Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Нягледзячы на перашкоды з боку вайсковых польскіх уладаў, сетка сувязі між беларусамі пачала пашырацца па ўсім Другім корпусе. Выдатна памагалі гэтаму й два беларускія уніяцкія святары з Рыма — а. Сіповіч і а. Гарошка. 3 ліку турыстаў-жаўнераў у Рыме яны вышукоўвалі і вылоўлівалі беларусаў. У святароў прыезджыя беларусы сустракаліся, даведваліся аб іншых і дзяліліся сваімі навінамі. Памешканне святароў служыла базай, на якую зляталіся ўсе да гэтага часу рассыпаныя сыны Беларускай зямлі. Праз яе замацоўвалі ніці лучнасці. Сюды не сягала вока польскае «двойкі», тут можна было ўволю й ад сэрца пагаварыць пра балючыя для ўсіх праблемы.
Збіранне сіл пайшло яшчэ хутчэй, калі ў Парыжы
пачала выходзіць газета «Беларускія Навіны». Гэта быў першы праменьчык надыходзячага прадвесня. Для змораных духова беларусаў, што насілі мундзіры хаўрусніцкіх жаўнераў, яна была не толькі газетай, але апорай і сымбалем. Быў навязаны ў Парыжы кантакт з сябрамі Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, перадусім жа з самім старшынёй Рады БНР — інжынерам Міколам Абрамчыкам. Гэткім чынам выгнанцы з паняволенай Бацькаўшчыны палажылі на чужыне зруб пад першую пасляваенную нацыянальную грамадскую арганізацыю.
4	сакавіка 1946 года ў горадзе Модэна, на поўнач ад Балоньі, 5-я дывізія арганізавала кірмаш «Казюка». Беларусы ўмела выкарысталі нагоду, правёўшы там канферэнцыю беларускіх асяроддзяў трэцяй і пятай дывізій. Устаноўлена была тактыка дзеяння й падзелены ролі. Кіраўніцтва абодвума асяродкамі ў арміі было даручана прафесару Гуку. Ад гэтага часу асаблівая ўвага звернутая была на праваслаўныя багаслужбы па аддзелах арміі, дзе найлягчэй было выявіць беларусаў. Хапала адно прыслухацца да гутаркі ці польскага акцэнту, каб пад вайсковай вопраткай адшукаць беларускае сэрца. Выяўленне беларусаў шпарка йшло наперад.
Транспарт «Беларускіх Навінаў» з Парыжа дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозілі іх па аддзелах. Намагаліся абмінаць «двойку» й вайсковую пошту. Карысталіся цывільнымі адрасамі прыязных італьянцаў. Якая ж велізарная была радасць атрымаць свежую беларускую газету, асабліва для тых, хто, прайшоўшы праз Сібір і бальшавіцкае пекла, не мелі нагоды чытаць па-беларуску ад 1939 года.
Мацавалася, расло й буйнела, такім чынам, на чужыне першае арганізаванае беларускае цела. Адно не ставала яму афармлення, якое прыйшло крыху пазней з пераездам у Вялікую Брытанію.
Падарожжа Сымона Спарыша
і
Звяз «кар’ераў» чацвёртае роты семнаццатага батальёна размясціўся ў багатага фермера. Часць войска начавала ў вялікім і пустым, прыбудаваным да хаты, трысцене. Іншая памяшчалася ў палатках. Дзякуючы празорлівасці колькіх жаўнераў, што яшчэ пад час акцый на фронце панацягалі таго-сяго з розных хатаў ды вазілі ў «кар’ерах», пасцеляў і іншага гаспадарскага дабытку было ўволю. У гэтым жаўнеры звяза былі больш шчаслівыя, чымся тыя, што не мелі свайго транспарту. Усё, што не спатрэбілася самім, прадавалі.
Лячылі ваенныя раны. «Лячэнне ранаў» ужываем тут у пераносным значэнні. Як прыгадвалася раней, у звязе на фронце было адно чацвёра забітых. He было цяжка раненых, якія патрабавалі б медыцынскай і шпітальнай апекі. Лячэннем ранаў быў адпачынак. Трэба было перадыхнуць ад вялікай буры, якую кожнаму давялося перажыць, падзяліцца ўражаннямі, падмацавацца фізічна. Найбольш часу й трацілася на тое мацаванне. Хіба што й слова «мацаванне» не зусім трапнае, бо хіба ж людзі мацуюцца алкаголем? А яго ж якраз найбольш і спажывалася цяпер, дый не простага «б’янка» ці звычайнага фермерскага «россо», а розных лікёраў, што купляліся ў Балоны. У горад ездзілі часта, амаль штодня, бо за транспартам не было затрымкі. Адны ехалі пагуляць, іншыя тое-сёе прадаць на чорным рынку ды купіць напіткаў.
