Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Пшэрэмбскі, што паходзіў з сям’і польскага асадніка ў Беларусі ды перад вайною яшчэ на службе дэфензівы шмат займаўся з беларускім элементам, меў у гэтай справе набітую руку. Ведаў народ і мову, канспірацыйныя шляхі й дарожкі, метады працы й нацыянальную псіхіку. Розніца між Сянкевічам і ягонымі суродзічамі перад вайной, з якімі даводзілася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтэнант мог да падазроных прымяняць агульнаўжываную, зверху накінутую формулу: абвінаваціць іх у камунізме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалітае, загадаць некаму з агентаў, каб падкінулі намечаным асобам камуністычную літаратуру, іншым агентам — каб ператрэслі й знайшлі яе, дый годзе. Справа была шытакрыта, як кажуць.
Тут жа, у арміі, ды на чужыне, было Зусім іншае. Старыя метады й формулы мелі вартасць леташняга снегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былі палявыя суды. Для абвінавачання чалавека трэба былі нейкія яўныя довады. Іх не ставала. Камунізм тут не мог быць тым конікам, што быў дома перад вайной. Бо калі б прышпілілі камунізм аднаму, дык трэба ж было б пасля шукаць каранёў, галінаў дый навокал розных парасткаў. Гэта ж быў бы поўны абсурд. Ды і, урэшце, што можна было закінуць Віктару Сянкевічу? Нічога канкрэтнага адносна нейкай канспірацыйнай дзейнасці не было. Хлапец быў «на воку», дый толькі. Так, прынамсі, вынікала з іншых следчых запісак. Пшэрэмбскаму кінулася ў вочы зусім нешта іншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з «двойкі», якія раней апытвалі юнака: прозвішча, веравызнанне й нацыянальнасць. Якім чынам Сянкевіч дый каталік мог быць беларусам? Гэтага лейтэнант ніяк не мог памясціць у галаве.
Пшэрэмбскі любіў літаратуру, асабліва гістарычную. Генрык Сянкевіч з ягонай трылогіяй займаў некалі цэнтральнае месца ў ягоным дзяцінстве. Прыпаміналася старая «бабця» на фальварку, што доўтімі асеннімі й зімовымі вечарамі чытала яму з тоўстых падношаных кніжак школьнае бібліятэкі. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлівы й адважны герой Кміціц ды цэлая галерэя іншых. Любіў некалі Пшэрэмбскі аж да забыцця ўпівацца духовымі сокамі польскае мінуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялікім пісьменнікам. He дзіва, што ў сэрцы ягоным для Сянкевіча захаваны быў цёпленькі куточак. I вось тут — на табе, проста ці не знявага да геніяльнага майстра: тое самае прозвішча, у дадатак і каталік, дык пры чым жа тут беларуская нацыянальнасць? He. Тут недзе й некім была зроблена памылка. Калі так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскі, напэўна, нейкі недагляд зможа выправіць.
III
У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бландзін.
— Віктар Сянкевіч да пана лейтэнанта! — адрэкамендаваўся, ёмка стукнуўшы падковамі чаравікаў.
Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны.
У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позірку не было ані ценю неспадзеўнае баязлівасці, што характэрная шматлікім людзям, якім даводзіцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымі рукамі кары й справядлівасці.
— Прашу, сядайце,— кіўнуў лейтэнант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да «загадкі». He зводзячы з хлопца вачэй і лянівым рухам касматае рукі выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькі, ён адваліўся на спінку крэсла.
— Ваша прозвішча Сянкевіч?
— Так, пане лейтэнант.
— Па веравызнанні каталік?
— Так.
— Дык чаму ж вас тут запісалі беларусам?
— Таму, што я такім ёсць, пане лейтэнант.
— Вы мне хочаце сказаць, што вы каталік і беларус?
— Я так сказаў, пане...
— Слухайце, давайце ж паважна. Я не маю часу на жарты. Вы самі ведаеце, што гэта абсурд: не было ж каталікоў беларусаў у Польшчы.
— Былі, пане лейтэнант.
— Як то?
— Нават па афіцыяльных дадзеных польскага цэнзусу з 1931 года было шэсцьдзесят тысяч беларусаў каталікоў.
— Я не ведаю, дзе й хто вам гэта сказаў. Гэта няпраўда.
