Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
— Цьфу, прападзі ты, гэткі хаўруснік! — ледзь не вылаяўся беларускі падпалкоўнік.— Давайце кінем уласаўцаў і маршыруем самі,— сказаў свайму начальніку штаба капітану Орсічу. Орсіч нічога не адказаў.
Тым часам над доўгай калонай войска ўверсе пачалі кружыць амерыканскія разведвальныя самалёты. Сітуацыя была крытычная. Небяспечна было самім беларусам без простай сувязі з амерыканцамі ісці ў няведамае. Беларуская калона атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалі каля дзвюх гадзін. Ізноў ззаду пачуўся сігнал, і войска абмінуў апрануты ў цывільнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генерала Мальцава й перадаў яму пакет. Калона зноў спынілася.
— Камандзір беларускае дывізіі, да генерала Мальцава! — пачулася перададзенае па лініі.
Кушаль з капітанам Орсічам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзіра, заўважылі ягонае вялікае знерваванне.
— Сам не ведаю, што рабіць,— казаў той.— 3 аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевіча загадвае чакаць з пераходам фронту, а з другога — паслухайце самі.
Ад’ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць і тлумачыць загад камандзіра амерыканскага корпуса наступнага зместу: «Расейская дывізія генерала Мальцава й беларуская дывізія сёння маюць перайсці нямецкі фронт на шашы Айзенштайн Маркт — Цвізель. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкія пазіцыі а гадзіне дванаццатай апаўдні. У гэтым часе пачне дзейнічаць і авіяцыя».
— Што ж рабіць? — пытаецца ў прысутных афіцэраў уласаўскі камандзір. Бальшыня выказваецца за пераход да амерыканцаў. Калі б гэтага не зрабілі, амерыканцы могуць зразумець падзеі, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генерал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад і памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак.
IV
Шаша бегла між гор. Па абодвух баках яе быў вялікі лес. Для паўстрымання наступу амерыканскіх танкаў немцы пазразалі й панавальвалі ўпоперак дарогі шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замініраванай. Беларусы й расей-
цы пасоўваліся наперад з хуткасцю чарапахі, адцягваючы з дарогі дрэвы й размінірваючы яе.
Нямецкія пазіцыі праходзілі ўздоўж ракі Рэген у кіламетрах трох ад Цвізеля, дзе былі ўжо амерыканцы. На Рэгене быў мост. Аддзелы беларускае дывізіі мелі выйсці наперад, заняць мост і ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калона. Пасля гэтага беларусы мелі йсці як задняя старожа калоны.
Рота беларускіх жаўнераў, узброеная шматлікімі ручнымі кулямётамі, згрупаваўшыся на краі лесу, рушыла на здабыццё моста, што быў адлеглы прыблізна на паўкіламетра. Воддаль відаць быў горад Цвізель. Амерыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкія пазіцыі. Жаўнеры дывізіі «Беларусь» хутка перабягалі па чыстым полі. Калі ўжо зусім прыблізіліся да моста, быццам з-пад зямлі вырас з паднятымі ўверх рукамі цэлы аддзел немцаў. Беларускі камандзір загадаў немцам размініраваць мост, а калі праца была закончаная, падафіцэр з дружынаю адвялі палонных у лес і адпусцілі іх.
Хаця відаць было, што немцы не мелі намеру супраціўляцца, беларускія аддзелы прынялі баявы парадак. Моцныя старожы былі пастаўленыя па двух баках моста. Уласаўцы рушылі цераз мост першыя. Калона іх была страшэнна доўгая. Асабліва вялікім быў абоз. Шматлікія вазы запрэжаныя былі павольнымі баварскімі валамі, што ледзьледзь ступалі з нагі на нагу. Ехалі жанчыны й дзеці — сем’і жаўнераў.
На краі Цвізеля амерыканскія танкі з рулямі кулямётаў, накіраванымі на дарогу, не варажылі нічога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасці чакалі жаўнеры, амаль палова з іх — чорныя.
— Кідайце зброю! — крычалі амерыканцы.
