Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Езавітаў, цяпер пазбаўлены Астроўскім свайго становішча, хацеў пакінуць Берлін, дзе сваю прысутнасць уважаў зусім бязмэтнай. Мроіў аб тым, каб далучыцца да бела-
рускіх аддзелаў у раёне Вайдэн каля колішняй чэшскай мяжы. Ясна, што ў гэткім стане здароўя не мог накіравацца ў вайсковыя аддзелы, дзе штодзённыя заняткі й розныя непрадугледжаныя выпадкі ў сувязі з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга райха вымагалі добрага здароўя.
— Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку,— гаварыў неаднойчы Езавітаў Шчорсу. Генерал меў на думцы ўцёкі ад бальшавікоў. Усходні фронт блізу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лініяй Одры й Нісы. Ад раёна Губэн, дзе былі перадавыя бальшавіцкія пазіцыі, да Фінстэрвальдэ было менш сотні кіламетраў — такую адлегласць танкавыя аддзелы маглі гуляючы прайсці за пару дзён. Нязменнасць Усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкія гутаркі аб нейкай новай, яшчэ зусім няведамай і жахлівай зброі — «вундэрвафэ», што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялікай меры спрычыніліся да таго, што генерал Езавітаў наважыўся выехацьу Фінстэрвальдэ на аперацыю.
Варта заўважыць, што Франціш Кушаль адраджваў генерала ад гэтага. Калі ж ужо Езавітаў настойваў, дык камандуючы БКА раіў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям’я, дзе было многа вайсковых шпіталяў і (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзіліся беларускія вайсковыя аддзелы з дывізіі «Беларусь». Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на Усходнім фронце. Усе зацікаўленыя, значыцца, перадусім Езавітаў, пасля ж — Шчорс і Кушаль, не маглі ведаць, што бальшавікі канчаюць сцягваць вялікія запасы ваенных матэрыялаў і прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясенні наступ для канчатковага разгрому гітлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзіў, што заўсёды існавала небяспека прарыву бальшавікамі Усходняга фронту й дзеля таго ў Фінстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна — больш мо нават, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Берліне. Генерал Езавітаў усё ж наважыўся мець аперацыю ў шпіталі, дзе працаваў Шчорс...
III
Генерал апераваны быў 15 красавіка 1945 года ў гарадскім шпіталі Фінстэрвальдэ. Дзесь на чацвёрты дзень пасля аперацыі бальшавікі пачалі генеральнае наступленне ў раёне
Губэн і Кюстрын. Весткі з фронту былі супярэчныя. Немцы цвердзілі, што бальшавіцкі наступ праваліўся. Адылі няшмат было наіўных, што ім верылі. Гарматны гул не толькі не сціхаў, але мацнеў і прыбліжаўся.
Лекар Мікола Шчорс, што пільна сачыў за пацыентам, меркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месце знаходзіўся ад’ютант Езавітава Яневіч, што быў амаль неадступным ценем генерала. Быў ён вучнем Езавітава з Латвіі. Між імі былі ледзь не сямейныя адносіны — як у бацькі з сынам. Пад рукою працаваў і знаёмы паляк, санітар і шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з варшаўскага шпіталя. Паляк належаў да тых, якім можна было давяраць.
Згодна з загадам нямецкіх уладаў, лекар Мікола Шчорс не мог пакінуць шпіталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратавання Езавітава трэба было шукаць іншых рук.
У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабілі. Лекар меркаваў, што адзін з іх можна для такой вялікай неабходнасці пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьці часова адсутнічаў. Гэткім чынам прыдбаўшы нямецкае аўта «ДКВ», давялося адно палагодзіць іншыя спешныя фармальнасці. Да іх належала перадусім выданне Езавітаву (на выпадак захопу яго бальшавікамі) фікцыйнага дакумента на прозвішча Я-га з Горадні. Пасведка была выпісаная на бланку Беларускага варшаўскага камітэта задняй датаю. Ясна, што генерал, як і Яневіч, што быў у мундзіры лейтэнанта, мелі дастаткова дакументаў для немцаў. Езавітаў быў у цывільнай вопратцы, а свой генеральскі мундзір трымаў у чамадане.
