Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Колькі хлопцоў засталося пры капітане, іншыя ж паразыходзіліся да сваіх рэчаў і радзіліся, як найлепш кіравацца ў далейшую дарогу. Шмат з іх ахвоцілася на нямецкія машыны й кіравалася да шашы.
Тым часам інструктары-немцы павыбіралі найлепшыя фурманкі й клікалі канюхоў ды загадвалі пераладоўваць свой багаж.
— Слухай, Коля! — звярнуўся да Камовіча Кастусь
Дзежка.— Кідаем к чорту наш воз. Няхай гэныя швабы на ім едуць, а мы, калі ўдасца, давай паедзем машынай. Ты ведаеш, колькі ты часу будзеш з гэнымі брухатымі валачыцца!.. Але пабач! Немцы твайго воза не выбралі. Дзе там хто захоча ехаць на такім здохленькім коніку.
— Ну ты, ўважай. He зневажай гнядога! — адгрызнуўся Камовіч.
— Няма часу на жарты. Ідзі, пацалуй яго на раввітанне ды аддай гэтай імітацыі Шулу, ён ахвотна згодзіцца.
— To хадзем, забярэм хаця кулямёт. Той нам спатрэбіцца, хаця б і на самагонку.
— Ты ўсё з самагонкай!
— Дый рэчы таксама.
Сябры накіраваліся да свае фурманкі й хутка пачалі абвешвацца рознымі пакункамі й хатулямі. Дзежка ўзяў «дзегцярова», Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч — па адной скрынцы амуніцыі. Шуло ахвотна згадзіўся ўзяць пад сваю апеку іхняга лянівага гнядога коніка. Чацвёрка накіравалася на дарогу.
Некаторым з юнакоў ужо пашанцавала ўскочыць на вольныя нямецкія аўтамашыны, й групкі пры дарозе радзелі. Два капітаны на верхавых, нямецкія падафіцэры й некаторыя беларусы на фурманках накіраваліся на дарогу.
Нашай чацвёрцы ўдалося перабрацца на левы бок шашы, дзе чакалі, наглядаючы выгаднай машыны.
— Толькі ж, хлопцы, старайцеся, каб усім разам сесці ды не раздзяліцца.
— Ты ўжо не бойся.
У гэны момант наладаваная трубамі платформа крыху звольніла, й Камовіч з Дзежкам, быццам маланкаю, ускочылі і ўжо сядзелі наверсе.
— Хутчэй! Давайце сюды! — крычалі яны.
Сымон нагнуўся, каб схапіць пастаўленую перад сабою цяжкую скрыню з амуніцыяй. У гэны момант нейкая хуткая машына, што абмінала калону, наехала на скрынку і ўгнетла яе ў мяккі, раз’езджаны, быццам попел, сівы пясок. У апошні момант нечыя моцныя рукі схапілі Сымона ззаду й адцягнулі ад дарогі.
— Але ж з цябе й расцяпа! — буркнуў Віктар.— Шчасце маеш, што не пакалечыла.
— Каб не ты, дык і пакалечыла б. Ну, а тыя дзе? Паехалі?
— Паехалі. Але не бойся. Удасца й нам. Дагонім іх яшчэ ў Маладзечне.
Доўга не давялося чакаць. Большасць транспарту валачылася паволі, й незадоўга наша двойка ўжо сядзела наверсе вялікае машыны. Хутка абмінулі школьныя фурманкі, пакінулі ззаду некаторых сяброў, што яшчэ чакалі на добрыя шансы, ды, з палёгкаю ўздыхнуўшы, перанесліся ўжо думкамі ў Маладзечна.
Крывавая ноч у Вільні
I
Больш аднае пары часу заняло даўгому таварнаму цягніку, перапоўненаму ўцекачамі й жаўнерамі, пакуль дапоўз з Маладзечна праз Ліду ў Вільню. Цывільныя ўцекачы былі пераважна з Полаччыны. Апавядалі, што бальшыня местаў на ўсход ад Маладзечна, улучна з найбліжэйшай Вілейкай, ужо эвакуавалася. У ліку едучых было шмат паліцыі, ці мала з іх са сваімі сем’ямі й сваякамі. Адзін паліцай Сталюкевіч, чалавек у трыццатых гадах, ужо развёў добрае знаёмства з Камовічам і іншымі сябрамі нашае чацвёркі, што хутка знайшлася пасля прыезду ў Маладзечна. Хто ведае, ці не была першапачатнай прычынай гэнага знаёмства празрыстая ззяючая Камовічава пляшка спірту, якую гаспадар тым часам песціў за пазухай, аж пакуль усе не размясціліся ў зверху адкрытым вагоне, прызначаным для перавозу бярвення й дроў. Дзе й як ён яе здабыў — для іншых сяброў было таямніцаю. Праўда, яны й не дзівіліся, ведаючы ягоныя здольнасці ў гэным кірунку. Дый часу ў Маладзечне меў даволі.
