Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
На заходнім баку Асбаха, злева, дымілі яшчэ галавешкі хаты, а ў суседняй вываленая была цэлая сцяна. Магчыма, што якраз адгэтуль заікаўся халоджаны вадою стары балыпавіцкі «максім» пад час ранняга наступу французскіх аддзелаў. Далей дарога збягала ў лагчыну. Па абодва бакі яе валяліся снарадныя лускі, нямецкія шлемы, шапкі, патранташы. Крыху воддаль, налева й направа ў вадзе ляжала колькі пашматаных на кавалкі французскіх жаўнераў. Як давялося даведацца пазней Сымону, французы раніцою, зусім без элементарнай асцярожнасці, відаць, п’янаватыя, ішлі тут групамі ў наступ. Адзін з пярэдняе абароны батальёна Мураўёва пачаставаў іх парай панцырфаўстаў, ды, пэўна ж, і той, ужо раней прыгаданы «максім» таксама наступоўцаў не пагладзіў.
Плетучыся паволі побач бясконцай калоны машын і танкаў, пад дзікія крыкі й насмешкі мараканцаў, палонныя мінулі на рэчцы новапабудаваны мосцік і накіраваліся ў вялікі двор фабрыкі пры ўваходзе ў Альткірх. У варотах двара групе загадалі спыніцца й пачалі вобыскі. Акрамя канвойных, падыходзілі да палонных і іншыя, што спыніліся з машынамі. Яны шукалі па кішэнях, выцягвалі запальнічкі, ножыкі, забіралі з рук гадзіннікі, а некаторыя нават выкідалі ў гразь усякую непатрэбную ім дробязь. Праз увесь гэты час палонныя былі прымушаныя трымаць рукі ўверх.
Непадалёк на адкрытым джыпе сядзеў афіцэр і штосьці
балбатаў у радыёперасыльны апарат. Магчыма, гэта быў карэспандэнт, а мо й афіцэр сувязі.
— Вы откудова? Вы русскме? — адлажыўшы набок трубку, раптам спытаў ён па-расейску.
— He, беларусы.
— Да всякне есть,— паправіў іншы.
— А чего же вы за Гнтлера воева гь пошлн?
— Да мы не пошлн. Он нас сам забрал.
— Да уж ожндайте, пока вам повернм,— скрывіўся афіцэр.
Аддзел, да якога трапіў Рэшатаў са сваёй групай, як выяснілася, складаўся пераважна з мараканцаў. Было сярод іх шмат чорных, а таксама расейцаў, палякаў, а магчыма, што й беларусаў. Зрэшты, дзе пад час другой сусветнай вайны не было славянаў? Ваявалі яны пад усімі сцягамі й па ўсіх тэатрах вайны.
На вялікай фабрычнай плошчы група спынілася. Пачаўся ўжо другі й яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося з імі развітацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравікі. Разутыя найчасцей не атрымоўвалі нічога ўзамен. Французы, відаць, запасаліся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпіць.
Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп — сотні мо тры — раней ужо прыгнаных з трыццатай дывізіі. Сымон спасцярог там Налепу й шмат іншых са свае роты. Афіцэры стаялі ў асобнай групе побач. Лейтэнант Башмакоў ніяк не мог дапытацца. дзе згубіўся лейтэнант Сцервін. Камандзір роты Багданаў цвердзіў, што пазаўчора каля гадзіны адзінаццатай Сцервін сабраўся ў абход пазіцыяў і ад гэтага часу яго не бачыў. Думалі, што пазней выясніцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Ніхто з іх так і не даведаўся, што сталася са Сцервіным, а тыя, што ведалі, тым часам маўчалі.
Пасля блізу гадзіннага чакання ўсіх палонных накіравалі ў горад пад канвоем мясцовае паліцыі. Прайшоўшы колькі вуліцаў, спынілі іх перад будынкам каменданта. Афіцэраў паклікалі на допыты. У гэтым часе французскія жаўнеры, што праходзілі й праязджалі, шнырылі ў людзей па кішэнях. Ужо зусім сцямнелася, калі загналі палонных у падвал нейкага вялізнага будынка. Там прасядзелі мо пару гадзін, атрымаўшы першую страву па гэтым баку — па лыжцы нясмачнай поліўкі.
