Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
задаваленне, што не толькі наогул трапіў у школу, але паводле ацэнак апынуўся дзесь усярэдзіне.
Быў гэта чэрвень 1945 года. Мімаволі прыбягаў Сымону на думку чэрвень мінулага года ў Менску. Прыгадваліся афіцыяльна нераспачатыя заняткі школы камандзіраў БКА, маладыя, поўныя веры ў сябе й свой народ юнакі, што пазляталіся былі з усіх куткоў Бацькаўшчыны, каб у будучыні стацца авангардам беларускіх збройных сіл. Як хутка ўсё тое расплылося-развеялася, змянілася, шмат чаго спарахнела-спапялілася, іншае зламалася, а некаторае — самае мацнейшае й пасля вайны яшчэ больш трывалае й узмоцненае — раскіданае было сёння па ўсіх кутках Еўропы. Была калісь для ўсіх адна дарога, ясная й простая, быў кірунак, было кіраўніцтва. Сягоння, год пазней, стаялі на розных сцежках, у розных месцах кантынента, гукаліся й шукаліся міжсобку ў чужых джунглях. Адно хіба ў іх засталося супольнае — зніч непахіснай любові да Бацькаўшчыны.
Хоць параўнанні й прыгадванні мінулага наводзілі на Сымона вялікую журботу, закрадаліся сумлевамі ў душу, напаўнялі горыччу сэрца, не траціў надзеі, што неба хутка праясніцца. Адплылі ўжо ваенныя хмары, створыцца нейкі паваенны лад і парадак, і што хаця Бацькаўшчына апынулася, як казаў той Чэрчыль, за жалезнай заслонай, усё ж лягчэй будзе адшукаць сваіх родзічаў, неяк выкарабкацца з чужога лабірынту, а там ужо відаць будзе, як і што рабіць. Гэткага моманту праяснення й чакаў Сымон са сталай надзеяй на лепшую будучыню.
Дык на даным этапе, пакуль сваіх не было яшчэ відаць, пакуль не вызначана была дарога заходняга палітычнага свету, нават і такая маленькая, паводле слоў таго ж палячка, «удача» была крыніцаю духовай падтрымкі, апраўдання сваёй вартасці, жыццёвага дасведчання, поступу й трываласці.
Калі ўжо нават і сярод чужых, калі няма іншага выйсця, дык хаця ж каб не апошнім. Надта ж нядобра цягнуцца ў хвасце сярод сваіх, хоць гэта яшчэ паўбяды, але ж сярод чужых (ды яшчэ такіх, што вечна тыцкалі раней і вытыкаюць цяпер сваю вышэйшасць і лепшасць), дык гэта было б для Сымона прост-напраст духовай катастрофай, тым больш што на палякаў глядзеў часта з пагардай, а рэдка з пашанай.
Самагубства Рачыцкага й людзі восьмага курса
і
Не мінула і пары месяцаў ад пачатку заняткаў восьмага курса, лік вучняў зменшыўся на аднаго. Улан Рачыцкі пазбавіў сябе жыцця стрэлам у рот.
Рачыцкага памятаў Сымон з «Лэмі Кэмпу» каля Неапаля. Улан адразу кінуўся беларусу ў вочы таму, што хваліўся ўжо ў той час веданнем ангельскае мовы. Ясна, Сымон не мог ацаніць, як добра Рачыцкі ведаў мову. У гаворцы улана, як Сымон здагадваўся, было шмат «лаціны», г. зн. лаянкі. Спяваў па-ангельску адну ці другую песню, тое-сёе гаварыў да іншых сяброў, быццам каб пахваліцца веданнем мовы, і, самае галоўнае, мог нават у кавярні дагаварыцца з ангельскімі вайсковымі жанчынамі. Шмат хто яму ўжо тады гэтак моцна зайздросціў, бо як-ніяк ехалі ж у Ангельшчыну, й кожнаму веданне мовы прыдалося б.
Быў гэта шыракаскулы ў твары, чорны, сярэдняга росту, мускулісты й добра збужаваны мужчына гадоў звыш трыццаці. Паходзіў дзесьці з Заходняе Украіны, што была пад польскай акупацыяй, быў сынам асадніка, прайшоў савецкія канцлагеры, трапіўшы ў 1939 годзе да бальшавікоў у палон. Ваенны шлях ягоны цягнуўся ад Тобруку ў Афрыцы аж да Балоньі. Аб ваенных здольнасцях сведчылі два шэрагі берэтак вайсковых медалёў на левым баку грудзей мундзіра. Рачыцкі вельмі любіў спяваць і быў гаспадаром прыемнага баса. Звычайна, кончыўшы «Над Янцэ-Кянгам ззяе месяц», пачынаў «Сагару», а часта заводзіў, наўмысля выкрыўляючыся й сакавіта пераплятаючы «лацінай», «Я — стары араб».
