Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
— Спачуваеце, пане Юры? Веру вам! — наўмысля голасна, каб усе чулі, зачырванеўшыся са злосці, пачаў Сымон.— Але ж я не калека, каб мне былі патрэбныя вашы спачуванні. Надта ж вы велікадушныя. Вы гаворыце — маёй «няўдачай». А я вас проста спытаю, ці думалі вы, ці хто-небудзь іншы, з якой прычыны я атрымаў такую класіфікацыю? I ці гэта простая «няўдача», як кажаце, ці тут штось крыецца глыбейшае?
Сымон зрокам абвінавальніка-пракурора акінуў усіх прысутных. Адказалі не адразу.
— Прычына нейкая ёсць, але хто яго ведае...— пераступаючы з нагі на нагу, цягнуў нясмела Юры.
— Маёр гэткім чынам яйцы хацеў яму ўставіць! — крыкнуў насмешліва Шчуроўскі.
— А я вам скажу чаму,— не зважаў на апошнюю рэпліку Сымон.— Я вам скажу, чаму я атрымаў апошняе месца. Таму што я беларус! Чуеце? Таму што я беларус, мне покершчык Палішэўскі вечна абяцаў яйцы ўстаўляць і апошняе месца даў. Што ж вы цяпер на гэта?
— Слухай, браце,— падышоў Дэмарчык,— то яшчэ невядома...
— Ат! Кінь ты гаварыць! Няма тут ніякай тайніцы. Ты сам ведаеш, што карцёжнік мне цэлы час наўмысля праходу не даваў, чапляўся без найменшае, здавалася б, прычыны. А фактычна прычына была самая галоўная ў маёй нацыянальнасці. Таму й даў апошняе месца, а Бог ведае яшчэ, што напісаў.
— Ты гэтага не можаш з пэўнасцю сказаць...
— А ты можаш? Што ж, я сляпы ці сягоння нарадзіўся? Чаму вы, палякі, усе такія эгаісты й не хочаце прызнаць нават відавочных рэчаў, а ўсё стараецеся бачыць праз прызму свайго, мэтазгоднага з нацыянальнымі задачамі, уяўлення? Тут жа ўсё ясна, як два дадаць два — чатыры. Кожнаму з вас нават недзе ўнутры сорамна за маёра, за наўмыснае крыўджанне чужога. Але ж ваш эгаізм не дазваляе на прызнанне мае слушнасці.
Гэтыя жалюгодныя спробы пераканання Сымона, што ён пакрыўджаны не з прычыны свае нацыянальнасці, на тым і скончыліся. Выпускнікі восьмага курса, што думалі над гэтым пытаннем, відаць, поўнасцю згаджаліся з беларусам, але ўсё ж не мелі адвагі голасна сваёй згоды выказаць.
Доўга Сымон меркаваў, што рабіць. Лічыў, як пасля шмат пазней даведаўся, зусім слушна, што маёр Палішэў-
скі, дазволіўшы яму скончыць школу, наважыў загарадзіць далейшую кар’еру ў польскай арміі з прычыны нацыянальнасці. Можа, не было б так крыўдна, калі б хлапец быў меншым патрыётам свайго народа. Але ягоны патрыятызм сягаў аж да фанатызму. На восьмым курсе ён лічыў сябе ледзь не амбасадарам беларускага народа. Абарона й чысціня беларускага імя перавышала ў яго нават асабісты гонар і амбіцыі, якія ставіў заўсёды на першым месцы. Учынак Палішэўскага лічыў не менш чым за вялікую знявагу й аплявуху беларускаму народу, а не толькі самому сабе.
Прыйшоўшы да такога выснаву, стараўся меркаваць, што далей рабіць. Мог адмовіцца ад прыняцця ступені падхаронжага й гэтым самым выратаваць свой асабісты й нацыянальны гонар.
