Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
3 Богам,
Ваш заўсёды а. Ч.».
Ліст быў напісаны лацінкай і вельмі акуратненька. Цёплыя сяброўскія словы ад незнаёмага чалавека моцна ўзварушылі чулае Сымонава сэрца. Здавалася, што гэты святар быў яму вельмі блізкі й даўно знаёмы. Як жа Сымон быў яму ў гэту хвіліну ўдзячны. I дарагі ён быў не толькі тым, што патрапіў у кароценькіх колькіх радочках прамовіць любым, блізкім, родным словам, але й тым, што якраз з’явіўся тым першым праменьчыкам, знічам, што праз цемру чужога наваколля выцягнуў ласкавую руку, каб прыцягнуць яго да агульнага беларускага вогнішча, дзе ўжо збіраліся пасля вайны першыя беларускія піянеры на выгнанні, каб пакласці асновы першых сваіх арганізацый на чужыне. Для Сымона найважнейшым якраз і было, каб даведацца, дзе існуюць беларускія арганізацыі на чужыне, ці выходзіць прэса. Кінуўшы вокам на часопіс «Міжмора», ён збольшага сцяміў, што гэта быў орган нейкай федэрацыйнай арганізацыі на выгнанні, у якую быццам уваходзілі прадстаўнікі народаў, сёння паняволеных, што жывуць між Балтыйскім і Чорйым морамі ды на Балканах. Спачатку агульна зарыентаваўшыся, што думка недзе нарадзілася сярод палякаў, адлажыў часопіс убок, каб пасля разабрацца ў дробязях. Толькі чытаючы святароў ліст і сустрэўшы меркаванні — «усе ў «Міжморы» стаяць як роўныя з роўнымі» і «адносіны сёння між палякамі і намі быццам палепшыліся», па Сымонавым твары слізнула ледзь заўважная ўсмешка.
«Роўныя з роўнымі». Дзесьці раней ужо чуў нешта падобнае. Што гэта было й дзе? Ага, думаў, пашукаўшы ў памяці,— гэта ж сам першы маршалак Пілсудскі некалі, пасля першай сусветнай вайны, калі беларусаў намагаўся запрэгчы ў панска-асадніцкае ярмо, кінуў падобны лозунг: «Роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі». Сымон добра ведаў, што лозунг быў фарсам, а наіўныя беларусы, што спрабавалі літаральна яго тлумачыць ды карыстаць з гэтай «роўнасці» й «вольнасці», суленай маршалкам, дорага пасля за сваю памылку заплацілі.
Што ж да тых «адносінаў між палякамі й намі, якія быццам палепшыліся», дык тут Сымон адразу прыгадаў маёра-карцёжніка Палішэўскага й ягоную заўсёдную абяцанку — «я табе ўстаўлю яйцы». Хіба ж гэта не сведчыла аб «адносінах»? Праўда, Сымон быў вельмі асцярожны з абагульненнямі, надта ж далёка ад таго, каб, прыкмеціўшы нешта характэрнае ў аднаго чалавека, падтасоўваць тую ўласцівасць да цэлай ягонай нацыі. Але ў тым і бяда, што,
прыпомніўшы аб тых «яйцах», заўсёды Сымону абяцаных, побач Палішэўскага зараз вырастала нікчэмная фігура самароднага цыцэрона Эдзі Цеслюка, а ў вушах гучалі пагрозы, адрасаваныя колішнім менскім кадэтам: «Няхай выкінуць сабе з галавы гітлераўскія бздуры' Або будуць добрымі жаўнерамі й польскімі грамадзянамі, або... знойдзецца для іх месца па-за рамамі арміі. Запішыце гэта сабе на лбе!»
«Так, паважаны Эдзё,— адказваў у думках віленскі юнак,— даўно мы гэта ўжо запісалі і, калі прыйдзе час, прыпомнім. Раслі й гадаваліся ды загартоўваліся мы ў агні й без тваёй рады ведалі, што й дзе запісваць. Ты толькі нам лішні раз прыпомніў, не ўцяміўшы, якое жніво некалі прыйдзецца збіраць тваім родзічам з пасеянага табой зерня». Далей з’яўлялася постаць подлага рэнегата Мыдлеўскага ды шматлікіх іншых афіцэраў і радавых палякаў, кароткія жыццёвыя кантакты з якімі выказалі аб іхняй непрымірымай варожасці да чалавека толькі таму, што ён голасна й смела заяўляў аб сваім беларускім паходжанні. Гэта ўсё дзеелася пасля самай вялікай гістарычнай катастрофы, дзе, між іншымі, польскі народ палажыў вялікія ахвяры, але амаль зусім не ўзбагаціў свайго жыццёва-палітычнага розуму. Дык даволі ўжо аб тым, што «роўныя з роўнымі» ці «адносіны палепшыліся». I наіўнасць мае ж сваю мерку.
