Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
IX
3 іншых навучэнцаў восьмага курса трэба прыгадаць Усаевіча, сярэдніх гадоў паляка з беларускай Смаргоні, найбольш здольнага й пільнага вучня, што пры сканчэнні школы заняў першае месца. Усаевіч адбыў час зняволення ў бальшавіцкіх лагерах ваеннапалонных, служыў у войску яшчэ перад вайной, а на фронце быў у панцырных аддзелах. Меў вялікія веды з усіх панцырных дзялянак і таму ў школе
амаль не меў патрэбы вучыцца. Пад час заняткаў на радыёвым курсе практыкаваў альфабэт Морзэ, хоць вымагалася адно павярховае веданне яго. Пасля заняткаў найбольш сядзеў з Радзівілам у баракў, то падгладжваючы ангельскую мову, якую вельмі добра ведаў, то заглядаючы ў кніжку матэматыкі, відаць, рыхтуючыся на будучыню трапіць у нейкую школу.
Звязны Бончэк належаў да старэйшых векам падафіцэраў. Некалі трапіў у нямецкі палон і пасля, уцёкшы з лагера зняволеных, быў інтэрнаваны ў Швейцарыі, дзе адсядзеў у лагеры гады тры. Швейцарыя была частай тэмай ягоных гутарак. Хваліў маленькую альпійскую краіну, а асабліва ейныя гадзіннікі. Паводле ягоных меркаванняў, «Тысот» быў найлепшым гадзіннікам на свеце. Каб падтрымаць гэтую думку, мог бы залажыцца на вялікую суму. Таму што навокал не было вялікіх аматараў і знаўцаў швейцарскіх гадзіннікаў, ніхто з Бончкам не закладаўся.
Найбольш мізэрным, ці, калі ўжыць тут самае адпаведнае польскае слова, «нэндзным» чалавекам на восьмым курсе быў малы слімазарны, заўсёды наракаючы й невясёлы Янкоўскі. Няцяжка было спасцерагчы, што ён патрапіў набыць і захаваць у сабе самыя адмоўныя якасці так добра ведамага ў Заходняй Беларусі, асабліва ў апошнія гады акупацыі яе палякамі, тыпу польскага гімназіста, што, скончыўшы сярэднюю школу, маючы вялікія вымаганні й прэтэнзіі да грамадства з прычыны свае быццам адукацыі, шукаў цёпленькае пасады — звычайна дзесьці ў малым урадзе, нават пісарчуком, абы мог корчыць з сябе вялікага пана ўрадніка.
У бальшыні такія гімназісты, паміма немалой акумуляцыі ведаў з лацінскае мовы й іншых класічных прадметаў, былі зусім няздольнымі да практычнага жыцця, ганьбавалі чорнай працай і саромеліся яе. Заўсёды стараліся дастаць нейкую пасаду. Польская адміністрацыя, выпусціўшы на рынак такі своеасаблівы нежыццяздольны прадукт нерацыянальнай адукацыйнай сістэмы, каб неяк знайсці лішнюю дзірку для выгадаванага панка, часта пашырала ўрадавы апарат, тварыла новыя й лішнія пасады, а гімназіст з недахопу працы калупаў дзесьці ў валасной управе свой нос, даглядаў ногці, корчыў з сябе высокага ўрадніка ды непатрэбна забіраў час сялянам, платнікам падаткаў — ягоным карміцелям, якім абцяжваў жыццё.
Янкоўскі лічыў сябе пакрыўджаным жыццём і людзьмі,
думаў, што ніхто да гэтага часу не ацаніў ягрных здольнасцяў, не гаворачы ўжо аб пашане да ягонага шляхоцкага паходжання. Лічыў, што капрызны лёс закінуў яго не ў той асяродак, дзе ён мусіў бы быць, і вызначыў яму ў жыцці не адпаведнае месца. I з выгляду быў малым і невыглядным, заўсёды натапыраным і шурпатым у адносінах да іншых.
— А што ж, пане Янкоўскі, будзеш рабіць, як скончыцца вайсковая масленіца ды прыйдзецца ў цывільным жыцці самому раду сабе даваць? — пацікавіўся аднойчы Сымон.
— Фраер ты,— самазадаволена й звысоку гледзячы, адказаў панок,— дамоў вярнуся. Там каля Кракава цёця мае маёнтак. Вось дзе я буду жыць.
— Ого, брат! — засмяяўся Сымон.— Дык ты, мусіць, уяўляеш, што маскоўскія таварышы пакінулі тваёй цёці маёнтак і, пэўна ж, таксама і для цябе цёпленькае местачка. Адно прыходзь і сядай панаваць! Нявузка!
