Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Ёсць нешта над меру магутнае й натхняючае ў гуле й грымотах тысячаў чародных гарматных залпаў. Трэба ўявіць, што стрэлы былі настолькі густымі й частымі, што не было між імі ніводнага, хаця б найкарацейшага перапынку. Гул гэткі ўлівае сілу й падымае з пасцеляў фізічна аслабленых і вычарпаных старых жаўнераў, змушае іх да самых крайніх натугаў, улівае моц і дынамічнасць у змучаныя арганізмы, дэмаралізуе й паралізуе тых, што бароняцца.
Трэба мець сталёвую сілу волі й жалезныя нервы, каб, апынуўшыся пад такім ліўнем бомбаў і агню, ператрываць колькі гадзінаў, захаваўшы спакой і здольнасць супраціву.
Звяз і рота, да якой прыдзелены быў Сымон, былі ўчора адкліканыя з фронту й знаходзіліся ў адлегласці мо трох кіламетраў ад яго на хутары паблізу вёскі Санта-Лючыя. Адсюль франтавая лінія ва ўсходнім кірунку відаць была на дзесяткі кіламетраў.
Цікава было назіраць, як густая лавіна перамешанага з дымам сінявата-шэрага пылу хутка расла, буйнела ўшыр і ўвышкі ды паволі пасоўвалася ў паўдзённым кірунку. За пару гадзін яна зусім пакрыла паўночны небакрай, даплыла й густой павалокай апранула вёску Санта-Лючыя, замурзала, а пасля амаль зусім схавала сонца, што хілілася за грэбень Апенінаў.
— Але ж і даюць,— гаварылі жаўнеры з Сымонавага звяза.— Малайцы, што й гаварыць. Так ім і трэба! Лягчэй нам будзе,— і прамочвалі глоткі «б’янкам» з пукатых пляшак.
Бесперапынная артылерыйская кананада трывала больш дзвюх гадзін. Пасля парадзела, а эстафету пераняла танкавая й дробная пяхотная зброя. У гэты вечар фронт курыўся незлічонымі вялікімі й малымі агнямі. На адрэзку шматнацыянальнай Восьмай арміі праціўнік быў выкінуты з першых умацаванняў над Сэньё й іншых стратэгічных месцаў. Найбольш заўзята бараніўся ён пры асноўных дарогах. Страты на хаўрусніцкім баку былі нязначныя, на нямецкім — вялікія. Нават у гэту познюю пару вайны гітлераўскія фанатыкі заядла бараніліся, нягледзячы на вялікія ахвяры.
П
Сымонаў амуніцыйны Кіцынскі, паляк з Лодзі, быў навічком у польскай арміі. Прыйшоў з нямецкага боку не так даўно. У характары ягоным зазначалася так свойская палякам пыха, пабудаваная на зусім, здавалася б, нязначных дробязях, нонсэнсах. Здольны быў зрабіць з мухі слана, калі гэта была муха польская. Язык ягоны каментаваў усё навакольнае і, быццам тыя жорны ў дужай сялянскай руцэ, бесперапынна цёр рознае вотруб’е. Здавалася, што язык гэты й сам худаваты, сярэдні ростам, чарнявы Кіцынскі хацелі надрабіць тое, што давялося ім страціць за час побыту пад нямецкай акупацыяй.
— Глянь, глянь, якія танкі! Дзе швабам да нас цяпер дараўняцца! Няхай уцякаюць, бы тыя мышы пад мятлу! — захапляўся ён на трэці дзень, калі звяз рыхтаваўся да наступу на супрацьпаводны насып ракі Сантэрно, а танкі й людзі станавіліся на выхадныя пазіцыі ў занятай учора вёсцы.
Артылерыя пачала падрыхтоўчую атаку. Над самым насыпам ракі пікавалі ангельскія «спітфаеры», такія самыя, як помніў Сымон, што калісь так моцна дакучалі ім у Эльзасе. Адзін штурмавік шпурнуў бомбу ў бункер і, занадта знізіўшыся, раптам разляцеўся на кавалкі. Адбылося гэта ў адлегласці не больш паўкіламетра ад выхадных пазіцый пяхоты й танкаў.
— Пся крэў! Свая артылерыя самалёт збіла! Галганы еднэ! He бачаць, ці што?
— To не артылерыі, а самалёта віна. Ты чуў, што яны заўчора збамбардавалі перадавыя пазіцыі трэцяй Карпацкай дывізіі й забілі дзесяць людзей ды больш як паўсотні ранілі?
— To праўда?
— Але.
— Дык тады яму й варта.
— Як то яму? Гэты ж «спітфаер», пэўна, там не быў.