Бальшыня так і рабіла, не марудзячы. Адзін з беларусаў не спяшыў кідаць свае стрэльбы. Да яго падбег амерыканскі сяржант, выхапіў стрэльбу з рук і, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамі.
Беларускі аддзел адведзены быў у будынак велізарнае пустое фабрыкі.
Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелі на сцюдзёных цэментовых падлогах; і шмат хто хутка засынаў.
— Камандзір дывізіі! Дзе ён ёсць? — пачуў Кушаль праз сон і раптоўна ўсхапіўся: — Тут ёсць!
Наступаючы ляжачым на ногі, падышлі да яго два амерыканцы, адзін з іх перакладчык. Папрасілі Кушаля ў штаб камандзіра амерыканскае дывізіі. Там беларускі падпалкоўнік спаткаў і генерала Мальцава.
Афіцэры без слоў замяніліся паглядамі, у якіх выражаліся няпэўнасць і неспакой. Амерыканскі афіцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам.
— У гэтым месцы зараз жа пастроіце вашу дывізію,— загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кіламетры два воддаль ад першага, загадаў і Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўніка Кушаля, што генерал Мальцаў сапраўды вёў з амерыканцамі перамовы ад імя беларускай дывізіі, як зусім асобнай ад сваёй.
Праз гадзіну часу, калі сонца ўжо нізка схілілася на захад, дывізія «Беларусь» стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёна быў разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг. Ззаду за войскам дымілі кухні абозу. Гатавалі вячэру. Неўзабаве з’явіўся амерыканскі маёр з перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на «зважай» і здаў яму рапарт. Амерыканец уважна агледзеў дывізію й сказаў, што яна вельмі добра прэзентуецца. Пасля таго загадаў падзяліць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладавання на транспартныя машыны, што зараз пад’едуць.
— А абоз наш? — спытаўся Кушаль, паказваючы амерыканцу на кухні, вазы й коні.
— Застанецца тут як наша ваенная здабыча,— адказаў амерыканец.
3 гэтага адказу беларускі камандзір зразумеў, што маюць перавезці іх у лагер ваеннапалонных.
Калі войска заладавалася на аўтамашыны, што неўзабаве з’явіліся, Кушаля пасадзілі побач шафёра ў самай пярэдняй. Калона рушыла з месца. Ехалі гадзіны тры. Ужо зусім на змярканні заўважыў беларускі падпалкоўнік на полі велізарную грамаду народа. Гэта быў зборны пункт ваеннапалонных. Стаялі на мокрай сенажаці, месцамі аж па калені ў вадзе й гразі. Навокал быў калючы драцяны плот. Былі тут жаўнеры розных нацыянальнасцей: немцы, вугорцы, славакі, сербы, расейцы, палякі, грузіны й іншыя. У гэтую загарадку загналі й беларусаў.
Гэтак на мокрай сенажаці ў абозе ваеннапалонных скончылася беларуская ваенная эпапея. Трыццатая дывізія,
пераназваная пасля ў дывізію «Беларусь», двойчы згуртавала вялікія масы беларускіх вайскоўцаў — першы раз каля Варшавы, другі раз у Баварыі. Памінаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкараніцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя імкненні былі целам і душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчаслівай дывізіі: жаданне служыць пакрыўджанай і паняволенай Бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваіх ворагаў. Хаця першаму імкненню не суджана было здзейсніцца, беларускія вайскоўцы да канца вытрымалі без кровапраліцця за чужыя інтарэсы.
На мокрай балотнай сенажаці каля Каму беларускія ваеннапалонныя стараліся трымацца разам. 3 надыходам ночы кожны хацеў неяк прымасціцца й заснуць. Плецакі, шынялі й людзі вязлі ў размешанай гразі.
Уночы выпаў густы снег. Пакрытая беллю зверху, празяблая знізу шматтысячная маса людзей, хто седзячы, а хто скруціўшыся ў клубок і прылёгшы, старалася заснуць.
