• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    Кухар Вальтэр — гэта сярэдняга веку карлаваты немец, які, як сам хваліўся, перад вайной працаваў дзесь у рэстаране. Мо ён і не працаваў у ніякім рэстаране, бо, каб зварыць якую вайсковую гарохавую зупу, не трэба было шмат умець, але ж калі кухар Вальтэр гаварыў сваім жаўнерам, што некалі працаваў у рэстаране, дык тады й няўдалая зупа нават лепш смакавала, бо Вальтэр як-ніяк быў прафесіянальным кухарам, што дадавала смаку. Мо Вальтэр быў кухарам проста таму, што ўсе пазіцыі ў трыццатай дывізіі, дзе варыліся ці раздаваліся харчы, былі абсаджаныя немцамі — гэта таксама магчыма. Хто там надта ўваходзіў у такія дробязі. Галоўнае, што Вальтэр варыў, а як варыў, дык гэта ўжо зусім іншая справа. Галодная кішка ўсё стравіць.
    Дык хлопцы й прывыклі да Вальтэра, часценька гаварылі й жартавалі з ім. I кухар сам быў, здавалася, нядрэнны чалавек, на нікога не гаркаў і часцей усміхаўся, чым хмыліўся, што, як вядома, было рэдкасцю сярод вайсковых немцаў. Гэтак і пад час пастою цягніка ў Ляйпцыгу каля Вальтэра сабралася група хлапцоў. Гутарылі аб паляках.
    Кухар цвердзіў, што палякі — гэта зусім не народ, што яны не маюць ніякай Бацькаўшчыны, што як тая скула сядзяць на нямецкім баку. Даводзіў, што палякі паўсталі толькі пасля 1918 года на нямецкіх землях. Адным словам, гава-
    рыў аб паляках так, як мог гаварыць аб іх кожны немецшавініст. Ад Вальтэра хлопцы даведаліся, што восьмага жніўня палякі распачалі ў Варшаве паўстанне, што ад немцаў моцна дасталося ім у скуру і што Варшава цяпер зусім зруйнаваная. Паводле кухара, палякі распачалі паўстанне, надзеючыся на хуткую падтрымку бальшавікоў, каб захапіць уладу ў свае рукі.
    Нямецкі стары чыгуначнік апавядаў, што дзесьці наперадзе была чыгуначная катастрофа — стукнуліся два цягнікі — і таму гэтаму эшалону давялося так доўга чакаць. Чыгуначнік папрасіў у Вальтэра закурыць і скардзіўся, што ў Нямеччыне цяпер вельмі цяжка з куравам. На месяц даводзілася скурваць не больш чым адну пачку махоркі.
    На наступны дзень ехалі праз Ваймар, Эрфурт і Айзэнах у кірунку на Франкфурт-над-Майнам. Учарашні манатонны краявід замяніўся ўзгоркамі, далінамі, густа пакрытымі садамі. Каля кожнай дарогі цяжка звісалі пад вагою пладоў сукі садовых дрэваў. Месты Турынгіі танулі ў зелені садоў і таполяў. Кідаліся ў вочы спічастыя гатыцкія святыні, чырвоныя чарапічныя дахі будынкаў, кветкі пры дамах, дагледжаныя агародчыкі. Усё гэта тварыла нязмерна прыгожы малюнак прыроды Турынгіі. Яна ўсміхалася цёпламу жнівеньскаму сонцу, натхняла чалавека жыццём, радасцю і хараством, быццам тысячамі галасоў старалася запярэчыць, што вунь не так далёка — на ўсіх канцах гітлераўскае імперыі — пануе смерць і знішчэнне.
    III
    У Герстунгене цягнік коратка затрымаўся. 3 правага боку, на суседнім чыгуначным палотнішчы, стаяў эшалон з варшаўскімі ўцекачамі. Гэта былі пераважна старыя й маладыя жанчыны ды дзеці. На схудзелых тварах утрываліўся цяжкі адпячатак вайны. Цярпелі з голаду. У кожны таварны вагон было ўпакавана па 50 чалавек. Хлопцы даведаліся, што пакінулі яны Прагу й Варшаву ў мінулую нядзелю. Уцекачы пацвердзілі весткі, што места было поўнасцю зруйнаванае й спаленае. Але змаганне паўстанцаў прадаўжалася. Немцы вывозілі ўсіх, хто трапляўся ім пад рукі.
    Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руінаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункі калісь быў вялізны горад — сяння там засталіся
    папялішчы. Толькі высокая, ведамая па ўсім свеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнік над магілай, стаяла цэлай. Высокай спічастай вежай, нібыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы звярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошанні й смерць, што адбываліся ў зямным пекле.
    Бліжэй, побач самой чыгункі, не было руінаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькія лапікі, што зеляніліся агароднінай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна ж, гаспадары трымалі свае агародніцкія прылады, а мо й самі бавілі які час. Толькі ў адным такім агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай між градак. Наогул людзей нідзе не было відаць. Ці ж Франкфурт сапраўды замяніўся ў могільнік?
    IV
    — Спарыш! Спарыш! Уставай! — пачуў Сымон праз сон. — Чаго?
    — Пара хлапцоў будзіць, каб кухню дагледзелі.
    — Добра, ужо зараз.
    Сымон выкарабкаўся паволі з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткі. Гэта клікаў яго службовы падафіцэр Гуць.
    — Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у,— пачулася тоненькім голасам.
    — Цікава, якога пеўніка спеў мы чуем,— голасна думаў, пацягваючыся, Сымон.— Можа, французскага? Як вы думаеце, спадар Гуць?
    — Хутчэй усяго што французскага,— адказаў той.
    Сымон разбудзіў хлапцоў, якім чарга была даглядаць за кухняй, заспанымі вачыма паглядзеў на ахутаныя імглою дамы нейкага горада ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо болып не мог спаць. Паволі пачалі прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагона дадумаўся, што нехта з іх зрабіў ужо экскурсію ў бліжэйшы сад і на ўвесь голас хваліў смачныя спелыя яблыкі. Быў гэта голас самага выдатнага «садоўніка» Курца.
    «Садоўнік» у гэты момант меў, пэўна ж, шмат сяброў, бо чуваць было, як не адзін прасіў яго, каб падзяліўся здабычай.
    Калі Сымон, па некаторым часе, ізноў выкарабкаўся з
    фурманкі, пабачыў навокал сябе вялікі паўразбураны горад. 3 левага боку чыгункі ляжаў густа зрыты бомбамі могільнік, там-сям тырчэлі павыкіданыя наверх косці, пахіліліся на бакі або зусім паваліліся надмагільныя помнікі.
    — Нават і мерцвякам супакою не даюць. Вось дык шэльмы,— вурчаў сам да сябе Сымон.
    Побач цягніка работнікі папраўлялі пашкоджаныя бамбардзіроўкай шляхі чыгунак. Далей на левым баку відаць былі шматлікія коміны фабрыкаў. Там жа высілася ў праменнях узыходзячага сонца вострая высокая вежа святыні. Гэта быў Штрасбург — Эльзас, паводле таго ж кухара Вальтэра — усё яшчэ Нямеччына. .
    Ізноў рушыў цягнік і мкнуў проста на поўдзень. Побач чыгункі раскінуліся паласатыя шырокія палеткі, найчасцей засаджаныя кукурузай, засеяныя пшаніцай, радзей бульбай, а найбольш — з садовымі дрэвамі й вінаграднікамі. Направа сонца залаціла вяршыні Вагезаў. Прыгожа ў іхніх падножжах раскінуліся шматлікія вёскі. Раўніна — быццам стол. Сымон заўважыў, праязджаючы праз станцыі, што людзі з выгляду былі тут нейкія іншыя, не зусім мо такія, як немцы, дык прыйшоў да выснаву, што, пэўна, ці не французы.
    А гадзіне дзесятай раніцы праехалі праз Кольмар, апаўдні мінулі Мюльхаўзен і адтуль накіраваліся на захад.
    Цягнік даўжэйшы час стаяў перад семафорам станцыі Альткірх. 3 бліжэйшага доміка жанчына вынесла поўную кашолку спелых яблык. Колішнія паліцаі, быццам тыгры, напалі на здабычу. Паналадоўвалі сабе поўныя кішэні, так што тым, якія на колькі хвілін падаспелі пазней, не засталося нічога. Жанчына стаяла побач і, усміхаючыся, прыглядалася, як паліцаі душыліся за яблыкамі. Пабегла ў хату і зноў вярнулася з поўным кошыкам, ва ўзнагароду, што пабачыла тую самую штурханіну.