— He важна, быў ці не. Усё роўна ж гэта ангельцы палякаў пабілі.
— Але ж у цябе логіка, як у таго асла.
Самалёт разляцеўся на драбнюсенькія кавалачкі. Свой артылерыйскі снарад трапіў простым цэлам. Наступаючыя аддзелы, заняўшы пазней першы супрацьпаводны насып, знайшлі на ім вялікую выгаралую пляму і ў шматлікіх месцах адломкі металу. Нехта казаў, што адшукаў кавалкі стлелых касцей і нават шматок чалавечай скуры. Відаць, сам ладунак бомбаў брытанскага штурмавіка больш чым што спрычыніўся да катастрофы.
•— Паглядзі, пан, паглядзі! — штурхануў Спарыша Кіцынскі.— Хто гэта такія?
Група пераважна маладых мужчын праходзіла вуліцаю вёскі. Былі гэта апранутыя ў цывільнае італьянцы з белымі апаскамі на левых рукавах.
— Віва полякі! Віва лібэраторы! — крычаў адзін, махаючы капелюшом і скалячы зубы.
— А вы хто? — пытаўся Кіцынскі.
— Партызаны. Італьяны партызаны. Тэдэскі вія! Віва полякі!
Італьянец, як відаць, быў падпіты.
• — Ты скурчы сын! Ты такі партызан, што толькі ўмееш баб падшукваць ды віно прадаваць! — вурчаў Кіцынскі, быццам да яго толькі адносілася тое «віва лібэраторы».
Лейтэнант, камандзір звяза, паклікаў партызанаў і распытваўся пра нямецкія ўмацаванні, іх колькасць і іншае. Тыя самі не ведалі. Былі яны, відаць, прыфрантавыя партызаны — значыцца, такія, якім ніколі не думаецца партызаніць, аж пакуль вораг сам не ўцячэ. Ужо пасля прыходу вызвольнікаў начэплівалі на рукавы белыя павязкі й лічылі сябе калі не героямі, дык, прынамсі, баявымі людзьмі.
— Глядзі, калега, глядзі на гэтых герояў. He вузка табе прэзэнтуюцца скуррр...— таўхаў ізноў Спарыша Кіцынскі.
— Перастаў бы ты нарэшце малоць! Аж брыдка, яйбогу! — знецярплівіўся нарэшце Сымон.— Вечна быццам тая малатарня. Адкуль гэта ў цябе бярэцца. Ты ж ужо, напэўна, будзеш лепшым героем.
— Лепшым ці не лепшым, але ж не тое, што гэтыя макароннікі. За іх мы мусім кроў нашую польскую праліваць!
— Але ж ты й напраліваў ужо, жалься Богу. Ха-ха-ха! Хваліўся б хто пралітай крывёю, але ж не ты. Ха-ха-ха! — рагатаў Сымон.
— To ж я не аб сваёй гавару, вуйка ты,— бурчаў малы паляк, што, здаецца, аж прыгінаўся пад цяжарам шасці снарадаў. Відаць, «б’янка» затуманіла яму ў галаве. Шмат хто быў пад хмяльком, не выключаючы й Сымона. Ужо «партызаны» пастараліся пачаставаць не аднаго «лібэратара». ‘
Артылерыйская кананада скончылася або часткова была перанесеная на далейшыя пазіцыі праціўніка. Танкі рушылі ў наступ, а за імі й побач іх — пяхота. 3 супрацьпаводнага насыпу ракі Сантэрно там-сям адазвалася дробная аўтаматычная зброя. Танкі пару разоў спыняліся й абсыпалі пачарнелы ўжо ад агню насып градам куляў. Трушком перабягалі пехацінцы. Тры агнямётныя «шэрманы», спыніўшыся ў адлегласці каля сотні метраў ад насыпу, пусцілі наперад густыя чырванаватыя языкі полымя й лізалі імі ўзбочча й верх першага насыпу.
— Так ім, сукіным сынам! Так ім трэба, швабам праклятым! — каментаваў Кіцынскі. Быццам у адказ яму «шва-
бы праклятыя» з выдатнай рэгулярнасцю дзяўблі поле наступу з цяжкіх мінамётаў. Метраў за пяцьдзесят направа ад Сымона, зараз ззаду за «шэрманам», снарад трапіў у групу людзей. Пачуліся крыкі й енкі. З’явіліся санітары. Лежачы ніцма на насілках, чалавек сцякаў крывёю з вялікай, вырванай ззаду аж да нырак раны. Хвіліны ягонага жыцця былі палічаныя.