Такім чынам і дарога весялейшай стала. Як бы ні было, а нават найменш адпорныя на алкаголь і не прывыклыя да яго Сымон і Віктар і тыя сербанулі па шклянцы, хоць надта ж моршчачыся. Здавалася пасля, што й цягнік весялей ішоў, што й вайна, пэўна ж, не такая ўжо страшная, дый цыганскае жаўнерскае жыццё, да якога во толькі што пачалі прывыкаць, неяк там ужо паплыве.
Сталюкевіч з Камовічам і поглядамі выразна згаджаліся. Згода была бліжэйшая ў меру таго, як пусцела літроўка. Першы красамоўна распавядаў субяседніку аб сваім гарачым патрыятызме, аб тым, колькі яму ўдалося знішчыць чырвоных партызанаў, дый аб тым, колькі ворагаў Беларусі ён сваімі ж собскімі рукамі вынішчыць яшчэ ў будучыні.
Камовічавым грудзям даволі-ткі добра дасталося, пакуль яму, божачыся, сяк-так удалося пераканаць субяседніка, што і ён, Камовіч, не такі ўжо самы апошні чалавек на гэтай планеце і што ён шмат каму й шмат чаго яшчэ пакажа. Бліжэй гэных двух быў прымасціўся Кастусь, які, хоць у гутарцы малы браў удзел, сардэчна патаківаў, калі ад яго вымагалі.
II
Калі цягнік на другі дзень каля паўдня давалокся да Вільні, давялося яму шмат пачакаць, пакуль уціснуўся на таварную станцыю. Даслоўна ўціснуўся. Па баках не было аніводнага вольнага чыгуначнага шляху. Колькі квадратных кіламетраў таварнае станцыі было запруджана ваеннымі эшалонамі.
На адным з пешаходных пераходных масткоў над цэлым гэтым комплексам чыгунак і ваеннае ды ўцякацкае масы стаяла невялікая група віленскіх «анткаў», якія, назіраючы за гэтай вялікай кангламерацыяй жаўнераў, народаў і простых нешчаслівых людзей, яўна цешыліся, часта ўсміхаючыся й час ад часу вузенькай нітачкай сліны выказваючы сваю знявагу да тых, якіх лёс у гэны час і дзень, на добрае ці благое, сагнаў на станцыю.
— Цьфу на вас, нячысцікаў! — паказаў на іх Сымон.
— Ты бачыш, пасабіраліся басякі! — памог злаваць Кастусь.
3 «анткамі» другі раз і то ўжо больш паважна давялося нашай чацвёрцы сустрэцца тут жа налева за Вострай Брамай, непадалёк ратушы. Пакінуўшы свайго прыпадковага спадарожніка Сталюкевіча, яны накіраваліся ў былое re­Ta, дзе, як было сказана, затрымалася менская школа.
— Давайце спынімся на перакурку,— пасуліў Кастусь, знімаючы з пляча «дзегцярова» на рагу вуліцы.
— Давай,— адазваліся іншыя.
Хлопцы моцна зацягнуліся цыгарэтамі й, не спяшаючыся далей, разглядаліся. Два чалавекі сярэдняга росту затрымаліся крокаў за пяць воддаль і з несхаваным зацікаўленнем прыглядаліся не так да хлопцаў ці іхніх стрэльбаў, як да кулямёта.
— Скажыце, панове,— не выцерпеўшы, агрэсіўна звярнуўся да іх Кастусь,— ці не закахаліся вы ў нас часам?
— У вас-то, можа, й не,— адказаў паляк з грымасай,— але ў гэты кулямёт, то можа...
— Як бы то, пане,— з вымушанай ветлівасцю прыйшоў на дапамогу другі,— каб мы так зрабілі маленькі гандэлек?
— Як то значыцца гандэлек? — удаў Кастусь, што не разумее.
— Прадайце нам кулямёт,— паясніў той.
Камовіч штось шапнуў Кастусю на вуха і, відаць, для
падмацавання свайго аргументу пстрыкнуў вялікім пальцам па адамавым яблыку.
Дзежка спахмурнеў.
— Здурэў ты, ці што? — кінуўся ён на Камовіча.
— He разумееш, што ў сённяшнія часы гэта твой найлепшы сябра?
— Ды я ж толькі думку такую...— залепятаў Камовіч.
