Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Самым вартасным у Радзівілавых адносінах да людзей было тое, што ані тая ветлівасць, ані пашана й добразычлі-
васць да іншых не былі вымушанымі, штучнымі, як гэта часценька даецца заўважыць у людзей зверху палітураваных, а ўсярэдзіне — грубых і фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзівілавай этыкі ляжала ў тым, што ўсіх людзей лічыў добрымі, залічаў іх у свае сябры і, ужо зыходзячы з гэтага, збліжаўся з імі. Пазнаўшы гэтага рослага дзецюка, вы хутка ўсведамілі б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваннем, што інакш ён не мог, калі б нават і хацеў.
Некаторыя спрабавалі справакаваць яго на злосць ці дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калі Юры спасцерагаў, што наўмысля правакуюць, тады з ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласлівасці ўсмешкай збываў усё жартамі, ніколі не рэваншуючыся на тых, што намагаліся яго правакаваць. У кожным чалавеку, з якім так ці інакш збліжаўся, гэткім падыходам здабываў сабе сябра.
На курсе клікалі яго «прынцам» (ад ангельскага слова «prince» — князь). Другія дзве, заўсёды між людзей вельмі рэдкія, а найбольш цэнныя якасці Радзівілавага характару — уменне маўчаць і слухаць іншых ды — ці не найважнейшае — не толькі не выстаўляцца сваім «я», але зусім мала гаварыць аб сабе. Апошняе — найцяжэйшае, бо кожны чалавек у першую чаргу — эгаіст.
IV
Кажуць, што багатыя людзі — таму багатыя, што ўмеюць ашчаджаць. Гутарка ідзе не пра тых, што нажываюць капітал у спадчыну ці багацеюць несумленнымі метадамі, а пра такіх, што пачынаюць з нічога і ўсялякую манету горнуць пад сваю моцную апеку, хоць гэта быў бы, як часта выражаюцца ангельцы, chicken feed*. Да гэткіх людзей трэба аднесці Юрыя Радзівіла. Казалі некаторыя з вучняў восьмага курса, што быццам Радзівіл меў ад бацькоў вызначаную месячную суму ў памеры ста ангельскіх фунтаў на свае патрэбы. Плётка была малапраўдападобная. Вядома было адно, што Юры ніякіх грошай ад нікога не атрымліваў, але не выключана, што бацькі дзесь адкладалі на ягонае конта нейкую месячную суму. Затое было публічнай тайніцай, як гавораць, што Юры ашчаджаў
* Курыны корм (англ.).
самую найдрабнейшую манету з вайсковай платні, якую атрымліваў, як і ўсе іншыя, у памеры двух з паловаю фунтаў на дзесяць дзён.
Іншыя трацілі свае грошы на піва, курава, вечарынкі, дзяўчат, на пячэнне й каву вечарамі ў мясцовай кавярні. Радзівіл не піў і не курыў, не хадзіў на танцы й надзвычайна рэдка заглядаў у кавярню. Затое часта ўдзень прыносіў са сталоўкі закручаны ў паперку белы хлеб. Вечарам, седзячы ў бараку пры круглай напаленай печцы, раскладаў яго на гарачым кружку і, падпякаючы з двух бакоў, быццам тоўст, спажываў з прынесенай таксама з кухні кавай ці гарбатай. Калі каторы з сяброў, бачачы гэта, абяцаў купіць Юрыю пару пячэнняў і кавы ў кавярні, калі б той быў ласкавы з ім пайсці, «прынц» вельмі ветліва, але станоўка адмаўляўся — мо таму, што самому прыйшлося б выдаткаваць пару пенсаў.
Ашчаднасць Юрыя не канчалася на грашах, якія ахвотна пазычаў усім, хто прасіў. Пад канец навукі меў іх цэлае бярэма — магчыма, не толькі ўсе атры.маныя за восем месяцаў фунты, але й шылінгі з пенсамі.