\ I
Да чытання «Беларускіх Навін» юнак узяўся з урачыстым натхненнем, можна сказаць, з пабожнасцю і быццам з бояззю. Ужо колькі хвілін меў газету ў руках, а ўсё яшчэ недзе ў галаве мітусілася ўява, што гэта ўсё быццам нерэчаіснае, што хутка дзьмухне нейкі вецер і знікне з ягоных рук дарагі шматок паперы са знакамі роднае мовы. He мог аніяк прывыкнуць да думкі, што ў ягоных руках першая родная ластаўка, тая нітачка, пры дапамозе якой можна будзе дабрацца да свайго беларускага клубка.
Чуўся так, як быццам вылазіў з глыбокага цёмнага прадоння й угледзеў нарэшце светлы дзённы праменьчык. У наступную хвіліну здавалася, што да гэтага часу быў слабы й абяссілены, быццам страціў вялікую частку крыві. I вось нехта праз жылы пачаў уліваць яму кроў. Павольна, але стала й упэўнена пачынае пульсаваць цэлая крывяная
сістэма, мерна б’ецца аслабленае й зняможанае яшчэ нядаўна сэрца, сіла пачынае вяртацца ва ўсе часці цела. Становіцца на ногі, варушыцца, каб праверыць, што ўсё гэта сапраўднасць, а пераканаўшыся, маніцца аж падскочыць і пачаць танцаваць з радасці. Хочацца крычаць з радасці, весяліцца, абдымаць усіх людзей, што пад рукою, і абвяшчаць вялікую навіну — ён, Сымон Спарыш, нарэшце знайшоў нітачку да свайго роднага клубка. Гэта той канал духовае справы, па якім ужо ад гэтага часу нанава й стала будзе сачыцца пажыва для ягонае зняможанае й згаладалае душы. Як жа тут не весяліцца. Рукі дрыжаць з вялікага хвалявання, прыспешаным тэмпам б’ецца сэрца.
У бараку ў гэтым часе быў абедзенны перапынак і супакой. Да заняткаў яшчэ шмат часу. Людзі сядзяць групкамі, іншыя калупаюцца каля розных штодзённых дробязяў. Бальшыня з іх не бярэ ўвагі на Сымона. Толькі Дэмарчык спасцярог надмернае хваляванне свайго сябры і, убачыўшы ў руках хлапца газету з незнаёмымі яму літарамі, падыходзіць і пытаецца, што за яна й адкуль атрымаў. Пару суседзяў таксама ўталопліваюцца ў Сымона з запытальнымі поглядамі. Юнак дзеліцца з зацікаўленымі вялікай радаснай весткай, але адразу мяркуе, што чамусьці ягоныя словы не робяць на іншых амаль ніякага эфекту. Ён на момант быў забыўся, што з гэтымі людзьмі не мог дзяліць такой радасці, і дзеля таго адыходзіць са сваім скарбам у зацішнейшы куток і просіць Дэмарчыка, каб не перашкаджаў.
Вочы ўпіваюцца ў радочкі, з вялікай любоўю песцяць кожную літарку. Сымон чытае са смакам і паволі, а дзесьці ў галаве гняздзіцца думка, што не трэба ж спяшацца, дарма што мо й часу пад час абедняга перапынку не хопіць на прачытанне ўсяго. Трэба ж з гэтай малой фарматам газеты прыдбаць для сваёй спрагненай душы як найбольш асалоды. А душа ягоная цяпер быццам тая высахлая губка. Для яе гэтая малая газетка быццам тая сціпленькая кропелька вады для губкі. Колькі ж увабрала б, усякнула б свайго роднага, калі б было адкуль. Дык пакуль гэта маленькая кропелька не спажытая, трэба ўжываць яе з найбольшай асалодай, перш чым праглынуць, трэба абгледзець і нацешыцца кожнай найменшай мікраскапічнай макулінкай, трэба насыціць, здаецца, усе свае органы чуцця, а не толькі думку.
Што за матэрыял у газеце?
