Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Часта пасля штодзённых службовых заняткаў, калі сонца хілілася на захад, Тадзікаў «бэдфард» уздымаў вялікую хмару пылу на крутой дарожцы, поўз вальней па схіле ды ўжо зусім звальняў каля галоўнае, паўразваленае танкамі брамы. Карпінскі, саскочыўшы з аўтамашыны, з партфелем пад пахай, весела здароўкаўся з сустрэчнымі жаўнерамі, праз сцежку ў запушчаным аіародзе ўзбіраўся па прыступках у кірунку вузкага праходу ды, перамераўшы яго шпаркімі крокамі, убягаў у палатку да Плінты або да падхаронжых. Пасля вітанняў і супольных абменаў дзённымі навінамі пачыналі сыпацца розныя жарты ці анекдоты — маёр Карпінскі іх надзвычайна любіў,— і кампанія чацвярых падхаронжых ды двух афіцэраў сядала за стол, дзе, дзякуючы Апалевай празорлівасці, з’яўляліся чарка й закуска. Апошняга хапала. Войска было добра забяспечанае мясам і іншымі прадуктамі. Што ж да алкаголю, дык ён найчасцей паказваўся ў выглядзе пару пляшак з маёравага партфеля. Звычайна гэта было шатландскае віскі або джын, якога можна было колькі хочаш і па таннай цане купіць у афіцэрскім казіно ў Матзры. Віна на мясцовым рынку і ў вайсковай краме было хоць заліся.
* Апельсінавых.
Як правіла, Рэмі Сварычэўскі й Сымон Спарыш пілі мала, адно для падтрымкі кампаніі. Апошняя ж чацвёрка перакульвала чаркі, як быццам гэта была крынічная вада з суседняга крана. Найбольш гаварыў Карпінскі. Невычарпальнаю тэмаю былі ваенныя прыгоды. Сябе й сваё «я» трымаў заўсёды на заднім плане. Гутарка маёрава ў ніякім выпадку не нагадвала самахвальства. Зусім іншае было з Апаляй, які пасля маёра быў найбольш гутарлівым і асноўную ўвагу аддаваў сябе, ці з Нядзвецкім, што рэдка заставаўся ззаду. Плінта, як і належылася, з ветлівасцю гаспадара патаківаў, там-сям устаўляў пару слоў і рабіў уражанне чалавека знуджанага, які даўно ведае ўсё тое, што было ці мае быць за сталом сказанае. Рэмі й Сымон сядзелі моўчкі. Паклікалі на дапамогу языкі, адно калі даводзілася бараніцца, каб Апалева ці маёрава рука не пераліла ў іхнія чаркі.
Жаўнеры здалёк прыслухоўваліся да гоману ў палатцы начальства й самі заглядалі ў пляшкі. Нядзвецкі звычайна першы пераключаў тэму з ваенных прыгодаў на дзявочыя, а калі й гэтыя былі так-сяк вычарпаныя, пачыналіся песні. Такія сесіі здараліся разы тры-чатыры на тыдзень. Пазней пастачальнікамі алкаголю, акрамя Карпінскага, сталі і ўсе падхаронжыя, бо як-ніяк не выпадала ж заўсёды піць чужое. Апаля заўсёды збіраў грошы, рабіў закупы й стала трымаў у запасе колькі пляшак на «чорную гадзіну». Пасля дзвюхці трохгадзіннае выпіўкі маёр Карпінскі ад’язджаў Тадзікавым аўто ў Матэру, часта ў таварыстве Апалі й Нядзвецкага. Яны нярэдка вярталіся на базу далёка пасля поўначы, без сумлеву зведаўшы яшчэ іншыя месцы прыемнасці, што часамі былі й зусім не па дарозе.
Аднойчы маёр Карпінскі, пасля трохгадзіннага п’янства, устаў з-за стала й голасам цвёрдае каманды загадаў Плінту, каб звяз за паўгадзіны стаяў у поўнай гатоўнасці на начныя практыкаванні. Маёр выразна хістаўся, Плінта й падафіцэры падзяліліся мнагазначнымі позіркамі, але не пярэчылі. Апаля хутка перадаў загад экіпажам танкаў. Жаўнеры, сцяміўшы, у чым рэч, чакалі, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабраліся, зайшло сонца й пачало шарэць.