Ён ашчаджаў і вайсковую вопратку й абутак. Кожны жаўнер меў па два мундзіры-«батледрэсы» й па дзве пары абутку. Адна пара прызначаная была на будні дзень, другая — на святы. Рэдка давялося б пабачыць Юрыя нават у святочны дзень у лепшай вопратцы, хіба адно тады, калі разам з усімі ішоў на абавязковую багаслужбу. Затое часта давялося б бачыць «прынца» з прасам у руцэ пры стале ў бараку — прасаваў порткі ці горшы штодзённы мундзір. Прас быў куплены колькімі сябрамі для супольнага ўжытку. Трэба тут заўважыць, што бальшыня жаўнераў прасавала свае порткі саматужным метадам, г. зн. пакрапіўшы злёгку вадою, злажыўшы роўненька на канты, клалі порткі на сяннік і зверху ў падвойную столку засцілалі коцам. Гэта рабілася кожны вечар перад ночным адпачынкам. Калі чалавек праспаў ноч на сваіх портках, дык раніцай былі яны зусім нядрэнна выпрасаваныя, хоць, вядома, не такімі, як можна было зрабіць пры дапамозе праса. Але на будні дзень і такога прасавання было даволі.
Калі Юры купляў паперу й канверты для карэспандэнцыі, абавязкова выбіраў найгоршае й самае таннае. Няважна да каго пісаў — да «прынцаў» ці звычайных смяротных — карыстаўся тымі самымі, найбольш таннымі пісьмовымі матэрыяламі.
Найбольшую ўвагу звяртаў Юры на сваё здароўе. У Ангельшчыне, пры капрызнай і дажджлівай пагодзе, шчаслівы той, чый арганізм адпорны на звычайны катар і прастуду. «Прынц» да такіх не належаў. Часта сябры бачылі Юрыя з нейкімі кроплямі ад прастуды ў руцэ, а яшчэ часцей — з пластыкавай ампулкай, у сярэдзіне якой, быццам той тонкі алавік, сядзеў медыцынскі сродак супраць прастуды. У канцы ампулкі была маленькая дзірачка. Яна ўкладалася ў нос і моцна цягнулася ў сябе для прачышчэння насавых каналаў. Цікава было сачыць, як Юры сваім доўгім і тонкім пальцам прыцісне адзін бок носа, а ў другую дзірку ўложыць ампулку ды колькі разоў з вялікім смакам пацягне носам, нават аж зморшчыцца часам. Пасля палец прыцісне другі бок носа, а ампулка загляне ў другую адтуліну. Аперацыю тую паўтарае часта й некалькі разоў. На змену прыйдуць густыя пахучыя кроплі з малой пляшачкі, ужыванне якіх вымагае не менш складанай аперацыі. Юры дасягнуў верху мастацтва пры ўжыванні тых кропляў і ампулкі, а ўжо лішнім будзе прыгадваць, што ўкладаў у гэта ўсю сваю душу. У моманты, калі Юры прысвячаў увагу свайму правільна-роўнаму панскаму носу, здавалася, што нічога больш, акрамя яго, на свеце не існавала. Пры тым «прынц» лёгка вурчэў, наракаючы на капрызную ангельскую пагоду.
Падсушваючы пры печцы хлеб, Юры часта заводзіў зусім нядрэнным тэнарам індыйскі раманс:
When I’m calling you-u-u. Will you auswer to-o-o...*
V
Толькі адзін Шчуроўскі любіў пажартаваць над «прынцам». Шчуроўскаму й прозвішча надзвычайна пасавала да ягонага вонкавага выгляду. Шылаваты нос і падбародак, што нагадваў пацукову мордачку, ды цвёрдзенькая, заўсёды настаўбураная грыўка, што нейкім чынам нагадвала пацуковы вушы, вузка размешчаныя побач шылаватага носа вочы — усё гэта, здавалася, мела сувязь з прозвішчам языкатага хлапца.
* Калі я паклічу цябе, Ты адгукнешся мне... (англ.)
— Ну, «прынчэ», як там сягоння маецца твой панскі хрыбет? — прыйшоўшы аднойчы з дзённых заняткаў, звярнуўся да Радзівіла Шчуроўскі.— Вы ведаеце, хлопцы, сягоння «прынц» аліву ў «КрОмвелі» змяняў. Але ж і стагнаў, але ж і крактаў. Праходжу я гэта каля танка, гляджу — нечыя доўгія ногі, быццам тыя качэргі, з-пад гусеніцаў тырчаць. Стаю ды думаю — у каго ж гэта ў нас на курсе такія кавёлы даўжэзныя. Гадаю гэта я ды ажно чую, што нехта крэкча пад нізом, як тая баба пры родах. Гэй! — крычу,— Што гэта там вам, пане калега, сталася? Памагчы, можа? Ажно сунецца з-пад «Кромвеля» нейчы доўгі кодаўб, і тады я пазнаў, што гэта наш «прынчэ». Замурзаны ж, каб вы бачылі! I стукнула ж таму інструктару пану Юрыю такую брудную работачку даць! Ах, ах! Як жа, «прынчэ», чуешся?
