Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
— Aspetta, aspetta, siqnorina! Che cosa?*— стараецца пазбыцца дзявочых пяшчотаў спацелы ад хуткіх перабежак Сымон.
-— Што гэта тут? Гарэм быў ці якое што? -— пытаецца
* Пачакай, паненка! Што такое? (італ.)
адзін з жаўнераў, лепш ведаючы па-італьянску. Тлумачаць, што гэта ўсе суседнія. Схаваліся кагалам, каб мець большую адвагу ператрываць небяспеку ды каб весялей было. Новыя акупанты не дзівяцца. Ім ведама, што італьянцы наогул любяць бываць вялікімі групамі, кагаламі.
Ідзе ў рух віно. Сымон прамывае прасохлае горла з тыцнутай яму ў рукі пляшкі й разглядаецца. Каля сцяны на вока трапляе вайсковы нямецкі пляцак. Падыходзіць і пераварочвае яго нагой. Адпяразвае рамянькі й выцягвае вайсковую марынарку. Вока спасцерагае нарукаўны шчыток з надпісам «Летува». .
Няма часу. Ізноў наперад. Войска пакідае хату. Жаночыя галасы праводзяць яго ўсялякімі найлепшымі пажаданнямі. Да другога канала адлегласць невялікая. Кірунак — згрупаванне хат. Сымон ідзе пры дарозе канаўкай, за ім валачэцца й нешта меле языком, наракаючы на вагу амуніцыі, Кіцынскі. За Кіцынскім — звязны.
Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзі зямлі й рвуцца ў паветра дзесяткі снарадаў-мінаў. Сымон падае, а за ім і амуніцыйны.
— Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг? — крычыць звязны.
— Снарады лятуць, дык і лёг.
— Прасі толькі Матку Боскую, і ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе надзеюся.
— Сцеражонага й Бог сцеражэ. He рабі з сябе героя там, дзе цябе б’юць, а ты адбівацца не можаш,— адказвае Спарыш і, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакі, вылазіць наверх з перасохлага рота. Пот залівае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзі паветра. Пудовы «п’ят», здаецца, пацяжэў у разоў пяць.
Пасля кароткага перапынку зноў чуваць «небельвэрфер». Страшэнны гул дэтанацыі тузае ўсё цела. Чуваць енк і стогн. Нехта ранены, яшчэ нехта іншы — забіты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэці звяз. He можа пасоўвацца наперад пад такім густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтэнант — камандзір звяза. Адно танкі стала паўзуць наперад і сякуць з гарматаў і браўнінгаў.
Ізноў, прабегшы колькі крокаў, Сымон падае. Адзін кароценькі момант, і адзін дарагі вобраз перад вачыма, а мо цэлыя міражы ў памяці... Гэта там, на Бацькаўшчыне. Высо-
кая, зялёная, пахкая канюшына. Чырванню абсыпаныя межы, беллю ахутаныя сады. Гаючы пах прыбраных жоўтай квеценню ліпаў. Тысячы працавітых пчолак роем гудуць гімн працы. Вішнёвы сад... Гэта там... А тут? Вясна, брутальна згвалчаная чалавекам, хараство й прыгажосць — стаптаныя сілай. Буйныя загоны пшаніцы спаласаваныя, парэзаныя шырокімі гусеніцамі танкаў, падзіраўленыя снарадамі, парыжэлыя ад полымя агнямётаў. Краса й знішчэнне, знішчаная краса...
Але няма калі... Трэба хутчэй і далей, асцярожна, але ўсё ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, звіць новых гнёздаў, хаця б і часовых, каб выпхнуць і дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Ізноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам і зброяй спацелыя фігуры, хуткім дыханнем ловячы ў грудзі гарачае паветра. Знікае ілюзія вясны. Застаецца адно знішчэнне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб знішчыць тых, хто нішчыць, каб больш не было знішчэння.
Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокі канал. Разведка рушыла наперад, а змучаныя людзі пазасядалі ў апусцелых хатах на начлег.
VII
Выбітыя з апошніх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лініяў абароны, немцы былі ў агульным адступленні. Там-сям трымаліся малыя аддзелы фанатыкаў. Некаторыя ж пераапраналіся ў цывільнае й гэткім чынам стараліся скрыцца ад палону. Пятая амерыканская й Восьмая брытанская арміі ўзышлі на раўніну даліны По й спяшалі дарогамі да вялікіх прамысловых цэнтраў і партоў Паўночнае Італіі. 21 красавіка 1945 года, а гадзіне дзесятай раніцою, аддзелы амерыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэліся на цэнтральным пляцы Балоньі. Усё жывое ў горадзе вылезла на вуліцы вітаць «лібэратараў». Загулі дзесяткі званоў гарадскіх святыняў. У шматтысячным натоўпе з’явіліся італьянскія нацыянальныя й чырвоныя камуністычныя сцягі. Палякі сыпанулі агнём па чырвоных сцягах і забілі колькі чалавек. Танкісты выладоўвалі злосць на камуністах, хаця й не тых, што паняволілі іхнюю бацькаўшчыну.
Корпус Андэрса атрымаў загад спыніць марш. Адрэзак перанялі брытанцы.
— Бачыш іх, англішмонаў гэтых,— наракалі жаўнеры,— як біцца, дык іх не было, ззаду сядзелі. А цяпер на гатовенькае, вызвольнікаў гуляць, дык і яны знайшліся. На джыпах плады перамогі збіраць рухнулі...
Ангельскія зматарызаваныя калоны, амаль не спатыкаючы супраціву, накіраваліся дарогамі на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там і ў Аўстрыю, да ракі Дравы, дзе пазней запісаліся ў гісторыю няслаўнай выдачай балыпавікам вялікай казацкай арміі, што памылкова палічыла іх за прыяцеляў і хаўруснікаў.