Маёр Карпінскі, падсаджаны чатырма рукамі, ускарабкаўся наверх першага танка і, абхапіўшы рукамі руль гарматы, загадаў каля сябе сесці Плінту й Апалю. На іншых вярхах танкаў селі рэшта падхаронжых і радавыя. Карпінскі загадаў поўнай хуткасцю ехаць у Матэру. Кожны
танк запаліў зыркі верхні пражэктар, што свяціў найменш на дзвесце метраў. Чатыры цяжкія стальныя чарапахі, ззяючыя доўгімі конусамі святла, пад гоман і песні ды п’яную балбатню маёра й спадарсжнікаў, хутка карабкаліся на стромы бугор, а пасля, уз’ехаўшы на шашу, поўнай хуткасцю накіраваліся ў гарнізонны гарадок.
Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сцяной заграмадзілі ходнікі. Палавіна зацікаўленых была вайскоўцамі. Панцырны звяз ніколі дагэтуль не заглядаў у Матэру не толькі ў п’яным, але нат і ў цвярозым відзе. Спасцярогшы падпітых афіцэраў і танкістаў, гледачы смяяліся й махалі рукамі. Карпінскі ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку разглахваючы рукамі, намагаўся не заставацца ззаду. Танкі, аб’ехаўшы блок будынкаў гарнізоннага штаба ў цэнтры мястэчка, павярнулі налева на малы пляц перад афіцэрскім казіно.
Адны павыходзілі на вуліцу. Іншыя выглядалі зверху праз вокны. П’янага маёра звалаклі з першага танка й памаглі зайсці ў клуб. Апаля, хістаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плінта, пасадзіўшы Карпінскага за сталом, вярнуўся, сваімі сіламі ўзлез на танк і загадаў вяртацца ў Парко Гатыні.
Назаўтра раніцою, калі Карпінскі а восьмай гадзіне з’явіўся ў штаб гарнізона, палкоўнік Заорскі, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкія лімузіны, са зласлівай ухмылкай звярнуўся да ўладальніка «Вікторыі Крос»:
— Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасць познім вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялі?
— Праводзілі начныя практыкаванні, пане палкоўнік! — адрэзаў Карпінскі і, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскі са злосці ледзь не ўкусіў ніжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калі ж іншыя афіцэры пыталіся Карпінскага, чаго прыязджалі ўчора танкі ў горад, герой з усмешкай адказаў: — Хацелі, дык і прыязджалі.
VI
Даўно перастала быць тайніцай, што ўсе польскія аддзелы ў Заходняй Еўропе, а ў іх ліку й Другі корпус Андэрса з Італіі, мелі быць у хуткім часе дэмабілізаваныя й дзеля таго
насамперш перавезеныя з кантынента ў Ангельшчыну. Другі корпус меў быць хутка дэмабілізаваны не таму, што ягонага выезду з Італіі дамагаўся Сталінаў прадстаўнік у Аб’яднаных Нацыях Вышынскі і не таму, што цэнтральны прэсавы орган італьянскай камуністычнай партыі «Уніта» з Рыма штодзённа пісаў аб нападах палякаў на камуністаў і рабіў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасля заканчэння вайны надакучыла харчаваць і апранаць колькі сотняў тысяч бяздзейных жаўнераў, якіх меркавалі выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабілізацыі не была ўжо тайніцай, жыццё ў гарнізоне Матэры плыло нармальна.	_
Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезці з Галіполі танкавай амуніцыі. Узяўшы пяцітонную транспартную машыну й звязнога падафіцэра-шафёра, зрабіў падарожжа за тры дні. Зараз пасля прывозу амуніцыі маёр Карпінскі загадаў наладзіць практыкаванні ў полі са страляннем.
На палях ужо стаялі першыя сцірты зжатага збожжа, a даспелая пшаніца аж прасілася пад серп. Дзень для практыкаванняў выпаў даволі ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкі з Парко Гатыні выехалі вельмі рана. На базе звяза застаўся сам Спарыш. Паволі з’еў снеданне й пасля вылежваўся на гарачым сонцы, а калі занадта дапякло, уцёк у цень палаткі і ўзяўся за чытанне нейкай нецікавай кніжкі.
Каля гадзіны першай папаўдні ў адкрытых дзвярах палаткі вырасла замурзаная й запыленая фігура Сварычэўскага.
— Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялі ўсю амуніцыю? — схапіўся Сымон.
— Але дзе ж там! Страляніна спынена. Зрабілі такі пажар, што спалілі велізарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус! -— абхапіў Рэмі рукамі галаву й апусціўся на пасцелю.— Каб ты бачыў!
— Пажар? Якім чынам?
— Ну бо гэты... Плінта, як толькі прыехалі й паставілі на пазіцыі танкі, даў загад заладаваць дымнымі й вызначыць мэту. Перад намі была невялікая гара — бок ейны паверхні мо як сцяна добрага дома. Навокал жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасля даведаліся, была ў лагчыне вёска. Занялі мы пазіцыі адлеглыя ад гары на нейкіх 1000 ярдаў. Плінта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта ж хапіла
розуму. Я адразу спасцярог, што ў гару не траплю, бо, зірнуўшы праз руль, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлілі ў тую гару, а не такіх зялёных, як ён паўсаджваў у танкі, каб навучыліся. Першыя ладункі казаў выстраліць нам, падхаронжым. Нядзвецкі тады, доўга не думаючы, луп! — адзін, другі, трэці. Я ўбачыў, што ладункі ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўніз і пачаў. Трапіў у самую сярэдзіну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзвецкі трапіў акурат у сцірту. Але мы нічога аб гэтым не ведаем і страляем далей. Выбілі ўсе супрацьпанцырныя й па некалькі гранатаў, як раптам бачу, колькі мага сілаў імчыць у нашым кірунку на белым кані Кэнсік і махае рукамі. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назірання. I яздок з яго не абы-які — я гэта заўважыў. Як даведаўся — ён сын селяніна. Ну і як не кінецца ён да Плінты ды як не крыкне: «Спадар лейтэнант! Вы страляеце, а ніхто не бачыць, што пажар людзям збожжа паліць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавітае!»
Плінта збялеў як палатно й чаго не звар’яцеў ад страху. Зачаў тупаць у паніцы, страціўшыся зусім. Хлопцы кінуліся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазбіраліся італьянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасце, хата ніякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзін, другі, трэці, а вецер агонь па полі стралою нясе. Плінта паслаў некалькі хлапцоў, бо не ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мінамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллі. Як так, то давай! — хлопцы зноў пачалі. He прайшло й пару хвілін, як адзін ладунак трапіў на ржышча, якое тут жа ўміг занялося полымем. Нічога дзіўнага, бо спякота страшэнная. Там абы лёгкая іскра, і ўсё пайшло б з дымам, а што гаварыць, калі некалькі фосфарных ладункаў звалілася.
Вецер маланкаю паганяў агнём, і не агледзеліся, як полымя абняло цэлыя нівы. Ну што ж ты будзеш рабіць. Пабеглі мы ратаваць. Але дзе ж там! — нават мовы не было, каб маглі што зрабіць. Напрацаваліся,як дурні, аж дух занімала. Я апарыў сабе плечы й рукі, бо вопратку быў скінуў. Лапаты й гасніцы, што мы мелі, гэта — капля ў моры. Перш пачалі капаць канавы, каб агонь адгарадзіць, але што пачнём якіх сто метраў наперадзе, то за пару мінут агонь нас дагоніць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалі ўжо зусім з гашэння, адно пачалі капаць канавы па баках, каб не даць
пажару пашырыцца, бо спыніць яго было зусім немагчыма. Удалося нам скіраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткі мае боскія! Ты не ўяўляеш сабе, што за велізарныя абшары збожжа спалілі. I то пераважна пшаніцы,ды такой спеленькай, што толькі на серп чакала. Як станеш на суседнім узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасце, што хаты не пагарэлі. А людзі пазбягаліся з усёй ваколіцы. Італьянкі кінуліся ў лямант: «О міо панэ, міо панэ!» О хлеб мой, значыцца. Жандармерыя наша й італьянская, поўна іхніх і нашых афіцэраў, шмат лімузінаў панаязджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для іх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там жа на месцы даходжанні, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой свет не бачыў. Наш Плінта бегае як звар’яваны.