    Пад вечар, каля гадзіны шостай, цягнік прыехаў у Бэльфорт, першы, нават паводле кухара Вальтэра, ужо зусім французскі горад. I мо таму, што ўязджалі ў Францыю, перад прыездам яшчэ кожны жаўнер атрымаў па шэсцьдзесят штук патронаў да стрэльбы.
    — Ну, братка, цяпер ужо й дадзём! Трымайцеся, французы! — жартаваў адзін, пакуючы амуніцыю ў патранташы.
    Колькі ўжо даводзілася хлапцам бачыць разбураных і знішчаных гарадоў, але пабачыўшы руіны Бэльфорта, яны аж жахнуліся. Места так было ўсеяна ямамі ад бомбаў, што,
    здавалася б, не знайшоў між імі цэлага няўшкоджанага лапіка, каб чалавеку льга было сесці. Станцыі ў горадзе не было. Нават чыгунка й тая праходзіла па зусім свежым насыпе. Паперакульваныя паравозы, вагоны, абгарэлыя руіны будынкаў, уся дашчэнту ўзараная бомбамі зямля — вось гэта быў вобраз Бэльфорта, што кінуўся новапрыезджым у вочы.
    Яшчэ таго самага вечара, праехаўшы чарапашным ходам колькі кіламетраў, цягнік затрымаўся ў малой мясцовасці. На станцыі транспарт стаяў каля дзвюх гадзінаў, пасля адышоў крыху назад і затрымаўся сярод поля нанач. Навокал была пастаўлена моцная варта. Тлумачылі гэта тым, што ноччу ехаць было нельга з прычыны вялікай небяспекі з боку французскіх партызанаў, званых макісамі.
    Раніцою (а гэта была нядзеля) Сымон, прачнуўшыся, памыўся ў суседняй рэчцы і памог нанасіць у кухню вады. У гэны час з захаду надышоў ваенны транспарт, што затрымаўся побач. Гэта быў аддзел з трыццатае дывізіі, які, паводле апавяданняў, даехаў быў на нейкіх 70 кіламетраў да нармандскага фронту, як раптам атрымаў загад вяртацца назад.
    Шмат чаго апавядалі паязджане. Паводле іх, у Францыі становішча было кепскае з прычыны сільнай, узмоцненай хаўруснікамі партызанкі. Нейкая казацкая вайсковая адзінка пайшла на ліквідацыю макісаў у гарах і сама была зусім зліквідаваная. У другім месцы — апавядалі далей — адзін транспарт з трыццатай дывізіі спыніўся нанач блізка нейкай станцыі. Там чыгунка праходзіла праз адкрыты тунель, вышыня якога дасягала месцамі дзесяці метраў, мераючы ад узроўню чыгуначных рэек. Ноччу наляцелі амерыканскія самалёты й так закідалі эшалон бомбамі, што жывымі выйшла адтуль усяго дзесяць чалавек.
    Цікава, хто так дакладна падлічыў гэную дзесятку. Відаць, што перапалох меў вялікія вочы, а плеткары -— надта ж даўгія языкі й нядрэннае ўяўленне. Лішнім было б сумлявацца, аднак, што ў гэных апавяданнях была доза праўды. Вайна тут, як відаць, не абмяжоўвалася толькі да асноўнага фронту. Фронт быў і ззаду, як і ў Беларусі, дык і трэба было быць падрыхтаванаму на найгоршае, на ўсякія неспадзеўкі.
    Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлі ў гэным транспарце Мельніка, што калісьці быў пры школе камандзіраў БКА, a цяпер ■— у трэцім батальёне. Ён застаўся ў чыне афіцэра. Мельнік апавядаў, што ў іхнім батальёне, як і ў першым,
    кожная рота мела беларускага й нямецкага афіцэра. He адзін з дванаццатай роты пытаўся сябе, чаму яны не мелі свайго афіцэра. I ўжо каму як каму, але іхняй жа роце, колішняй афіцэрскай школе, трэба было б мець беларускага камандзіра. I, відаць, было тое зусім не прыпадковым. Мо гэта мсціліся на іх цяпер за тую салідарнасць, выказаную аднойчы так дружна і ўдала пры страйку за харчы, а іншым разам — пасля пакрадзеных у прускага баўэра агуркоў. Хто ж мог ведаць...