• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    праводзілі ў практыку ідэю Ніцшэ — «сіла ёсць права, а права ёсць сіла», а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалі ідэі Івана Грознага, Пятра Першага й МураўёваВешацеля.
    Якое ж тады дзіва, што нянавісць да ворагаў-прыгнятальнікаў, чужых прыблудаў і эксплуататараў радзіла ў сэрцах бязмежную любоў. і адданасць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзіла патрыятызм, што часценька пераходзіў аж у фанатызм? Імкненні свае й адданасць у службе ддя Бацькаўшчыны выказвалі энтузіязмам у вайсковай навуцы. Іхнія патрыятычныя пачуцці і любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыццёвай практыцы выказвалася даверам да сваіх родзічаў, што ішлі тым самым шляхам; вялікая й шляхотная ідэя, за якую прыйшлі змагацца, узносіла сэрцы іхнія вышэй за ўсякія зямныя інтрыгі, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцці юнакі, лунаючы ў вялікіх вышынях на крыллях чыстае ідэйнасці, што скіравала іхнія крокі ў Менск, часта-густа не ведалі аб розных практычных і варожых перашкодах, якія лёс і ліхалецце стаўлялі на іхнім цяжкім шляху.
    Колькі ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасці. Колькі разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысля, ставіў розныя выпрабаванні. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. I слабыя паміж імі падалі й больш не ўставалі. А самыя моцныя, што мелі найлепшыя задаткі ў сваіх характарах, мацнелі й мужнелі, раслі шчэ больш духова і фізічна. А за тымі моцнымі падцягваліся, падраўноўвалі шэрагі й слабейшыя. Такім чынам, абсалютная большасць трывала, вучылася, набірала практыкі, дасведчання й сілы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народа. Гэтую простую праўду юнакі пазналі хутка. Сіла ў еднасці. Дзе еднасць — там сіла!
    Калі ўжо пакінуць убаку іншыя прычыны, дзеля якіх юнакі пачалі хутка ненавідзець сваіх нямецкіх інструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз з поўнай свядомасцю падчыркнуць: усе яны, без вынятку, прыйшлі ў армію добраахвотнікамі й прыйшлі змагацца за ідэю, а не за нямецкі хлеб. Калі паўстала думка аб пераходзе да французскіх макісаў, то кожны разважаў, што калі прыйшоў добраахвотнікам, дык і адысці можа сам, калі захоча. Наверх усяго, меркавалі яны, прыйшлі ж у беларускую армію, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускі народ, а не за
    нямецкі. Дык і за што ж мелі змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыі, калі цэлая Беларусь была зноў у бальшавіцкім ярме? Ці не лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў? I якія прэтэнзіі маглі мець да іх немцы за такі ці іншы паступак? Яны ж не былі наёмнікамі.
    Ужо ў той час ясна відаць было, што немцы вайну прайграюць. Логіка падказвала, што ўсякая кропля крыві, пралітая на гэтым баку фронту, будзе дарэмная. Тым часам, перайшоўшы на другі бок, можна будзе зрабіць шмат чаго добрага для Бацькаўшчыны. А праца для Беларусі, змаганне за яе вызваленне і — у канцы — само вызваленне й было іхняй мэтай.
    II
    Цэлы падвячорак 31 жніўня, значыцца, таго самага дня, калі Сымон Спарыш вярнуўся са сваіх няўдалых уцёкаў у горы, імжыў дробненькі густы дожджык. Хмары нізка навіслі над гарызонтам, лахматымі жыватамі чапаліся за вышэйшыя вяршыні гораў. Пахаладнела. Там-сям яшчэ завідна, бо вечарам было забаронена, жаўнеры параскладалі вогнішчы. Кожнаму дасталося па глытку спірту з вячэрай. Здагадаліся, што спірт паходзіў дзесьці з французскага склада, бо немцы ж чужым свайго алкаголю не раздавалі.
    Аддзел быў размешчаны на шырокім лузе даўжынёю каля двух кіламетраў, між шашою і рэчкаю. Каля самай рэчкі стаялі фурманкі й коні. Паабапал шашы вырас лес палатак. 3 паўночнага боку дарогі была невысокая гара, зарослая густаватым хмызняком. Лепшага месца для пераходу на другі бок ніхто й выдумаць не мог бы.
    Дзесь па гадзіне адзінаццатай, калі ўжо, як здавалася, усё ў абозе спала, толькі хрупалі й пырхалі коні, з палаткі дванаццатае роты вылезлі дзве постаці. У руках адной быў ручны кулямёт «дзегцяроў», другая тарабаніла дзве скрынкі амуніцыі. Яны ішлі прыгнуўшыся, моўчкі, асцярожна ступаючы ў кірунку дарогі. Вартавыя, што паволі шпацыравалі па дарозе, кіўнулі ім галовамі, і двойка знікла ў цемры ў кірунку гор.
    Мінаў час. Была ўжо поўнач.
    Раптам з таго кірунку ў гарах, куды накіравалася двойка, пачуліся густыя кулямётныя стрэлы. Адна серыя,
    другая, трэцяя... Сціхне і зноў. Вартавы з дванаццатай роты і з іншых па суседству стрэлілі па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлі, вялікая маса людзей. Падскоквалі ўверх малыя палаткі. Людзі былі апранутыя й трымалі зброю ў руках. Гэта былі тыя, што не спалі, а, прытаіўшыся, чакалі ўмоўленага сігналу. Маючы з сабой зброю, захапіўшы еміну й неабходныя рэчы, усе яны кінуліся бегчы ў кірунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценне «дзегцярова».
    — Партызаны! Партызаны! — чулася навокал.
