Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Школу падхаронжых скончыў у 1942 годзе. Як падхаронжы часта заглядаў у афіцэрскае казіно. Было гэта яшчэ ў Афрыцы. Камандзір вайсковае базы, беспасярэдні начальнік Сварычэўскага — палкоўнік Друцкі — любіў пакпіць з маладых падхаронжых. Найлепшай для гэтага нагодай былі вечары ў афіцэрскім казіно, дзе можна было выпіць, закусіць і пажартаваць. Сядзіць, бывала, палкоўнік Друцкі з іншымі афіцэрамі пры стале і заўважыць маладога падхаронжага. Бярэ са стала чарку ці шклянку й шпурляе ёю ў афіцэрскага навічка. Калі той зловіць, на залі грыміць рогат і брава, насамперш і найвыразней чуваць грымотны бас Друцкага.
Маладыя падхаронжыя ведалі несамавіты жарт палкоўніка і стараліся лавіць шпурляныя ім чаркі ці шклянкі. Але Рэмі не лічыў патрэбным выстаўляцца паслухмяным цюцькам. Аднойчы, калі ўвайшоў у казіно, а Друцкі, па прынятай прывычцы, шпурнуў у яго шкляной чаркай, Сварычэўскі нават не зварухнуўся, толькі з ледзь заўважнай усмешкай зірнуў пад ногі на разбітую чарку.
— Шчанё! — раўнуў, зачырванеўшыся, палкоўнік Друцкі.
— Словы, якімі я спадара палкоўніка мог бы назваць, у добрым асяроддзі не могуць быць ужытыя,— адрэзаў Рэмі наўмысля голасна, каб пачулі ўсе афіцэры, і, як быццам нічога не сталася, сеў каля століка й замовіў сабе выпіўку.
Гэты выпадак дорага каштаваў Сварычэўскаму, бо палкоўнік у ягоным службовым сшытку напісаў, між іншага, наступнае: «прадстаўляецца да авансу на афіцэра з моманту дэмабілізацыі». He памаглі падхаронжаму і баявыя заслугі пад Монтэ Касіно, П’едэмонтэ і ў іншых месцах. Падафіцэрам так і застаўся.
Калі аднойчы Сымон выказаўся Сварычэўскаму, што ён не паляк, а беларус, то рэакцыя была самая непрадугледжаная.
— Кажаш, што ты беларус? Браце каханы, дык чаго ж ты журышся, што ты беларус? Хіба ж беларусы горшыя людзі за іншых?
— Я не журуся й вельмі далёкі ад думкі, што беларусы горшыя за іншых. Наадварот, я ганаруся...
— Зусім слушна, калега,— стукнуў Сымона па плячы Рэмі,— кожны мусіць шанаваць свой нацыянальны й асабісты гонар. Хіба ж мы, палякі, лепшыя за іншых?
Сымон аднёсся да такіх словаў з недаверам. Вось за час амаль двухгадовага побыту ў польскай арміі першы раз пачуў нешта арыгінальнае, зусім пазбаўленае той пыхі, самалюбнай фальшы, наўмыснага выстаўляння й падвышэння сябе ды тых, як шкоты казалі, каралеўскіх манераў і кацінае маралі. Амаль не верыў сваім вушам і дзеля таго наўмысля прадоўжыў гутарку аб нацыянальнасцях наогул ды аб беларускай у асаблівасці. Быў вельмі задаволены, калі пазнаў, што Рэмі наскрозь розніўся ад іншых палякаў, не меў тых агульных, вельмі характэрных для палякаў упярэджанняў, нярэдка змешаных з хваравітым шавінізмам і недаацэнкай усяго чужога. Наадварот, часта ў гутарках Рэмі крытыкаваў не толькі вайсковую верхавіну, але наогул недахопы народнага характару. Спарыш, пераканаўшыся ў шчырасці Сварычэўскага й выдатных асаблівасцях ягонае натуры, палюбіў яго, і два падхаронжыя сталіся блізкімі сябрамі. •
Колькі слоў варта прысвяціць і Тадзіку, шафёру паўтаратоннага «бэдфорда», прыдзеленага да звяза. Быў гэта ў
сярэднім веку вельмі языкаваты й спрактыкаваны чалавек, што ніколі не дазволіў нікому без прычыны наступіць сабе на нагу. Хутка ўсвядоміў сабе, што ад ягонае аўтамашыны, а значыцца, насамперш ад яго, залежная была цэлая каманда звяза. Залежнасць тая выяўлялася ў частых паездках для прыемнасці ў суседнія гарады Плінты, Апалі й іншых падхаронжых. Тадзік ведаў усё пазавугольнае жыццё ў Матэры, Равене, Бары й іншых месцах. Будучы старым шафёрам і нядрэнным валацугам, маючы знаёмствы сярод іншых шафёраў, што ведалі ваколіцу і ўсе чорныя справы ў гарадах, мог вам не толькі расказаць аб тым, дзе й калі магчымасці былі для раманаў, але назваць і шмат асобаў, падаць цэны на розных рынках. Сам жыццё вёў больш вольнае, чымся іншыя радавыя жаўнеры.
