Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Існуе ў Ангельшчыне такі звычай, што калі гадзіннік апоўначы праб’е першыя часіны Новага года, усе блізкія, асабліва ж маладыя, што недзе танцуюць, няхай нават і тыя, што першы раз сустрэліся або нават і пайшлі ў першы танец, абдымаюцца й цалуюцца. Сымон пасля не мог нават Дэмарчыку вытлумачыць, чаму ў той час, калі сотні іншых параў упіваліся адно ў другое вуснамі ў доўгіх пацалунках, калі аркестр урачыстымі гукамі абвясціў Новы год і на зале былі прыцьмёныя ўсе -свётлы, чаму ў той час ён стаяў, трымаючыся за рукі Нэлі, і не толькі не пацалаваў яе, але чуўся яшчэ больш няёмка, чымся цэлы вечар. Мо таму, што Сымон не ведаў аб тым універсальным, распаўсюджаным шырока пасля вайны сярод ангельскай моладзі звычаі, а мо й таму, што да цалунка ён прывязваў шмат больш вагі, чымся іншыя. Для яго цалунак мусіў быць накіраваны духовымі пачуццямі, а не проста біялагічнымі меркаваннямі. У кожным выпадку Сымон не пацалаваў Нэлі, й тая была вельмі здзіўленая ды пасля поўначы выразна пахаладзела. Магчыма, што разводка якраз і чакала той поўначы, каб хаця нейкім цялесным спалучэннем знайсці большы кантакт, адкрыць шлях да гэтага стройнага, высокага й не зусім даступнага жаўнера. Дэмарчык, даведаўшыся пасля аб гэтым, нават моцна дакараў Сымона, што з ягонага боку, сціпла гаворачы, гэта было непрыгожа. На Новы год, паводле Дэмарчыка, усе маладыя на танцах у Ангельшчыне тонуць у цалунках. I як гэта Сымон, такі мудры Саламон, гэтага не ведаў. А калі не ведаў, дык чаму не запытаўся?
— Бачу, калега, што я цябе яшчэ не зусім у людзі вывеў,— канчаў сваю натацыю Дэмарчык.
— Але ж, але. Трэба было табе ведаць, што я ў гэтых справах невялікі майстра. Дый што за прыемнасць цалаваць жанчыну, якая для цябе нічога не значыць?
— Калі нічога не значыць, дык хаця б тады ўжо з ветлівасці.	■
— Вось і дагаварыўся: цалаваць некага з ветлівасці. Хіба ж толькі родных сваіх, дый не ў вусны ж.
— Які ж ты цямняк! Тут проста трэба было. У іх звычай гэткі.
— Дык я ж не ангелец.
— Я ж не сказаў гэтага. Тое ж самае і я. Але ты бачыў, якая Нэлі была незадаволеная. Будзе цябе дрэннымі словамі памінаць.
— Ну, няхай сабе.
Сымон не хацеў спрачацца, бо Нэлі была сяброўкай Бэты, для якой у Дэмарчыкавым сэрцы недзе быў адведзены пачуццёвы ўтульны куточак. Дык хлапец замоўк, каб не ўгнявіць Дэмарчыка.
3 водпуску абое былі задаволеныя й з’явіліся ў абозе другога студзеня. Сымон не тым мо быў задаволены, што добра пагуляў, бо так і не было, але тым, што крыху збольшага пазнаў Ангельшчыну.
IV
I чым болыл Сымон пазнаваў гэту краіну, тым больш яму яна не падабалася. Няважнымі былі самыя краявіды ці вонкавы выгляд яе. Як на кожнай іншай часці зямлі, памінаючы хіба пустыні й ледавікі, так і ў Ангельшчыне ёсць месцы надзвычайна прыгожыя й зусім брыдкія. Краіна ўсеяна сотнямі старых замкаў, што помняць сівыя вякі і проста не могуць не падабацца. Але тут жа побач расплыліся на дзесяткі кіламетраў вялікія індустрыяльныя гарады з жароламі незлічоных фабрычных комінаў, што атручвалі навокал паветра. Выдавалася, што ў гэтай краіне няма наймалейшай пядзі зямлі, не выкарыстанай чалавекам. Выглядала, што тут вельмі цесна, што на абтоку жыве столькі людзей, што калі б ён быў мяшком, то даўно б трэснуў па швах і ўсё, што не змясцілася ўсярэдзіне, апынулася б у навакольным моры. Гэтак фактычна й было. Кожны год дзесяткі, а пасля вайны й сотні тысяч эмігравалі за акіяны ў розныя, звязаныя з Вялікай Брытаніяй супольнай мінуўшчынай краіны, каб там будаваць сабе новае жыццё. Гэты працэс распачаўся даўно, у тым часе яшчэ, калі ангельскія матросы адкрывалі па ўсім свеце новыя землі або спяшаліся
ў адкрытыя іншымі, каб там лягчэй нажыцца.