    Камандзір роты старшы лейтэнант Петрык і ўсе нямецкія інструктары начавалі ў палатках па суседству. Калі Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасля ад вартавых і зараз жа гоман і рух у абозе, ён хуценька ўсхапіўся, насунуў боты, накінуў мундзір і выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглі ў кірунку гары, чуў крык «партызаны».
    «Але ж то файнае войска,— падумаў ён,— так хутка пачулі небяспеку й самі бягуць на змаганне з партызанамі». Дзеючы болын пад імпульсамі, чымся з развагай, ён хутка схапіў зброю, шлем і, клікнуўшы падафіцэраў, каб не заставаліся ззаду, кінуўся ў ведамым нам ужо кірунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусім без майго ведама кінулася ў бок страляніны? Адкуль такі энтузіязм да наступу?
    Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы ці прабегшы блізу кіламетр праз падгорныя хмызнякі, рэдкія дрэвы, ён апынуўся на нейкім узбоччы сярод сваіх жаўнераў. За ім, засопшыся, цягнуўся й нямецкі інструктар Будкэ. Толькі Кацынскі, што пры пачатку трывогі збіраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылі, што яны абкружаныя з усіх бакоў суцэльнай сцяной жаўнераў. Юнакі трымалі зброю напагатове.
    — Злажыце зброю! — загадаў моцны ўпэўнены голас, і два чалавекі наблізіліся да немцаў. Тыя не супраціўляліся, толькі яшчэ з нейкай збянтэжанасцю, быццам вушам не верачы, пазіралі навокал.
    — Лейтэнант Петрык,— пачаў той жа цвёрды голас,— мы ўсе, якіх тут бачыце, сёння наважылі пакінуць нямецкую армію й перайсці да французскіх партызанаў...
    — Чаму? — вырвалася раптам у лейтэнанта.
    — Самая галоўная прычына, калі хочаце ведаць, гэта
    тое, што мы пайшлі ў беларускую армію, а не ў нямецкую. Мы пайшлі змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкі «фарфлюктар», і былі добраахвотнікамі. Думаю, што мы добраахвотнікамі можам і адысці, і вы, немцы, не павінны за гэты крыўдзіцца. Зразумела вам усё?
    — Яволь,— адказаў ужо слабейшым і больш нясмелым голасам афіцэр. Ён азіраўся навокал, быццам знячэўку злоўлены ў пастку звярок. У гэты момант яму менш абыходзіла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваім далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што з ім зробяць: ці адпусцяць, ці 'застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры не мелі на яго злосці, бо ніякае крыўды ім не зрабіў. Быў найбольш бясколерным нямецкім афіцэрам, якога колішнім кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар’еры. Гэта быў процілеглы полюс да таго зненавіджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калі й даводзілася мець дачыненні з жаўнерамі — меў іх колькі разоў кожны дзень — то быў вельмі талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалі. Калі ж ходзіць аб звязовых Будкэ й Кацынскім, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталіся сябры, якія маглі б пасля пацярпець за ліквідацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсіх трох адпусціць назад.
    — Вы цяпер пойдзеце назад і слухайце ўважна, што вам скажу,— гаварыў Кастусь Дзежка.— He смейце рабіць ніякіх рэпрэсіяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамі засталіся. Яны за гэта не нясуць адказнасці. Калі ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.
    Апошнія словы былі вымаўлены пагрозлівым тонам, што не пакідаў ніякага сумлеву.
    — Мы хочам, каб вы далі слова, што не будзеце рабіць рэпрэсіяў,— настойваў Дзежка.
    Петрык нейкі час маўчаў і пазіраў на другіх немцаў, быццам хацеў спытаць, ці даваць такое слова.
    — Дык што? Даеце слова?
    — Я ж афіцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне...— мармытаў немец.
    — Вы можаце гаварыць як чалавек.
    — Што ж, як чалавек я не буду старацца рэпрасаваць...
    — А вы? —• спытаў Дзежка ў Будкэ й «фольксдойча» Кацынскага.
    — Я нікога не зачаплю,— паспяшыў Будкэ.
    — I я тэз...— вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.
    — Вельмі добра. Такімі мы заўсёды хацелі вас, немцаў, бачыць, каб з вамі часам як з людзьмі льга было пагаварыць. A то найчасцей вы захоўваліся й паводзіліся, як звяры. А цяпер...— тут Дзежка хапіў аўтаматы немцаў, павымаў з іх магазіны з амуніцыяй і перадаў зброю ўласнікам,— можаце ісці назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце ісці.
    У шчыльным кругу зрабіўся праход, і немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакінулі месца збору.
    — Я б іх пусціў, гадаўё гэткае! — пагражаў голас. — Пастраляў бы, вось што!
    — Вось разумнік знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталіся? Ці, можа, прыпомніць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы іх, ты страляў бы сваіх.
    — А-ах!
    — Вось табе й а-ах!
    Раптам усе загаварылі. Пачаліся нарады — як і што?
    —■ Увага! — гукнуў Дзежка.— Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць і цёмна ісці, дый хто ведае, куды можна трапіць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды з сілаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кіламетраў ад галоўнае дарогі, дзе затрымаемся да світання. Там ужо будзем бачыць.
    Шнурком і групамі малы аддзел пералез гару, якая была невысокая, і паволі зышоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, не больш, хаця шматлікія варажылі, што мусіла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, аддзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, a пасля крыху на поўнач. Каля другое гадзіны ночы пачаўся страшэнны лівень. Далей ісці было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызняк, пастанавілі спыніцца. Людзі былі стомленыя ад непрывычнага хаджэння па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамі пад нагамі — жаўнеры, стуліўшыся пад дрэвамі, стараліся заснуць і перачакаць ноч.