— Эх ты, разам з думкай. У цябе думка толькі аб самагонцы. Як табе не сорамна!
Дзежка раптоўным рухам скінуў з пляча і ўзяў напагатоў для стрэлу «дзегцярова».
Палякі змыліся вельмі хуценька.
Ш
У адным з вялікіх будынкаў былога гета сабралася ўжо больш сотні юнакоў са школы камандзіраў БКА. Засведчыўшы службоваму падафіцэру сваю прысутнасць і даведаўшыся, што тым часам ніякіх загадаў і планаў няма, з дазволу падафіцэра Камовіч пайшоў наведаць сваіх бацькоў, а Сымон, Віктар і Кастусь выправіліся да Веньця. Гэтак называлі свайго колішняга гаспадара, у якога жылі на памешканні. Польскае слова «венц», адпаведнае беларускаму «дык», ён вымаўляў, непатрэбна змякчаючы два апошнія гукі. Гэта й паслужыла ддя яго гатовай мянушкай.
Быў Веньць старым шасцідзесяцігадовым кавалерам. 3 ім жылі дзве сястры, таксама яшчэ дзеўкі, адна на колькі гадоў старэйшая, а другая малодшая за брата. Цэлы свет гэтай асаблівай тройкі круціўся паміж анёлкамі, касцёлам, працай і «халупай», як яны называлі сваю хату. У Вільні жылі даўно. Веньць працаваў дзесь у гарбарні. He раскідаліся, жылі вельмі сціпла. Пакоі іхнія паабчэпліваныя былі рознымі глінянымі й парцалянавымі Езусамі ды Боскімі Маткамі, пачынаючы ад Вастрабрамскай, а канчаючы Чанстахоўскай і іншымі сакрамантамі, у тайніцу якіх тройка студэнтаў ніколі не ўглыблялася.
Адвялі хлапцам пакой на падстрэшшы. Былі там тры нізкія пасцелі, стол з двума крэсламі й дзве шуфляды. Адной выгадай для студэнтаў быў вялікі франтавы балкон, здадзены поўнасцю для іх карыстання. Адтуль быў добры від на Вяллю й Замкавую гару. Там хлопцы праводзілі шмат свайго пазашкольнага часу.
Здаралася неаднойчы раніцою ў нядзельку, калі тройка храпла яшчэ моцным сном справядлівых у сваім душным пакойчыку, малодшая Веньціха, пастукаўшы ў дзверы, без вялікай цырымоніі прыходзіла гнаць студэнтаў «да касцёла». Даўгія й шчырыя запэўненні хлапцоў, што яны не каталікі, a праваслаўныя й што акрамя касцёлаў ёсць у Вільні таксама й цэрквы, ніяк не маглі памясціцца ў цеснай галаве старой дэвоткі, якая часамі так надакучала, што найбольш гарачы й непаўстрыманы з тройкі — Кастусь, ускочыўшы з пасцелі паўголы, у адных падштаніках, не так ужо ветліва выпрошваў нахабную місіянерку за дзверы. Пасля гэтага хлопцы звычайна пераварочваліся на сваіх цвёрдых сенніках на другі бок і храплі аж да абеду.
Бывала часта, што студэнты хадзілі паўгалоднымі. Мясцовыя харчовыя карткі далёка не задавалялі іхнага сялянскага апетыту, й, прынамсі, раз на пару месяцаў то адзін, то другі ехаў за дзвесце з гакам кіламетраў да бацькоў, каб прывалачы пару мяшкоў ежы, пераважна тлушчаў. Іншым разам, а бывала гэта вельмі рэдка, бацькі то аднаго, то іншага самі перасылалі харчы, калі нехта знаёмы ехаў ад іх у Вільню, бо поштай пераслаць было нельга, а за білетам на праезд чыгункай трэба было доўга абіваць парогі ў мясцовага нямецкага акруговага камісара. Бывала й так, што нават тых харчоў з картачак не было за што купіць. Пакуль удалося ў кагосьці пазычыць колькі марак — кішкам даводзілася граць марша.
Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньціха. Часценька такое спачуванне замянялася ў тры неглыбокія талеркі рэдкага супу, званага «полевэчкай», які не так лагодзіў голад, як яшчэ больш спрычыняўся да бурклівасці кішок. Але, як кажуць, галоднаму й жук — мяса. Дык нават і за гэткую дабрату, выражаную трыма неглыбокімі талеркамі рэдзенькага супу, Кастусь пасля дазваляў старой дэвотцы заапякавацца не так ужо малым кусочкам сала, якое хоць часамі й пазнавата, але ўсё ж знаходзіла іхні адрас.