Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
Непадалёк, у цемры, ледзь відаць было колькі баракаў, a дзесьці воддаль на ўзгорку хліпаў млявы агеньчык. Машыны завярнуліся й ад’ехалі на станцыю. Вучні восьмага курса даведаліся,што да мэты, гэта значыць да баракаў, дзе маюць памясціцца, трэба ісці яшчэ з паўкіламетра. Хаця-нехаця прыехаўшыя боцькаліся па нейкай глінястай дарожнай калатушцы, пры сільным ветраным дажджы з цяжкасцю лавілі ў грудзі паветра ды, таўкучыся, быццам той статак авечак, памалу пасоўваліся наперад.
Праклёнам не было канца. Пачыналі ад самага «начэльнага водза», а канчалі на школьным старшыні, што дзесь застаўся ззаду. Вінавацілі ўсіх і за ўсё, перадусім жа за недахоп спраўнай арганізацыі. Нямала сакавіценькіх праклёнаў ішло й на адрас ангельцаў, перадусім вайсковых уладаў, што так непашанотна адносіліся да «герояў» з Галандыі й Італіі. Тут найбольшы спец ад лаяння Вардлоўскі выявіў шчыты свайго майстэрства. Запас у яго быў невычарпальны. Вурчаў, быццам той маленькі, але надта ж звяглівы сабачка, і з асаблівай, як здавалася, асалодай ужываў літару «р». Лаянне яшчэ павялічылася, калі група дасталася ў прызначаны барак. Прычынаю была адсутнасць матрацаў на пасцелях. Давялося чакаць пару гадзін, пакуль нарэшце нехта неяк зарганізаваў транспарт і прывёз іх з абознага склада.
Дзень пераносінаў доўга помнілі вучні восьмага курса, a нехта нават не жартам спасцярог, што гэта быў класічны
прыклад таго, як не павінна рабіцца ў войску. Бо не трэба ж забывацца, што ад выезду з Кэтэрык Кэмпа, значыцца, ад рання, нікому за цэлы дзень не давялося спажыць гарачай стравы. На новым жа месцы, калі нехта знайшоў кухню, то з таго невялікая была пацеха, бо нічога падрыхтаванага з еміны не было. Гэтак з лаянкай, галодныя, перамерзлыя, сяк-так, як хто мог, прыладзіўшы пасцелі, палягалі спаць.
Назаўтра раніцою разгледзеліся, куды папалі. Невялікі абоз, у якім было не больш трох дзесяткаў баракаў, ляжаў на ўзгорку паблізу надморскіх выдмаў. Выдмы гэтыя, аброслыя нейкім доўгім і тонкім рыжым пустазеллем, малымі буграмі падымаліся аж да адлеглага на пару кіламетраў на ўсход Паўночнага мора. Вузкая, брукаваная пасярэдзіне й высыпаная жвірам дарога спалучала абоз з паложаным ад яго проста на поўнач малым мястэчкам Фразэрбург. Мясцовасць была ў Шатландыі ў адлегласці каля 50 міляў на поўнач ад Абэрдына.
Новапрыехаўшыя былі надта ж незадаволеныя. Навокал, акрамя малога Фразэрбурга й невялічкай рыбацкай вёскі над морам, не было ніякіх большых селішчаў. Праўда, выбар не залежаў ад жаўнераў. Чаго добрага, калі б дазволілі ім выбіраць, то мо некаторыя пажадалі б памясціцца ў якім першакласным лонданскім гатэлі. Давялося пагадзіцца й прывыкаць да нявыгаднага месца. Нават пакрысе пачалі забывацца аб тым капрызным дні, што дажджом і золлю так уеўся кожнаму ў косці.
ПІ
На Каляды й Новы год усе, што жадалі, маглі атрымаць дзесяцідзённы водпуск. Тыя, што не хацелі, маглі заставацца амаль беспрацоўнымі пры бараках, бо нармальных школьных заняткаў не было. Бальшыня скарыстала з нагоды і, атрымаўшы бясплатныя чыгуначныя білеты, па якіх можна было ехаць хаця б на другі канец Ангельшчыны, расплылася па абтоку. На вялікі жаль, нікому не дазвалялі ехаць на кантынент, і дзеля таго наш асноўны герой быў крыху расчараваны, што нельга наведаць сваіх сваякоў у Нямеччыне, аб якіх ужо паспеў прыпадкам даведацца.
— Ну як, Сымон, куды едзеш? — пытаўся Спарыша Дэмарчык.
— Хто ж яго ведае, фактычна няма куды.
— Давай, братка, са мной. Я табе пакажу цяпер свет.