Сымону перш за ўсё не падабалася ангельская пагода. Ужо прабыўшы пару тыдняў у Кэтэрык Кэмпе, спасцярог, што яна вельмі дрэнна ўплывае на ягонае здароўе. Вечныя дажджы, вятры, імгла, золь — усё гэта надта ж дакучала пасля сонечнай Італіі. Меў такое ўражанне, як быццам нехта ўдарыў яму абухом сякеры ў патыліцу й ад гэтага ўдару сталася цяжкая галава. Ды на гэта не было рады. Давялося прывыкаць. А хіба ж лёгка прывыкнуць да сталай дрэннай пагоды? Дык і не дзівіўся, што сустрэчныя ангельцы найперш пачыналі гаварыць аб пагодзе. Гэта можна было пачуць між іх на кожным кроку. Мусіць, цягам стагоддзяў, з пакалення ў пакаленне ўвайшло тое ў традыцыю. He толькі Сымон наракаў на ангельскую пагоду, але й самыя жыхары краіны. Гэта было для хлапца невялікай пацехай.
He падабаліся Сымону й людзі. Мо таму, што іх слаба яшчэ ведаў. Але выдаваліся яму нейкімі зусім іншымі, чымся ўсе іншыя еўрапейцы, якіх ужо шмат давялося сустрэць пад час вайны. Шмат жартаў ёсць аб ангельскім характары. Адзін з іх апавядае, што калі б нейкім чынам з разбітага карабля выратаваліся незнаёмыя міжсобку дзяўчына й двое хлапцоў ангельскага паходжання ды ўсе апынуліся на бязлюдным малым абтоку, дзе хаця-нехаця мусілі б між сабой зжывацца дзеля супольнага перамагання перашкодаў, то нічога б між імі не сталася, значыцца, не было б ніякага кантакту, а ўсё тое з простай прычыны, што іх не было каму міжсобку пазнаёміць. Пэўна ж, жарт перасолены, але ёсць у ім макулінка праўды. Ангелец, жывучы дома, ддя чужынца слаба даступны. 3 пагодным французам ці італьянцам, нават з бурклівым немцам можаш хутка пазнаёміцца, распачаўшы ўсмешкай. Мо таму, што кантынентальныя народы мусілі стагоддзямі жыць у суседстве з іншымі. Ангельцы ж, як сказалі б бальшавіцкія марксісты, на сваім абтоку вечна былі «адзіналічнікамі». Яшчэ ў далёкай мінуласці, перамяшаўшыся з шатландцамі-шкотамі, валійцамі й ірландцамі, пераварыўшыся ў адгароджаным морам ад кантынента катле, маса насельніцтва ніколі не мела шырэйшага кантакту з чужынцамі. Толькі пад час і пасля апошняе вайны з неабходнасці прыйшлося прымаць у сябе багата чужых. Прыглядаліся няпрошаным гасцям з цікавасцю і, быццам тое малое нясмелае дзіцё, што, убачыўшы чужога вусатага дзядзьку ў хаце, хаваецца за матчыну спадніцу, карэнныя жыхары брытанскіх абтокаў хоць, вядома, і не з бояззю.
але з загадкаю й недаверам стараліся паволі пазнаваць людзей, што гаварылі на іншых мовах. I тэмаў, і зацікаўленняў не маглі знайсці з імі супольных. Дый не стараліся шукаць. Іх цікавілі футбол, конскія скачкі, пагода, заработкі на мясцовых фабрыках, самаход у суседа, недахоп бензіну, якасць піва, крыкет, рыба, ну й мора. Шмат цікавых ім драбніцаў не мелі істотнага значэння для чужых бадзякаў, што апынуліся на абтоку ў сілу неабходнасці. Ангельцаў не цікавіла замежная палітыка (маем наўвеце шырокія масы), геаграфія, розныя еўрапейскія навінкі. Веданне свету зводзіцца ў іх да ангельскіх даміньёнаў, калоніяў, ну і колькі важнейшых еўрапейскіх і іншых дзяржаваў.