I грошай было ўволю. Пасля франтавой акцыі прыйшоў загад, каб усе падавалі свае матэрыяльныя страты з часу баёў. Пад «матэрыяльнымі стратамі» разумелася насамперш вопратка й абутак ды ўсякі вайсковы рыштунак. Гэтак кожны стараўся падаць як найбольшую лісту стратаў, якіх у сапраўднасці зусім не было. Наадварот, дзе як дзе, а ў звязе «кар’ераў» быў прыбытак. Багаж ваенных здабычаў, перавожаных з месца на месца з прычыны немагчымасці адразу іх збыць, уключаў такія рэчы, як дарагія хатнія дываны, сталовае серабро, розную біжутэрыю. Цяпер жа адкрывалася магчымасць прыдбання зусім новых і поўных камплектаў вайсковае вопраткі й абутку.
Кожны падаваў максімальны лік «страчаных» на фронце рэчаў. Камандзіры не толькі глядзелі на гэта праз пальцы,
але й самі тое ж рабілі. Выдаткі ж пакрываліся з кішэняў ангельскіх, а не польскіх падаткоўцаў. Дык і чаму ж не скарыстаць?
— Хіба ж не за іх ваявалі? Яны ж і так нас у Ялце Сталіну прадалі, здраднікі! — Гэтак апраўдваліся тыя, што наогул лічылі патрэбным знаходзіць нейкае апраўданне. Большасць жа без лішніх цырымоніяў і разважанняў проста карыстала з нагоды. Гэткім чынам таўсцелі кішэні італьянскіх спекулянтаў у Балоны й іншых гарадах, дзесяткі тысяч жыхароў Апенінскага паўабтока насіла «батледрэсы» й цяжкі вайсковы абутак, а жаўнеры мелі грошы на алкаголь і жанчын. Да таго ж і надта прыгожая (сказаў бы нехта — боская) пагода спрыяла таму «мацаванню». Як жа было не жыць!
Старэйшыя ваякі, што прайшлі праз ваенны агонь ад падноска ўверх па халявіне італьянскага бота, звычайна, пахмяліўшыся, прыгадвалі самыя розныя ваенныя прыгоды.
— Помніш, як нам горача давялося пад Порто Рэканаці? — пачынаў адзін, сербануўшы добры глыток алкаголю.
— А пад Осімо...— не заставаўся ззаду, каб выказацца героем, другі.
— Нідзе такога вы не бачылі, як мне ўляпілі пад Прэдапіё, калі я з «кар’ерам» папаў у самую гушчу швабскіх пазіцыяў...
— А ці ж вы забыліся пра Губіё?
Гэткім ладам пачыналася няскончаная тэма. Маляваліся самыя пікантныя дробязі баёў, якія маглі быць, і геройства, якога не было; ніколі ніхто не прыгадваў аб страху, які апаноўвае амаль кожнага жаўнера пад час вялікіх выпрабаванняў. Прыпісваліся сабе бязмежная адвага, хітрасць і вынаходлівасць. Расла слава ў меру пусцення алкагольных пляшак і множыліся тузінамі героі.
Звычайна пасля рэляцыяў аб ваенным геройстве пераходзілі да адвечна старой і вечна новай тэмы аб жанчынах. Тут ужо больш выхвалялі не геройства, а вытрываласць. Выхваляліся й параўноўвалі тыпы й прыгаство розных сустраканых не толькі ў Італіі, але і ў Афрыцы й Азіі жанчын. He ведаючы, хто гаворыць, слухач збоку мог бы ўявіць памылкова, што чуе гутарку нейкіх арабскіх шэйхаў ці пашоў — валадароў вялікіх гарэмаў. Аб якіх жа тонкасцях артыстызму кахання толькі не распавядалася!
Характэрнае палякам перабольшванне й перабіранне ва
ўсім меркі тут мела самыя цвёрдыя правы грамадзянства. Тое, што магло б быць недаравальным у іншых, скажам, мірных абставінах, тут прымалася за нармальнае й штодзённае. Як-ніяк гэтыя ж людзі, як прывыклі гаварыць у Беларусі, «не з аднае печы хлеб елі».