— Ах! — махаў дробненькі палячок рукой.— Што з табой гаварыць! Ты — мужык і на гэтых рэчах не разумеешся.
— Я разумею, што хто працы не баіцца, таму ўсюды дарога.
— Працаваць? Дзівак ты. Я створаны да рэчаў лепшых, а не да працы. Няхай дурні працуюць.
— Але ж ты й паразіт! — плюнуў Сымон.
Янкоўскі не спасцярог вялікіх пераменаў, што прынесла на акупаваныя бальшавікамі польскія землі ваенная бура. He тое каб не хацеў, але прост-напраст няздольны быў смела заглянуць у вочы рэальнасці, ацаніць змены, што адбыліся ў свеце, а асабліва на землях, захопленых Сталіным, а ў сувязі з гэтым і прадбачыць розныя магчымасці ці немагчымасці ды са здаровым розумам планаваць будучыню. Ва ўяўленні шляхціца маячыўся ўтульны маёнтак з белым выгадным домікам у засені высокіх стройных таполяў, пагулянкі з суседнімі прыгажунямі-шляхцянкамі ў травеньскія вечары, нагляданне за паўпрыгоннымі сялянамі, гадаванне кругленькага сыценькага жывоціка й пагарда да чорнай працы. Сымон глядзеў на Янкоўскага болын з палітаваннем, чымся пагардай, і зусім нядрэнна ўяўляў расчараванне панка, калі б той вярнуўся ў Берутаву Польшчу на «цёцін маёнтак».
Існаваў на восьмым курсе й гэтак званы покерны гурток. Да яго належала нейкіх пяць асобаў, сярод якіх галоўным быў звязны Розмарэк, сам стары й перадваенны
яшчэ жаўнер, што больш увагі ў жыцці аддаваў пазакулісным, чымся простым, хадам. Ён пранюхаў, што камандзір школы, маёр Палішэўскі, сам любіў часта прысесці ў «покерэчэк». Гэткім чынам існавалі спрыяльныя ўмовы для карцёжных гульцоў і адно заставалася выкарыстаць нагоду. Розмарэк аб тым і парупіўся.
Няцяжка было спасцерагчы, як часта пасля заняткаў покернікі адзін за адным ішлі ў суседні з маёравай кватэрай барак, дзе жылі падафіцэры. Там мелі асобны вольны пакой, дзе нярэдка займаліся ўлюбёнай гульнёй цэлымі гадзінамі. Вучні школы ведалі нямала адносна прайграных і выйграных, але таму, што сам Палішэўскі часта прымаў удзел у картах, трымалі язык за зубамі. Розмарэк і сябрыпокернікі трымаліся з Палішэўскім за панібратаў і будучыню ў школе мелі больш-менш забяспечанай.
Родны зніч
I
Пасля пары месяцаў побыту ў школе падхаронжых Сымон быў прыемна здзіўлены адносінамі да яго з боку курса. Змалку прывыклы да польскае неталеранцыйнасці, падрыхтаваны быў на розныя непрыемнасці, шпількі, дакоры ці нават і варожасць. Але нічога падобнага не мог заўважыць. Наадварот — ніколі не спасцярог, каб вучні вырознівалі яго паміж іншых. Шмат хто паважаў яго й цаніў як аднаго з лепшых вучняў курса. Ведама ж, часта настаўнікі, а ў даным выпадку — інструктары, не ведалі так добра сваіх вучняў, як самі вучні ведаліся міжсобку. Нярэдка прыходзіла ў галаву Сымона думка, што прычынай ягонага згоднага сужыцця з іншымі на курсе была адсутнасць там гэтак добра ведамага з ранейшай жыццёвай практыкі і з войска тыпу зласлівага беларускага рэнегата, які, намагаючыся быць лепшым палякам за сапраўднага паляка, вечна так ці інакш спаганяў злосць на сваіх суродзічах. Дзесь у глыбіні ў такога рэнегата была звычайна захаваная макулінка зраненага сумлення, якая цэлае жыццё не давала яму супакою таму, што здрадзіў і апаганіў народ і самога сябе. Дзеля насычэння эгаізму й апраўдання сябе як чалавека, дзеля таго, каб давесці палякам, што ён самы сапраўдны й цэнны паляк, нікчэмнік такі вечна мсціўся на здраджаных суродзічах.
Помста гэтая — кусанне цела роднае маткі, прымае розныя формы. Найчасцей выказваецца дробнай дакучлівасцю й ядавітасцю ў дачыненні да сваіх братоў, у канцы ж становіцца для рэнегата хутчэй біялагічнай, чымся духовай патрэбай. Адгэтуль такая цягласць і ўпорыстасць.