28 красавіка на галоўным пляцы Мілана разбушаваны й ашалелы натоўп павесіў нагамі ўверх і доўга здзекаваўся над трупамі Беніта Мусаліні й ягонай каханкі Клары Петачы, якіх партызанам пашанцавала злавіць пад час уцёкаў у Швейцарыю.
Напрыканцы красавіка фельдмаршал фон Кесельрынг падпісаў капітуляцыю. Італьянскі фронт перастаў існаваць пару тыдняў перад канцом «тысячагадовага» райха.
У часе заняцця Балоньі семнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзіўся кіламетраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалі вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе між Імоляй і Балоньяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой звяз «кар’ераў». Акрамя Пранука Бонка ў акцыі загінула яшчэ чацвёра. Але ж была й нейкая прыбыль. Кашыбанда, вясёлы й жартаўлівы, як і раней, прыдбаў сабе «жонку». Так называў маладую, прыгожую ды фігурную дваццаціпаругадовую італьянку, што прывёз з Балоньі.
— Ваенная здабыча,— жартаваў, смеючыся й абдымаючы дзяўчыну.— Будзе нам варыць і даглядаць нас.
— О-го! А як жа! Здабыча, і не абы-якая! — захапляліся сябры са звяза.— А ўжо ці йадаецца яна да гатавання стравы — дык гэта зусім другараднае пытанне.
Да чаго дзяўчына надавалася — аб тым ніхто ўголас не гаварыў. Ва ўсіх былі зусім недвузначныя ўсмешкі. Камандзір звяза наўмысля ігнараваў новую прыбыль і быццам не заўважаў, што ў звязе з’явіўся яшчэ адзін рот.
Загуба генерала Езавітава
і
Факт назначэння расейца Шувалава рэферэнтам вайсковых спраў пры Беларускай цэнтральнай радзе быў надзвычай цяжкім ударам для генерала Канстанціна Езавітава. Перажываў вельмі моцна. Ніяк не магло памясціцца ў галаве, што прэзідэнт БЦР здольны на такі крок. Езавітаў на працягу свайго жыцця ўсе сілы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя інтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў і зусім трапна ацаніў перадусім тое, што ўчарашні акупант Беларусі быў пры смерці. Меркаваў, што сваёй працай, гуртаваннем беларусаў усцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзічаў захаваць жыццё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасцю яму давяраючы, верыў, што змабілізаваных беларусаў аддае ў добрыя рукі, што нават у крытычную хвіліну падпалкоўнік зробіць усё, каб выратаваць сваіх жаўнераў.
Самае крыўднае было тое, што прэзідэнт БЦР дазволіў сабе на такую вялікую, проста здрадніцкую нікчэмнасць у дачыненні да вельмі заслужанага змагара за волю беларускага народа. Калі б хаця той другі быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося б з лёсам пагадзіцца. А то ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.
Яшчэ ў ранняй маладосці, бу.дучы на становішчы міністра вайсковых спраў Беларускае Народнае Рэспублікі, пасля ж будуючы беларускае школьніцтва ў Латвіі, аддаючы ўсе сілы ўзгадаванню свядомага маладога беларускага пакалення пад чужой акупацыяй, Езавітаў пазнаў цану кантролю над пачуццямі. Для некаторых пачуццёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для іншых — амаль немагчымай. Генерал ведаў, што страта самаапанавання была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсведаміўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсі, вонкава, а яшчэ радзей траціў раўнавагу.
Адылі гэтым разам удар быў такі моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласці, што Езавітаў даўжэйшы час не мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоіўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзідэнта Астроўскага граф Шувалаў з ягонымі запасамі прадуктаў быў чалавекам больш прынадным і вартасным,
генерал прыйшоў у тупік. Што ж рабіць далей? I самае найважнейшае: як жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадству? Гэта ж справа не простая. Сказаць, што Астроўскі выкінуў яго, каб замяніць цёпленькім маскалём, дык яно й не выглядае так проста. Ці ж шмат людзей ведала асноўную істоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага,— падумаць, што Езавітаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускім вызвольным руху, ёсць нейкі недарэка ці няздатнік.
Астроўскі не маніўся распашырацца сярод зацікаўленых прычынай, дзеля якой зрабіў змену на такім важным становішчы. Калі не мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна ж, мог бы тлумачыць, што Езавітаў быў неэфектоўны на сваім становішчы, што не стаяў на вышыні задання, што ў працы ягонай былі недахопы й падобнае, але Астроўскі выбраў маўчанне. Магчыма, наўмысля даў Езавітаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый не сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавік знойдзе шлях такога ратунку.
I сапраўды, шмат перадумаўшы, генерал Езавітаў знайшоў ганаровы выхад з сітуацыі: з’явілася вестка, што адмовіўся ён ад становішча рэферэнта вайсковых спраў пры Беларускай цэнтральнай радзе з прычыны хваробы.
II
Канстанцін Езавітаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнім часе гэты анатамічны дэфект пагоршыўся да тае ступені, што ўнемагчыміў яму доўгае стаянне, не гаворачы ўжо аб больш інтэнсіўным хаджэнні. Адылі стан хваробы ніяк не належаў да наглай катэгорыі, што вымагала б безадкладнай аперацыі.
У гарадскім шпіталі ў Фінстэрвальдэ, што ляжаў прыблізна сотню кіламетраў на поўдзень ад Берліна, працаваў беларускі лекар Мікола Шчорс, які часценька наведваў Берлін, Беларускую цэнтральную раду й добра зблізіўся з Езавітавым. Шпіталь быў перапоўнены пераважна вайсковымі. Была добрая нагода зрабіць генералу аперацыю пад наглядам і апекаю свайго чалавека.