«Бруднай работай», аб якой гаварыў Шчуроўскі, была змена алівы ў танкавым маторы. Каб выцадзіць старую аліву, трэба было знізу між гусеніцаў залезці пад матор, зняць цяжкую стальную плітку, пасля адкруціць шпунт ад аліўнага збарніка. Найцяжэйшым было гэтае адкручванне й закручванне, бо між танкавым нізам і зямлёй было вельмі няшмат прасторы. Трэба было лезці пад танк на плячах, a пры працы цяжка было разагнуць рукі. Работу тую, і не адзін раз, мусіў выканаць кожны вучань пад час вывучэння кансервацыі танкавых маторных механізмаў.
— Крыху баліць мне спіна,— гаварыў, лежачы на пасцелі й не звяртаючы ўвагі на зласлівы смех Шчуроўскага, «прынц». Той-сёй, прыслухоўваючыся, хіхікаў, але хіба не так з самога «прынца», як са Шчуроўскага, а найбольш з метаду ягонага насміхання. Тое, што «прынцу» давялося ў «Кромвелі» аліву змяніць, не было смешным. Раней ці пазней кожны з вучняў адбываў тую павіннасць.
Сымон Спарыш шмат скарыстаў з Радзівілавай дапамогі пры вывучэнні ангельскае мовы. Меркаваў, што ў будучыні гэтая мова прынясе больш карысці, чым вайсковыя веды. Як-ніяк вайна была скончаная, і хто мог з пэўнасцю сказаць, калі будзе прыдатны да ўжытку здабываны цяпер запас ваенных ведаў. Затое ж, пэўна, шмат дзе прыйдзецца карыстацца ангельскай мовай. Хлапец вельмі лёгка засвойваў новы матэрыял з дзённых заняткаў і амаль зусім не траціў часу на тое «зубрэнне», як шмат іншых пасля пятае гадзіны вечара, значыцца, пасля сканчэння жаўнерскага працоўнага дня. Вельмі сур’ёзна ўзяўся Сымон за навуку
новае мовы. Юры Радзівіл дасканала ведаў пяць асноўных еўрапейскіх моваў: нямецкую, французскую, гішпанскую, італьянскую й ангельскую, не гаворачы ўжо аб польскай, якой штодня карыстаўся, ці расейскай, якую, як казаў, навучыўся сам і ўжо не на школьнай лаўцы. Радзівіл ніколі не адмаўляўся дапамагчы ані Сымону, ані іншым, што хацелі скарыстаць з ягоных ведаў, нават тады, калі, здавалася, быў вельмі заняты сваімі справамі.
Ведаючы Сымона як адзінага беларуса на восьмым курсе й наогул у школе, «прынц» рэдка мінаў нагоду, каб тоесёе даведацца пра Беларусь. 3 пытанняў ягоных відаць было, што аб Беларусі меў ён вельмі сціплыя веды, хоць мо шмат багацейшыя, чым іншыя палякі ў сілу тых абставінаў, што род ягоны калісьці быў беларускім і маёмасць у бальшыні знаходзілася ў Беларусі. Сымон ахвотна і падрабязна тлумачыў усё, што цікавіла «прынца» аб ягонай Бацькаўшчыне, асабліва ж ейнай гісторыі. Аднойчы пры такой гутарцы Радзівіл зусім нечакана сказаў:
— Пане Спарыш, вы ж, пэўна, ведаеце, што я — таксама беларус.
— Так? — усміхнуўся з іроніяй Сымон.— He, не ведаў, пане Юры. Ці вы гэта гаворыце вось толькі сабе так, каб мне прыпадабацца, ці жартуеце?
— He, пане Спарыш, я зусім паважна.
Сымон доўга і ўважна прыгледзеўся вузкаму твару Радзівіла. У вачах у «прынца» свяцілася самая сапраўдная шчырасць.
— Ведаеце, пане Юры, не знаю проста, што вам на гэта адказаць. Ніколі не даводзілася мне чуць, каб хто з цяперашніх Радзівілаў лічыў сябе беларусам. Можа, вы, калі шчыра гаворыце, уважаеце сябе беларусам толькі таму, што маёнткі вашай сям’і знаходзяцца ў Беларусі.