Заладаваўшы людзей на шматлікія транспартныя машыны, завезлі іх за паўдзесятка кіламетраў у нейкае мястэчка, дзе размясцілі на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сінагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазілі людзям па кішэнях, і ў шматлікіх беларусаў вытварылася ідэя, што французы — дасканалыя кішанёвыя майстры.
Сымон апынуўся наверсе, у вялікім бочным пакоі. Людзей напакавалі туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны свістаў вецер. Было цёмна. Людзі клаліся адпачываць на сцюдзёнай падлозе. Ногі й галовы так паблыталіся, што цяжка было б і разгледзець, што да каго належыць.
У адным кутку чуваць было нямецкую мову.
— Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! — жаліўся адзін голас.
— Павярніся ж ты хаця крышку, каб і я прылёг.
— Вось дык і жывём,— уздыхнуў трэці.
— Камэрад, камэрад! Дас іст фаў драй! — дражніў немцаў Рэшатаў. Колькі чалавек гучна засмяялася.
II
Раніцою Сымон разгледзеўся. Бажніца была паўнюсенька набіта народам. Балкон, ніжняя заля, бочныя каморкі — усё было перапоўнена.
— Слухай! — гукнуў Сымона Пісаронак.— Караткевіч тут ёсць.
— Так? Дзе ён?
Знайшлі Віктара на балконе. Сядзеў і, пазяхаючы, разглядаўся. Усміхнуліся, паздароўкаліся, моцна паціснулі рукі.
— А калі ж ты трапіў? — пытаў Сымон.
— Учора апаўдні.
— Дык дзе ж ты так доўга быў заваляўся?
— Братка, каб ты толькі ведаў,— пазяхаў ізноў той.— Хацеў я ўжо быў заставацца ў селяніна. Дамовіўся, усё абцяпаў, як належыцца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну парў ў тых акопах — вады па калені... He, думаю, не такі я дурань, каб калець на сцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка ні цябе, ні ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла
мяне, братка, злосць. He, думаю, скула ж табе ў бок. Калі так, думаю, дык і фігу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцца. Спаў да васьмі. Раніцаю ўстаў, папіў культурна кавы, паснедаў у гаспадара дый толькі ўжо збіраўся ў цывільнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пуні не было як перабегчы: міны кругом клаліся, кулі навокал свісталі...
— А я-ткі думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? — жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае.— Ажно гэта яны цябе стараліся з бяспечнага сховішча вывудзіць. От яно як!
— Ты смейся не смейся,— крыху збянтэжыўся Віктар,— а надта смачна й не было. Гаспадар дамовіўся мне цывільную вопратку ў пуню прынесці. Дык дзе там! He было як. Ці то не мог прайсці, ці то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскі, дзе найбольш абстрэльвалі. Што ж тады мне заставалася рабіць? Залез я, ведаеш, у хлеў і схаваўся пад бычкоў за карыта...
— Куды? Куды?
— Схаваўся за карыта ў быкоў.
'— У быкоў? Га-га-га! — рагатаў Сымон, а Пісаронак яму памагаў.— А даіць іх не пробаваў? Га-га-га, хэ-хэ...
Віктар збянтэжыўся.
— Ну, апавядай далей,— спанукаў сябра.
— Што ж там многа апавядаць? Прыйшлі й выцягнулі.
— Хто прыйшоў і як выцягнулі?
— Гаспадар сказаў ім, мусіць, бо доўга чакаць — не чакаў. Прыйшло, брат, двое — чорны з белым. Як хвацілі мяне за рукі й ногі ды як павалаклі з-за таго карыта, дык чаго ўсіх канцавінаў не павыкручвалі. Як убачылі, заразы, гадзіннік, дык чаго з рукой не адарвалі. Забралі ўсё ўсенькае: • і хлябак, і шапку, застаўся во як стаю.
