Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Праўда, канал не быў пярэдняй лініяй хаўруснікаў. Наперадзе былі аддзелы пяхоты. Усё-ткі, калі б пайшло на благое, калі б разбушаваў артылерыйскі агонь, італьянцы маглі б пацярпець не толькі маёмасцю, але й жыццём. Немцы ж ведалі, што войска з гэтага боку часта памяшчалася ў дамах ці іншых сялянскіх будынках. Жаўнеры неахвотна сядзелі пад голым небам, хіба ў выпадку крайняй патрэбы.
Маючы пад бокам цывільных, Сымон назіраў за іхнім жыццём. Гэта быў вялікі кантраст у параўнанні з жыхарамі паўдзённай Італіі. Зямля была ўраджайная, багатая садамі, вінаградам, пшаніцаю, гароднінай. Калі на поўдні ўсюды свяцілася бяда, дык тут нават і цяпер, пад час вайны,— дастатак. Даліна По правільна ўважалася свірнам перанаселенай Італіі. Яе найлепш можна было б прыраўнаць да вядомай ужо чытачам Эльзаскай раўніны.
Перастрэлка на фронце была слабая. 3 нямецкага боку актыўнасць была мінімальная. Часамі прыляталі на паўдзённы бок міны, радзей — артылерыйскія снарады. Шмат з іх не дэтанавала. Факт гэты тлумачыўся тым, што ў нямецкіх фабрыках было шмат чужых і варожых немцам работнікаў, якія займаліся сабатажам. Людзей, такім чынам, усцераглі ад калецтва й смерці. 3 боку хаўруснікаў артылерыя была даволі актыўная. У кожны ясны й пагодны дзень над лініяй фронту бурчэў у паветры маленькі двухкрылы самалёт-разведчык. Там артылерыйскі назіральнік, звычайна афіцэр, дакладна сачыў за непрыяцелем і па радыё інфармаваў артылерыйскія пазіцыі. Немцы баяліся ўдзень выкарыстоўваць сваю старанна замаскаваную цяжэйшую артылерыю, трывожачыся, каб двухкрылы назіральнік не асачыў яе.
На другі дзень, калі Сымон і Кашыбанда вярнуліся з
варты, стары італьянец выйшаў з хаты й папрасіў іх на спагеці.
— Прэго, сіньёры, прэго! Манджарэ спагеці,— цягнуў нізенькі чарнявы гаспадар у хату.
— Аспэто! — затрымаў яго Кашыбанда.— Ты маеш ахвоту на спагеці? — пытаўся Сымона.
— He ведаю. Ніколі не еў. Што гэта такое?
— Нешта падобнае да макаронаў, толькі надта даўгое й круглае. Хадзі, зараз пабачыш.
За даўгаватым сталом сядзела ўжо цэлая сям’я — матка, дзве дачкі й дзяцюк. Адна дачка была ў дваццатых гадах — чарнявая, круглаватая, вельмі прыгожая, іншая — падлетак. Побач старэйшай сядзеў дзяцюк.
Калі селянін прывёў двух жаўнераў, гаспадыня, быццам тая квактуха, усхапілася й забегала па хаце. Каля печы наладавала дзве талеркі горбамі спагеці, якія зараз жа апынуліся на стале перад гасцямі.
— Прэго, прэго! — паказваў гаспадар на крэслы. .Хлопцы селі.
Сымон прыглядаўся да залітых памідоравым соусам, пахучых спагеці, што тоненькімі сувоямі расплыліся па талерках. «Як жа іх есці гэткім відэльцам?» — думаў юнак, сочачы за іншымі. Італьянцы чаплялі на канцы відэльцаў па колькі столак тоненькіх спагеці, пасля паволі круцілі цаўямі, аж пакуль не нарасталі на іх тоўсценькія клубкі, якія паважна неслі ў раты й спажывалі. Кашыбанда без лішніх слоў узяўся за яду. Зусім нядрэнна даваў сабе раду. Адно ў Сымона чырванаватыя й слізкія, быццам тыя чэрві, спагеці ніяк не хацелі накручвацца й трымацца. Як ні стараўся, відэлец заставаўся пусты. Меркаваў, што ці не лепш было б пасеч іх на кавалкі, каб былі карацейшыя, ды пасля ўжо, неяк падчапіўшы, у рот данесці. Хлапцу было вельмі нязручна, тым больш што італьянцы прыглядаліся да ягонай бяздарнасці.
3 процілеглага боку стала свяціліся, здавалася, з лёгкай усмешкай, цёмныя й прывабныя прамяністыя вочы. Сымону раней не было калі ўважней прыгледзецца да гэтай прыгожай дзяўчыны. Цяпер жа, седзячы зусім насупраць яе цераз стол, адчуваў, як нешта заказытала ў ягоных грудзях пад зялёным «батледрэсам». Сачыў за ёю больш, чымся за ейным суседам. Чамусьці здалося яму, што дзяцюк гэты мае на дзяўчыну нейкае права, пэўна ж, ён не брат, бо неяк і не па-брацку сядзеў побач, і беларус ужо падсвядо-
ма пачаў зайздросціць яму, а можа, й не любіць італьянца.
