• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    Павесім немцаў на вяроўку I скуру пасмамі здзяром, А бальшавіцкаму звяругу Сякерай голаў адсячом.
    Сымон і раней не думаў вешаць усіх немцаў, адно тых, што здзекаваліся над ягоным народам, самых асноўных
    гітлераўскіх катаў, што палілі беларускія вёскі, жанчын, дзяцей. Дый вершык той злажыўся ў яго зусім без ніякіх разумовых намаганняў, а проста спрычынены быў мо аж надмерным патрыятызмам і нянавісцю да ўсіх ворагаў Бацькаўшчыны, перадусім бальшавікоў і гітлераўцаў.
    Вось і цяпер гэны вершык прыгадаўся. Як там ужо будзе з вешаннем немцаў, думаў Сымон, але ж у горы да французскіх партызанаў то скаблянуць можна. Ёсць усе магчымасці. Дык і чаму ж не скарыстаць? I Сымон аж заварушыўся на пасцелі ад такой новай, маласпадзяванай думкі. Крыху дзівіўся, чаму гэта раней такая добрая ідэя не прыйшла. Але ж і цяпер яшчэ не позна. Там трэба будзе з тым-сім пагаварыць, супольна абмеркаваць. Амо й не толькі ў яго аднаго такая думка ёсць, мо і ў каго іншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе «за» і «супраць», як кажуць. Гэта ж бо такі важны жыццёвы крок меў бы быць. Дый не толькі важны, але й небяспечны. Асабліва ж небяспечны. Крыху рызыкоўна, бо й краіна чужая ды няведамая. Але якая ж іншая магчымасць ратунку? Жыццё ж належыць да адважных і сільных духам.
    Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу ані ён, ані сябры ягоныя — ніхто не даваў вайсковае прысягі. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя іншыя, за чыстую фармальнасць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасць. Яна абазначала поўнае адданне, без рэзерву, без павароту, усяе свае духовай й фізічнае істоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасля прыйсці Бог ведае што — раз дадзеная прысяга для Сымона была б святым правам і абавязкам . на цэлае жыццё.
    Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасцелі, Сымон пастанавіў злажыць прысягу на вернасць Бацькаўшчыне. Лічыў, што час і месца зусім не горшае, чымся якое іншае. Дагэтуль — дарма што пайшоў у беларускую армію — ніхто не парупіўся з яго й пару сотняў іншых сяброў узяць прысягі. Тўт жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небяспечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закіне. Што б у будучыні з ім, Сымонам, ні здарылася, якія б ні давялося рабіць фармальнасці, куды б ні давялося трапіць — няхай Бог і Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсць святым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накіроўваць яго ў будучыні.
    «Няхай Бог усемагутны будзе мне сведкам,— шапталі ў цемнаце вусны,— дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыццё прысягаю служыць Табе й толькі Табе. Колькі ў мяне стане сіл, здольнасцяў, здароўя — усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на светлую памяць пакойнай маткі маёй, на нявінную кроў маіх суродзічаў, на памяць загінуўшых незлічоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да смерці. Калі б я сведама адрокся тут прырэчанага — няхай мяне пакарае Бог. Сведкамі гэтаму ёсць маё сэрца й сам Усемагутны».
    Аж слёзы пакаціліся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькі цяпер, пасля дання волі сэрцу й душы, пасля прысягі, супакоіўся. Незадоўга ўжо спаў моцным і спакойным сном.
    V	■
    Раніцою, пасля скупога снедання й атрымання ўсёй, учора здадзенай, амуніцыі назад, даўгая шэра-зялёная калона накіравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалі павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другі дзень дайшлі да рэчкі Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамі. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час ішоў моўчкі і ўсё песціў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэліла яму ў галаву.
    — Што ж ты так нос павесіў, быццам бы бацьку ў магілу пахаваў? — пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Віктар.
    — Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзіцца, але раней пастанавіў яшчэ перадумаць і абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесіў. Ці не варта было б смаргануць нам у горы?
    — Як гэта ў горы? — здзівіўся той.
    — Звычайна.— Сымон азірнуўся навокал, ці хто не прыслухоўваецца.
    — Да французскіх партызанаў,— дакончыў амаль шэптам.
    Віктар не выказаў здзіўлення. Добрых некалькі хвілін ішоў побач, нічога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую ідэю.
    — Га? Што ты думаеш? — перапытаў Сымон.
    — Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапіш, мовы французскай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта ж рызыкоўна.
    — Я ведаю, што рызыкоўна. Небяспека вялікая як з боку адных, так і другіх. Але падумай, як жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапіш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было б за ўсялякую цану. He за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлі ваяваць.
    — Гэта лішнім і гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было б уцячы. Толькі трэба было б абдумаць, як гэта зрабіць...
    — Дык вось давай і абдумаем.
    — А як ты думаеш уцякаць — нам дваім ці ўсім гуртам?
    — Лепш было б усім гуртам, гэта ясна. Калі б пасля дзе й трапілася небяспека, дык лягчэй было б. Ды каб і да французаў цэлая сіла людзей прыйшла, дык больш лічыліся б. A то пару чалавек — чорт ведае каму можна ў рукі папасціся.
    — Трэба лічыць на ўсё, нават на самае найгоршае.
    — Вось жа пра тое і йдзе. Варта было б пагутарыць з бліжэйшымі хлапцамі й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.
    Памаўчалі.
    — Слухай,— распачаў зноў Сымон,— пад час абедняга перапынку давай парадзімся з Кастусём і некаторымі іншымі. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калі ж ніхто не знойдзецца для .кампаніі, дык смарганём удвух.
    — Няхай будзе й так,— згадзіўся Віктар.— Толькі ж калі б давялося нам удвух, то як і калі гэта зрабіць?
