Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Хлапец быў маленькай незаўважнай пешкай, якому дзесьці ў будучыні на нейкім адрэзку жыцця прыйдзецца выканаць нейкую сваю, для яго асаблівую ролю. У гэтым не меў сумлеваў. Абы захаваць жыццё. А цяпер? Што ж цяпер? Няхай кідаюць і топчуць. Як бы ні тапталі, а ўжо ж зусім не стопчуць. Тапталі ж і раней, дый не такія таптуны. Цяпер дык хоць па-людску кормяць і апранаюць, хаця фізічна не прыходзіцца цярпець нястачаў. А абавязкі ж, якія б яны ні былі, выконваць трэба. Аб тым, што штучна прычэплены да гэтага чужога цела, з якім ніколі не зможа зрасціся, думаць шкада было. Даўно й безліч разоў раней ужо думаў і паставіў кропку над «і».
Думкі нейкімі незвязанымі абрыўкамі мітусіліся ў галаве. Прыслухоўваўся да заядлай страляніны на яўрэйскім адрэзку, пільна ўглядаўся ў вялыя цені садовых дрэў і час ад часу пазіраў на ясны поўны месяц, што, зда-
валася, маестатычна й абыякава дзівіўся пробліскам агню на халявіне італьянскага бота. Сымон нагнуўся й прыкурыў папяроску. Трымаў яе ў жмені, каб, барані Бог, хто-небудзь зводдаль не заўважыў. Ніколі ж нельга было быць пэўным, што адна ці другая пара вачэй не прытаілася дзесь за зеленню.
За сцяной ледзь чутны быў шоргат ног і гоман прыцішаных галасоў. У задніх дзвярах зашастала вопратка, прыклад нечага аўтамата стукнуў аб аўшак, і Сымон заўважыў тры постаці. Крокаў амаль не было чуваць. Абутымі былі ў лёгкія гумовыя спартовыя атопкі, каб у выпадку патрэбы ціханька, быццам тыя цені, падкрасціся да пазіцыяў праціўніка ды, калі собіць, і ўцячы барзджэй. Трохасабовы патруль, трымаючы напагатове аўтаматы, асцярожнымі крокамі абышоў хату й схаваўся за вуглом.
Сымона ні разу не высылалі яшчэ на начны патруль. Цяпер жа ён пачаў думаць, як чуўся, калі б яму давялося ісці ў ліку тых трох, на якую б выстаўляў сябе небяспеку. Шнурок ягоных думак быў раптоўна абарваны сухім і густым трэскам нямецкага скарастрэлу «шмайсара» з пярэдняга боку ПАП. Пару часінаў пасля прыляцеў адтуль нечы крык, і з-за вугла выбеглі тры жаўнерыпатрулёўцы. Адзін з іх трымаў сціснутую вышэй локця левую руку. Ледзь успелі ўбегчы ў хату, як цэлы ПАП з пярэдняга боку ажывіўся цяжкім грукатам усёй аўтаматычнай зброі. Два браўнінгі знізу й адзін зверху ды пара ручных скарастрэлаў сеялі жалезным дажджом па агародзе, вінаградніках і садовых дрэвах спераду. 3 хаты выбег камандзір звяза і, прабегшы каля Сымона, прысеў за яблыняй ды пусціў у кірунку немцаў яркую асвятляльную ракету. За ёй — другую й трэцюю. Пасля пабег назад.
Страляніна трывала хвілін дзесяць. Аўтаматчыкі, заўважыўшы, што спераду, адкуль нехта пусціў пару серыяў са «шмайсара», не было ніякага водкліку, далі адпачыць нагрэтым аўтаматам.
Ужо на світанні два чалавекі высланы былі агледзець поле спераду хаты. Прынеслі назад два панцырфаўсты, адзін «шмайсар», колькі стрэльбаў і гранатаў. He знайшлі забітых ані раненых немцаў. Паводле іхняга апавядання пра пазіцыі, дзе знайшлі нямецкую зброю, можна было ўявіць наступнае: вялікі нямецкі патруль, чалавек дзесяць ці больш, падкраўся да ПАП. Немцы йшлі вужом ля шэрагу вінаградных кустоў, маючы на мэце акружыць і знішчыць ПАП. Аб гэтым
сведчыла раскінутая дугой на траве зброя. Праслухаўшы такі рапарт, звязовы падхаронжы пацерабіў галаву.
— Бачыш, дрэні, ледзь нас не накрылі.
— I як то яны падпаўзлі зусім так незаўважанымі.
— Добра сталася, што наш патруль у той час выйшаў.
— I яшчэ як добра.
