’ятавы» снарад, на той малы хутар і звярнуўся да капрала:
— Як вы думаеце, пане капрал, ці не варта было б гэтай бомбачкай смалянуць па гэтай хатцы? — кіўнуў на снарад і на хату.
— Хто ж яго ведае. Мо й не зашкодзіла б.
Падбадзёраны такім адказам, стралок ужо стаўляў сваю пузатую стрэльбу.
— Давай, кохасю,— песціў і гладзіў снарад Кіцынскі,
пакуль перадаць яго Сымону,— заляці ты туды й секані па швабах.
Ацаніўшы адлегласць да абгароджанай плотам і аброслай зеленню хаты, Сымон меркаваў, што «п’ятаў» засяг мог быць закароткі, дзеля таго й выцягнуў ножку на максімальную адлегласць. Капрал моўчкі прыглядаўся. Камандзір звяза, што абяцаў Сымону пляшку, пайшоў дзесьці налева, ці не да камандзіра роты, каб атрымаць далейшыя інструкцыі.
Сымон прыцэліўся ў самы шчыт страхі і, моцна прыціснуўшыся да пляча прыкладам, націснуў курок. Снарад разарваўся ў садзе, не далятаючы да хаты на метраў дзесяць. Навокал амаль не было стральбы. Усе зацікавіліся выбухам у садзе.
— Эх, партач ты, калега,— скрывіў тоўстыя вусны Кіцынскі.
— Сам ты партач! He бачыш, што задалёка?
Як хутка выявілася, шчасце было ў тым, што «п’ят» не дасягнуў хаткі. Адно сціхла рэха выбуху, як з хаты выбегла нейкая фігура ў «батледрэсе» і, махаючы стрэльбай над галавой, крычала:
— He стра-а-а-а-ляць, вы там, скуррр-чы сыны!
— To нашы там! — усхапіўся капрал.
— Мусіць,— схамянуўся Сымон.
— Пся крэў, матка Боская Чэнстахоўская, вось дык было б! — перапалохаўся Кіцынскі.
— Хто тут страляў?! — прыбег, засопшыся, з левага крыла камандзір роты.— Пытаюся, хто тут стрэліў цяпер у гэну хату?
Усе навокал маўчалі. Капітанаў зрок затрымаўся на «п’яце» й акопчыку, дзе сядзела тройка віноўных.
— Пане капрал, вы бачылі, хто тут цяпер стрэліў?
Капрал адказаў не адразу. Уталопіўся зрокам у Сымона, быццам мяркуючы, што сказаць, і шукаючы парады ды вырашыўшы, што была й ягоная віна, адказаў:
— He, не бачыў, пане капітан.
— Там пайшоў наш патруль, і маглі пакалечыць сваіх людзей.
— Пане лейтэнант,— накінуўся ён на бягучага з левага боку камандзіра звяза,— чаму не загадалі вы сваім людзям спыніць агонь?
— Пане капітан, то само сабой было зразумелым, што лішняга...
— Мусіць, не ўсім было зразумела. Ледзь сваіх людзей не пастралялі. Будзьце пры звязе й чакайце далейшых дыспазыцыяў,— кінуў на адыход.
Сымону прыгадаўся дваццаты патрон, што ў батальёне Мураўёва выстраліў пад час практыкаванняў над Рэйнам і за які адседзеў колькі гадзін арыштаваны ў бункеры. «Мо трэба больш кіравацца развагай, а менш імпульсамі»,— меркаваў юнак.
IV
Сантэрно засталося ззаду. Ад часу той пераправы дзеліць іх ужо пару дзён. Семнаццаты батальён зноў ідзе ў наступ. Былі прыйшлі на змену іншыя, памаглі. Цяпер зноў ідзе іхняя чарга. Абы хутчэй дабіць і скончыць. Слабое дрыжыць, бароніцца рэшткамі сіл, крышыцца, раздрабняецца, разлятаецца, а нешта з паднятымі рукамі, раненае й змучанае, перасочваецца на другі бок у палон.
Вызвольныя арміі мкнуць на поўнач. Нікому не ўдасца ўжо іх стрымаць, аж пакуль не дойдуць да мэты. Мэтаю — руіна праектаванага вялікага тысячагадовага райха. Праекты засталіся марамі, заўзятасць і вытрываласць, падпёртыя людской зверскасцю й безагляднасцю да ўсяго чужога, не змаглі пабудаваць суперімперыі, што праіснавала б дэкаду, не тое што тысячагоддзе.