Пасля шматразовага паўтарання тых самых гісторыяў аб геройстве ды аб здабычах на фронце амораў па нейкім часе лгуны самі станавіліся першымі ахвярамі собскае маны. Былі ўжо няздольнымі адрозніць праўду ад хлусні, фактаў ад фантазіі.
П
Сымон Спарыш трымаўся ад «герояў» збоку. He тое каб не мог з імі зжыцца. Проста не лічыў патрэбным. Меркаваў, што ў роце быў часовым госцем, што будучыня прынясе нейкія магчымасці іншых выбараў — ці то прадаўжэнне цывільнае навукі, ці проста вайсковага шкалення. Людзі былі для яго чужымі як нацыянальнасцю, так і рознымі зацікаўленнямі.Тыя ж, убачыўшы, што хлапец быў маўклівы, звычайна павольны й задумлівы, вырашылі, што навічок быў проста нейкім дзіваком, і глядзелі на яго як на непрыналежнага да цяснейшай кампаніі. Іншыя, што менш ведалі Сымона — бо не маглі ж яго пазнаць за кароткі час сумеснага жыцця,— думалі, што юнак быў слабаадукаваны дый наогул маларазвіты. Прыблізна такога пагляду трымаўся й камандзір звяза. Быў гэта малажавы афіцэр, наскрозь франтавік. 3 жаўнерамі жыў па-сяброўску й адносіўся да іх больш як да калегаў, чымся як да падуладных. Магчыма, ад гэтых «герояў» і пераняў ён пагляд адносна Сымона.
Быў прыгожы вечар пад канец красавіка. Сонца хілілася на захад. Шмат хто з жаўнераў, як звычайна, асушваў пляшкі. Іншыя сядзелі пры фронце хаты ды назіралі, як фігурная гаспадарова дачка мыла пры калодзезі бялізну, гадаючы, чаму ў яе кароткая спадніца й ці лёгкія подзьмухі ветру падымуць яе наступным разам на пядзю ці дзве вышэй каленяў. Камандзір звяза вярнуўся з паездкі да камандзіра роты на суседняй ферме і, зайшоўшы ў трысцен, доўга гаварыў з людзьмі. Чуліся смех і жарты. Нейкі чароўны дзявочы галасок з грамафоннай кружэлкі, нядаўна прыдбанай Кашыбандам, захліпаўся мелодыяй раманса «Бона ноттэ».
Камандзір звяза паклікаў у трысцен Сымона.
— Прыйшоў загад вам ехаць у Ангельшчыну ў школу падхаронжых панцырнай зброі,— пачаў без ніякіх прадмоў афіцэр.
Сымон вытарашчыў вочы, глядзеў то на афіцэра, то на іншых падхмеленых сяброў і забыўся пра язык. У галаве мільганула думка, ці не наважыўся лейтэнант на які непрыемны жарт.
— Пане лейтэнант, вы не жартуеце? — спытаў нарэшце.— Я ж не прасіўся й не складаў заявы ў ніякую школу.
— Маеце сярэднюю асвету?
— Маю.
— Вось пісьмовы загад, што прыйшоў з батальёна ў роту, — пры гэткіх словах афіцэр падаў Сымону паперку,— захапіў яго, каб паказаць вам, бо думаў, што можаце не паверыць.
Юнак хуткім зрокам прабег змест паперкі. Памылкі не было. Ён, Сымон Спарыш, разам з нейкім Кіршнэрам меў першага траўня быць гатовы да выезду ў Ангельшчыну, каб паступіць на школу падхаронжых панцырнай зброі. Загад быў падпісаны камандзірам батальёна, згодна з загадам камандзіра брыгады. Развеяліся ў юнака сумлевы. Прачытаўшы, паволі палажыў паперку на стале перад лейтэнантам.	.
— Ну, як? Што вы на гэта?
— Што ж магу сказаць, пане лейтэнант... загад — загадам. Трэба будзе ехаць.
— Заўтра рыхтуйцеся ў дарогу. Загляніце да гаспадарчага падафіцэра. Ён скажа, што маеце з рэчаў здаць, а што затрымаць пры сабе. Пакіньце сваю зброю — яна вам больш непатрэбная.
— Так ёсць, пане лейтэнант! — адсалютаваў Сымон і выйшаў з трысцена. Спыніўся й задумаўся над такім нечаканым выпадкам, што мог змяніць усю ягоную вайсковую кар’еру.