— Можа, да тваёй Бэты?
— Вось, братка, ты і ўгадаў. Ды не толькі да Бэты, але перш і да Мэры заскочымся.
— Гэта дзе, значыцца?
— У Шэфілдзе.
— Дык нам толькі таго й адпачынку, што ездзіць цэлы час будзем.
— Эх, братка, каб ты ведаў, што гэта за дзяўчаткі, дык ты б з нецярплівасці не мог уседзець, каб іх хутчэй пабачыць.
— Дык я ж і бачу, што ты з нецярплівасці ледзь-ледзь дачакацца таго ад’езду можаш.
— Братка, ты — мудры Саламон. Угадаў ты, як усё роўна пальцам у неба трапіў,— смяяўся Дэмарчык.
Мэры, дачка нейкага работніка, жыла ў Шэфілдзе, a Бэты,ваенная ўдава, якую Дэмарчык пазнаў, яшчэ будучы ў Кэтэрык Кэмпе, на вечарыне ў Дарлінгтоне, жыла ў надморскім месцы Сандэрланд, што ляжала блізу Нюкасла.
Прыехаўшы позна вечарам, якраз на Куццю, у Шэфілд, Дэмарчык, затэлефанаваўшы да Мэры, даведаўся, што яе няма дома. Была дзесьці ў сяброў. Гэткая вестка надта ж узлавала Дэмарчыка, што любіў хваліцца дзявочаю адданасцю да яго. Было зусім нялоўка глядзець з гэтай прычыны сябру ў вочы.
— I ты падумай, калега, што за свінства. Хіба гэтак могуць толькі ангелькі рабіць, I пісаў жа, што прыеду.
— А можа, яна ўжо другога «бойфрэнда» мае? — усміхнуўся Сымон.
— Тут, відаць, бабка надвое варажыла. Хутчэй за ўсё што так, бо не падлажыла б яна мне такой свінкі без прычыны.
— Дык што ж будзем рабіць?
— Пераначуем тут ды, можа, яшчэ прабацяляемся пару дзён, а тады паедзем у Сандэрланд.
— А што, калі й твая Бэты такая самая, як гэта цнотка?
— О не, што то — то не! Ты, братка, не ведаеш яе. Гэта не жанчына — гэта анёлак.
— Таго я й баюся, што анёлкі часта крыллі ўжываюць.
— Фраер ты, чаго табе галава баліць. Бэты ад мяне не ўцячэ. Занадта моцна мяне кахае, каб іншага шукала.
— Як кахае? Лістоўна?
— Але ж ты, братка, і цынік. Няхай цябе кадук.
Прабыўшы тры дні ў Шэфілдзе, дзе начавалі й елі ў вайсковым гатэлі ды бадзяліся па горадзе або сядзелі ў кіно, а раз нават і на танцы заглянулі, накіраваліся хлопцы ў Сандэрланд. Бэты сустрэла жаўнераў надзвычайна ветліва. Гэта была ў ранніх трыццатых гадах, дробненькая, чарнявая ў твары й даволі прыгожая жанчына. Яна была вельмі рухавая й надзвычайна ветлівая. Дэмарчык, з навыкамі чалавека, што ў гасцях чуецца як дома, разваліўшыся ў мяккім крэсле ў салоне й прыхіліўшыся да пляча гаспадыні, часта заглядаючы ёй у вочы, апавядаў аб сваіх жаўнерскіх прыгодах, часта ўсміхаючыся да Сымона. Сябра таксама ўсміхаўся, а прычынаю гэтага былі розныя Дэмарчыкавы небыліцы. Толькі цяпер Сымон заўважыў, што ягоны сябра меў немалую практыку ў заляцанні да жанчын. Нават у ангельскай мове, якой яшчэ не зусім добра валодаў, розныя жарты й дасціпнасці густа сыпаліся з Дэмарчыкавага языка. Бэты была ўдавой ангельскага афіцэра, што загінуў у часе вайны ў Афрыцы, і, згодна апавяданняў Дэмарчыка аб ёй, мела нядрэнны характар ды надзвычайна любіла таварыства.
Сымону таксама прыдбалі кампанію. Бэты запрасіла сваю сяброўку, зусім не апошнюю з выгляду, даўганосую, з надта рэгулярнымі рысамі твару й добра збудаваную, нейкую разводку Нэлі. У Сымона не было ані таго майстэрства ў гутарцы з жанчынамі, ані такога запасу ангельскае мовы, як у Дэмарчыка. Каб не паказацца надта ж нудным, Спарыш стараўся як мог прымаць удзел у агульнай гутарцы. Языку крышку палягчэла, калі на стале з’явілася віскі, a пасля піва.
