Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
— Ну й што, яны яшчэ не скончылі?
— Скончылі, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзікам паўтаратонкай, а Плінта застаўся быў ззаду для выяснення гэнага цэлага б...
— Дзе ляжыць тая бедная вёска?
— На захад ад Міліёніко. Як яна завецца — не ведаю. Будзе адсюль кіламетраў сорак пяць — пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколіца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, 'на колькі ацанілі шкоду?
— Ну?
— На восем мільёнаў ліраў. Цікава, хто іх заплаціць. Хіба ж не наш Плінта.
— А дзе ж быў наш самы галоўны герой?
— Карпінскі?
— Так.
— Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.
— Дык і хто ж за гэта будзе адказным?
— Хіба ж што не я. Плінта цвердзіць, што яму гарнізонны афіцэр па справах стрэльбішчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколіцы ёсць такія дзікія горы, што самі просяцца...
— Але ж там мусіла быць весела. Добра, што я не паехаў.
— Маеш шчасце. Глянь во! — паказаў Рэмі Сымону паабсмальваныя рукі.— Я дзякую ім за такую прыемнасць. Плінта будзе адказваць за неасцярожнасць пры стралянні, а афіцэр ад стрэльбішчаў — за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плінта кажа: «Гэта нічога. Мы ў Рыеты, кажа, не гэтулькі папалілі. I ты думаеш,
ангельцы далі адшкадаванне? Ані на ногаць. Казалі італьянцам пазвозіць збожжа, а як не справіліся, то маеце...»
— Я б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамі нават па дарогах ездзіць не дазвалялі, каб, барані Божа, асфальту не пашкодзілі.
Падхаронжыя змоўклі. Рэмі курыў бесперапынна ўжо трэцюю з чаргі сігарэту. Сымон пазіраў на яго ды нешта меркаваў у галаве. Паважнае аблічча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, і раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Смех быў нейкай канвульсіяй, пачаўся ўнізу ў жываце й страсануў усім целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамі аж прысядаў і, стукаючы абедзвюма далонямі па каленях, рагатаў бесперапынна, ажно вочы набеглі слязьмі, а на лбе пачалі выступаць каплі поту. Напаўдзікі канвульсійны грымотны смех не спыняўся.
Рэмі анямеў, сачыў за Сымонам, не ведаючы, як тое разумець.
— Што з табою? He ў парадку што?
— Чу-га-га! Чудак ты, га-га-га! Чаго за мною, што мае быць не ў парадку. Ой не магу, га-га-га! Жывот ужо пачынае ад смеху балець. Дэмабілізацыя, казаў той, на носе, а тутака паехалі панове ў «ваенку» гуляць, па чужых пшанічных нівах снарадамі псяюрыць, бедным людзям збожжа паліць! Га-га-га! Яшчэ не наваяваліся, мусіць, яшчэ ім усё мала. Ах, каб вы падохлі, каб вы... га-га-га!
Рэмі стаяў у нерашучасці. Прыглядаючыся да Сымона, заразіўся ягоным смехам і пачаў таксама рагатаць з усёй сілы. Цяпер ужо пайшло дружней. Абое глядзелі адзін на другога й выбухалі гулкім рогатам. Рэмі кінуўся на ложак і пачаў з раптоўна знойдзенай весялосці выдрыгваць у паветры нагамі, заліваючыся ўсё новымі хвалямі смеху й прыгаворваючы:
— Але ж, браце каханы, і наваявалі мы сягоння. А няхай іх кроў заліе! Ха-ха-ха!
Невядома, як доўга трываў бы той дзікі рогат падхаронжых, калі б не грукат танкаў з панадворку. Паабсмальваныя, запыленыя й усхваляваныя танкісты дзяліліся міжсобку рознымі цікавымі эпізодамі з таго, што здарылася. Плінта, не аглядаючыся на нікога, быццам злосны, пабег у сваю палатку.
— Бачыш? Вось і наш «вудз». Пад ягонай камандай нашы чарапахі атрымалі сягоння, мусіць, апошняе баявое заданне перад тым, пакуль пойдуць на злом. Італьянцам
доўга будзе помніцца наша «военка» ў іхняй пшаніцы.
Сымон, слухаючы гэтыя заключныя словы Сварычэўскага, не меў ужо фізічнае сілы рагатаць. Ды глянуўшы на выпадак з другога боку — з боку тых пакрыўджаных сялян — ці ж гэта было так надта смешна?