Пад раніцу падпалкоўнік Кушаль прачнуўся ад нязноснае сцюжы. Скінуў з сябе цэлую гурбу снегу, цёр здранцвелыя рукі й ногі. Нягледзячы на фізічныя нявыгады, Кушаль быў у душы задаволены тым, што лёс наканаваў яму падзяліць долю сваіх жаўнераў да канца.
V
Адылі канец гэты быў пачаткам новага. Беларусы, што добраахвотна, без бою перайшлі да амерыканцаў, надзеяліся, прынамсі, на людскія дачыненні ці неадкладнае атрыманне вольнасці, забыўшыся, што заакіянскі гігант па руках і нагах быў звязаны ўмовай са Сталіным. Умова абавязвала амерыканцаў выдаваць бальшавікам усіх вайскоўцаў з’сям’і паняволеных народаў, у тым ліку й беларусаў, што так ці інакш апынуліся на баку тых, хто ваяваў за гітлераўскую «новую Еўропу». Амерыканцы, абуджэнне якіх перад пагрозаю бальшавіцкае небяспекі мела прыйсці на колькі гадоў пазней, стараліся ўмову са свайго боку ганараваць.
У першым зборным абозе ваеннапалонных каля Каму, куды акрамя беларусаў трапіла й дывізія Мальцава, людзі ў голадзе й холадзе цярпелі больш тыдня. Пагода бы-
ла капрызная, маральна-духовы стан палонных — ніжэй нуля.
Аднаго дня пасля абеду прыехала ў абоз дваццаць амерыканскіх транспартных аўтамашынаў. Тым, што жадалі ладавацца для пераезду ў другі абоз каля Нюрнберга, выдавалі вельмі скупыя харчовыя пакеты. Ніхто нікога не строіў у калоны й не падганяў. Галодныя палонныя, каб здабыць колькі бісквітаў ці пушку фасолі, самі падыходзілі да аўтамашынаў і заладоўваліся. Гэткім чынам, не пранюхаўшы наперад, куды яны лезуць, вялікая часць беларусаў, між імі й афіцэраў, трапіла на першы этап падарожжа за другі бок «жалезнае заслоны».
У велізарным лагеры ваеннапалонных каля Нюрнберга жыццёвыя ўмовы былі яшчэ горшымі. Абоз, вельмі гліністы й гразкі, абстаўлены быў моцнай вартай. Людзі кешкаліся, мясіліся ў гліне, тапталіся, каб не акалець з холаду. Перавезлі сюды з-пад Каму адну часць войска. Пасля колькіх дзён накіравалі цягнікамі пад Вюрцбург, а адтуль — пад Майнц.
У велізарным лагеры каля Майнца, за дратамі й пад моцнай аховаю, было ў гэты час звыш двухсот тысяч ваеннапалонных, сярод іх шмат немцаў — афіцэраў і радавых. Тут беларусам упершыню давялося сутыкнуцца са шчупальцамі маскоўска-бальшавіцкае гідры. У абозе было колькі сотняў падсавецкіх грамадзян, некалі вывезеных немцамі на працу ў Нямеччыне. Пасля капітуляцыі, перад паваротам дадому, яны заангажаваліся на помач хаўруснікам, насамперш бальшавікам у пошуках і вылоўліванні як цывільных, так і вайсковых, што не хацелі вяртацца пад панаванне Крамля. Гэтыя людзі, прагныя помсты над немцамі, жадаючы выслужыцца амерыканцам і бальшавікам, апраўдаць свае собскія вялікія й малыя грахі перад «бацькам», былі свайго роду капо* ў адносінах да палонных. Яны рабілі ўсё, каб пагоршыць жыццё й долю зняволеных. Ім памагалі ў гэтым яўрэі-перакладчыкі, што служылі амерыканцам.
Здзекі з людзей выражаліся найбольш у выдачах харчавання. Адна баханка хлеба на сто чалавек, пара пудоў сырое бульбы, для гатавання якое выдавалі адну палачку
* У гітлераўскіх канцлагерах гэтак называлі чалавека, выбранага з ліку палонных, заданнем якога было біццё й падганянне зняволеных. Капо звычайна стараўся выслужыцца перад гаспадарамі і надта здзекаваўся са зняволеных.