Са спагеці нічога не выходзіла. Дзяўчына, заўважыўшы хлапцову нязручнасць, перапрасіла, падсунула ягоную талерку на сярэдзіну стала, узяла відэлец і спрактыкаванаю рукою накруціла на яе вялікі клубок.
— Грац’я,— адказаў збянтэжаны хлапец і аж крыху пачырванеў, стараючыся нешта дагледзіць у цёмна-прамяністых вачах.
— Ваша дачка? — запытаўся ён, пасмялеўшы, у селяніна.
— Дзве дачкі,— адказаў, выцершы рукою вусны, італьянец.-— А гэта Джузэпэ — нарачоны Анджэліны.
Сымон столькі ведаў італьянскай мовы, што зразумеў.
— Нарачоны? Дык скора вяселле будзе?
— Пасля вайны, як скончыцца вайна,— паспяшыла на дапамогу маці.
Кавалер паглядзеў на Анджэліну, быццам на які ласы кавалак. У тым паглядзе свяцілася нецярплівасць няведама якога доўгага чакання й няпэўнасць адносна няведамага канца вайны.
— Але ж які вы бландзін! Якія прыгожыя маеце блёнд валасы! — выказала сваё здзіўленне, гледзячы на Сымонаў чуб, Анджэліна.
— А вас, італьянцаў, няма бландзінаў?
— Ёсць,— усміхнулася дзяўчына,— толькі маляваныя.
— Ты ведаеш, браце,— сказаў да Сымона, канчаючы свае спагеці, Кашыбанда,— хутчэй мы іхнія ўсе бочкі асушым, чымся ў іх вырасце бландзін. Як Бога кахаю.
Пасля гэтага, не зважаючы на іншых, наліў са шклянога графіна шклянку «б’янка» й вялікімі глыткамі прапаласкаў спагеці.
— Мольто грац’я, сіньёры,— дзякаваў, устаючы, Кашыбанда, а за ім паспяшыў і Сымон.— Спагеці мольто боно.
— Прэго, сіньёры, прэго,— падняўся з крэсла гаспадар.
— Арывідэрчы,— развіталіся жаўнеры й пайшлі вылежвацца на сонцы.
V
Прыйшоў загад у звяз «кар’ераў» даць пяць чалавек на падмацаванне перадавога абароннага пункта (ПАП) на левым фланзе роты. У лік вызначаных трапіў і Сымон.
— Запрагай каня! — крычалі Прануку жаўнеры.
— Конь запрэжаны. Сядайце! Хочаце, дык да самых швабскіх бункераў давязу.
Пранук Бонк, як і заўсёды, быў падпіты. Калі ўсе ўселіся, пусціў у рух матор і, ад’ехаўшы з паўкіламетра назад, разагнаў борзды «кар’ер» на поўную хуткасць. Густы пыл курыў па польнай жвіровай дарожцы. Праехаўшы мо кіламетр на захад, зусім не змяншаючы хутчыні, крутой дугой павярнуў направа. Мясцовасць была тут болып узвышаная, і, прыгледзеўшыся ўважней, льга было спасцерагчы воддаль насып над Сэньё. Пяцёрка сядзела на «кар’еры», выпрастаўшыся на поўны рост. Раптам з нямецкага боку праз гул матора пачулася густая траскатня аўтаматычнай зброі. «Кар’ер» уміг спыніўся, а ездакі, быццам тыя галовы качаноў, пакаціліся ў бочную канаву.
— Ты, вар’яце! — крычаў нехта.— Чаго ты прэш? 3 глузду з’ехаў?
— Як то — чаго прэш? Чым вальней, тым ім лягчэй узяць на прыцэл.
— Ўсе цэлыя?
У адказ з нямецкага боку пачуўся працяжны й дэмаралізуючы рогат «спандаву», а кулі завішчэлі навокал пустога «кар’ера». Шасцёрка яшчэ мацней прыліпла да зямлі неглыбокай прыдарожнай канавы. Ясна было, што немцы добра асачылі «кар’ер».
— Давайце паўзём на гэну руіну. Чакайце яшчэ, забярэм рэчы з воза!
Метраў дваццаць налева ад дарогі тырчаў мураваны шкілет фермы. Да ПАП было ўжо недалёка, але «кар’ерам» неяк было далей ехаць. Трэба было перачакаць агонь.
— Ты, Пранук, перачакай тут, пакуль спыніцца агонь, ды давай назад, а мы ўжо дойдзем,— загадаў Бонку яфрэйтар.