Два беларускія вайскавікі селі на заднім сядзенні. Паляк запусціў матор. Шчорс раіў ім ехаць проста на захад і нідзе не спыняцца. He трацілі шмат часу на развітанне, бо было надта трывожна. «ДКВ» хутка згубілася ў агульнай хвалі машын, што паўзлі далей ад агню з усходу.
Пару дзён пазней Мікола Шчорс і ягоная нарачоная ўзялі самакаты, запакавалі, што мелі найбольш неабходнага, на багажнікі й накіраваліся на захад. Кіламетраў сорак на паўдзённы захад ад Фінстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусім прыпадкова сустрэў на вуліцы Езавітавага ад’ютанта Яневіча. Той паведаміў зацікаўленаму лекару, што генерал знаходзіцца ў нямецкім палявым шпіталі ў гатэлі пад апекаю вайсковых лекараў. Мікола Шчорс наведаў той шпіталь і сцвердзіў, што ў пацыента
ў сувязі з нядаўнім пераездам наступіла загнаенне раны. Тэмпература даходзіла да 38 градусаў.
3 хірургічнага гледзішча загнаенне раны пасля аперацыі нейкім паважным ускладненнем не з’яўляецца: прадаўжаецца працэс гаення й канчальнага аздараўлення пацыента. Агульны стан здароўя Езавітава, як пераканаўся Шчорс, быў зусім здавальняючы.
Генерал Езавітаў і Яневіч паведамілі Шчорсу, што немцы паабяцалі іх вывезці ў той жа ці заўтрашні дзень з іншымі хворымі нямецкімі вайсковымі на поўдзень Нямеччыны. Шчорс у гэты час не ведаў, што бачыўся з Езавітавым апошні раз.
Ажно ў 1946 годзе, сустрэўшы Яневіча ў Нюрнбергу, лекар даведаўся, што ад’ютант пакінуў Канстанціна Езавітава на другі дзень пасля Шчорсавай з ім сустрэчы, некалькі гадзін перад прадугледжанай эвакуацыяй шпіталя. Яневіч запэўніваў, што пакінуў генерала згодна з ягоным жа ўласным жаданнем таму, што нямецкія ўлады адмовіліся ўзяць Яневіча, як поўнасцю здаровага чалавека, у санітарны транспарт.
Гэткім чынам лейтэнант Яневіч быў апошнім беларусам з Беларускае Краёвае Абароны, што бачыў Езавітава жывым і вольным. Што далей сталася — няцяжка ўгадаць, узяўшы на ўвагу, што Яневіч пакінуў генерала Езавітава ў апецы нямецкіх шпітальных уладаў 22 ці нават аж 23 красавіка. Больш чым праўдападобна, што перадавыя бальшавіцкія панцырныя калоны захапілі нямецкі санітарны транспарт, а ў ліку яго й Езавітава, у дарозе. Трэба прыгадаць тут, што мясцовасць, у якой Езавітаў быў затрымаўся ў палявым шпіталі, знаходзілася за нейкіх пяцьдзесят кіламетраў на паўдзённы ўсход ад места Торгаў над Эльбай, дзе перадавыя амерыканскія й бальшавіцкія танкавыя калоны спалучыліся 26 красавіка 1945 года.
3 вялікай насцярожанасцю аднесціся трэба да слоў Яневіча ў святле таго, што выйшла наяву зараз пасля сканчэння вайны. Амерыканская контрразведка ў Нямеччыне ўстанавіла, што лейтэнант Яневіч быў савецкім агентам. Арыштаваць яго не паспела, бо ўцёк. Такім чынам, найбольш праўдападобна, што Яневіч, да якога Езавітаў адносіўся, як бацька да сына, якому поўнасцю і абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавітаве, пакуль выдаў яго ў бальшавіцкія рукі. He выключана, што й сам Яневіч не пакінуў Езавітава колькі гадзін перад эвакуацыяй шпі-
таля з Эльстэрвэрдэ, як пазней казаў Шчорсу, а трапіў да бальшавікоў, а пасля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя інструкцыі, падаўся на Захад і знаходзіўся ў Заходняй Нямеччыне пасля вайны аж да часу, пакуль амерыканская разведка яго не асачыла.
