Змагарныя дарогі
Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
Імгла часта ахутае суседнія палі й узгоркі. Зрэб’ем учэпіцца яна за скібы шэрае раллі, апране суцэльнай павалокаю залітыя вадой даліны. Бывае й так, што густой заслонай залягае цэлыя далявіды, й пільна павінен тады натужваць свае вочы падарожны шафёр.
Часамі заходні бераг абтока дыхае сухім ветрам, і здавалася б, што няскора прыйдзе дождж ці бура. Але найчасцей зманлівымі бываюць прадугледжанні, бо далёкая марская бура не стрымоўваецца на гарбатых узбярэжжах заходняга Уэлса, а легка пранікае ў сярэднія і ўсходнія абшары Мідланда, каб смелым жыхарам, якім заяснела думка пагоднага «уікэнду», адабраць нованароджаную надзею.
Жаўнеры прыспешанымі крокамі прабягаюць тады вузкімі цэментавымі ходнікамі між баракаў ды, зачыніўшы спешна дзверы, з іроніяй паўтараюць падобныя заўвагі: «Ну, нарэшце падае дождж. А так доўга ж чакалі». Адзін пачне тады ўсміхацца, іншы заапрабуе папярэднія заўвагі моцнымі слоўцамі
з асаблівым націскам на працяжнае, гаркаючае «р», трэці ж, наракаючы на сённяшнія дні, пачне тануць ва ўспамінах аб салодкіх, пагодных ды як жа чароўных днях італьянскае мінуласці.
Такія ўспаміны й нараканні не прыносяць найчасцей ніякіх канкрэтных высноваў ані палягчэння, бо адно часовае ўзварушанне, спрычыненае неспрыяльнымі абставінамі, і дробныя з таго дэталі з’яўляюцца іх крыніцаю. Таксама не трываюць яны доўга, бо колішні ваяка, а сёння выгнаннік Сярэдняе Еўропы, патрапіў прывыкнуць і зжыцца з бясколернымі буднямі.
Алавяна-шэрымі й цяжкімі выглядаюць ангельскія асеннія хмары. Неспакойнымі й бурлівымі, але цяглымі і, здаецца, бясконцымі. Шэрыя й бязмежна цяжкія дні жаўнерскага быту ў бяздзейнасці. Дзесьці ва «Уор офіс» вялікімі кучамі ляжаць друкі асведчанняў, праектаў брытанскага ўрада адносна арганізацыі й будучыні Польскага корпуса прыстасавання й размяшчэння (ПКПР). Ляжаць і набіраюць, як прывыклі казаць жаўнеры, «урадавай сілы». Дзесьці на з’ездзе Рады ангельскіх прафсаюзаў у Брайтане голасна разлягаюцца словы: «...Фашысты, здраднікі радзімы, ворагі новага ладу й сваіх народаў». У зале пасяджэнняў вее забойчы ўсходні вецер. Але шмат міне часу, пакуль пазачыняюць вокны й дзверы. Дзесьці на пасяджэннях брытанска-польскіх арганізацый чуваць: «Героі, баевікі за вольнасць! He даць, каб іх пакрыўдзілі. Яны першыя, што супрацьставіліся, яны апошнія, што пакінулі поле бою. Даць ім людскія абставіны жыцця!»
Асведчанні, прамовы, бясконцыя дэбаты, пахвалы, закіды, дэкларацыі... Дзесьці з-над Эльбы вее ўсходні вецер...
Пры круглых сталах, у вялікіх праветраных сонечных залах, у малых накураных кабінетах прадстаўнікі розных народаў, расаў, уладаў і светапоглядаў праводзяць гандаль. Часта ахутаны ён таямнічым маўчаннем, радзей — розгаласам. Ён выдаецца сталым і бясконцым, ці адно цяпер пакуль што не відаць вынікаў.
А над Вялікай Брытаніяй плывуць густыя, алавяныя заходнія марскія хмары. Прасочваецца вада ў няшчыльныя баракі шматлікіх абозаў. Жаўнеры сядзяць бяздзейна. Сушацца махоркаю, гуляюцьу карты. Быццам тыя хмары, плыве марудны, шэры й назойлівы час.
Сотні тысячаў палякаў і людзей з іншых наррдаў, перад вайной зняволеных Польшчай, у вайсковай вопратцы ступі-
лі на зямлю капрызнага надвор’я пад час і пасля другой сусветнай вайны. Паводле сацыяльнага паходжання жаўнерская сям’я была каляровай мазаікай. У зялёным «батледрэсе» радавога сустрэць можна было прафесара, інжынера й селяніна, сумленнага й злодзея, гандляра й бандыта, сабатажніка-партызана й звычайнага работніка. Ішлі, ехалі, валачыліся сюды рознымі шляхамі й розным часам. Адным сібірскія лагеры й Казахстан перажыць давялося, іншым проста праз мора з Польшчы ўцякаць, трэцім — праз Нарвегію, чацвёртым — праз Францыю, пятым з абедзвюх Амерыкаў ахвотнікамі ў гэту армію ўступіць давялося, Адно тыя, з-за акіянаў, пасля вайны хутка дамоў паспяшылі. Іншыя ж меркавалі, як выбрацца з тупіка. Сярод іх найцяжэй давялося беларусам і ўкраінцам, землі якіх «бацька» да самых сваіх «ласкавых» грудзей прытуліў, ужо ніколі не маючы намеру пазбыцца ахвяры.