    — Няма нічога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусцікі, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, a там і гайда...
    — Так проста?
    — Нічога не можа быць прасцейшага. Немцы нават не заўважаць да наступнай. зборкі, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.
    VI
    Віктар Сянкевіч у апісаны намі час быў юнаком сярэдняга росту, даволі мізэрнага выгляду. Першае ўражанне ад яго складвалася між тым зусім памылковае. Можна было б падумаць, пэўна, што гэта лагодны, добрай натуры чалавек, зусім не здольны на больш паважныя нейкія рэчы. Мо да гэтага спрычынілася ягоная паўдзіцячая ўсмешка ці павольна-лянівая гутарка — цяжка сказаць. Магло здавацца, што перад вамі стаіць зусім яшчэ зялёненькі хлопчык. Тут якраз можна было найбольш памыліцца. Віктар розумам і практыкай быў вельмі даспелы, пранырлівы, вынаходлівы. Меў моцную сілу волі й гарачае патрыятычнае сэрца. Але з Віктарам нам часценька давядзецца бачыцца ў будучыні. Чытач сам яшчэ пераканаецца ў трапнасці нашай характарыстыкі.	•
    Думка аб уцёках, што паўстала пераважна ў Вальдагоне, нарадзілася ў шматлікіх галовах. Некаторыя, схамянуўшыся, разважыўшы з усіх бакоў гэту новую ідэю, спакойненька адлажылі яе ці адсунулі ў нейкі бочны куточак мазгоў, бо былі баязліўцамі й нават голасна перад сабою не асмельваліся прызнацца, што ў іхніх галовах магла паўстаць такая смелая ідэя. Іншыя ж, адразу спасцярогшы новае, ухапіліся за яго й пачалі думаць і дзеяць. Да такіх, акрамя Сымона Спарыша, зусім незалежна ад яго належалі Кастусь Дзежка, Рак, Лабун і Віктар Сянкевіч. Было, ведамая рэч, і шмат іншых, больш пасіўных. Успамінаем прозвішчы чатырох толькі таму, бо яны з’яўляліся афіцыйным, але нелегальным камітэтам уцёкаў, які завязаўся сам сабой ужо ў Вальдагоне. Камітэт гэты, галавою якога фактычна быў Кастусь Дзежка, пастанавіў, пасля шматлікіх гутарак з сябрамі, прыступіць да арганізацыі пераходу на другі бок. Варта тут яшчэ зацеміць, што чытач ужо, без сумлеву, заўважыў, што ў камітэт не ўвайшоў ніводзін беларускі падафіцэр, хоць іх было ў роце чатыры. Адылі ўсе яны былі другараднае, а мо й ніжэйшае якасці. Былыя кадэты хутка спасцераглі, што немцы сведама не далі ў роту нікога з першакласных падафіцэраў беларусаў. Гэтым і тлумачылася, што сярод ініцыятараў уцёкаў іх не было.
    Камітэт першым чынам пастанавіў упланаваць месца й час пераходу ды сагітаваць цэлую дванаццатую роту й тыя суседнія роты, якія ўдасца. Былі надзеі на ўдачы ў сваёй роце, асабліва прыгадваючы ранейшую салідарнасць і дружнасць.
    Далёка не ўсе сябры згаджаліся на пераход да макісаў. У некаторых не ставала адвагі, іншыя ж не пагаджаліся з планам папярэдняга перастраляння немцаў. Найбольш разыходжанняў было адносна апошняга. Прадугледзелася, што немцы пры помсце могуць зліквідаваць многа самых перадавых беларусаў, якія застануцца ў іхніх руках. Урэшце, урадзілі немцаў не страляць, толькі асцерагчы, каб устрымаліся з рэпрэсіямі. Таму што людзі не ведалі канкрэтна, дзе яны знаходзіліся, як далёка ад нямецкае мяжы, трэба было неадкладна здабыць інфармацыі. Асабліва важным было ведаць, ці далёка быў ад Нямеччыны аддзел, які пасоўваўся ва ўсходнім кірунку шашой у катлавіне рэчкі Дуб. Трэба было бачыць карту. Камітэт .даручыў гэтую справу Віктару Сянкевічу.
    Віктар Сянкевіч, што выглядаў надта мізэрна й меў на нагах страшна дакучлівыя мазалі, пажаліўся камандзіру роты Петрыку, што далей ісці не можа. Петрык злітаваўся й папрасіў двух старэйшых афіцэраў, што ехалі на чале калоны ў аўтамабілі, каб узялі «інваліда». Сянкевічу толькі таго й трэба было. Прысеўшы ззаду на аўце, на сваю вялікую пацеху, Віктар спасцярог і карту, што адзін з афіцэраў трымаў на каленях. Адным вокам удалося Сянкевічу заўважыць вызначаную чырвоным алавіком трасу маршу, але дакладней не мог спасцерагчы ні мясцовасцяў, ні нямецкае мяжы. Афіцэры —■ абодва былі са штаба Зіглінга — амаль забыліся аб існаванні «інваліда». Зірнуўшы на карту, капітан павесіў мапнік на плячо і ўзяўся закурваць. Сянкевіч увесь замяніўся ў вочы. Хутка спасцярог, што калона была блізка нямецкае мяжы (фактычна мяжы Эльзаса), і ўжо на перапынку, калі войска затрымалася на адпачынак, злезшы з аўта, паведаміў Кастусю Дзежку й іншым сябрам камітэта аб выніках разведкі. Было пастаноўлена ўцякаць тае ж ночы, адкінуўшы канчатковы план страляння немцаў. На канчальную пастанову здабыліся ўжо позна папаўдні.