— О’кэй, давайце.
Яфрэйтар асцярожна ўспоўз ззаду на «кар’ер» і па хвіліне пачаў адтуль шпурляць клункамі й зброяй у канаву.
— Бярыце ды паўзіце за гэныя сцены.
Лішнім было паўтараць. Хуткімі перабежкамі пяцёрка неўзабаве апынулася за сцяной разбітага дома. Успелі ў добры час. Адно прыселі за сцяной, як паблізу скалатнулася зямля, і колькі чарговых артылерыйскіх снарадаў падняло ўверх стаўбуры мяккай чорнай зямлі.
— Скурррррр... сыны! — лаяўся адзін з тых, што схаваліся.
Спрактыкаванае вока магло ацаніць, што немцы ўстрэльваліся ў «кар’ер». Пасля двух снарадаў па баках і аднаго ззаду цяпер мусіў прыляцець наступны, які меў папасці ў мэту. Гэтак звычайна артылерыст трапляў у малы нерухомы аб’ект чацвёртым снарадам, а больш. спрактыкаваны мог рызыкнуць і трэцім. Чацвёрты не трапіў. Выкапаў вялікую яму метры два спераду «кар’ера» і абкідаў зямлёю ды асколкамі машыну й канаву. Пяцёрка з-за сцяны прыглядалася з затоеным дыханнем. Цікавіліся, ці паранены быў Пранук, што застаўся ляжаць у канаўцы побач воза. Як быццам у адказ ім, з канавы найперш паднялася Пранукова галава, а пасля й тулава. Хуткім крокам скочыў на «кар’ер», мяркуючы, мусіць, што хутка запозна будзе ратаваць. He ўспеў ускарабкацца, як з нямецкага боку зарагатаў «спандаў». Пранук уздрыгнуў, застагнаў, і бязладнае цела звалілася перад гусеніцамі спераду.
У адказ пачуўся ледзь чутны стогн.
— Пся косць, на чорта яму той воз, чаму не ляжаў! —: каментаваў адзін за сцяной.
Яфрэйтар маланкай перабег ад сцяны да «кар’ера». Прылёг і памацаў рукою параненага. Пасля колькіх хвілінаў ён ірвануў назад, і амаль у той самы момант, як дабягаў да сцяны, снарад шарпануў па «кар’еры», які ўміг ахапіла полымя й дым, Тыя, што хаваліся за сцяной, ужо не мелі патрэбы пытацца, ці жыве Пранук Бонк.
— Пся крэў! Скурр... сыны! — вылаяўся зноў яфрэй-. тар.— Давайце наперад, бо зараз і па нас зачнуць!
Пяцёрка трушком і перабежкамі кінулася наперад. 3 гэтага боку адазваліся гарматы й мінамёты. Дрыжала й калыхалася залатое вясенняе, напоўненае смяротнымі зыкамі паветра.
VI
Асноваю перадавога абароннага пункта, куды з’явілася пяцёрка, была вялікая мураваная хата. Вокны з паўночнага боку былі пазакладаныя мяшкамі з пяском. У кутах мура павыбіваныя былі адтуліны дастатняй велічыні, каб нагля* даць поле абстрэлу. 3 іх тырчэлі цёмна-шэрыя рулі цяжкіх кулямётаў браўнінгаў. Два былі на першым, а адзін — на
другім паверсе. Нанач варта ўзмацнялася — адзін трымаў старожу ззаду хаты, а другі — на першым паверсе дома спераду. Узброеныя былі ручнымі аўтаматамі «томсанамі». Камандзірам ПАП быў сухі ў твары, высокі й тонкі, у трыццатых гадах звязовы падхаронжы. Меў дванаццаць чалавек пад сваёй камандай.
Ззаду хаты, на метраў пяцьдзесят воддаль, стаяў пусты хлеў і свіран, побач яго — абрэзаны навокал даволі тонкі ўжо, але высокі стог саломы. Гэты ПАП больш быў умацаваны, чымся суседнія. Рака Сэньё рабіла тут дугу, й нямецкія пазіцыі больш былі высунутымі ў глыб польскае лініі, чымся ў іншых месцах. Да варожых пазіцыяў было адсюль каля трох сотняў метраў. 3 паўночнага боку хаты, зараз каля яе, раўналегла да абароннае лініі бегла міжхутарная дарога. Цяпер яна не ўжывалася. Адно начамі хадзілі па ёй патрулі. Згодна з іхнімі апавяданнямі, немцы часта падкрадаліся да самых польскіх пазіцыяў. Ночы былі найбольш небяспечныя. Удзень абодва бакі абмяжоўваліся лёгкімі перастрэлкамі з мінамётаў, аўтаматычнай ручной зброі й зусім рэдка з артылерыі.