— Наадварот, праўда.
— Слухайце, «стшэльцу», я з вамі не буду спрачацца. Вы лепш паслухайце маёй рады. Я бачу, што вы маеце асвету, з’яўляецеся чалавекам з інтэлігенцыі і дзеля таго, напэўна, зразумееце мяне. Да таго ж і прозвішча ваша Сянкевіч. Знаеце, хто для палякаў быў Сянкевіч?
— Чаму ж не...
— Коратка гаворачы, вы, будучы каталіком і маючы такое прозвішча, не можаце не быць палякам. Што вам дае вашая беларускасць? Вы гэтым загараджваеце сабе ўсюды дарогу, дый толькі. А калі вы паляк, дык вам дарога ўсюды будзе адкрытая: і да авансаў, і да навукі, і да лепшай будучыні. Прыміце па-добраму маю раду й запішыцеся палякам.
— He магу,— цвёрда адказаў юнак.
— Дык хто ж можа?
— Пане лейтэнант, ці ж вы не разумееце, што гэта справа нацыянальнага гонару?
— Вы, як Сянкевіч, мусіце быць палякам!
—Як гэта мушу?
— Я думаў, што недзе была памылка. Можа, гэта вашае ваеннае ўзгадаванне, можа, вам «бздураў» у галаву ў акупацыйных школах напхалі. Гэта ж не можа быць. Гэта проста несумяшчальна: Сянкевіч, каталік і беларус! — з грымасай заключыў Пшэрэмбскі.
Беларускі юнак з цікавасцю студыяваў заклапочанага лейтэнанта.
—1 Пане лейтэнант, я цяпер узрослы чалавек. Ведаю, што гавару. Успрымайце, як хочаце. Адно ніколі не пішыце мяне палякам, бо я ім не ёсць.
— Добра. Вы хочаце быць упартым. Рабіце, як уважаеце. Я вам скажу адно: мы можам пастарацца, каб вас адаслалі ў савецкую Расею. Як гэта вам будзе падабацца?
— Калі вы пачуваецеся сябрамі бальшавікоў, дык адсылайце.
Гэткага адказу Пшэрэмбскі ніяк не спадзяваўся. Яму аж голас заняло. На момант разгубіўся й не ведаў, што на тое сказаць. Спачатку ледзь не кінуўся ў істэрычную злосць, але ўміг апанаваўся. Дзесьці ў падсвядомасці голас падказваў, што юнак гаворыць праўду й добра адстойвае сваё. Нават узнікла іскра пашаны да яго.
Пшэрэмбскі спрабаваў зайсці з іншага боку, угаворваць лагодненька, спачатку адводзіць на бочнае, каб пасля з супрацьлеглага боку падысці да галоўнага. Пытаўся пра матку й бацьку, пра мову, якой дома Сянкевіч карыстаўся, пра касцёл, які наведваў, на якой мове ў малітвах з Богам размаўляў. Калі выявілася, што ў польскай, папробаваў на гэтым факце мост доказаў будаваць, але калі зноў падышоў да галоўнага, упарты беларус адным сказам адрэзаў, што польская мова ў каталіцкіх касцёлах на гэтак званых «Крэсах» яшчэ не была доказам таго, што ўсе каталікі былі палякамі. Наадварот, беларускія вернікі чуліся пакрыўджанымі, што не мелі свае душпастырскае апекі. Для падмацавання Сянкевіч прыгадаў каталікоў італьянцаў, французаў і гішпанцаў і, як здалося Пшэрэмбскаму, з пэўнай дозай кпінаў запытаўся, чаму ж іх усіх не запісаць палякамі.
Давялося Сянкевіча яшчэ раз запісаць беларусам. Пасля прайшло некалькі малаважных рутынных пытанняў, і юнака давялося адпусціць. Лейтэнант Пшэрэмбскі павольнымі крокамі пачаў мераць пакой, спыніўся каля стала, аднатаваў
на апытальным лісце, што трэба Сянкевіча трымаць «на воку», пару разоў голасна сказаў «пся крэў», адзін раз нават плюнуў у сметніцу ды зрабіў пэўныя перастаноўкі ў сваіх дагэтулішніх паглядах адносна беларусаў.
