Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Ill
Дзве пары прабылі палонныя ў пустой фабрыцы й на трэці дзень пехатой былі накіраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымаліся на вялікім школьным панадворку. Тут жа былі ўжо ўсе палонныя афіцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывільным адзенні загадаў сваім людзям пры дапамозе палонных афіцэраў перапісаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў і ўкраінцаў як быццам і не было.
Выглядала, што французы мелі наўвеце дзяржаўную прыналежнасць, а не нацыянальнасць. Гэткі загад паставіў у тупік шматлікіх гарачых патрыётаў беларусаў і ўкраінцаў, для якіх адмова ад собскае нацыянальнасці азначала шмат больш, чымся двукоссе на ўрадавай паперы. Дарэмным было б старацца даводзіць некаму з французаў, што акрамя палякаў і расейцаў ёсць народы, якія страцілі незалежнасць, але ніколі не выракліся сваёй гістарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленне дзяржаўнасці. Папершае, палоннага ніхто не слухаў, і той, хто наважыўся б выясніць справу нацыянальнасці, сцягнуў бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабіўся б карысці, па-другое,
хто ж мог бы спадзявацца, каб нейкі французскі вайсковы ці цывільны чыноўнік мог разбірацца ў такіх справах ды шчэ ў такіх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцця й смерці гэтых палонных...
Разумеючы ўсё гэта, нават самыя гарачыя беларускія патрыёты пакінулі думкі аб тым, каб пісацца беларусамі. Ведалі, што гэта магло б раўняцца самагубству. Маглі б іх палічыць за расейцаў. Пасля ж, хто ведае, маглі б выслаць да Сталіна. Усё ж такі цяжка чалавеку рабіць гвалт над собскім сумленнем, тым больш калі яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам і Бацькаўшчынай. Адно ратаванне жыцця змусіла шмат каго на такі крок.
Пасля даўгаватага працэсу перапіскі выявілася, што група расейцаў была вельмі скупая — усяго пару дзесяткаў чалавек. У іх ліку апынулася трое кадэтаў з Менска, што да вайны гадаваліся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча ж значна пабагацела на новых «палякаў», на перапіску якіх пайшло шмат аркушаў паперы. «Палякамі» сталіся Сымон Спарыш, Віктар Караткевіч і іншыя іх сябры з былое школы камандзіраў БКА.
Калі жарты й кпіны ў амаль бязвыхадным становішчы сапраўды вызначаюць жыццяздольнасць і трываласць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такіх належала бальшыня былых менскіх кадэтаў.
— Відаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру,-— каментаваў адзін перапіс і шлях у «палякі».
— Як то чужую? А што ж ты мо не паляк? Ці ж не сам гэта меў гонар радзіцца ў вялікай і моцарствовай? — падпусціў другі з нескрыванай іроніяй.
— Ці-і-і-і-і-ха вы! — перапалохаўся трэці.— He забывайцеся, што могуць непакліканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкі выйдзе.
— Дык, мусіць, братцы, калі мы — «палякі», варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.
— Пся крэў! — пераключыўся ўжо адзін.
— Перастанеце вы нарэшце ці не? Пара ўжо вырасці й быць больш асцярожнымі. A то быццам дзеці малыя, смешачкі ўсё...
Ноч пераначавалі ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра раніцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накіраваўся ў Безансон. Ехалі той самай дарогай побач ракі Дуб, якой калісьці адступалі з Францыі. Пазна-
валі вёскі й мястэчкі. Кадэты БКА пазналі нават тое месца, дзе бальшыня іхніх сяброў перайшла да макісаў. Шмат мясцінаў было цалкам разбурана й спалена. Макісы, як відаць, дрэнна стараліся ўсцерагчы маёмасць свае краіны перад знішчальнымі аддзеламі немцаў.
У Безансоне аўтамашыны накіраваліся на ўсход ад горада дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылі высокія муры старой цвярдыні — Сан Брэгіл. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасвецкую каменную сцяну. Зараз за гэтай першай, даволі высокай сцяной паабапал дарогі налева й направа відаць былі руіны. Другая сцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакі якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спыніліся перад галоўнай брамай цвярдыні, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэці з чаргі мур вышыні мо на метраў пятнаццаць быў асноўным і найлепш утрыманым. Скрыпнулі дзве вялікія палавіны старое брамы, і машыны з людзьмі пакаціліся адна за другой на шырокі двор.
Амаль у цэнтры яго, на невялікім бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за ім ззаду стаяла малая капліца. Паміж двума будынкамі, як давялося пасля заўважыць прыезджым, знаходзілася брацкая магіла закатаваных немцамі французскіх патрыётаў. На магіле стаяла вялікая пліта з крыжам ды дзесяткамі імёнаў і прозвішчаў. Можна было меркаваць, што безансонская цвярдыня — Сан Брэгіл была ператворана немцамі ў катоўню. Муры ейныя былі апырсканы кроўю французскіх патрыётаў.
Вялікі двор, у цэнтры якога былі прыгаданыя намі кагадзе аб’екты, быў абкружаны двухі трохпавярховымі будынкамі з тоўстымі каменнымі сценамі, у прызначэнні якіх цяжкавата было разабрацца.
Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усіх іншых. Па схудзелых і змучаных тварах можна было здагадацца, што кармілі іх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збіраныя з усіх адрэзкаў фронту.
Новую групу зноў падзялілі паводле нацыянальнасцяў. Групай «палякаў» заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывільнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны
мундзір, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывільныя штаны.
