Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Баўэр быў ужо выхіліў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусіць, хацеў клікаць работнікаў на абед.
— Спарыш! — гукнуў Сымона Турн.— Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам з’ясі.
Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблітага сосам, тоўчанай жменькі бульбы, тоненькай скібачкі хлеба й кубка маслянкі. Умясціўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухні, Сымон і Віктар зусім нядрэнна падсілкаваліся. Пасля паўдня зноў пайшлі ў поле вязаць снапы. Працавалі паволі, шмат гаварылі, але не стаялі. Дзень быў спякотны, ды надта й перапрацоўвацца не было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар і, агледзеўшы звязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабілі й каб ішлі дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадаліся, што прусак адсылае іх загадзя, каб не даць вячэры. Віктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселі. з іншымі сябрамі гуляць у «ачко» і так прагулялі той час да вечара. Даводзілася ім працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калі хлопцы прыйшлі на абед, гаспадар — пузаценькі пяцідзесяцігадовы падсівелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасля казаў яшчэ звазіць дровы. Юнакі моцна пакрыўдзіліся й сакавіта лаяліся, ідучы дадому.
IV
Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёміцца з адным беларусам, што меў прэтэнзіі быць пісьменнікам, дый сапраўды тое-сёе пісаў і там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыі працаваў нейкім малым канторшчыкам пры генеральным камісарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сціпла гаворачы, немафіл. У кожным нямецкім учынку бачыў штось асаблівае, вартае наследавання. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу «гэрэнфольк». Сымон быў перакананы, што нават і самога сябе той пісьменнік уважаў за істоту, якая немцам далёка не раўня.
— Ты паглядзі на немцаў вунь,— гаварыў неяк Сымону пісьменнік,— вось дык культурны народ. Гэта ці бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку генеральнага камісарыята. Дык што ты думаеш? He толькі чысценька з талерак ядуць, што ніводнай макулінкі не марнуюць, але ўжо калі йдзе аб хлеб, дык, глядзіш — і ўчарашнія чорствыя скарыначкі падчысцяць ды яшчэ й крошачкі пазбіраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!
Сымону пазней часценька прыгадваліся тыя словы. Мо й
трэба з пашанаю адносіцца да эканомнасці й ашчаднасці,— думаў Сымон,— ды часамі не толькі варта, але прост-напраст неабходна. Адно калі йшла гаворка пра тую пісьменнікаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там і нечага іншага. Будучы ў Прусіі, заўважыў ненармальную нямецкую скупасць. Адна рэч, калі казаць пра нямецкую скупасць у дачыненні да чужых, але ж яна, скупасць гэтая, не абмяжоўвалася толькі чужымі, абымаючы ўсіх — у тым ліку й сваіх нямецкіх жаўнераў. Ніколі, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкі нямецкі баўэр пачаставаў ці хаця б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзілі так па вёсках, жабруючы й просячы: «Матка, яйка, матка, шпэк», як гэта рабілі ў Беларусі.
Праўда, былі розныя гітлераўскія строгія правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлічана — і жывёла, і маёмасць, і цэлы дабытак. Але ж тое было і ў Беларусі, куды ў большай меры эксплуатаванай акупантам.
Як ужо тыя акупанты ні душылі бедных беларускіх сялян, якім ужо не ставала самім не толькі хлеба, а часамі й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам ніяк нельга было раўняцца да прускіх баўэраў. I зноў у Сымонавай памяці ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калона шкілетаў — палонных з Чырвонае Арміі. Калона мінае Сымонавую вёску. Сялянкі, панабіраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою — скарынкі ці акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогі й шпурляюць яду ў калону. Чуваць крыкі палонных, яны кідаюцца кучамі на яду, смерць косіць бедных людзей жалеззем з нямецкіх аўтаматаў.
Беларусы, самі бедныя, абрабаваныя, ледзь не жабракі, дзяліліся з беднымі людзьмі апошнімі кавалкамі хлеба, a хто й таго ўжо не меў — бульбінай. I ці зрабілі б гэтак нямецкія баўэры? Сымон быў перакананы, што не. Гэта — народ без душы, без спачування.
3 гэткага параўнання прыходзіла юнаку ў галаву думка, што народ ягоны быў адным з найлепшых, найбольш гасцінных, спагадных у бядзе. Меў вялікае, гуманнае, поўнае хрысціянскае любові сэрца. Яно абымала полымем кахання не толькі сваіх родных дзяцей — беларусаў. Войны паказалі, што нават жаўнер акупанта, калі ён быў галодны й папрасіў у беларускага селяніна кавалак хлеба, дый ці толькі хлеба, ніколі не адыходзіў ад дзвярэй з пустымі рукамі. I магчыма, што беларускі народ якраз за такую сваю дабрату так шмат
пацярпеў на працягу цэлае гісторыі ад іншых. Мо ён быў зашмат даверлівы, занадта добры, цераз меру спагадны.
Нараканні прускіх баўэраў, што быццам беларусы іх аб’ядаюць, а не едуць на фронт, былі зусім недарэчныя. Папершае, жаўнеры хадзілі паўгалодныя. Ужо як тады будзе на фронце, думаў ці адзін з іх, калі тут, дзе павінны быць нармальныя даставы, даводзіцца галадаваць. Па-другое, калі вы хочаце, каб вас баранілі, разважалі беларусы, дык хаця накарміць галодных выпадала б. Іншыя, у злосці на немцаў, кідаліся ў крайнасці.
— Чакайце, вы, швабы! — пагражалі немцам.— Хоць не з нашых рук, але дастанеце вы хутка. Вам бальшавікі пакажуць, дзе ракі зімуюць!
V
У кожнай сям’і — гаворыць народная мудрасць — бывае паршывая авечка. Знайшлася адна і ў дванаццатай роце. Даўно заўважылі сябры, што Курэц меў зладзейскія прывычкі. Гэта быў чарнявы, вастраносы, з зялёнымі вачыма, слабой інтэлігентнасці хлапчук. Ужо ці раз бачылі, як ён то там то сям, бывае, якую малапатрэбную рэч у кішэню суне. Мо яна й ніколі яму не прыйдзе ва ўжытак, але ўсё ж сцібне, от так — толькі з прывычкі. Дык і не дзіва, што ў Альбрэхтаў адзін ці другі ў роце заўважыў: глядзі, як Курэц вунь носам водзіць. Ужо ці не наважыў ён там што налева зрабіць...
I калі здарылася гісторыя з гуркамі, то ўсе адразу падазравалі Курца, хоць не шмат хто ў яго тыя гуркі бачыў.
Было гэтак. У баўэра, у якога рота затрымалася ў пуні, на панадворку, тут жа каля вуліцы й калодзезя, раслі гуркі. Гэта быў малы, трохкутны, абгароджаны частаколам, лапік. Ведама, як немец выкарыстоўвае кожную пядзю зямлі. Тут жа й выгадна было, не трэба здалёк ваду на паліўку прыносіць — адразу каля студні. Усе былі заўважылі тыя гуркі, што, як парсюкі, ляжалі на малых лешках. Уночы звычайна стаяў тут жа вартавы. Гэтак было і ў тую ноч, калі гуркі прапалі. Раніцою некаторыя з немалым здзіўленнем пабачылі, што бальшыня гуркоў знікла мінулае ночы, а на лехах засталіся сляды панабіваных цвікамі падноскаў вайсковых чаравікаў ды паломанае каліўе.
Як жа тут знойдзеш злодзея? Вартавыя нічога не бачылі
(і як жа маглі не бачыць?!), ніхто да пакражы не прызнаваўся. Колькі ні рабіў скандалу баўэр, колькі ні муштраваў цэлую роту нямецкі падафіцэр, ніхто пра гуркі нічога не ведаў. Ды і з самой роты, ясна, бальшыня нічога не ведала, a тыя, што ведалі, маўчалі.
— Няхай сабе, калі ў нас і ёсць злодзей, дык ён наш. Нашто дазваляць немцам, каб каралі яго,— меркавалі некаторыя. Гэта былі ўголас выказаныя думкі бальшыні роты.
Як і раней, пры страйку за «фарфлюктарам», рота выказала поўную салідарнасць. Няхай і шмат хто думаў пра Курца, былі ж і такія, што ведалі дый разам спажывалі, але ніхто не паказаў пальцам. Колькі ж за гэта прыйшлося ўсім, падаючы й падымаючыся, пабегаць па полі, колькі немцу давялося дзерці глотку. Злодзея так і не выкрылі.
Пасля нейкае нядзелі побыту ў Альбрэхтаў прыйшла ў аддзел вестка, што цэлая трыццатая дывізія будзе перакінутая ў Францыю. Аддзелы ад’язджалі чаргова, ладуючыся на цягнік на станцыі Розенберг. Неяк аднойчы пад вечар прыйшоў у дванаццатую роту загад падрыхтавацца да ад’езду. Рыхтаваліся дацямна й чакалі. Позна вечарам загад быў адкліканы. Яшчэ чатыры дні затрымаліся на месцы.
VI
Зараз на загуменні на скошаным жытнішчы адбываліся заняткі. Гэта былі самыя элементарныя вайсковыя практыкаванні. Вучылі маршыраваць роўным крокам, паварочвацца, салютаваць, трымаць у розных позах зброю. Звычайна заняткі праводзіў нямецкі звязовы Штык. Каманда ўжывалася нямецкая, а не беларуская — як у Менску, і не ўсе добра цямілі нямецкую мову. Звычайна перакладчыкам служыў Вечка, высокі чарнявы худы хлапец з-пад Баранавічаў. Штык дзяліў роту на звязы, даваў беларускім звязовым інструкцыі, каб праводзілі тыя самыя практыкаванні ў сваіх звязах, а сам хадзіў і наглядаў. Амаль кожны дзень з роты выдзялялі каля пяці чалавек, якія пасылаліся на працу да нямецкіх сялян.
Часценька заняткі ў роце праводзіў шэф Кацынскі. Выпадае пазнаёміцца з ім крышку бліжэй. Гэта быў «фольксдойч» (фактычна паляк) з Быдгошчы. Гаспадарчы падафіцэр дванаццатае роты сяржант Грамыка служыў разам з ім у
польскіх уланах у Грудзёндзу, дзе Кацынскі адбыў 18 гадоў. Лёгка было заўважыць у яго вайсковыя ўхваткі. Шэф насіў . боты з кароценькімі халяўкамі і нагадваў, як здавалася
Сымону, то жолуд, завостраны зверху, то, іншым разам, растапыраны камель зношанай мятлы. Мо да гэтага крыху спрычыняліся адтапыраныя нізы мундзіра, востры вялікі нос ці нават і тая ўланская, вельмі характэрная хада. Росту Кацынскі быў высокага. Падоўжаны твар быў спераду закончаны даўгім шылаватым носам. Шпарка й злосна пазіраючы на ўсе бакі, верцячыся навокал, быццам тыя свярдзёлкі, бегалі несупынна маленькія вочы. Цяжка было разрозніць, ці Кацынскі смяяўся, ці моршчыўся ад злосці. А мова! Што гэта за мова! Калі пачынаў камандаваць, то вусны яго плявалі несупынным ручаём словаў нямецкіх, польскіх і чыста мазурскіх.
Бывала зранку, пасля снедання, службовы зробіць зборку ўсёй роты і паставіць у тры шэрагі. Кацынскі стаіць воддаль і прыглядаецца. Прыняўшы ад падафіцэра рапарт, фельдфебель пачынае:
— Achtung! Gerade aus! Rownaj, rownaj! Tani, psiakrew, bzusek do tylu! Jesce, jesce! Verfluchte Mensch, wieviel mal muss ich sagen?!*
Калі той, што не схаваў жывот — «bzusek do tylu», не звярнуў належнае ўвагі на «фольксдойчавы» словы, Кацынскі падбягаў да вінаватага рэкрута, браў абедзвюма рукамі яго спераду за плечы ды правым каленам з усёй сілы пхнуў у жывот. Ясна, пхнуў ён не шкадуючы, так што гаспадару жывата ўжо не хацелася высоўвацца задалёка наперад круглай часткай свайго тулава.