У вялікай і шматнацыянальнай арміі ідзе наперад семнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалі і недзе паны стварылі яе, ахрысціўшы назовам чужога горада. Мусіць, не дзеля чыстага сымбалізму, а каб звязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставіць руку па яго і ў будучыні, так як выстаўлялі ў мінулым. Дый не толькі выставіць, але й прыгнесці ды прысвоіць...
Паны, як відаць, мала,а мо й нічога не навучыліся. I сёння паўтараюць старое, колькі разоў імі ж перажованае й для чужых жыватоў нястраўнае: аб бастыёне заходняе культуры на ўсходзе, аб місіянерстве каталіцтва, падмуры хрысціянства, паклікаюцца на Вастрабрамскую Божую Маці й шчарбец Баляслава Харобрага...
Пятая пяхотная дывізія называецца «крэсовай», а на жоўтым палотнішчы нарукаўнага шчытка красуецца горды зубр — волат Белавежскае пушчы. Ёсць жа й розныя іншыя «крэсовыя» палкі й брыгады, у іх ліку й Віленскі. Пана-
зывалі, каб трымаць у памяці, што ў чужых краінахляжаў і ляжыць рэзервуар іхніх багаццяў.
У шэрагах той шостай Львоўскай крочаць у шматтысячнай масе й Сымон Спарыш, і Ялонскі, і Ялушэвіч — колішнія менскія кадэты, што пачалі змаганне не толькі супраць чырвона-маскоўскіх, але наогул супраць усіх рабаўнікоў, у тым ліку й супраць паноў, магнатаў і ўраднікаў, што пратапталі сцежку ў Беларусь з Варшавы. Дый ці толькі гэтая тройка? Ёсць жа іх шмат, вялікая маса. Некаторыя сёння пахаваліся, прытаіліся. Нявольніцкі страх душыць ім грудзі. He ў сілах цяпер выявіцца, клікацца сваім імем. Але пры нагодзе выявяцца. Бо ў глыбіні сэрцаў іхніх — гарачая любоў да адзінай і пакрыўджанай. Там — Вострая Брама й Жыровіцы, наваградскія й троцкія муры, Замкавая гара ў Вільні й святыні Полацка. Ніхто не адбярэ тых бясцэнных скарбаў-успамінаў.
Нуртуе й бурліцца гарачая любоў. Дарма, што сёння навокал і слова роднага не пачуеш, што й песні чужыя прыходзіцца заводзіць, дарма, што ў чужым мундзіры — надыдзе час выяўлення. Бо беларускі народ жыве, бо не знішчылі яго стагоддзямі, бо яшчэ ўчора ўсхапіўся да новага жыцця й паслаў у баявы марш тысячы юнакоў і юначак, сотні тысяч жаўнераў і інтэлігенцыі. Дарма, што на дарозе шмат перашкодаў — шэрагі вырастуць, узмацнеюць. Бо няма большае зброі на свеце, чымся любоў да свайго, бо яна з’яўляецца асноваю асноў, бо на ёй расце, красуецца, даспявае й дае плён ўсе добра пачатае.
Дык і дарма, што Спарыш, ці Караткевіч, ці трэці й чацвёрты ідуць сёння ў ліку семнаццатай ці шостай Львоўскай, у ліку тых, што — калі б не Ялта — зноў прынеслі б паняволенне. Дарма, што й сэрцы іхнія сёння да ўсяго абыякавыя, зачарсцвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленне.
А калі Львоўская, дык і што ж? Былі ж розныя й раней, будуць і пасля. Вунь жа на другім баку агнявой крывулі крышацца й нявечацца сілы такога ж самага, што паквапіўся на занадта вялікі кусок чужога ды пасля праглынуць не стала сілы. А мо й здолеў бы, каб часам з другога боку памеркавалі. Але ж не дазволілі. Дык заўсёды і ўсюды адзін і той самы працэс — з аднаго боку прагавітасць, гвалт і агрэсія, з другога — абарона пакрыўджаных, часова ці даўжэй прыгнечаных, а то й зусім проста абарона, абы не дацца. Быў некалі ж такі працэс і з Літвой-Бела-