He было найменшых сумлеваў, што калі б патруль выйшаў на пару хвілін пазней... але тады зусім не выйшаў бы. Два панцырфаўсты замянілі б хату ў вялікае полымя. Ім дапамаглі б гранаты. Калі б немцы заатакавалі згодна з планам — можна было надвое варажыць, ці ўратаваўся б хто з ПАП.
Два дні пасля з нямецкага боку прыйшлі два жаўнеры. У палон з’явіліся самахоць, бачачы бессэнсоўнасць безнадзейнага змагання. Ад іх палякі даведаліся, што дваццаціасабовы патруль, заданнем якога было знішчэнне ПАП, з вялікім перапалохам уцёк з-пад граду агню. Было трое раненых. Камандзір яго, нейкі фельдфебель, у сваёй справаздачы казаў, што па дарозе трапіў неспадзявана на засаду, што мусіў як мага ўцякаць, нават зброю пакінуўшы.
IX
На працягу сакавіка й пачатку красавіка хаўрусніцкія аддзелы папаўняліся рэзервамі людзей і матэрыялаў. Асфальты гладкіх дарог угіналіся пад цяжарам шматтонных вазоў, калечыліся гусеніцамі танкаў. З’явіліся дадатковыя сотні цяжкіх і лёгкіх гарматаў, танкаў, кулямётаў, амуніцыі, тысячы новых людзей. Ярка-зялёныя галінкі садоў хавалі замаскаваныя даўгія й тоўстыя жаролы артылерыі, што неўзабаве агнём і жалезам мела змяніць карту Апенінскага паўабтока.
Калоны ангельскіх танкістаў пры дарозе спынялі свае «чэрчылі» й «кромвелі», каб не правароніць «ты тайм» (гарбатны перапынак). Вайна ці мір, а жыхар Ёркшыра ці Ланкашыра трымаўся сваіх звычак і традыцыяў. Вылазіў з пяцідзесяцітонных стальных пудзілаў, распальваў польны прымус і спажываў гарбату з малаком і бісквітамі. Цяпер жа й перашкодаў не было: двухкрылыя машыны маршала Герынга з недахопу паліва ржавелі на паўзнішчаных лётнішчах, а хаўрусніцкая авіяцыя была поўным гаспадаром неба.
Семнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады сабраўся ў вялікім тэатры места Фаэнцы. Камандзір батальёна гаварыў аб дысцыпліне, п’янстве, венерычных хваробах, карным кодэксе. Гаварыў аб неабходнай жаўнерскай маралі, аб тым, што Андэрсаў корпус стаіць напярэдадні апошняга бою. Хутка мае распачацца наступ, што выкіне гітлераўцаў з паўдзённага боку Альпаў. Камандзір гаварыў, што ў немцаў, паводле здабытых разведкамі вестак, бракавала алівы да гарматаў, паліва, харчоў, медычных прыпасаў, амуніцыі, транспарту, людзей. Камандзір запэўніваў, што дарога ад Сэньё да Балоны будзе шмат лягчэйшай, чымся тая, якой прыйшлі яны на поўнач ад падножжа італьянскага бота.
Жаўнеры слухалі й напаўнялі вялікую тэатральную залу густым блакітным дымам сотняў цыгарэтаў. Што ж ім? Так ці інакш пачатае давядзецца скончыць. Хоць Сталінавы янычары ўжо панавалі ў Варшаве й Кракаве, хоць колішняя мэта — вольная й незалежная Полынча — даўно пахаваная была ў кучы ялцінскіх папераў, хоць зніклі й спапяліліся тысячы надзеяў, дарма страчаны дзесяткі тысячаў маладых жыццяў — пачатае трэба скончыць.
На гэнай зборцы Сымон не дашукаўся сваіх найбліжэйшых сяброў — Кастуся Дзежкі й Віктара Караткевіча. Згодна ранейшага загада, паехалі яны на кароткатэрміновыя курсы дзесь у паўдзённую Італію. Туды ж накіраваўся й Аляксандр Лабун. Сымонава паспяховая здача экзаменаў у Сан-Базыльё спрычынілася, мусіць, да таго, што быў пакінуты на фронце. Апошнімі днямі прыдзелены быў да трэцяга звяза свае роты, дзе з менскіх сяброў знайшоў Ялонскага й Ялушэвіча. Было крышку весялей — усё ж час ад часу колькімі роднымі словамі з другімі перакінуцца можна будзе.