Наступная й ужо апошняя вестка адносна долі генерала Езавітава была перададзеная па бальшавіцкім радыё дзесь напрыканцы 1945 года. Паводле яе, «здраднік беларускага народа й радзімы, фашыст Канстанцін Езавітаў быў засуджаны ў Віцебску на кару смерці праз павешанне, й прысуд быў выкананы».
Чаму якраз у Віцебску, а не ў Менску? Ці ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солі на свежыя балючыя раны, загубілі маскоўскія акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэння?
Гэткі фінал бурнага, працавітага й ахвярнага жыцця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народа. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленні таго, што яе можна было б пазбегчы, калі б не інтрыгі некаторых самалюбных і амбіцыйна хваравітых людзей. Дзякуючы ім Езавітаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небяспечным месцы на ваеннай шахаўніцы Еўропы — на шляху бальшавіцкіх панцырных калонаў, што як мага спяшылі на Эльбу, каб навязаць кантакт з перадавымі амерыканскімі аддзеламі.
Памінаючы ролю Яневіча, які з’явіўся адно дапаможным дзейнікам, каб даставіць генерала ў рукі Сталіна і ад якога, урэшце, апошнія падзеі на фронце не залежалі, нельга памінуць таго, што маральную адказнасць за згубу генерала Канстанціна Езавітава прыпісаць трэба прэзідэнту Беларускае цэнтральнае рады Радаславу Астроўскаму,які дзеля асабістых парахункаў замяніў генерала Езавітава на зусім прыпадковага чалавека, што нічога супольнага з беларускім вызвольным рухам не меў, на расейца — палкоўніка Шува-
лава.
Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амерыканцаў
і
15 красавіка 1945 года дывізія «Беларусь», папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколіцаў Ваергамэра на чэшскі бок Судэтаў. Пасля колькіх дзён прабывання там маёр Генэфельд папрасіў да сябе падпалкоўніка Кушаля й аб’явіў, што, згодна з загадам вышэйшага камандавання, войска мае заўтра на досвітку вымаршыраваць на поўдзень у кірунку Пассаў. Кушаль мае весці дывізію, і (таму што самаход забраў палкоўнік Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам жа маёр Генэфельд мусіць назаўтра з’явіцца ў вышэйшым штабе ды дагоніць дывізію пазней у дарозе.
— А куды ж дывізія перасоўваецца? — спытаў Кушаль.
— Я таксама ведаю, як і вы,— паціснуў плячыма Генэфельд.— Мне сказалі, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе.
Кушаль загадаў усім аддзелам, уключна з абозам, каб заўтра раніцою а гадзіне чацвёртай былі гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кірунку Пассаў.
Доўгая калона праходзіла паўз штаб дывізіі, дзе раней памяшчаліся немцы. Быў гэта вельмі прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалі з маршавае калоны, забягаліся ў будынак і пасля спешна даганялі сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзір заўважыў на фронце яго вялікую шыльду, на якой на чэшскай мове было напісана «Выгляды». Паводле знадворнага выгляду й размяшчэння «Выглядаў» можна было меркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя ці нешта падобнае.
Калі Кушаль загадаў фурману затрымаць коні й для цікавасці забегся ў вялікі, на колькі дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымі вачмі ў падвале з’явіўся наступны вобраз: сярод шматлікіх паразбіваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вінамі, а таксама разнаякай емінай (сыры, шынкі, цукар і хлеб) ледзь ківаўся на нагах падпіты палкоўнік Шувалаў, а побач яго — культурна-асветны й прапагандовы афіцэр БКА сп-р Лобік. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнік