• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    VII
    Пад час абедняга перапынку Сымон і Віктар Караткевіч выявілі сваю думку Кастусю Дзежку. Той пахваліў ідэю, але настойваў, што ўцякаць трэба гуртам. Заўважыў, што думка такая ёсць і ў шматлікіх іншых, але канчаткова зарганізаванага і ўпланаванага нечага яшчэ не было (адбывалася
    гэта перад разведкай Віктара Сянкевіча). Іншыя сябры, да якіх звярнуліся Сымон і Віктар Караткевіч, былі зусім ненаважанымі й больш выпытваліся, чымся радзілі.
    Мо тутака два нашы героі занадта пагарачыліся. Маглі б пачакаць, больш разнюхаць, разважыць, іншых намовіць. Дый не шмат трэба было каго намаўляць. Камітэт працаваў па звязах, усюды праводзілася агітацыя. Была зроблена сувязь з іншымі ротамі, й там пачалася прапаганда, але, як пасля выявілася, яна не прынесла жаданых вынікаў.
    Сымон асабліва падкрэсліваў той факт, што цяпер міналі спрыяльную тэрыторыю, што праходзіў час, які трэба выкарыстаць, і што пасля мо не будзе такой добрай нагоды. Такім чынам Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч пастанавілі ўцякаць у той жа дзень удвух пры першай лепшай нагодзе. Сымон меў першы адысціся на левы бок дарогі ў кусты, быццам для патрэбы, перачакаць, пакуль цэлая калона пяройдзе, а там ужо — і ў горы. Мясцовасць добра падыходзіла. Горы высокімі скаламі засланялі паўночны бок. Такім самым спосабам, прайшоўшы яшчэ мо пару сотняў метраў, меў змыцца й Віктар Караткевіч. Безумоўна, усю зброю й амуніцыю мелі захапіць з сабою.
    VIII
    Рэчка вялікім лукам выгнулася ў паўдзённым кірунку, a побач яе бегла чыгунка. Толькі шаша не палегла тут побач рэчкі, а прасцяком адскочыла ад яе на паўтара кіламетра на поўнач ды апаясвала самыя падножжы гор. Зараз жа побач дарогі з левага боку былі густыя кусты, пасля ў кірунку гор цягнулася на метраў сотню шырокая паласа сенажаці, там жа зноў пачыналіся густыя горныя зараснікі. Самі горы былі з лагоднымі ўзбоччамі й невысокія. Сымон кінуў вокам направа й налева, памеркаваў і наважыўся. Была ўжо гадзіна чацвёртая ці больш папаўдні. Неба зацягвалася хмарамі, неміласэрна парыла. Можна было лёгка ўгадаць, што прыйдзе дождж, калі не бура. Дзесь далёка на захадзе пагражаў гром.
    — Слухай, Віктар, тут!
    Віктар разгледзеўся.
    — Ужо цяпер?
    — А чаго чакаць? Ты зараз жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькі дзесяткаў метраў шмыгнеш і ты.
    — Я гатовы. Хіба ж ты не парадзіш мне хатуля забіраць, каб немцы пыталіся, куды іду.
    — Добра, няма часу на жарты. Глядзі адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклікніся, каб мы, барані Божа, не згубіліся.
    — Добра, ідзі ўжо.
    Сымон паправіў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсці ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адышоў на левы бок дарогі, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысля, каб усе бачылі, адшпіліў пояс з патранташамі й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце звязовы Штык, што бачыў Сымона й не звярнуў на яго вялікай увагі. Жаўнеры часценька па дарозе адыходзіліся ў кусты.
    Таму, што Сымонава рота ішла пры хвасце калоны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загібе дарогі. Сымон хуценька зірнуў, ці нікога няма на дарозе, і шпаркімі крокамі кінуўся пад горы цераз паласу сенажаці. Адно некалькі крокаў дзяліла яго ад падгорных зараснікаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знікла калона, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Між Сымонам і ёй было мо паўкіламетра адлегласці.
    У кузаве ехалі жаўнеры вермахта. За першай паказалася другая й трэцяя.
    Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў паніку не кінуўся. Яму выпадала або тут жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажаці ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылі, або дабегчы тых колькі крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо ж кінуцца за ім у кусты? Сымон думаў маланкай і наважыўся дабегчы да кустоў. Прыспяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся ніцма цэлай сваёй постаццю на першыя зараснікі. Трапіў, мусіць, на нейкія калючкі, што, быццам кацінымі кіпцюрамі, дзёрнулі яму ўздоўж твару. Гвалтоўна білася сэрца, цяжка дыхалі грудзі. Сымон баяўся зварухнуцца. «Бачылі ці не? Няўжо ж бачылі? А вось тады мне пападзецца».
    Крышку падняў галаву, павярнуў яе направа ў кірунку дарогі й сачыў за тымі трыма машынамі. Яны затрымаліся. Сымону новая хваля крыві хлынула ў галаву. Ужо яму здалося, што вось-вось пачнуць саскокваць з машын жаўнеры й гнацца, шукаць яго, Сымона, па лесе. Але нічога
    падобнага не сталася. Машыны пастаялі нейкіх пару хвілін няведама чаго й зноў рушылі. Юнак устаў і ледзь выблытаўся з густых калючых галінак. Правёў правай рукой па твары й пабачыў на далоні кроў.
    — Каб цябе ліха! — прамармытаў.
    Часу нельга было траціць. Хутка заглыбіўся ў зараснікі, якія зараз замяніліся сярэдняга рбсту дрэвамі. Пад нагамі шалясцела леташняе лісце. Затрымаўся, заладаваў стрэльбу, наставіў бяспечнік і трымаў яе напагатове. Уважна разглядаючыся навокал, а перадусім у правы бок, яшчэ прайшоў колькі крокаў і пачаў клікаць свайго сябру:
    — Ві-і-і-і-і-і-ктар!
    Рэха гулка раскацілася на ўсе бакі. Адказу не было. Сымон гукнуў яшчэ колькі разоў. Тое самае. Вецер моцна скалатнуў вершалінамі лесу. Сонца схавалася за хмарай.
    Збочча гары раптоўна падымалася, й Сымон не без цяжкасцяў крочыў наперад. Часта хапаўся за камлі дрэваў, каб не спатыкнуцца й не скаціцца назад. Ішоў ці, дакладней сказаць, лез мо хвілін пятнаццаць. Дрэвы зноў парадзелі й замяніліся нізкімі кустамі. Уверсе вецер хутка гнаў хмары на ўсход. Яшчэ колькі хвілін, і пачнецца дождж. Сымон не мог зразумець, што сталася з Віктарам. Няўжо ж не асмеліўся?
    Адзінокая аса, узбуджаная, відаць, раптоўнай зменай пагоды, а мо й нечаканым наведвальнікам, дробнымі кружкамі замітусілася над Сымонавым шлемам, быццам выбіраючы месца, дзе ўкусіць, і джгнула яго ў шыю,
    — Ах, каб цябе нячыстая! — вылаяўся ўцякач.
    Першыя рэдкія й цяжкія кроплі дажджу пасыпаліся на чупрыны кустоў. Сымон, выбраўшыся на плоскі гарызантальны хрыбет горкі, падаўся ў правы бок, асцярожна ступаючы наперад. Хутка апынуўся над самым краем стромай сцяны. Прысеў, схаваўшыся за куст. Тое, што пабачыў унізе, адразу выясніла яму ўсю сітуацыю.
    Пад нагамі яго ляжала вялікая мясцовасць. Як пасля даведаўся — называлася Клерваль. Дарога раптоўна загнула налева якраз там, дзе Сымон, уцякаючы, убачыў тры нямецкія аўтамашыны. Віктар таму й не мог уцячы. Бок гары з усходу быў надта стромы, а калі б і не, дык Віктар Караткевіч не мог бы ўцячы ад свае калоны ў мястэчку. Сымон разглядаў мост на рэчцы, чыгунку, што праходзіла ля самага падножжа гары, шашу, якая, перабегшы на паўдзённы бок рэчкі, стужкай абкружыла даволі шы-
    рокую даліну ва ўсходнім кірунку. Дарога была пустая. Сымонавай калоны ўжо не было відаць. Толькі ў мястэчку затрымаліся на вуліцы тры фурманкі. Па нейкім часе з дзвярэй крамаў выйшла колькі зялёных фігурак. Яны селі на каламажкі, якія трушком пакаціліся па шашы.
    IX
    Сымон сядзеў, разглядаўся й разважаў. У сэрца пачала ўкрадацца трывога. Уцячы — гэта адно, але што цяпер рабіць? Трэба было наважыцца й то хутка. Куды кінуцца? Дый як жа гэта аднаму быць? Бязвыхаднасць раптам ярка адлюстравалася ў Спарышовым уяўленні. Зрок блудзіў перш па далёкай дарозе, па стрэхах мястэчка й пасля спыніўся каля правай рукі, якой юнак быў падпёршыся. На шыракаватай, можа, на сантыметр цэлы, выхаджанай мурашкамі сцежачцы Сымон заўважыў вялікую чорную мурашку, што цягнула ў колькі раз большы за сябе кавалак сухога дрэва. Учапіўшыся за яго пярэднімі лапамі, яна паволі рухалася задам.
    Спарыш на момант забыўся аб сваіх турботах і зацікавіўся працавітым жыхаром лясоў і палёў. Асабліва цікава назіраць было, як мурашка старалася перавалачы свой багаж на другі бок таўставатай галінкі, што ляжала поперак ейнай сцежачкі. Праз той вузенькі праход, што мурашкі вытачылі пад галінкай, кавалак дрэва не пралазіў. Пасля пары няўдалых спробаў мурашка выпаўзла сама, адапхнула дрэва назад, колькі разоў абабегла навокал яго, быццам мяркуючы, што рабіць далей, ды хутка зноў узялася за працу, каб перацягнуць ладунак цераз бар’ер. Але як ні чаплялася заднімі лапкамі за галінку й як ні натужвала ўсе свае сілы — нічога не выходзіла. Ізноў абабегла навокал багажу, мяркуючы, які тут знайсці ратунак.
    Сымон сачыў тое мураўінае змаганне з захапленнем. На момант і забыўся, што сам знаходзіцца ў большым клопаце й небяспецы. Цэлую ўвагу аддаў малой істоце. Гэтак калісьці любіў сачыць мурашак і ў дзяцінстве. Дый хто ж не любіць назіраць за тымі працаўнямі. Адчуваў Сымон і нейкае задаваленне з мураўінага клопату — мо ад той свядомасці, што не толькі ён адзін у бядзе, але што і ўсё іншае ў прыродзе працуе, змагаецца й церпіць.
    «I мог бы ж я памагчы ёй,— думаў хлапец,— але вось
    
    жа няхай сама зробіць, а я буду збоку сядзець, сачыць і смяяцца. Няхай мурашка пазнае, які лёгкі на гэтым свеце хлеб».
    Тым часам мурашка наважылася, мусіць, пераправіцца цераз папярэчную галінку іншым спосабам. Стаўшы раўналегла да свайго падоўжанага кавалка дрэва, яна пярэднімі лапамі падапхнула адзін ягоны канец уверх, так што ладунак ускосна лёг на бок галіны. Пасля, адышоўшыся крыху назад, ухапілася за задні канец і з вялікаю натугаю папхнула ўвесь цяжар уверх. Кавалак дрэва перакуліўся на другі бок галінкі.
    Мурашка, відаць, узрадавалася, адскочыла назад і шпарка кінулася ў левы бок, каб самой пералезці на другі бок праз той вузенькі праход пад галінкай. Мусіць, ашчаджала сілы й сама не хацела пералазіць цераз верх без патрэбы. Сымон дзівіўся — колькі мудрасці ці мо толькі памяркоўнага інстынкту мела маленькая працавітая істота.
    Мурашка зноў хапіла кавалак дрэва пярэднімі лапкамі й пачала цягнуць паволі, як раней. Але тут Сымон наўмысля паставіў ёй на той вузенькай сцежачцы вялікі шырокі свой палец. Мурашка, кінуўшы ладунак, абгледзела перашкоду і ўжо старалася, мусіць, разгледзець, як абысці яе, бо кінулася крышку ўбок, хоць там дарожку загароджвалі сухія сцёблы травы. Шкада Сымону стала раптам мурашкі. Ён прыняў палец і з вялікім спачуваннем уздыхнуў: «Эх, братка ты мой, мурашка. Дзівяцца й людзі з тваёй працавітасці й цярпення. Але не ведаеш ты нашай горкай долі. Што й казаць! Ведала б — дык і не пазайздросціла!»