IV
У студзені 1945 года Віктар Сянкевіч быў прыняты ў гімназію трэцяй дывізіі (ДСК), што знаходзілася ў ваколіцах Форлі. Там, на сваю радасць, сустрэў вялікую групу былых менскіх кадэтаў. 3 суполызых гутарак выявілася, што й іншыя з ахвотаю падзялялі Віктараву думку аб патрэбе ўтварэння нейкае беларускае арганізацыі. Вайсковы рэгулямін* забараняў тварэнне ў войску якіх-небудзь гурткоў. Адно, што можна было рабіць — шукаць сяброў з колішняе афіцэрскае школы ў Менску, трымаць з імі сталы кантакт ды вышукоўваць у чужой арміі наогул усіх беларусаў. Гэтае павучынне сувязі ў будучыні, калі б умовы змяніліся, паслужыла б адразу базай да ўтварэння арганізацыі. Гэтым група студэнтаў-беларусаў з гімназіі й пачала займацца.
Сянкевіч вельмі шмат часу прысвячаў перапісцы з сябрамі. Па-за школьнай навукай карэспандэнцыя паглынала ўвесь ягоны час. Лісты, якія пісаў, былі наогул сяброўскімі й простымі зместам. Юнак ведаў, што польская дэфензіва трымае яго на воку. Намагаўся быць асцярожным. Пасля колькіх месяцаў ліставання колькасць сяброў-карэспандэнтаў перавысіла 250 чалавек. Калі ўлічваць, што з іх кожны меў кантакт, прынамсі, з двума ці трыма беларусамі, дык лік асобаў, з якімі Віктар трымаў сувязь, перасягнуў 700.
Людзі з «двойкі» хутка зацікавіліся масавай карэспандэнцыяй Віктара Сянкевіча. Спачатку адно назіралі. Адылі хутка ў пакой да Віктара прыслалі новага жыхара. Быў гэта высокі, худы, з сінімі вачыма бландзін. Назваў сябе Чманевічам. Адно ў меру цікавіўся Віктаравай беларускасцю і наогул стараўся быць карэктным ды, як кажуць, не ступаць чалавеку на пальцы.
Аднойчы Віктар спасцярог, што недзе знікла колькі ягоных лістоў. Свайму новаму «сябру» нічога не сказаў, але здагадаўся, што той іх «пазычыў», каб перадаць тым, што
* Статут.
яго прыслалі. На другі дзень пісьмы раптам вярнуліся на старое месца. Віктара пакуль што ніхто нікуды не клікаў. У пісьмах нічога не было асаблівага, апрача хіба таго, што былі пісаныя па-беларуску. Сянкевіч меркаваў, што «двойцы» чапіцца да яго за карэспандэнцыю ў беларускай мове было б нязручна. Паклікаў сяброў і расказаў ім аб выпадку з пісьмамі. Пастанавілі быць больш асцярожнымі, а карэспадэнцыю знішчаць. Віктар падаў сваім карэспандэнтам цывільны італьянскі адрас.
Лейтэнант Пшэрэмбскі зноў выклікаў Віктара. Цікавіўся, чаму юнак атрымоўвае такую масу пісьмаў. Беларус адказаў, што мае вялікую колькасць сяброў. Пшэрэмбскі зусім недвузначна намякнуў, што было б шмат лепш, калі б колькасць сяброў-карэспандэнтаў паменшылася.
У гімназіі пятае дывізіі (КДП) была іншая група беларусаў. Арганізатарам яе быў прафесар Гук, што выкладаў у школе гісторыю, той самы, які некалі экзаменаваў у СанБазыльё Віктара Караткевіча з беларускай літаратуры. У групе было колькі былых менскіх кадэтаў. Прафесар Гук трымаў кантакт з групай старэйшых беларусаў, якія, як і ён сам, прайшлі праз савецкія канцлагеры.
Вясною 1945 года добразычлівы ўкраінскі святар Пятрунчык дапамог прафесару Гуку скантактавацца з групай Сянкевіча ў гімназіі 3-й дывізіі. Новая і самая асноўная нітка кантакту між дзвюма групамі была, зусім зразумела, немалой удачай у імкненні да беларускага арганізацыйнага жыцця й сталася прычынаю вялікай радасці ў двух беларускіх асяродках. Падрыхтоўчая праца для агульнага арганізавання беларусаў у польскай арміі шпарчэй пайшла наперад.