«Так, гэта надзвычайная думка,— згадзіўся з ідэяй Спарыш,— няхай бачаць, сукіны сыны. Я ім пакажу, як зневажаць. Так і быць! Адмоўлюся!» Ужо ўстаў і хацеў бегчы шукаць Палішэўскага, каб паведаміць аб сваім намеры, але ў апошнюю хвіліну стрымаўся. «А што ж я гэтым здабуду? — прыйшло раптам у галаву.— Добра, цяпер усе пабачаць маю асабістую вартасць, можа, нават паціснуць руку за такую адвагу ў абароне нацыянальнага й асабістага гонару, але ж калі гэта ўсё раз’едзецца й трапіць у аддзелы, дзе ніхто амаль не будзе ведаць аб школьных ацэнках і аб Палішэўскім, дык чым жа я застануся? Ізноў радавым? Ізноў кожны апошні капрал будзе мной загадваць ды апошні Антак стане стукаць па плячы запанібрата? Неяк яно тут не тое ўсміхаецца. I чаму, дарэчы, калі Палішэўскі можа крывіць душой ды вызначаць некаму апошняе МССЦ2 толькі TS.mv, што ён іншае пЗЦЬіянальнасці, чаму тады я не магу крышку скрыгіць? Можа, ён якраз таго й спадзяецца? Напэўна, што так. Знае ж мЯНС, сабака, нядрэнна. Мусіць, таго й чакае. А калі так, то скула ў бок. Вось наўмысля не адмоўлюся й прыму. А там жа ўжо пакажацца, што раоіць. Пэўна ж, век у гэтай праклятай арміі, сярод фальшывых людзей, служыць не давядзецца».
I чым болын думаў, тым больш узмацнялася злосць і пагарда да карцёжніка-каменданта. Думкай гэтай ні з кім нё падзяліўся, толькі, замкнуўшыся ў сабе, калупаўся, рыхтуючыся да заўтрашніх урачыстасцей.
II
Рух у бараку ўжо а.маль спыніўся. Выглянцаваная падлога свяціла як люстра. Быў вечар. Навучэнцы восьмага курса канчалі глянцаваць чаравікі, спражкі, што ззялі золатам, пасы, пераглядалі, ці ў парадку й ці чысты іншы рыштунак. Кожны з нецярплівасцю чакаў заўтрашняга дня. Янкоўскі з вялікай асалодай песціў зрокам прышытыя на мундзіры свежыя сярэбраныя стужкі і ўяўляў сябе, пэўна, адміралам. Хшаноўскі тайком выцягнуў з кішэні здымак «боскай Марыські» й распрамяніўся ўсмешкай. Самазадаволена гудзелі ў куце покернікі. Паводле ацэнак усе яны трапілі на пярэднія месцы. Звязны Розмарэк яшчэ раз пераканаўся, што закулісныя хады больш паплатныя. чымся франтавыя. Дэмарчык з задаваленнем гудзеў пад носам «Сагару», а ў галаве маячылася цёпленькая ангельская ўдоўка й выпрабавальная будучыня ў «Інтэліджэнс Сэрвіс» ды памножаныя ім могілкі ворагаў. Барак ціха й раўнамерна гудзеў, быццам той вуль пчолаў пасля працавітага гарачага летняга дня. Зацягы й гусценькі, паганяны хуткім ветрам шатландскі дождж ёмка хлістаў знадворку шыбы барака. Каля нагрэтай печкі цёрліся кадэты.
— Зва-а-а-жай! — загрымеў голас з ваколіцы дзвярэй. Маёр Палішэўскі, засопшыся, быццам паравоз, разам з дажджлівым ветрам уварваўся ў барак і на момант спыніўся каля парога. Дваццаць тры пары вачэй упіліся ў камандзіра.— Даць вольна! — загадаў маёр.
Кругленькая брухатая фігурка пасоўвалася праходам між пасцелямі, а маленькія вочкі найперш папаўзлі па выглянцаванай падлозе, пасля па пасцелях, а ўжо потым пераскаквалі з твару на твар вучняў. Маёр затрьшаўся каля печкі, пацёр рукі і, нешта буркнуўшы пра капрызную пагоду, пачаў пра эаўтрашні дзень.
— Глядзіцё, каб усё прэзентавалася псршага класу. Гэта для вас вялікі дзень, і не мушу паўтараць, што кожны з вас мае быць на сто працзнтаў у парадку. Што да ацэнаў, то курс скончыў зусім добра, аднак можна было шмат лепш. Асабліва ж,— уталопіўся ён з грымасай у Сымона.— Спарыш і Марцінкоўскі надта слаба выйшлі. Я спадзяваўся, што вы, браце, пастараецеся лепш. Слаба, надта ж слаба.
Сымон стаяў каля свае пасцелі, крокаў гіяць воддаль ад печкі й ні на момант не спускаў вачэй з маёра. Пры
ягоным успаміне аб ацэнах хлапец зачырванеўся, а ў вачах засвяціўся злы агонь.
Маёр накіраваўся ў куток, дзе ў кучцы стаялі покернікі, і замяніўся з імі паўголасам колькімі словамі. Іншыя абступілі афіцэра, й адбылася кароткая гутарка аб заўтрашніх урачыстасцях ды аб вялікім выпускным балі, што вечарам меў адбыцца спецыяльна для школы ў абознай кавярні. Маёр накіраваўся павольным крокам да выхаду й спыніўся каля Сымона.