Перш за ўсё колькі слоў ад рэдакцыі, бо гэта ж першы нумар. Гаворыцца, што «вымогі беларускага друкаванага
слова ў нас сёння найвялікшыя», што беларускім работнікам у Францыі, згуртаваным пры Французскім хрысціянскім сіндыкаце работнікаў, удалося нарэшце зрэалізаваць сваё даўняе летуценне, выдаць газету, якая будзе не толькі інфарматарам, але й лучнікам беларусаў, раскіданых па ўсім свеце ў наследку пяцігадовае вайны. Газета з’яўляецца дадаткам да органа Французскага работніцкага сіндыкату і выходзіць месячнікам, але пасля маніцца выходзіць і часцей, абы была ад сваіх дапамога.
Нумар прысвечаны збольшага Калядам 1945 года, і пасярод, пад загалоўкам, на дзве шпальты першае бачыны на здымку відаць пакрытыя снегам хвойкі. Чытач уяўляе кавалачак роднае, дарагое, пакінутае Бацькаўшчыны.
Побач — верш Ларысы Геніюш «Новы год»:
Новы год ідзе крокам бадзёрым, крокам звонкім, як сам, маладым, рассцілае надзеі ўзорныя, гоіць крыўдаў і ранаў сляды.
Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах нас чакае сям'я за сталом, каб з загубленым сынам ці братам падзяліцца сямейным цяплом...
Як ёмка й праўдзіва сказана. «Новы год... гоіць крыўдаў і ранаў сляды». Так. Гояцца і ў Сымонавым сэрцы пэўныя раны, хаця хто ведае, калі пачнуць гаіцца сляды крыўды. Падымаюцца пад цяжкім уздыхам грудзі. Крыўды былі, ёсць цяпер і доўга будуць яшчэ. Хто ведае, каторы ўжо новы год іх загоіць. Ці ж лёгка ўявіць, што пры дапамозе гэтай ластаўкі-газеты новы год хоча падзяліцца і з ім, Сымонам, сямейным цяплом? Ён жа загублены сын і брат, адзін з тысячаў раскіданых-развеяных па вялікім сусвеце. Сям’я ягоная не ведае, ці ён жыве, магчыма, што ўжо ўпотайку памалілася за супакой душы ягонай, што, можа, даўно пакінула маладое зморанае цела. Яны ж не ведаюць. Ох, даражэнькія, родненькія! Няхай Бог улье вам у сэрца надзею, што Сымон не загінуў, што туляецца па чужыне, хоць змораны й зняможаны, але ж — вольны. Будзе й ён маліцца за вас, прасіць Усемагутнага, каб пад удушлівым ціскам ярма сатаны прынёс вам палягчэнне ды прыспешыў дзень вызвалення вашага.
Нешта сціскае й душыць Сымонава горла, на вочы набягаюць буйныя слёзы. Хлапец здабываецца на надлюдскія сілы, каб іх стрымаць, каб не расплакацца ў прысутнасці
цэлага восьмага курса нейкай чужой і наўрад ці патрэбнай яму ў будучым школы.
Людзі звычайна ўважаюць, што плач вызначае духовую ці фізічную слабасць, а найчасцей забываюцца, што іншым разам прыносіць вялікае палягчэнне. Дарослыя стыдаюцца плакаць, толькі ў выключных выпадках, калі не могуць стрымацца. Плач звальняе награмаджанае доўгім часам у сэрцы й душы, гэткім чынам нават спрычыняецца да аздараўлення й адпружання пераладаванага духовага й цялеснага людскога арганізма. Сымон у гэты момант хацеў бы плакаць — з гора і з радасці, з даўно перажытага і з новазнойдзенай макулінкі шчасця й надзеі. Хацеў бы забрацца недзе ў нейкі адлюдны куточак і раўці на ўсё горла, як маленькае дзіця. Так жа шмат і такога горкага награмаздзілася ў яго за пару гадоў бурнага ліхалецця. Але ж ён не ў тым часе й месцы, дзе плакаць можна. Сіліцца, каб стрымаць буйныя слёзы, ды, бачачы, што не дасць рады, узрываецца з лаўкі, хавае згорнутую газетку ў кішэню й хуткім крокам накіроўваецца на двор. Некуды ідзе, а куды — не важна. У галаве цэлы пчаліны рой розных думак. Нешта грызе бязлітасна за capita, іншае нешта клешчамі сціскае за горла. На вочы нагортваюцца буйныя слёзы.