Нягледзячы на карэктныя й прыязныя адносіны сяброў, Сымон намагаўся заўсёды трымацца асцярожна. Ведаў, што ніколі з палякамі не мог бы зблізіцца так, як калісьці, хаця і ў вельмі кароткі час, з кадэтамі менскай, школы камандзіраў БКА. Там быў часткаю суцэльнага нацыянальнага арганізма, тут — крошкай у чужым целе. Сяброўства з Дэмарчыкам ці іншымі замыкалася ў рамках зацікаўленняў штодзённымі заняткамі, экскурсіямі на танцы ці навукай ангельскае мовы. Далейшы доступ у сапраўднае духовае сяброўства з гэтымі спадарожнікамі быў зачынены.
Тое, што адносілася да сяброў з курса, нельга сказаць
было аб маёру Палішэўскім. Ужо вельмі рана на пачатку школы спасцярог Сымон, што маёр-покернік чапляўся да яго часта без ніякае прычыны, за абы-якую дробязь.
Сустрэне, бывала, Сымон па дарозе камандзіра школы. Адсалютуе карэктна, як належыцца. Ведаў, як салютаваць. Практыкі ж хапала, не першы дзень быў у войску.
— Гэй! — рэзка крыкне на хлапца, затрымаўшыся, Палішэўскі.— Спарыш! Ану-ка вярніся!
— Слухаю пана маёра! — падыдзе Сымон.
— Як гэта вы, радавы, салютуеце, быццам у вас рукі вялыя, зусім без касцей? Што гэта, лепш не ўмееце? Як гэта вы ходзіце, быццам той дзед стары? Так жаўнер павінен хадзіць?
Сымон стаіць і чырванее, сочачы, як дрыгае маёраў падвойны падбародак.
— Я вам устаўлю яшчэ яйцы! Навучу вас, як будучы афіцэр хадзіць павінен, пся косць! Можаце адысціся!
Сымон адсалютуе й маніцца ісці.
— Гэй, Спарыш! Вярніцеся! — зноў гаркне покернік Палішэўскі.
Сымон затрымаецца.
— Жывей вы не можаце? Ану-ка папробуйце лепш, пся крэў!
За гэткія частыя маёравы натацыі Сымону было надзвычайна крыўдна, асабліва калі заўважыў, што Палішэўскі яму аднаму з цэлага курса маніўся «яйцы ўстаўляць», адно на яго рэгулярна накідваўся.
Ужо пасля, бывала, здалёк угледзеўшы маёра, прыспешыць Сымон кроку і йдзе, здаецца, быццам той прускі жаўнер на парадзе — выпяціўшы наперад грудзі, высока трымаючы галаву й смела гледзячы афіцэру ў вочы.
— Гэй! Спарыш! — звягне зноў, нягледзячы на ўсе юнаковы старанні, Палішэўскі.— Што гэта вы раўней хадзіць не можаце? Я вам устаўлю яйцы, пся крэў!
Пераканаўшыся, што як ні старайся, а маёр-покернік усё роўна будзе абяцаць «яйцы ўстаўляць», Сымон стараўся, калі было магчыма, не паказвацца камандзіру школы на вочы. Відаць было, што Палішэўскі чапіўся наўмысля. Была нейкая прычына, аб якой Спарыш не ведаў. «Ці не нацыянальнасць мая тут прычынай?» — пытаў сябе хлапец. Ніколі не давялося Сымону чуць, каб Палішэўскі суліў іншаму «Гўставіць яйцы», адно яму. Гэта нічога добрага для
юнака не варажыла.
II
Дзесьці недалёка ад Калядаў прыйшоў загад, каб Польскі цэнтр вышкалення панцырнай зброі (гэтак афіцыяльна называўся) з Кэтэрык Кэмпа пераехаў у Фразербург, у Шатландыю.
Вучні восьмага курса заладаваліся на цягнік раніцою. Пакуль даехалі да новага месца, скончыўся кароткі перадкалядны дзень. Ніхто не шкадаваў, што так рана скончыўся, бо надта ж усім надакучыў уліўным дажджом і золлю. Але і вечар быў не лепшым. Востры вецярок хлістаў сцюдзёнымі, калючымі густымі іголкамі пасінелыя ад сцюжы твары. Ужо пры святле фараў дабіраліся на аўтамашынах ад нейкай малой станцыі да новага, невядомага й прыхаванага ў цемры абозу. Машыны праехалі пару кіламетраў і спыніліся. Людзі выладоўваліся ўпацёмку. Ніўто не ведаў, дзе і як размяшчаецца.