Шырокі й злёгку пакалечаны воспай твар звычайна насіў пагодную ўсмешку, але яна часценька й надта ж раптоўна знікала, а на яе месца з’яўлялася задуманая й сумная маска, што магла сведчыць аб нутраных перажываннях. Пасля самагубства, калі сябры пачалі прыпамінаць розныя дэталі з ягонае размовы, выгляду й адносінаў да іншых, вырашылі, што Рачыцкі раней насіўся з думкай аб самагубстве, адно скрытнасць характару й зверхняя пагодлівасць добра маскавалі ягоныя намеры. Тыя, што найбліжэй яго зналі, цвердзілі, што нябожчык даўно страціў
быў усялякую веру ў лепшае, у тым ліку перадусім у хуткае вызваленне Польшчы, дый, магчыма, у занадта чорных колерах уяўляў будучыню на чужыне. Як бы там ні было, Рачыцкі павялічыў і так ужо немалы лік тых палякаў, што пасля Ялцінскай канферэнпыі, пазбаўленыя надзеі на лепшую будучыню свае краіны, собскімі рукамі вызначалі апошнія раздзелы свайго жыцця.
П
Прыступаючы да азнаямлення чытача з удзельнікамі восьмага курса школы, варта спыніцца найперш на вучню найбольш ведамым і паважаным сярод іншых — Юрыі Радзівіле. Але перш яшчэ льга прыгадаць тое-сёе аб самым доме Радзівілаў, бо апошнія сусветныя буры, разам з дэтранізацыяй старых паноў — магнатаў на зямлі беларускай, змылі з памяці людзей : мінулае найвызначнейшых арыстакратычных дамоў.
Род Радзівілаў карэннямі сягае ў далёкае мінулае Вялікага княства Літоўскага. Імёны Радзівілаў сустракаем сярод найвызначнейшых людзей княства — ваяводаў, біскупаў, дворных гетманаў і князёў. Стаяць яны побач Сапегаў, Астрогскіх, Хадкевічаў, Мірскіх, Алелькавічаў, Глінскіх. Радзівілам належалі вялікія абшары беларускае зямлі — пачынаючы ад Случчыны праз Нясвіж і Клецк, Лідчыну й Трокі — аж да Коўна. Амаль ва ўсіх вялікіх местах Радзівілы мелі свае палацы.
Калі ўслед за дынастыяй літоўскіх князёў (пазней жа польскіх каралёў Ягайлавічаў) беларускія магнаты кіруюць позірк на Варшаву й Рым ды пасля зусім пакідаюць свой народ і шпарка адчыняюць дзверы польскім уплывам на Б^ларусь і Жамойдзь, Радзівілы знаходзяцца ў іхніх шэрагах. Яшчэ ў 1709 годзе князь Януш Радзівіл з Багуславам намагаюцца пры дапамозе ў той час агрэсіўных шведаў аднавіць поўную незалежнасць Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы (Кароны). Палякі змаўляюцца з расейцамі і йдуць наперасек шведам і беларусам. Ідэя Радзівілаў не была зрэалізаваная. Другі пярэхрыст з княжага дому, званы Сіроткам, пры дапамозе інтрыганцкіх польскіх магнатаў і ордэна езуітаў, канчаткова перахіляе вагу будучага лёсу гэтага некалі слаўнага дому ў польскі бок. Януш Радзівіл за свае старанні аднавіць незалежнасць Вя-
лікага княства Літоўскага агрымоўвае ад Варшавы мянушку здрадніка, а род Радзівілаў цвёрда становіцца ў калоны іншых вялікіх і малых магнатаў-паноў, рэнегатаў беларускага народа.
Радзівіл Сіротка зачыняе ў Нясвіжы беларускую друкарню, што ў гэты час, калі на беларускіх землях моднымі былі розныя плыні заходнееўрапейскай рэлігійнай рэфармацыі, была адным з агменяў беларускага друку й культуры. Сіротка прывозіць у Нясвіж рыцараў польскага каталіцызму — езуітаў. Будуе для іх вялікую святыню й езуіцкую калегію, а для сябе распачынае будову магутнага замка. Нясвіж дзякуючы Радзівілу Сіротку становіцца, бадай, найгалоўнейшым асяродкам пашырэння ў Беларусі рыма-каталіцызму й паланізацыі нашай Бацькаўшчыны. Ад гэтага часу аж да акупацыі Беларусі Расеяй не зарастае пустазеллем дарога з Нясвіжа ў Кракаў і Варшаву. Польшча пры дапамозе сваіх паноў-інтрыганаў і езуітаў, пры пасярэдніцтве нясвіжскіх рэнегатаў, моцна сціскае абшарніцка-паланізацыйнае ярмо на шыі сялянскага беларускага народа.