— А ты, Спарыш, яйцаў не маеш! — Тон быў фальшыва-сяброўскі.— Такі здаровы й малады з цябе хлапец, ды аж брыдка глядзець на твае рухі й павароты. Так, яйцаў табе бракуе. I вельмі ж слаба ты выйшаў, я не спадзяваўся такога.
— Спадар маёр,— адазваўся беларус,— усё роўна што я атрымаў, з таго й задаволены. Зрэшты...— Тут Сымон раптоўна спыніўся. Смелая думка апанавала хвіліннай нерашучасцю.
— Што? Што ты хацеў сказаць? — падтрымаў маёр, пераходзячы на «ты».
— Мой собскі погляд, пане маёр. Для мяне найбольш істотным ёсць тое, што сам ведаю сваю вартасць, а як мяне іншыя адэняць, тое для мяне — другараднае.
Палішэўскі пачырванеў як бурак. На твары з’явілася брыдкая грымаса, затанцавалі злосныя вочкі й ледзь заўважна задрыжаў падбародак. Нешта маніўся сказаць, ды ўстрымаўся й выглядаў, быццам тое дзіця, што паламала каштоўную цацку, пад абвінавальным зрокам маткі. «Мыкпык»,— буркнуў нешта невыразнае пад носам і зноў жа пры тым услужлівым крыку «зважай» пакінуў барак.
— Ну, браце,— падскочыў да Сымона, выцягваючы руку, Дэмарчык,— дазволь павіншаваць цябе за такую смеласць і бадзёрасць.
— А ведаеш,— усміхнуўшыся й паціснуўшы выцягнутую руку, сказаў Сымон,— што я сказаў нешта зусім супрацьлеглае сваім паглядам. У нас, беларусаў, ёсць такая прыказка: няхай таго пярун спаліць, хто сам сябе хваліць.
— Але ж ты сябе не хваліў.
— Нельга сказаць, каб хваліў. Зрэшты, я б гэтага й не сказаў, калі б Палішэўскі быў аб’ектыўны. Ён выказаў сваю подласць і яшчэ мае нахабства кусаць мяне, быццам той злы сабачка. Ягоная ацэнка да мяне не прыліпне.
Увесь курс ведае, што мяне наўмысля пакрыўдзіў, толькі мо не жадае бачыць, што прычынаю — мая нацыянальнасць.
— Маладзец! — захапляўся Дэмарчык.— За гэта, што яму сказаў, то ты поўнасцю маладзец, маеш маё вялікае прызнанне.
— Па-беларуску маладзец, а па-польску ведаеш як? — жартаваў Сымон.
— Галоўнае, што гумару не траціш. За гэта люблю цябе, браце.
Назаўтра, пры вялікай шумісе, на галоўным абозным пляцы ў прысутнасці камандзіра цэнтра палкоўніка Міхальскага раздавалі выпускнікам восьмага курса пасведкі аб сканчэнні школы падхаронжых. Сымон атрымаў пасведчанне апошні. Вечарам у абознай кавярні адбыўся баль, на які акрамя колькіх «пэстак» прыбылі й дзяўчаты з Фразэрбурга.
Спарыш у гэты дзень атрымаў другі нумар «Беларускіх Навінаў» і быў імі больш абрадаваны, чымся атрыманнем пасведкі з ваеннае школы. Гэткаму спалучэнню выпадкаў надаваў нават сымбалічнае значэнне: клікала яго свая родная грамада на выгнанні, да якой, пэўна, неўзабаве далучыцца.
III
На самым паўночным чубку Шатландыі, над морам, на беразе пласкагор’я, ляжыць малое мястэчка Тэрсо, а на ўсход ад яго, кіламетраў на пяцьдзесят воддаль — Вык. Адсюль відаць недалёкія Аркнэйскія абтокі. У часе вайны было там колькі вайсковых абозаў і лётнішча — Скітэн Арадром. Клімат там надта нездаровы. Халодныя вятры амаль бесперапынна дзьмуць з боку Грэнландыі, вольна гуляюць па неўраджайным узвышшы, дажджом і золлю вечна дакучаючы мясцовым жыхарам.
Пасля вайны памяшчалася там Шаснаццатая самастойная панцырная брыгада, у склад якой уваходзілі чатырнаццаты, пяты й трэці панцырныя палкі ды шаснаццаты полк драгунаў. У сакавіку 1946 года, калі новаспечаныя падхаронжыя з Фразэрбурга, што належалі да Другога корпуса, прыехалі сюды на часовы побыт, каб чакаць на транспарт да сваіх адзінак у Італію, шаснаццатая брыга-