— Эх, брат, ну й ваяка ж з цябе,— смяяўся Сымон.
Рана пачалі ладаваць палонных на машыны. Між афіцэраў відаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласць была штучная. Тое ж наглядалася й між іншых афіцэраў. Яны апранулі штучныя маскі бесклапотнасці, з-пад якіх відаць было няпэўнасць ці нават і некаторую трывогу, Магчыма, што ў галовах гняздзіліся ранейшыя, часта паўтараныя немцамі пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукі Сталіна.
Даўгі траспарт з палоннымі, што стаялі ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кірунку Бэльфорта. Праязджалі праз вёскі, густа ўпрыгожаныя французскімі сцягамі, міма святочна апранутых жыхароў і калонаў французскага войска, што пасоўвалася на фронт. 3 боку як адных, так і другіх у адрас палонных чуліся дзікае выццё, пагрозы й насмешкі. Той ці іншы з французаў падбягаў і стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, ці сустрэчныя адносіліся б інакш, калі б ведалі, што палонныя не былі немцамі.
Транспарт праязджаў праз вялікую вёску, дзе разбурэнні й розны хлам на вуліцы сведчылі аб нядаўніх баях. Усюды было поўна цывільных і вайсковых. На павароце аўтамашыны спыніліся. Сымон з сябрамі стаяў у кузаве другой машыны, Колькі цывільных, у тым ліку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразі, пачалі абкідваць ёю палонных. Яны дзіка смяяліся й крычалі, калі гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялі па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелі на тыя здзекі, бесперапынна жуючы амерыканскую гуму.'
Малы смаркаты падлетак, каб зблізку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабіны. Гразь, няўмела кінутая малой рукой, адбілася аб борт кузава й часткова трапіла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосці, ён схапіў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб біць безабаронных людзей. У гэты час адзін старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубіну, пачаў абкладаць ударамі палонных на кузаве трэцяй машыны. Былі там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпіхалі слабейшых на краі, а самі ціснуліся, прысеўшы на кукарэчкі, у бяспечную сярэдзінку. Пабоі й дзікія крыкі натоўпу прадаўжаліся, аж пакуль транспарт не рушыў з месца.
На змярканні транспарт прыехаў у малое мястэчка блізу Монтбэльярда. Велізарная пустая фабрычная заля памясціла звыш тысячы чалавек. У ліку іх было каля чвэрці немцаў. Вечарам былі выдадзены першыя харчы: дванаццаць бісквітаў (сухароў) на кожнага, вялізная пушка — каля трох кілаграмаў — валовай кансервы на восем чалавек і па пушцы кансерваванага супу на кожнага. Многія цвердзілі, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў арміі пры немцах. Мелі слушнасць. Такі ж самы паёк атрымалі й на наступны
вечар, дык і на голад не давялося жаліцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасць. Пасля валовай кансервы нядрэнна п’ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот.
На другі дзень немцаў пачалі накіроўваць у далейшы абоз, а новыя транспарты цэлы час прывозілі палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевіча й Пісаронка далучыліся тут Жылякоўскі, Дудкевіч, Сакоўскі, Лобік, Замочак і іншыя. Пасля абмену весткамі выявілася, што на фронце з ліку былых кадэтаў з менскай афіцэрскай школы загінула двое сяброў. Качаноўскі, празываны спартсменам, загінуў у лесе на правым крыле ад Асбаха. Лях, што паходзіў дзесьці з Наваградчыны ды разам з Дудкевічам трымаў пазіцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткірха. Відаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не маніўся выкарыстоўваць, так і ўзлёг на яго. Сябры думалі, што задрамаў. Паспелі яшчэ пахаваць. Ніхто не мог з пэўнасцю сказаць, ці хто з былых кадэтаў адступіў з немцамі на ўсход.