Аднойчы Тадзік наўмысля прадэманстраваў сваю вагу й незалежнасць. Везучы з Бары афіцэраў і падхаронжых, гнаў машыну вельмі хутка. Стрэлка лічніка даходзіла да пяцідзесяці міляў. Маёр Дубінскі, што сядзеў побач Капінскага, спасцярогшы гэта, сказаў шафёру, што, згодна з правіламі, нельга ехаць хутчэй чымся трыццаць міль на гадзіну. Тадзік зачырванеўся й нічога не сказаў, але звольніў да дваццаці пяці міляў на гадзіну й ехаў так цэлую дарогу, не зважаючы ні на пагрозы, ні на просьбы пасажыраў.
IV
Маёр Карпінскі быў дзецюком гадоў трыццаці пяці, сярэдняга росту, чарнявым, фізічна добра развітым. Быў заўсёды пагоднае натуры. Мала сказаць, што Карпінскі быў наскрозь франтавіком. Аб гэтым сведчылі чатыры шэрагі берэтак розных медалёў на левай грудзіне: там відаць былі ўсе польскія ордэны й некалькі ангельскіх, між іх — «Вікторыя Крос» — найвышэйшы ангельскі ордэн за надзвычайныя ваенныя заслугі. Шмат цікавага апавядалі аб прыгодах Карпінскага на фронце. А вайны бачыў ён шмат у Афрыцы й Італіі. Ніколі не сядзеў ззаду. Пад’ехаўшы, бывала, з танкамі на пярэднюю лінію й затрымаўшы стальныя кракадзілы, вылазіў і пехатою, сам або ўзяўшы на дапамогу каго са смялейшых, узброены «томсанам», гранатамі й параю пісталетаў, падпаўзаў да самых нямецкіх умацаванняў. У гэтыя моманты Карпінскі чуўся як у сябе
дома. Небяспека, як выдавалася тым, што маглі сачыць яго ў баях, была самым лепшым ягоным спадарожнікам. Любіў да немцаў заскочыць унеспадзеўкі, асабліва тады, калі фронт быў плынны. Часта ўдавалася.
Гэтак, згодна апавяданняў, у баях перад Анконай Карпінскі ў ліку трафеяў здабыў нямецкую штабовую легкавую аўтамашыну. Таму, што тая была пашкоджаная й некалі было напраўляць, прывязаў яе да «шэрмана» й цягнуў яе па пыльнай дарозе. Прыйшоў загад затрымацца для перагрупоўкі. На недалёкім фронце бесперапынна грымелі гарматы. Адкуль ні ўзяўся палкоўнік Заорскі. Ехаў ён на джыпе ў кірунку фронту. Прывітаўшыся з маёрам, вельмі зацікавіўся аўтамашынай. Пахваліўшы маёра за такую здабычу, сказаў:
— Пане маёр, нядрэнна было б мець мне такі лімузін для собскай дыспазыцыі пад рукой.
Магчыма. Заорскі (ён меў сумлеўную славу баязліўца, пасля стаў камандзірам цэнтра ў Матэры, а значыцца, й беспасярэднім зверхнікам Карпінскага) меркаваў, што геройскі маёр ахвяруе яму аўтамабіль. Вялікае было ягонае расчараванне. Карпінскі, пацягнуўшы віна з адкаркаванай ужо біклажкі, паказаў у кірунку фронту й сказаў:
— Пане палкоўнік, там лімузіны! — з вялікім націскам на слова «там».
Заорскі, зачырванеўшыся, праглынуў сліну, а Карпінскі, адсалютаваўшы, загадаў танкам ехаць далей.
Хоць Карпінскі быў героем у поўным значэнні слова, характару быў вельмі простага й даступнага. 3 ім мог пасябраваць кожны жаўнер, не важна якога рангу. Здольнасці ягоныя, адылі, найбольш выяўляліся ў ваеншчыне, бо, прыкладна, калі бальшыня войска, будучы ў Італіі, сяк-так наламалася гаварыць па-італьянску, веды маёра ў гэтай галіне абмяжоўваліся пару дзесяткамі слоў. 3 ангельскаю мовай пазней было яшчэ горш. Ордэнамі ці вялікімі заслугамі маёр анічуць не ганарыўся. Аб гэтым няхай сведчыць адзін выпадак, які варта прыгадаць, хаця й прыходзіцца забегчы наперад.