Спарыш атрымаў «п’ят» і двух амуніцыйных на помач. «П’ятам» называлася кароткая, на метр даўжыні, супрацьтанкавая стрэльба. Дакладней кажучы, цяжка было назваць яе стрэльбай. Трэцюю частку даўжыні складаў паўадкрыты кодаўб, куды заладоўвалася шасціфунтавая бомба. У даўгі й вузкі нос бомбы ўкладаўся запальнік, і яна тады называлася завостранай, а сама аперацыя — вастрэннем бомбы. Другой часткай «п’ята» была даўгаватая, мо на сантыметраў дзесяць у дыяметры труба, закончаная паўкруглым прыкладам. У сярэдзіне металёвай трубы была доўгая й тоўстая пружына, якая пры націску курка пускала ў рух адбой, што дэтанаваў капсуль таўставатага патрона ў хвасце бом-
бы. 3 «п’ята», пастаўленага на кароткай ножцы, стралялі лежачы. Меў максімальны засяг на сто дваццаць метраў, але толькі на дзевяноста метраў стралец мог мець шансы трапіць у мэту. Пры выстрале прыклад «п’ята» з вялікай сілаю таўхаў у плячо, а паўадкрыты кодаўб, у якім ладаваўся снарад, зусім не заглушаў дэтанацыі патрона.
Неяк у адзін дзень, пры баявых практыкаваннях з «п’ятам» недалёка ад франтавой лініі, Сымон выстраліў дваццаць адзін снарад. Пасля гэтага, асабліва ж пасля начнога адпачынку, надта разбалелася правае плячо. He мог без болю паварушыць рукой, а ў вушах шумела й звінела цэлыя наступныя тры дні. Адылі й да гэтага трэба было прывыкаць.
«П’ят» важыў звыш трыццаці фунтаў. На час акцыі прыдзялілі Сымону двух амуніцыйных. Кожны з іх меў насіць па шэсць снарадаў. Ляжалі яны па тры штукі ў кантэйнеры, што меў палатняны пасак дзеля перавескі цераз плячо. Калісьці ў трыццатай дывізіі на эльзаскім фронце вартаваў Сымон у акопах з нямецкімі панцырфаўстамі, цяпер жа быў таксама супрацьтанкавым стралком з ангельскім «п’ятам». Паўставала адно пытанне, ці будзе ў што страляць, ці мелі немцы на фронце танкі, а калі мелі, дык ці было паліва й аліва для іхняга ўжытку? Сымон пацяшаў сябе, што неабавязкова страляць у танкі; не толькі можна, але, пэўна ж, і трэба будзе знішчаць кулямётныя гнёзды ў бункерах, акопах ці мурах. Для гэтага ж «п’ят» надаваўся зусім не горш, чымся для ліквідацыі панцырнай зброі.
Наступ між цвітучых садоў
і
Цудоўны сонечны вясенні дзень 9 красавіка 1945 года запачаткаваў апошні раздзел хаўрусніцкай ваеннай кампаніі ў Італіі. Неўзабаве пасля абеду блакітнае бясхмарнае неба загрымела тысячамі цяжкіх ангельскіх і амерыканскіх бамбавікоў. Яны плылі на поўнач, каб знішчыць пульс жыцця ворага: пусціць з агнём ваенныя склады, чыгуначныя станцыі, раскідаць і спапяліць канцэнтрацыйныя пункты армій фон Кесельрынга...
У праменнях мякка-цёплага й вясёлага вясенняга сонца ззялі смертаносныя магутныя птушкі, напаўняючы жыццядайнае неба злавесным рэхам маторных грымотаў. Іх былі сотні, а мо тысячы. Плылі роўненька й паволі. Здавалася, што ніякая сіла не здольная змяніць іхняга курсу, перашкодзіць ці не апошняму ўжо падарожжу туды, дзе пасеюць смерць’і руіны. Сымон ніколі ў сваім жыцці не бачыў столькі самалётаў. Помніў нямецкі наступ на ўсход. Тады таксама немцы амаль закрывалі неба. Але з цяперашнім не было параўнання. Здавалася, што ўся плошча неба была занятая, кожная вышыня над зямлёю раўла тысячамі матораў.
3 жаролаў дзесяткаў тысяч гарматаў ад Генуйскай затокі да Адрыятычнага мора артылерысты здымалі маскаванні й ахоўныя чахлы. А трэцяй гадзіне прыйшоў сігнал, і хвалістая стужка хаўрусніцкай лініі пачала шпурляць сталлю й полымем на поўнач. Крышыліся аслабленыя нямецкія ўмацаванні, пражылася зямля, й ападалі ў магутным дрыжэнні кволыя пялёсткі кветак у цвітучых садах. Дбайлівая й працавітая пчолка, збіраючы мёд, губіла шлях у свае вуллі, слабы матылёк сляпіўся пылам і дымам з раздзіраных грудзей зямлі. Здавалася, што сатана раздзьмухаў усе вогненна-знішчальныя моцы пекла.