• Газеты, часопісы і г.д.
  • Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

    Змагарныя дарогі

    Кастусь Акула

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 572с.
    Мінск 1994
    158.06 МБ
    — He, зусім не таму.
    — А чаму?
    — Таму, што наш род даўней быў беларускім, ці, як тады называлі, літоўскім.
    — Ваша беларускасць — гэта вельмі ж акадэмічнае пытанне. Хаця нельга адмовіць вам пэўнага права на беларускасць, цяжка сягоння было б пераканаць людзей у тым, што вы ці ваша сям’я — беларусы.
    — Чаму ж так?
    — Вы ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гісторыю Літвы ды асабліва перыяд шведскіх войнаў. Можаце прыгадаць,
    што Януш Радзівіл пры дапамозе шведаў хацеў аднавіць незалежнасць ад Кароны Вялікага княства Літоўскага, значыцца, Беларусі. I вы, пэўна ж, прыгадваеце, як за тую спробу князя Радзівіла Януша збэсціў у сваёй трылогіі Генрык Сянкевіч. Дарэчы, Радзівіла Януша гісторыкі й лічаць апошнім беларусам з роду Радзівілаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што ж у вас беларускага? Вы нават мовы беларускай не ведаеце, аб іншым ужо не гаворачы...
    На такі Сыманаў аргумент «прынц» нічога не адказаў, хаця ў будучыні шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колішняй здраджанай Бацькаўшчыне.
    VI
    Адвард Дэмарчык паходзіў дзесьці з Пазнаншчыны. 3 выгляду належаў да тых людзей, якія здалёк кідаюцца вам у вочы і пабачыўшы якіх, будзеце помніць цэлае жыццё. Глыбока сядзелі пад густымі бровамі малыя блакітныя вочкі й яўна выставаў навіслы ўперад вузкі высокі лоб, зверху закончаны лесам густых і хвалістых светлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энергічны. Усё рабіў планава й сістэматычна, нікому не ўступаў з дарогі за найменшую дробязь. Аддаваў належную даніну навуцы, быў старанны пры вывучэнні лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты.
    Дэмарчык пасябраваў з Сымонам не толькі таму, што той таксама цікавіўся ангельскаю мовай.
    — Ты ведаеш, Сымон,— гаварыў да яго аднойчы,— падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англічане, horse sense*. Дый не толькі за гэта. Ты маеш арыгінальнасць характару. Ведаеш, што ты ёсць, чаго хочаш і чаго ад жыцця вымагаць. Сёння людзей такіх няшмат.
    — Няўжо ж праўда? — усміхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асабліва не мог зносіць такой хвальбы ў вочы.
    — Ты не смейся. Шчыра гавару. Тое, што ты — беларус, зусім не робіць цябе горшым ад іншых. Наадварот: ты ў неспрыяльных абставінах, там, дзе шмат хто скрыўся б са сваёй нацыянальнасцю,— бо ты ж ведаеш, што мы,
    палякі, кульгаем на талеранцыйнасць,— ты, значыцца, у такіх абставінах не цураешся нацыянальнасці й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца не толькі нацыянальная, але перадусім асабістая вартасць чалавека.
    — Ну, браце, а што ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца?
    — Вось то-та. У тым-то й справа, што сягоння гэта модна. Мне ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасці гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такі суб’ект, страціўшы пашану да свае вартасці, не будзе шанаваць і віколі не зможа добра ацаніць іншых.
    — Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова.
    — Як жа б ты не згадзіўся, калі жывеш паводле гэтага прынцыпу.
    — Ты ўсё-ткі тое-сёе адносна мяне падмеціў.
    — Ды не толькі адносна цябе. Вывучэнне людзей, перадусім іхніх характараў, ды найбольш слабасцяў характараў, з’яўляецца маім hobby*.
    — А навошта ж табе гэта? Вось так сабе толькі дзеля «гобі»?
    — Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалі прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькі не цяпер.
    Калі прыйшла тая нагода, аб якой успамінаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасля, калі хлапцы больш пасябравалі й зблізіліся, пазнаняк выявіў Сымону, што ў будучыні мае намер улезці (так і казаў — «улезці») у ангельскую разведку — «Інтэліджэнс Сэрвіс».
    — Гэта, братка,— гаварыў, разгарачыўшыся й сціснуўшы кулак, Дэмарчык,— дасць мне шанс адпомсціць шмат якім сукіным сынам за крыўды, што зрабілі нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць іншых шляхоў змагання. Я, братка, доўга думаў і прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзіны й найлепшы шлях.
    — Ого-го! — здзівіўся Сымон.— Дык ты маеш нявузкія планы.
    — 1 даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць мне сведкамі, што да свае намечанае мэты дабяруся.
    * Улюбёны занятак (англ.).
    — Якая ж гэта мэта? Хіба ж «Інтэліджэнс Сэрвіс» будзе толькі сродкам?
    — Слушна. «Інтэліджэнс Сэрвіс» лічу толькі сродкам. А мэта мая — выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць і ўпівацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсмяротнымі мукамі ворагаў нашага народа. Буду калечыць, забіваць, і ніколі ва ўзбуджэнні не здрыгане маё павека. Буду з мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсмяротных цярпеннях цела людское гадзюкі...
    Сымон уважна сачыў сціснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, ззяючыя агнём нянавісці маленькія вочкі, дрыжачую ад узбуджэння адвіслую ніжнюю губу.
    — А беларусаў ты таксама залічаеш у лік тых шчасліўцаў, якіх душыць маеш намер? — іранічна спытаў Сымон.
    — Я чуў, што беларусы — добрыя людзі. Але ясна, калі б яны апынуліся ў ліку нашых ворагаў, то...
    — Ну, ведаеш што,— пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы,— хвалю цябе за шчырасць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякі накідвалі нам сваё ярмо, а ніколі наадварот...
    — Дык у чым жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасліва разам.
    — Табе гэта надта ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэнне «нейкае княства». Што за «нейкае» й чаму ж «княства»? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасці, панскасці, а не толькі няпрошанага панібрацтва. Нотка гэта даволі добра далася нам ужо ў знакі.
    — Але ж ты, брат, і прычэпліваешся да словаў. Зусім не тое хацеў я сказаць.
    — Мо й не тое, але, як у нас у Беларусі кажуць, вылезла з мяшка шыла.
    — Ну, браце каханы, але ж ты й крыўдны характар маеш.
    — Скажы мне,— спытаў Сымон,— які народ ты найбольш ненавідзіш?
    — Немцаў.
    — А пасля?
    — Расейцаў. А ты?
    — Насамперш маскалёў.
    — А яшчэ каго?
    Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасцярог хістанне.
    —■ Скажы, скажы, што ненавідзіш палякаў! — спанукаў Сымона.
    — Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жмені паказаў? — узлаваўся Спарыш.
    — Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.
    Дэмарчык чуўся ніякавата й адвярнуў зрок у другі бок.
    — Калі я й ненавідзеў, то ці маю аб гэтым гаварыць? Нават і табе, здаецца, блізкаму сябру. Ёсць жа пэўная рацыянальнасць і такт, які трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але ж гэта — адно дагадкі. Зусім іншае, калі б ты пачуў тое з маіх вуснаў.
    — Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваім сэрцы адну з балючых ран.
    — Разуменне — то адно, а дамаганне цераз меру лішняга — гэта зусім другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былі з табой сябрамі, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык ніколі не пытайся, ці ненавіджу палякаў.
    — Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў «гэтак нам цяпер выгадней»? Ці ты прадугледжваеш, што ў будучыні будзем ворагамі?
    — Магчыма. Хто ж яго ведае...
    — Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык і хвалю цябе за шчырасць.
    — He перасольвай ужо. На меншае я здабыцца не мог, так як і ты. Бо ж ведай ты, знаток людскіх характараў і студэнт слабасцяў, што не магу быць фальшывым, асабліва перад самім сабой.
    — Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзіць разам на дзяўчат, а розную палітыку пакінем на той час, калі прыйдзе момант.
    — Без сумлеву.
    VII
    Хадзіць «на дзяўчат», як выражаўся Дэмарчык, давялося з ім Сымону шмат разоў. Пазнанскі хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным — вывучэнне ангельскае мовы з гуляннем.
    — Ну што ты, братка, ўявіш сабе лепшае? — пачынаў
    разважаць будучы кандыдат у «Інтэліджэнс Сэрвіс».— Пойдзеш сабе на танцы ці на спатканне, разам дзяўчыну прытуліш і пацалункаў нап’ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Нават і не шукай лепшых настаўнікаў мовы, чымся ангельскія красуні, бо не знойдзеш. На жаўнерскі мундзір яны таксама гоняцца, як тыя мухі на гной. Тут толькі выпадае паставіць кропку над «і», скарыстаць з нагоды.
    — Можа, й маеш слушнасць.
    — Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай жа тады. Толькі дазволь пану Дэмарчыку пакіраваць у бліжэйшай будучыні некаторымі тваймі сцежкамі, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханнем насыцішся, й мовы навучышся.
    — А ты ўжо ў гэтым такі вялікі спецыяліст?
    — Яшчэ які! Хочаш пераканацца?
    — Чаму ж не. Што ж мне перашкаджае.
    — Ты, братка, глядзі на гэта з пункту карысці.
    — Дык што ж маю рабіць?
    — Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.
    — Дзе ж тая забава?
    — Усюды колькі хочаш. Нават тут у абозе кожнае серады й пятніцы ў вялікай залі кавярні адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд ці нават у Дарлінгтон ездзіць — там баб, як смецця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?
    — Некалі пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.
    — He журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькі пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...	.
    — Пабачым...
    Раз неяк надвечар Дэмарчык схапіў Сымона за руку: — Хадзем.
    — Куды?
    — Танцаваць вучыцца.
    — Куды?
    — А вось хадзі й не пытайся.
    Дэмарчык накіраваўся ў кірунку прыбіральні.
    — Дык што ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж не маю патрэбы.
    — He ў уборную, а ў умывальню. Там ёсць шмат месца,
    дзе разгуляцца можна. А дзе ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядаліся й кпілі?
    Умывальны барак быў прасторны. Між двух радоў, дзе над карытамі знаходзіліся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.
    — Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?
    — А дзе ж той музычны інструмент, пад які танцаваць будзем?
    — А вось! Бачыў? — Дэмарчык выставіў даўгі, зложаны ў трубку язык і зарагатаў.
    -— Ха-ха-ха! — памог Сымон.— А добра ж ён іграе хаця?
    ■— Слухай: До-рэ-мі-фа-соль-ля-сі-до-оо. До-сі-лясоль... Ну як?
    — Будзе all right*.
    — To цяпер давай крокі. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такія, як факстрот, які англічане тут завуць «квік стэп», танго, нават і «джайв», палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногі разам — глядзі, о так! Тады зачынаецца з левай наперад, пасля ідзе правая наперад, ізноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на змену. Глядзі ўважна: так — левая, правая, левая, змена, раз, два, змена — і так цэлы час. Пры гэтым можаш рабіць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокі ведаў, гэты альфабэт усіх танцаў. Разумееш?