Пасля вайны й дэмабілізацыі Карпінскі працаваў на вялікай фабрыцы ў Ангелылчыне. Працу меў самую простую — падмятаў фабрыку. Аднойчы ўласнік фабрыкі, даведаўшыся, што ў ліку ягоных работнікаў ёсць носьбіт «Вікторыі Крос», адшукаў падмятайлу й звярнуўся да яго з такімі словамі:
— Слухай, мне тут твае уланы казалі, што маеш «Вікторыю Крос». Мне здаецца, што падмятанне зневажае героя. Можа б...
— Што ён кажа? — паклікаў Карпінскі паляка, што апынуўся ў суседстве. Той растлумачыў.
Герой з-пад Монтэ Касіно, Тобрука й Анконы, абапёршыся на мятлу, усміхнуўся і адказаў ангельцу:
— Дзякую, сэр, але мне й падмятаць добра. Цяжка не працую. Калі ж каму здаецца, што гэта неганаровае й паніжаючае, дык заўтра прыйду на працу, начапіўшы на грудзі ваш медаль. Можа, тады ўсе будуць адносіцца да мяне з пашанай.
Тыя, што прыслухоўваліся збоку, асабліва ж пара палякаў, голасна зарагаталі. Адказ быў удалы й шматвымоўны не толькі адносна самога носьбіта «Вікторыі Крос», але перадусім таго, як палякі чуліся пакрыўджанымі ангельцамі. Карпінскі лічыў, што калі ангельцам не сорамна было ардэнаносца «Вікторыі Крос» паставіць на працу з мятлою ў руках, дык чаго ж тады меў саромецца ён сам, нядаўна ўзнагароджаны й праслаўлены, а цяпер закінуты на вычышчэнне ангельскіх індустрыяльных сметнікаў.
V
Выехаўшы з Матэры на ГравІна і зрабіўшы кіламетраў шэсць, можна было ўбачыць, як адбягала ўлева ад шашы крутая дарожка. У самым нізе схілу кіравалася яна ў паўразваленую каменную браму й далей ужо роўна бегла да хутара ці, дакладней было б азначыць, маёнтка — Парко Гатыні. Направа вы заўважылі б вялікі двухпавярховы каменны будынак, па кутах завершаны малымі круглымі вежамі. Гэта быў гаспадарскі будынак: наверсе склады, а ўнізе — хлявы для жывёлы. He даходзячы да яго, па левым баку былі руіны вілы. Аб гэтым сведчыла брама з надпісамі на калонах, круглыя камевныя слупы, цэлы шэраг павыбіваных ва ўзбоччы ўзгор’я каморак, зарослы ўжо басейн — цяпер сапраўдны гадавальнік камароў. Побач басейна быў кран з вадою, што пад час спякоты так добра служыў жыхарам руінаў. Былі ж імі сябры спецыяльнага панцырнага звяза, прывезенага сюды з Галятонэ на запатрабаванне маёра Карпінскага. У агародзе сярод алівак выраслі дзве вялікія палаткі для радавых. Воддаль,
з другога боку за выбітым у скале вузкаватым праходам, размясцілася асобная, таксама вялікая палатка для падхаронжых і тут жа побач яе малая — для Плінты.
Танкі трымалі на двары за брамай, Новапрыбылыя былі надзвычайна задаволеныя месцам. 3 паўночнага боку Парко Гатыні прытулілася да камяністага бугра, а з паўднёвага — як вокам кінуць аж да ледзь заўважнага блакітнага хрыбта гор на гарызонце — зелянеў густы лес аранжавых* і аліўкавых плантацыяў. Месца было вельмі блізка ад цэнтра й адначасна здавалася, што знаходзілася дзесь на бязлюддзі ў Афрыцы. Да Матэры Тадзікавым возам было пятнаццаць хвілін язды. Там усе вайсковыя адзінкі падлягалі ўсім правілам гарнізонных інспекцый. У Парко Гатыні ж ніхто не заглядаў, акрамя маёра Карпінскага ды ягоных сяброў. А маёр прыязджаў не дзеля інспекцый, а дзеля іншых прычын. Гэтыя прычыны няцяжка было адгадаць, ведаючы, што геройскі маёр не належаў да тых, што ганьбавалі пляшкай. Тут жа й месца было асобнае, сказаць бы, ледзь не ягонае собскае, дый далёкае ад гарнізоннае вайсковае шуміхі й штодзённае службовае руціны.