У кантакце з ангельцамі Сымон спасцярог нейкую кітайскую сцяну, якую ніякім чынам нельга было пералезці. Гэты свет, нават сацыяльна самы ніжэйшы, быў своеасаблівы. Трэба было шмат яшчэ навучыцца й даведацца аб ім, каб знайсці ключ да дзвярэй, праз якія можна было б пралезці на плошчу агульнага зацікаўлення й сужыцця. А ў тым часе ніхто не мог з пэўнасцю сказаць, як доўга давядзецца чужынцам быць на абтоку й ці наогул некаторым з іх не прыйдзецца пасяліцца там на сталае жыццё.
V
Мінуў ужо блізу год, як не чуў Сымон беларускае мовы з вуснаў другога чалавека, а гады два з таго часу, як не бачыў роднага друкаванага слова. Сяброў-беларусаў пакінуў у Італіі. Быў адзін, як палец, сярод палякаў. Калі й палякі, з якімі з дня на дзень жыў, знаходзіліся ў чужой краіне, то Сымон быў сярод чужых двойчы: раз — сярод палякаў, два — у чужой краіне. Як у дбайлівай вясковай гаспадыні ў згорненым у кучку прысаку тліўся жар, так у Сымонавым сэрцы, дзесьці ў самай вялікай глыбіні яго, гарэў маленькі каганец непагаснага кахання да Бацькаўшчыны і ўсяго роднага. Зверху быў нанос абыякавасці й шэрай штодзённасці, будзёншчыны. Але хапіла б, каб у гэту, здавалася б, непранікальную глыбіню пракраўся праменьчык свайго роднага, нейкая нітачка, што зноў злучыла б той адасоблены каганец з агульным беларускім целам, ён разгарэўся б і зашугаў магутным яркім полымем, што страсянуў бы ўсю яго духовую і фізічную натуру.
I гэткі праменьчык знайшоўся. А сталася тое так. Дзесь
пад канец сорак пятага года Сымон пры дапамозе польскага Чырвонага Крыжа адшукаў Кастуся Дзежку і некаторых іншых сяброў у Італіі. Ад Дзежкі дастаў адрас нейкага беларускага, бліжэй няведамага яму святара-уніята з Рыма, аб якім давялося чуць ужо раней ад некаторых былых менскіх кадэтаў. Напісаў ліст у Рым і прасіў святара паведаміць, што дзе робіцца сярод беларусаў, ці дзе ёсць якія арганізацыі і калі ёсць нейкая беларуская прэса, прыслаць яму хоць адзін паасобнік.
Якая ж нязмерная была Сымонава радасць, калі праз два тыдні пасля высланага пісьма атрымаў з Рыма адказ і, самае найважнейшае, маленькі скрутак, распакаваўшы які, аж не паверыў вачам. Там была парьіжская беларуская газета «Беларускія Навіны» й рататарны часопіс «Міжмора».
У пісьме святар пісаў наступнае:
«Даражэнькі Сымон,
Думаю, што не загневаешся за мой гэты сямейны тон у першым лісце да Цябе. Сёння, калі мы раскінуты па сусвеце, перапоўненыя тугой за нашай радзімай, трудна мне, пішачы да свайго чалавека, сіліцца на іншы тон.
Ліст Твой з 15.1.46 г. атрымаў. Шчыра дзякую. Пару дзён таму назад што меў пад рукой з прэсы, тое пад Тваім адрасам выслаў (№ 1 «Беларускіх Навін», выйшаўшы ў Парыжы, і «Міжмора»), Калі атрымаеш, прасіў бы паведаміць нас дзеля арыентацыі. 3 таго матэрыялу зразумееш, што адносіны сёння між палякамі і намі быццам палепшыліся. Дзеля таго ўсе 16 народаў у «Міжмора» стаяць як роўныя з роўнымі. Усё ж такі тутэйшыя беларусы пакуль што абсэрватары, а не арганізатары «Міжмора». На мой узгляд добра французскія крывічы зрабілі, што прыгарнуліся да стараны партыі Бідо, як можаце бачыць з «Беларускіх Навін».
У нас тут у Рыме пакуль што ніякай арганізацыі афіцыяльна няма. Але хто што можа, тое робіць. Ёсць тут трое святараў, некалькі студэнтаў. Падтрымоўваем зносіны з жаўнерамі. Трэба сказаць, што новае пакаленне крывічоў бадзёрае. Каб толькі ператрываць!
Калі Вы атрымаеце гэты ліст, а не атрымаеце друкаванага слова, Вам высланага, то ў наступным лісце падам адрасы арганізацыяў нашых у Парыжы. Тым часам бывайце здаровенькія й пішыце.