VII
Між вучняў школы падхаронжых у Матэры сустрэў Спарыш колькі сваіх сяброў, колішніх менскіх кадэтаў. Надзвычайна ўзрадаваўся з такога спаткання. Між імі быў і Мікола Дудкевіч.
— Ну, братка, расказвай, што там у Ангельшчыне,— абступілі яго,— тут ёсць плёткі, што хутка пераязджаць будзем. Ці там будзем мець магчымасць скончыць яшчэ школу?
— Школу скончыць? — усміхнуўся Сымон.— Забудзьцеся ўжо аб войску. Там даўно яго няма.
— А ты ж скончыў.
— Дык разам са мною перастала існаваць і школа. Людзі там ужо меркавалі, як рыхтавацца да цывільнага жыцця пасля дэмабілізацыі.
— Няўжо ж?
— Каб я з гэтага месца не сышоў.
— Цьфу на цябе. А мы тут яшчэ галовы мазолім, каб ацэнкі добрыя дастаць і ў хвасце не застацца.
— Дарма вы, хлопцы. He дурыце сабе галоваў. Войска ўжо скончылася. Будзе арганізоўвацца нейкі быццам корпус прыстасавання, дзе будуць вучыць цывільных фахаў, пэўна, як капаць вугаль у шахтах ці працаваць з лапатамі пры будовах. Вось якое войска.
— Ты не жартуеш?
— Чаго ж маю жартаваць. Дадушы праўду кажу.
Сымонавы словы былі, быццам вядро сцюдзёнай вады на , гарачыя юнацкія галовы сяброў. Шмат хто шкадаваў тых старанняў, уложаных дасюль у ваенную навуку, якія цяпер выглядалі дарэмнымі. Ад іх падхаронжы Спарыш даведаўся, як палякі, спасцярогшы вялікі наплыў беларусаў у афіцэрскія школы ў Матэру, пазбыліся іх, не прызнаўшы адукацыі пад нямецкай акупацыяй, як пасля, на курсах, загароджвалі дарогу да экзаменаў, іншых жа на тых экзаменах паабразалі. Некаторыя былыя менскія кадэты, якія вытрымалі
экзамены, не пайшлі пасля ў афіцэрскія школы. Між імі былі два найбліжэйшыя Сымонавы сябры — Віктар Караткевіч і Кастусь Дзежка.
Будучы ў Парко Гатыні й маючы вольны доступ у афіцэрскае казіно ў Матэры, Сымон часта заглядаў туды не так дзеля выпівак, як дзеля таго, каб пазнаць, што робіцца «на вярхах». Тое, што пабачыў і пачуў, поўнасцю пацвердзіла ягоныя ранейшыя меркаванні адносна маральнага раскладу й гнілля, што панавала сярод афіцэрскага персаналу. Найчасцейшымі тэмамі гутарак у казіно былі грашова-спекуляцыйныя абароты на чорных рынках. Вышэйшыя афіцэры, што мелі ад’ютантаў, выкарыстоўвалі розныя нагоды, каб, паслаўшы свайго чалавека па «службовай справе» ў Егіпет, зрабіць сыценькі гандаль капіталам. У Егіпце куплялі ангельскія залатыя фунты, званыя «каштанамі», што там прадаваліся на вольным рынку. У Італіі заработкі на іх сягалі семсот працэнтаў. Атрыманыя ліры пры дапамозе вайсковых дзейнікаў выменьваліся на ангельскія папяровыя фунты.
У апошнія часы побыту Андэрсавага корпуса ў Італіі велізарная колькасць вайсковых матэрыялаў пайшла на чорны рынак. Былі гэта часы ліквідацыі. Кожны, хто дзе быў на якім становішчы, што мог нешта прадаць і зарабіць, не траціў нагоды. Адно меншыня трапляла ў рукі вайсковае паліцыі й пад суд. Гэтак рамонтны аддзел базы Другога корпуса, што памяшчаўся ў Леччэ каля Таранто, зарабіў пры ліквідацыі некалькі мільёнаў лір. Дзякуючы неасцярожнасці італьянца, што накупляў матораў, апонаў ды іншых матэрыялаў і прыладаў, гешэфт выйшаў наверх і цэлы персанал рамонтнага аддзела разам з камандзірам трапіў у ангельскую вязніцу.