Першы супрацьпаводны насып выказваў адно спарадычны супраціў. Неўзабаве апошнія пункты ягоныя былі зліквідаваныя, й месцамі над акопамі загайдаліся на палках белыя рызманы. Наступаючыя ііадпаўзалі на пахілае ўзбочча. 3 малых акопаў паказваліся ўверх найперш верхнія канцы рук, пасля шлемы й чорнымі бародамі аброслыя, замурзаныя, худыя твары. У адным месцы чалавек намогся быў выкарабкацца з акопа, і ў той жа момант «томсан» абсыпаў яго дажджом куляў. Верхняя палова чалавека пахіснулася, уздрыгнула, рукі, быццам апаленыя, схапіліся за грудзі, і той, што хацеў быць палонным, носам занурыў у абсмаленую агнямётамі зямлю.
— He страляць палонных, лайдаку ты едэн! — крычаў афіцэр.— Што ты хочаш, каб кожны з іх змагаўся да апошняга патрона?
Самыя смялейшыя з наступаючых спрабавалі вылазіць на верх насыпу. 3 процілеглага насыпу чуўся грукат «спандава». Немцы трымаліся на другім баку. Тое, што не знішчыла артылерыя, не выбілі танкі, мусіла выкарчоўваць пяхота. Рэчышча рэчкі Сантэрно было вузенькае, але супрацьпаводныя насыпы па баках — шырокія. Адлегласць між іхнімі хрыбтамі сягала да ста метраў.
Найгоршы вораг наступаючага жаўнера — гэта нецярплівасць і нервовасць. У гэтым на собскія вочы мог пераканацца Сымон. Мо віною тут быў хмялёк у галаве. Здавалася вельмі непраўдападобным, каб цвярозы чалавек мог зрабіць так, як адзін з жаўнераў звяза. Цяжка было пасля, гледзячы на акрываўлены труп, у агні бою варажыць, якімі матывамі ён кіраваўся, калі раптам, падпоўзшы да самага верху першага насыпу ды асачыўшы на другім баку «спандаў», што, быццам гарохам, сеяў кулямі, ён устаў на цэлы рост і, нешта моцна крыкнуўшы, пачаў з «томсана» абсыпаць бункер, адкуль адзываўся «спандаў».
— Што ты робіш, вар’яце?! Кла-а-дзіся! — крычаў на яго звязовы. Ледзь паспеў падафіцэр скончыць заглушаную стрэламі перасцярагу, як з процілеглага берага пачуўся гру-
кат другой серыі «спандава». Неразумны польскі кулямётчык ад вялікага болю здрыгануўся ўсім целам ад галавы да ног, рукі выпусцілі «томсан». Чалавек скурчыўся й пакаціўся ўніз па даволі стромым насыпе, прыціснуўшы рукамі залітыя крывёю грудзі. Два жаўнеры падскочылі да яго ў часе перадсмяротных сутаргаў. Збялелы, стогнучы, варушыў яшчэ вуснамі й нешта стараўся сказаць, але не мог, а ў адкрытых вачах адлюстраваўся неспадзяваны жах. Быў гэта той самы кулямётчык, што пару хвілін таму застрэліў немца, які з паднятымі рукамі вылазіў з акопа, каб стацца палонным.
III
— «П’ят»! Давайце сюды «п’ят»! — клікаў Сымона камандзір звяза.— Там! Бачыш? — паказваў пальцам, падпоўзшы да самага верху насыпу, афіцэр.— Гэты бункер.
— Так ёсць, пане лейтэнант. '
— Пачастуй іх.
На насыпе з другога боку рэчкі Спарыш заўважыў прыкрыты зверху абсохлымі ўжо зялёнымі галінкамі невялікі бугор. Крыху ніжэй чарнелася падоўжаная адтуліна.
— Уважай! He вылазь занадта наверх! — перасцерагаў камандзір. Сымон на жываце ад’ехаў крок назад і выставіў правую руку да Кіцынскага:
— Давай хутчэй снарад!
3 металёвай пушкі, з верхняй кішэні «батледрэсу» выцягнуў доўгі, на сантыметры тры, запальнік і завастрыў бомбу. Рыжа-чарнявы насып, спечаны нядаўна танкавымі агнямётамі, курыў яшчэ карэньчыкамі травы. Моцна пякло зверху сонца. Левым рукавом Сымон выцер з ілба пот, што заліваў вочы, і паставіў на ножку «п’ят», вызначыўшы адлегласць на шэсцьдзесят метраў. Прыклад кароткай стрэльбы моцна таўхануў правае плячо, што адчувала яшчэ ранейшы боль. Снарад разарваўся, не далятаючы да бункера, крышку направа ўніз.