Малы пяціпакаёвы домік гаспадыня атрымала ў спадчыну па нябожчыку мужу. На нізе знаходзіўся добра ўмэбляваны мяккімі канапамі салон з характэрным малым ангельскім камінком у сцяне, наступным быў сталовы пакой і ззаду кухня. Наверсе былі спальні. Даўно Сымон не быў у жыллёвым памяшканні, гадамі ўжо валочачыся па Еўропе й пражываючы то пад голым небам, то ў палатках, то ў жаўнерскіх бараках. Гэткі хатні спакой, утульнасць, цішыня, прыемная цеплыня электрычнага квадратнага грэйніка ў камінку ды сяброўства хоць яшчэ й слаба знаёмых, але ўсё ж даволі прывабных жанчын — усё зрабіла на хлапца мілае ўражанне. Прыпомніў, што ёсць на свеце, акрамя нядолі, і нейкая раўнамернасць, рэгулярнасць, рацыянальнасць,
задаваленне ў жыцці. Сведкаю таму няхай хаця б і гэты лёгкі смех Бэты і Нэлі з розных апавяданых Дэмарчыкам драбніц або іхняе бесклапотнае шчабятанне. Як жа выгаднай і прыемна-мяккай была таксама тая шырокая гасцінная падвойная пасцеля, у якой давялося хлапцам побач праспаць пару начэй. Жаўнерскія плечы даўно ўжо ўспелі адвыкнуць ад мяккага пуху пярыны.
Навагодні вечар правялі на танцах у найбольшай у горадзе танцавальнай залі «Рыц». Гэта была велізарная цыркулярная зала, пасярэдзіне якой на круглым подыуме гралі на змену два аркестры. Навокал слізкага танцавальнага паркету былі жалезныя балюстрады з лавачкамі, а за праходам — прыбіральні. Зала магла памясціць вельмі свабодна больш двухсот пар танцораў. На Сільвестраў вечар, хаця танцы распачаліся а гадзіне дзевятай, чарга па білеты ў касе скончылася дзесь мо за паўгадзіны перад поўначчу. Былі гэта ў бальшыні маладыя дзяўчаты. У сярэднім выпадала трое дзяўчат на двух хлапцоў. Нідзе й ніколі ў сваім жыцці не бачыў Сымон столькі моладзі на танцах. Аркестр быў надзвычайны — адзін і другі складаўся з шасці музыкаў, што гралі наперамену. Былі рэдкія й невялікія перапынкі. Гралі не толькі найбольш папулярныя ў Ангельшчыне ў той час факстроты й хуткі «джайв», але й вальсы ды танга.
— Глянь, рыцар, якія магчымасці выбару. Бачыў ты калі гэтулькі прыгожых дзяўчат у адным месцы? — таўхануў Сымона Дэмарчык.
Сымон толькі паківаў са здзіўлення галавой. Танцаваць ён ужо наламаўся й стараўся забаўляць Нэлі, як мог. Тая ж, напарфумаваная й напудраваная, выдавалася яму ў млявым прыцемленым святле зусім прыгожай. 3 гутаркай было неяк цяжкавата; першае, што Сымонаў язык быў даволі абмежаваны недахопам чужых словаў, а другое, што сама Нэлі не вельмі была гаваркая. Выдавалася Сымону нават крышку нуднай. Нічога ж няма горшага, калі кавалер, дзякуючы пэўным абставінам, змушаны праводзіць час не ў самім сабой выбраным таварыстве, ды калі ў дачыненнях з жанчынай перашкаджае чужая мова й адсутнасць супольных тэмаў. Гэткім чынам у найлепшым выпадку кавалер будзе чуцца быццам сам не свой, хаця-нехаця адбываючы ■ павіннасць. Гэтакі Сымон чуўся, нягледзячы на ўсю навакольную весялосць, ніякавата. Ягоная звязанасць была больш вартай пашкадавання, бо навокал бачыў дзесяткі
маладзенькіх прыгожанькіх дзяўчатак, з якіх, калі б не быў заняты накінутым Дэмарчыкам таварыствам, мог бы выбраць сабе сяброўку па сваім гусце й мець шмат большую прыемнасць.
Дэмарчык і Бэты зусім, здавалася, не разумелі, чаму другая пара была праз цэлы вечар такой нуднай і невясёлай. Дый дзе ж ім было разумець. Яны цэлы час закаханымі поглядамі ўпіваліся адно ў аднаго ды моцненька прытуляліся, танцуючы, пераплятаючы ўсё гэта вясёлым смехам і шматабяцаючымі поглядамі.