Таму, што ведаў ангельскую мову, Сымону Спарышу даручылі адвезці чатыры «шэрманы» з Матэры на злом у Форлі. Для дапамогі юнак меў васьмёра людзей і Сварычэўскага. Танкі былі дастаўленыя цягніком на аграмаднае лётнішча ў Форлі. Сымонавы людзі, кінуўшы вокам на амаль бязмежную масу танкаў, панцырных машынаў, «кар’ераў» і нават звычайных транспартных машынаў, што як вокам сягнуць заграмаздзілі колькі квадратных кіламетраў лётнішча, не маглі надзівіцца. Нідзе й ніколі ніхто з іх не бачыў у адной кучы столькі ваеннага матэрыялу. Брытанскі ўрад прадаў яго на злом Італіі. Ангельскі сяржант, што прыняў Спарышовы «шэрманы», адно вокам кінуў на іх і падпісаў квіт даставы. Зусім не заглядаў усярэдзіну. А там жа была маса
матэрыялу, пачаўшы ад алівы, слясарскіх прыладаў, ключоў, а канчаючы электрычнымі дынамкамі, што маглі быць па дарозе прададзеныя. Кожны танк меў дасканалае радыё. Як апавядалі мясцовыя жыхары, нямецкія палонныя, што працавалі пры парадкаванні й разбіранні злому на лётнішчы, парабіліся мільянерамі.
Вяртаючыся назад у Галіполі-Галятонэ цягніком, Сымон думаў аб мінулым і цяперашнім. Прыгадаў пачатак вайны ў 1939 годзе, калі быў малым хлапчанём і басанож бег па полі, каб прыгледзецца тром самалётам, бо ж раней ніколі іх так шмат не бачыў разам. Цяпер жа, пасля вайны, ён вось завёз і здаў на злом тыя танкі, якім прызначана было, згодна летуценням польскіх паноў, трыумфальна «вызваляць» Вільню й Львоў, а мо й ягоныя родныя мясціны. Якое крутое, капрызнае і непрадугледжанае было жыццё. Некалі босы й бедны падлетак быў цяпер даспелым, зведаў Еўропу, бачыў шмат баёў і ліхалеццяў, стаў загартаваным жаўнерам. Але гэта ўсё было адно памылка лёсу — вынік чужое гульні. Якая ж пацеха была з таго Сымону, што ён вось здаў на злом частку зброі, якой паны зноў хацелі паняволіць Беларусь, калі там, дома, іншыя танкі рэзалі родную зямельку й крывавілі змучанае цела Бацькаўшчыны.
Вярнуўшыся з Галіполі, Спарыш за пару дзён далучыўся да другога транспарту, што накіроўваўся ў Ангельшчыну. Невялікі мараплаў «Эмпаер Батл’акс» пакінуў Неапаль у пачатку жніўня. Для бальшыні пасажыраў было гэта першае падарожжа пасля вайны ў Ангельшчыну, для Сымона ж — адно паўтарэнне ранейшага шляху. Ужо не ехаў у чужое й няведамае, але — у даволі добра знаёмае. Прадугледзеў, чаго можна чакаць і спадзявацца ў будучыні.
Асеннія хмары
і
Нізка па небасхіле плывуць асеннія хмары. Грозныя, бурлівыя, цяжкія, алавяныя. 3 гулам, свабодаю й размахам бушуюць у прасторы, хвалююцца й перавальваюцца цераз горы, звісаюць жыватамі над далінамі ды з нястрыманым імпэтам імчацца далей і далей. Дзіка вые заходні марскі вецер. Калоціць верхавінамі дрэваў, бязлітасна сячэ ледзяным дажджом па шэрых тонкіх сценах вайсковых баракаў, спрытна прабягае між блокаў прыгарадных паселішчаў, абозаў ды, вырваўшыся на цьмянае прамоклае поле, паганяе далей у няведамае.
Хмары з мора вельмі неспакойныя. Рэдка дазваляюць яны ўсміхнуцца сонцу. Бывае, што парадзеюць, і тады вясёлы праменьчык зазірне ў памяшканне праз брудныя шыбы вайсковых баракаў, але ненадоўга. Наступная разбушаваная хваля прыходзіць тым першым на змену, закрые раз’яснеўшыя нядаўна кавалкі неба ды новым змрокам зноў хлыне ў вокны шэрых будынкаў. Густыя кроплі дажджу заядла сцебануць па чырвоных сценах вілаў, за імі новыя, цяжэйшыя, сапраўдным ужо ручаём паплывуць па пачарнелых ад дыму стрэхах работніцкіх дамоў, пачнуць уядацца ў шчыліны сценаў спешна будаваных абозаў, абмываць цёмна-шэрае каменне фермерскіх забудаванняў.