— Uwaga! Bacznosc! — вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткі.— Ustawic sig w trojszeregul*
«Палякі» схамянуліся, пачуўшы новую для іх ці ўжо надта ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкі, топчучыся, і не без лішніх таўхалёў, пачалі станавіцца ў калону па трое.
— Naprawo г-б-6-wnaj! — не сунімаўся новы камандзір. Беларускія афіцэры на правым крыле, а за імі цэлая вялізарная калона так-сяк выраўнялася. Камандзір з двума французамі пералічыў усіх, пачынаючы з правага крыла, выдзеліў у асобную групу афіцэраў, параўнаў колькасць усіх з колькасцю прозвішчаў на перапісаных лістах і, адлічаючы зноў па колькі дзесяткаў, накіроўваў кожную групу ў адны ці ў другія дзверы падвала каменнага будынка.
IV
Змяркалася. Падвал, у які трапілі Віктар і Сымон з сябрамі, быў зусім цёмны. Палонныя вобмацкам шукалі, дзе прытуліцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявілі, што падвал не быў пусты: колькі папярэджанняў і лаянак у польскай мове сведчылі, што тут ужо прысутнічала пэўная група «родакаў». Пасля колькіх пытанняў новапрыбылыя даведаліся, што тыя таксама служылі пры нямецкім войску, хоць і былі палякамі, як яны тлумачылі, сілаю забранымі з «кангрэсоўкі» або з Сілезіі. Беларусы ўгадвалі, што быў гэта не хто іншы, як польскія «фольксдойчы», якія цяпер пры змене палітычнага ветру змянялі й нацыянальны колер.
Людзей налезла, як Селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цвіллю. Сымон і Віктар вобмацкам знайшлі пустое месца на вялікім круглым камені. Угадвалі, што быў гэта млыновы камень. Тут жа побач яго намацалі вялікае драўлянае кола. Усё гэта сведчыла, што падвал некалі служыў млыном.
— Вот, братка, будзе табе сёння пасцеля,— гаварыў упоцемку сярод ціхага агульнага гоману Віктар.
— Адно, што на галаву капаць не будзе. Што й гаварыць — выспімся па-людску.
* Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)
— Яшчэ б! Бяда вось адно, што нічога пасёрбаць не далі. Кішкі марш граюць.
— Весялей, брат, будзе спаць.
— I што, ты думаеш, з намі будзе?
— Вось дзівак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоння памножыў шэрагі палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапаціцца будуць.
Удзень яшчэ, адразу пасля прыезду ў Сан Брэгіл, «палякі» даведаліся, што ў хуткім часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армію ў Італію.
— Так, гэта я ведаю. Мяне цікавіць толькі, як яно там тое польскае войска выглядае,— меркаваў Віктар.
— Нейкі ж там цяпер у іх маршалак ці «вудз начэльны» ёсць. I, пэўна ж, такімі, як мы, «патрыётамі» заапякуецца.
— Чорт пабяры, але ж, брат, і цвёрда. Ніколі ж не даводзілася яшчэ на камені спаць,— жаліўся Віктар, паспрабаваўшы прылегчы і не звярнуўшы ўвагі на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.
— Але ты ведаеш.— цягнуў сваё Спарыш,— нашы дарогі, мая з тваёй, значыцца, мусіць, ніколі не разлучацца. Гэта ж я думаў, як нас там пад Альткірхам разлучылі ды паслалі ў іншыя акопы, што мо прыйдзе якая завіруха й згубімся. Ажно не. Мусіць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.
— Або як мы некалі ўмовіліся ўцякаць у горы,— прыпамінаў Віктар,— і ты пайшоў, а я не. To ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Ізноў дарогі чуць не разлучыліся.
— Даволі дзіўна злажылася. Відаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што б ні было.
— Трымаліся ад пятага класа, дык чаму б цяпер не трымацца. Але ж, брат, і муліць гэты камень, чорт бы яго пабраў!
— Гэй, сусед! Сусед! — клікнуў Сымон у курінку агню папяроскі, што мігаў упоцемку.— Хто гэта? Ты, Дудкевіч? Дай і мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.
— Нічога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжыні тут ад аднаго збоку,— тлумачыў Дудкевічаў голас,— адно слінькі засталіся.
Дзесьці з кутка, спачатку ціха, а пасля галасней, дрыгаючы, заікаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненні людскіх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьці песня аб Касі й Ясю.
— Вось табе й весялей цяпер будзе,— таўхануў Спарыш Віктара.— Мо калісь і сам спяваў ды забыўся, дык прыпомні.
— Глядзі во, некаму ж і весела тут. Маўчалі б ужо лепш.
Гул у падвале паволі сціхаў. Нядоўга трывала й выццё спевакоў. «Няма лепшага лякарства на забыццё нядолі, чымся сон»,— думаў Сымон, стараючыся заснуць. Адылі сон нялёгка прыходзіў. Акрамя мулкага млыновага каменя пад бакамі й галавой, сама галава была перапоўнена роем думак.
Поўная змена абставін, а самае галоўнае — тое, што воляй-няволяй давялося трапіць у «палякі», вярэдзілі пачуцці й сумленне беларускага патрыёта. Ясна, што не было іншага выйсця, што чалавек бачыў сябе, як нейкую дробненькую бездапаможную пылінку на хвалях бурлівага ваеннага мора. Але пачуццё не заўсёды накіруеш сцюдзёнага й прадуманага выснаву, асабліва калі ім кіруе гарачая й бязмежная любоў да паняволенай Бацькаўшчыны.