Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Горкая нядоля шмат чаму нас навучыла, a — найважнейшае — тому, што народ наш вытрывалы й несмяротны, дарма што апынуўся ў найцяжэйшым і найбольш мулкім
ярме. Адсюль у нас вера, што перад ім ляжыць светлы прасцяг будучыні, а вера гэта — непахісная. Паколькі светласць будучыні той у вялікай меры залежыць ад таго, што мы за час жыцця свайго зробім ці чаго не зробім, то будзем старацца адно, каб Усемагутны прыспорыў нам сілаў да працы, здароўя, адвагі й вытрываласці. А з усім гэтым не будуць страшыць нас на шляху ніякія перашкоды, й ніякай людской сіле не ўдасца ўжо спыніць наш рух да народнага вызвалення й дабрабыту.
Імглістыя берагі
і
Ззяе ўдзень блакітнае Міжземнае мора, пазалочанае сонечнымі праменнямі. Яно — звычайна спакойнае. Адно лёганькі ветрык-гарэза гойдаецца на грыўках хваляў. Сонца ўглядаецца ў шурпатае люстэрка мільёнамі кавалкаў золата. Кінь зрокам навокал мараплава й заўважыш не адзін статак дэльфінаў. Гэтыя гулякі пырскаюцца вадою, быццам тыя гладка-падкормленыя парсюкі, выскакваюць над вадою, гоцкаюцца. У іхняй ляніва-павольнай гульні прасочыш заадно бестурботнасць і самаўпэўненасць прыроды, уцеху ўсяго жывога — здаецца, каб наўмысля пажартаваць з вечна заклапочанага чалавека. Маеш уражанне, што няма ў іх клопатаў аб харчах ці розных сямейных справах. Мо яны належаць да марскіх гультаёў, а мо пажыва сама прыходзіць ім у адкрыты рот?
Калі сонца патоне ў блакіце хваль на захадзе, вада апранаецца ў цёмна-папялясты колер. Тады яшчэ выразней чуваць, як мараплаў рэжа спакойныя вадзяныя грудзі і як шырокая канава ззаду зліваецца голасным плёскатам у гладкую плошчу, пакрытую белаватаю пенай.
Перад Сымонам Спарышом, што любіць замыкацца ў свой собскі свет і які цяпер зноў, абапёршыся на апору на задняй палубе, углядаецца ў дэльфінаў і тую канаву ззаду мараплава, адчыніўся новы свет невядома куды скіраванай дарогі. Ад аднаго чужога берага да другога, ад Неапаля — да Ліверпуля. Так даўно, здаецца, дарога тая пачалася, так шмат прыйшлося рабіць крывуляў, ламаць перашкодаў, блудзіць. Калі б гэты мараплаў вёз яго на вольную Бацькаўшчыну...
Але ці ж ён адзін? На Апенінскім паўабтоку пакінуў пяць месяцаў маладога жыцця, адрэзак змагання за чужую славу й інтарэсы. Засталіся там блізкія сябры. А колькі ж было такіх, што, выкінутыя з Бацькаўшчыны, цераз сібірскую тайгу й казахстанскія стэпы ды афрыканскую спякоту прыйшлі на сонечны бераг і там засталіся спачываць навекі...
Спарыш асягнуў ранейшае, ім жа пастаўленае «абы перажыць і выжыць». Дый дарога тая некалі ж паверне на Беларусь.
II
Мараплаў «Самарыя», што ў ліку іншых прыбліжаўся да Ліверпуля, познай травенскай раніцою шукаў дарогі, плыў быццам вобмацкам, часта дрыжэў густым сігналам. Памалу абмацаўшы сцежку, уехаў у шырокую паласу між «боямі» (навігацыйнымі знакамі). Гэта былі малыя спічастыя плаўкі-вежы, што трымаліся на якарах і жаласнаманатонна, быццам тыя авечкі ці козы ў гарах, пабрыньквалі невялічкімі званкамі. Боі-плаўкі вызначалі трасу да порта, былі бар’ерам між глыбейшым і мялізнаю. Мокра-густая імгла тоўстаю павалокаю засланяла ўсё навокал. Дзесьці ўверсе, на ўсходзе крышку паяснела. Там мусіла падняцца ўжо вясенняе сонца, што прамянямі, быццам дзідамі, старалася пранізаць тоўстую й шэрую мглістую сярмягу. А сярмяга тая рухалася і, здавалася, то радзейшымі, то гусцейшымі слаямі пасоўвалася на ўсход.
Як пчолы перад выраем увесну суцэльнаю масаю пакрываюць вулей, так усё, што жывое было ў мараплаве, карабкалася з ягоных нетраў на палубы, дзе ледзь можна было праціснуцца. Зялёны натоўп зрокам упіваўся ў сівую мокрую сярмягу, стараўся ўгледзець абрысы адным блізкага, а мо й роднага, іншым — чужога порта. Чырвонарудыя, загарэлыя пад паўдзённым сонцам твары не гарманізаваліся з капрызным імглістым надвор’ем. Кнігаўкі ватагамі кружылі навокал, напаўняючы паветра журботнымі, аднатоннымі крыкамі. Здавалася, што й крыллямі ляніліся махаць, адно якраз колькі было патрэбна, каб у лёце ўтрымацца.
Неба пачало праясняцца, й навокал вырасталі першыя партовыя ды гарадскія аб’екты. Былі гэта цёмныя сілуэты высокіх партовых элеватараў, доўгіх складоў пры прыстанях, далей жа — будынкі самога горада. Шмат мінула часу, пакуль адзінаццаць пасажырскіх мараплаваў, у тым ліку й «Самарыя», знайшлі адпаведныя месцы ля прыстаняў і пазакідалі якары. Ваенныя караблі, што праводзілі іх праз Атлантычны акіян, раней яшчэ павярнулі назад, у ваенныя парты.
Выладоўванне дзесяткаў тысяч жаўнераў ды іхняга багажу трывала цэлы дзень. Жаўнеры пераходзілі на чыгуначную станцыю, званую «Рывэрсайд стэйшн», што знаходзілася тут жа пад носам, ды раз’язджаліся ва ўсе кірункі Ангельшчыны.
Сымон Спарыш, таксама як і іншыя кандыдаты ў школу падхаронжых, уважна сачыў за ўсім, што адбывалася навокал. Перадусім цікавілі яго людзі. У кожным сустрэчным цывільным стараўся ўгледзець не толькі твар і характар гэтага новага для яго народа, але, здавалася, і сваю будучыню на іхняй зямлі. Тое, што бачыў, не падабалася. Людзі выглядалі страшэнна бледнымі, худымі, халоднымі й шэрымі, да гэтай імглы падобнымі. Здавалася, што калі яны сустракаюцца з роднымі й блізкімі, якіх даўно не бачылі ды якія вяртаюцца ўцалелымі й здаровымі з вайны, уся істота іхняя мусіць быць перапоўненая непамерным шчасцем. Радасць мусіла б пералівацца цераз берагі, проста не мець межаў. А тут яно ўсё неяк не так, як мусіла б быць — здавалася Сымону. Праўда, відаць на тых бледных і загарэлых тварах сляды радасці й чуваць галасы ўцехі, відаць цалункі жонак з мужамі, матак з сынамі. Але ўсё гэта надта ж стрыманае, нейкае над меру асцярожнае, сказаў бы хтосьці, аж залішне абмежаванае. Ці ж гэтак вітаюцца беларусы, калі радня вяртаецца з далёкае ды яшчэ ваеннае дарогі?
Цікавы гэта, мусіць, народ, думаў Сымон. Ці ж не ўмеюць яны па-людску весяліцца, радасці свае выказаць? А мо гэта так адно публічна? Усё ж завялікая стрыманасць. Як бы ж гэта я цешыўся, калі б дапамог мне Бог, скажам, вярнуцца ў свой Менск ці родную вёску... Я з радасці хадуром на галаве хадзіў бы, можа, падскочыўшы з уцехі ў бацькоўскай хаце, столь галавой прабіў бы... Божа ж ты мой, Божа! Няўжо ж не будзе канца гэтай вандроўцы? Якімі ж гэта сцежкамі яшчэ прыйдзецца валачыцца й якія ліхалецці перажыць, пакуль зноў, як калісьці, штодня ідучы ў гімназію, буду мець магчымасць пакланіцца Вастрабрамскай Божай Маці ці раўнамерным крокам мерыць менскі тратуар?..
ПІ
Вялікі вайсковы абоз Кэтэрык Кэмп, што знаходзіўся ў Ёркшыры ў адлегласці кіламетраў чатырох ад мястэчка Рычманд, не належаў да тых, што пад час другой вайны будаваліся брытанцамі на скорую руку. Быў ён цэнтрам панцырнага шкалення брытанскае арміі. Невялікая часць прыдзелена была для ўжытку польскага першага корпуса генерала Мачка й з’яўлялася цэнтрам панцырнага вышка-
лення польскіх аддзелаў у Ангельшчыне. Абоз быў прыгожа распланаваны, з добра дагледжанымі баракамі, складамі, майстэрнямі. Акрамя такіх аб’ектаў штодзённага ўжытку, як лазні, кухні, сталовыя, кавярні, меў сваё кіно й большы будынак, які можна было назваць тэатрам. Там адбываліся розныя выступы-вар’етэ прыезджых артыстычных трупаў. Сетка цэментовых дарог і сцежак была асабліва важнай тут, дзе дажджы падалі часцей, чым свяціла сонца. Плошча, занятая будынкамі, сягала, пэўна, гектараў трыста. Навокал раскінуліся сотні гектараў няўжыткаў, якімі Вялікая Брытанія даволі ведамая. Там былі стрэльбішчы ддя вайсковых практыкаванняў і поле для аўтамабільнай і панцырнай язды.
У той час, калі нашы кандыдаты з’явіліся ў Кэтэрык Кэмпе, было там не больш трох сотняў палякаў з розных аддзелаў першага корпуса. Вучыліся яны рамяству танкістаў, прычым канчалі звычайна адзін з чатырох курсаў: танкавага стралецтва, шафёрства танкаў, курс радыёвы (бадай, найцяжэйшы, бо ў праграму навукі ўваходзіла не толькі праца з радыёперадатчыкам, але й вывучэнне ўстаноўленай сістэмы шыфраў) ды, нарэшце, курс камандзіраў танкаў, звычайна прызначаны для падафіцэраў. Аб’ектам вывучэння быў навейшы ангельскі танк «Кромвэл», хаця знаёміліся з «Чэрчылямі» й іншымі ангельскімі й амерыканскімі танкамі.
Польская школа падхаронжых панцырнай зброі, што тут знаходзілася, праводзіла навуку канвеерным метадам — зусім так, як рабілі гэта ангельцы.
Кожныя два месяцы пачынаўся новы курс. У ліку яго было дваццаць чатыры чалавекі, якія для штодзённых заняткаў дзяліліся на тры роўныя лікам групы. Адна група, прыкладам, у даны перыяд праходзіла курс радыёвы, іншая — стралецкі, трэцяя — шафёрства. Кожны курс трываў чатыры тыдні. 3 прычыны кароткага часу матэрыялу давалася вучням вельмі шмат. Акрамя ўспомненых трох курсаў усе вучні школы праходзілі яшчэ курс шафёрства транспартных аўтамашынаў. Вучыліся ездзіць, як прынята ў Ангельшчыне, па левым баку дарогі. Практыкаваліся на паўтаратонных «Бэдфордах» і «Фордсанах». Пасля ішоў курс камандзіраў танкаў і кіравання звязамі. Тапаграфія й хуткая арыентацыя па мапах была прадметам найбольш інтэнсіўнага вывучэння. Ужо напрыканцы вывучаўся агульны курс тактыкі, арганізацыі арміі, стратэгіі й звязаных
з гэтым пытанняў, што трэба было ведаць будучым танкавым афіцэрам.
Перыяд навукі ў школе трываў роўна восем месяцаў. Скончыўшы яго, курсанты былі поўнасцю падкутымі танкістамі, што маглі не толькі справіцца з заданнем любога з пяці чалавек экіпажа танка, але й кіраваць меншымі танкавымі аддзеламі ды наогул мелі добрыя асновы для вайсковай кар’еры.
Парогам, які кожны кандыдат мусіў пераступіць, каб трапіць у школу, быў псіха-тэхнічны экзамен. Паводле яго вынікаў кіраўнікі школы арыентаваліся, ці даны кандыдат надаваўся наогул у панцырную зброю, ды асабліва на афіцэра. У склад экзамену ўваходзілі розныя штучкі, некаторыя, здавалася б, зусім простыя, разлічаныя на пазнанне хуткасці арыентацыі кандыдата. Калі пры выкананні адных заданняў найболып важнай была хуткасць у часе, то іншыя, цяжэйшыя, мелі на мэце выяўленне засягу агульнай і тэхнічнай адукаванасці. Мы не пачнём нудзіць чытача апісаннем кожнага з іх, бо не ў гэтым ляжыць асноўная мэта нашага апавядання. Успомнім яшчэ, што быў і пісьмовы экзамен, які меў даць кіраўнікам школы агульны вобраз як характару, так і інтэлектуальнага ўзроўню кандыдата. Адказы на цэлы сцяг пытанняў, што ацэньваліся пунктамі*, давалі трапную ацэнку кандыдата з усіх бакоў.