У 1784 годзе гасцяваў у Нясвіжы польскі кароль Станіслаў Аўгуст, а ў 1929 годзе — будаўнік паверсальскай Польшчы маршал Пілсудскі. Апошні прыязджаў быццам дзеля наведання і ўшанавання магілы свайго слугі — ад’ютанта князя Станіслава Радзівіла. Фактычна ж між гэтымі візітамі не было істотнай розніцы: сведчылі яны аб тым, якую вялікую вагу надавалі пануючыя ў Варшаве асобы дому Радзівілаў. Уважалі яго супоняй таго абшарніцкага польскага каланізацыйнага ярма, якім пры дапамозе беларускіх магнатаў-здраднікаў запрэглі ў няволю беларускія сялянскія масы.
III
Вучань восьмага курса школы падхаронжых Юры Радзівіл меў у апісаным намі часе гадоў дваццаць пяць. Быў гэта вельмі высокі ростам, тонкі чарнявы дзяцюк. Густыя чорныя бровы параслі малымі стрэшкамі над доўгімі вейкамі. Цёмна-рудыя вочы сядзелі блізка простага й тонкага носа. На высакаватым лобе ледзь заўважныя былі раннія маршчыны. Невялікія прагаліны па кутах ужо разрэджаных валасоў, чэсаныя проста назад, былі вестунамі ранняга
лысення. Дзякуючы вялікаму росту Юры рабіў уражанне худога й тонкага. Вузкія, з доўгімі тонкімі пальцамі рукі лёгка, быццам наскі лыжаў, маглі загінацца ўверх. Нямала ўвагі прысвячаў Радзівіл сваім пазногцям, вострым і доўгім, заўсёды чыстым і дагледжаным. Тыя арыстакратычныя рукі, пэўна ж, шмат пацярпелі б, каб давялося ім падаіць з паўтузіна кароў ці падужацца пару дзён з віламі пры вывазе гною. Асмелімся цвердзіць, што Юрыю ні таго, ні другога не даводзілася рабіць, хоць не будзем запэўніваць, што ён наогул цяжка не працаваў ці фізічна не цярпеў.
У 1939 годзе дзякуючы нейкаму асабліваму збегу абставін балыпавіцкія «вызвольнікі» захапілі хлапца ў Нясвіжы. Юрыю собіла зусім непавярхоўна пазнаёміцца з маскоўскай Лубянкай. Як і тысячы іншых палякаў, скарыстаў з нагоды ў 1942 годзе, уступіўшы ў арганізаваную са згоды Сталіна на тэрыторыі Расеі польскую армію. Далейшы шлях праз Іран, Ірак і Палесціну прывёў у Егіпет і Лівію, пазней — у Італію ды Ангельшчыну. Хаця Юры браў удзел у ваенных акцыях на фронце, адылі, відаць, адвагай не грашыў, бо на грудзях віднелася адно пара берэтак ваенных адзнакаў і то якраз такіх, што даваліся ўсім жаўнерам Другога корпуса без увагі на тое, былі яны пад агнём ці не.
Як казалі на курсе (што цяжка было праверыць), бацькі ягоныя з адной дачкой знаходзіліся ў Монтэ-Карла, а старэйшы брат служыў у польскай авіяцыі. Юры здабыў сярэднюю асвету ў Швейцарыі, там жа студыяваў і эканоміку ва універсітэце. Гэты рослы дзяцюк быў вельмі сціплага характару й абмежаваных вымаганняў. Калі б нават і не насіў ведамага гістарычнага прозвішча, заслугоўваў бы, бадай, на тую самую пашану, якую меў сярод сяброў. Наскрозь і заўсёды вырозніваўся між іншых жаўнераў сваёй ветлівасцю, ласкавасцю й сціпласцю. У мове ягонай цалкам адсутнічала будзённая жаўнерская «лаціна». Можна было быць мізэрным па характары й асабістай маральнасці чалавекам, стаяць на найніжэйшай сацыяльнай прыступцы, але калі Радзівіл гаварыў з вамі, магло здавацца, што вы самі замяніліся ў сваю адваротнасць: з’яўляецеся чалавекам у вялікай меры вартасным, да якога якраз таму й адносяцца з такой вялікай пашанай. Лішнім гаварыць, што ад вас належылася б чалавеку ўзаемнасць.