II
Шмат жаўнераў, нягледзячы на ўзмоцненыя ўгаворы афіцэрскага корпуса, каб заставаліся на выгнанні, ехалі ў Польшчу пад рэжым Берута. ПКПР, што павінен быў падрыхтаваць гэтае мора людзей да цывільнага жыцця, меў нялёгкае заданне. На працягу шасці — васьмі гадоў бальшыня з іх нічога не рабіла, акрамя вайны й п’янства; іншыя з юнакоў павырасталі на мужчынаў, адны загартавалі сваю волю й сілы, набылі практыку; іншыя ж здэмаралізаваліся, звіхнуліся, упалі на дно жыцця.
Праблема прытарнавання іх да цывільнага жыцця была незвычайна цяжкай. Перанаселеная Вялікая Брытанія не магла ахвяраваць ім адпаведных месцаў і працы ў цывільным жыцці, яна ледзь давала рады са сваімі здэмабілізаванымі, магчы.масці ж эміграцыі за акіян былі сціплымі перадусім * з прычыны недахопу транспартных сродкаў дый абмежаваных эміграцыйных квотаў. I гэтак замкнулася шматтысячная жаўнерская маса ў шэрых, непрылюдных, непрыветных і сцюдзёных вялікіх вайсковых абозах, раскіданых па абшары брытанскіх абтокаў ад Тэрсо да Брайтана і ад Блэкпула да Сандэрланда.
Цяжкі і невыносны, сумны й няволячы жаўнерскі быт у бяздзейнасці. У некалі здысцыплінаваныя й дасканала вышкаленыя шэрагі вояў прыносіць ён упадак дысцыпліны,
маральны расклад, знеахвочанне, безнадзейнасць, мізэрнасць і абыякавасць. Жаўнерам можа быць адно чалавек чыну, працы, вечна нястомнага й дзейнага духу, чалавек энергіі й руху. Пакінь жаўнера самога сабе на нейкі час, не дай яму заданняў, працы й занядбай дысцыпліну, дазволь на пэўныя ўплывы, і ён перастане быць жаўнерам.
Колькі месяцаў пераходнага арганізацыйнага часу, калі шмат яшчэ было няпэўнага й нявыясненага, калі нейкія рамесніцкія курсы ці праца — рэдкая з’явішча, а дысцыпліна амаль цалкам занядбаная, зрабіла жахлівы ўплыў на польскую армію, прывезеную з кантынента ў Ангельшчыну ў 1946—1947 годзе. Найбольш дэструктыўным дзейнікам была няпэўная будучыня гэтых людзей. Разам з першымі паваеннымі міжнароднымі канферэнцыямі, разам з акупацыяй Беларусі, Украіны й Польшчы балыпавікамі й замацаваннем там камуністычнае ўлады развеяліся шматлікія планы й надзеі гэтых людзей. Шмат губіла сябе сваімі ж рукамі, іншыя апускалі галовы й трацілі ўсякую ініцыятыву...
ПІ
У падафіцэрскім бараку людзі сядзелі бяздзейна. Сымон па абедзе прылёг на пасцелі. Рэмі Сварычэўскі меў службу дзяжурнага. Колькі асоб, абсеўшы ў кутку стол, перакідваліся картамі. Надвор’е было хмарнае. У бараку панаваў змрок. Крокаў дзесяць воддаль Сымона сядзеў на пасцелі звязны. Даўно кінуўся ён у вока Спарышу. Прычынай была, пэўна, ягоная спеўная, няскладная польская гутарка. Часта, быццам вада з-пад вясенняга лёду, прабіваўся беларускі склад, характэрнае аканне. Нягладка язык ягоны спраўляўся і з характэрнымі польскімі сугукамі. Здавалася, што з вялікай натугай, гвалтам выпіханыя яны былі праз таўсты гарляк. Сымон быў амаль пэўны, што звязны быў беларусам. Дагэтуль не меў нагоды даведацца. Ды і як спытацца? — думаў хлопец. Акружнай дарогай пачаць ці проста з моста, як кажуць па-беларуску?
Да таго ж і выглядам быў звязны проста выкапаным дзядзькам-селянінам. Неяк і «батледрэс» нязграбна на ім ляжаў. Здавалася, што шэрая саматканая світка скарэй бы гарманіравала з выглядам. Дзесьці ў тумане памяці захаваўся ў Сымона вобраз беларускага сейбіта, што бачыў калісьці ў нейкім календары. Шырокі круглы твар, памор-
шчаны лоб, закруглены падбародак, парадзелыя сівыя валасы, ясна-блакітныя вочы. •
— Адкуль ты, дзядзька, будзеш? — зарызыкаваў Сымон.
Звязны, што сядзеў побач на пасцелі, схамянуўся, быццам бы яго хто іголкай у мяккае месца ткнуў. Мусіць, не верыў сваім вушам. Азірнуўся назад, каб пераканацца, што да яго, а не да некага іншага ззаду за плячыма адносілася тое пытанне.
— Цо проша?
— Пытаюся, адкуль ты, дзядзька, будзеш? — паўтарыў голасна Сымон ды дадаў ціха пад носам: — Чорт вазьмі, няўжо ж памыліўся?
— Я ад Навагрудка. А вы таксама тамтэйшы? — пасмялеў дзядзька.
— Эх не, я не ад Наваградка, але ж таксама беларус. Вы ж беларус, не?
— Я праваслаўны, дык і беларус,— адказаў дзядзька, прыйшоў ды сеў побач Сымона на пасцелі. Язык ягоны хадзіў шмат гладзей, чымся ў польскай гутарцы.
— Дык што вы, праваслаўны — гэта ж толькі рэлігія. I каталік жа можа быць беларусам.
— У нас удома так было, што каталікоў лічылі палякамі, а праваслаўных...
— ...рускімі? — падхапіў Сымон.
— А ці ж не так?
— Яно ж так. Але ці ж гэта справядліва?
— Хто ж яго ведае. Усё так у галаву нам дзяўблі.
— Дзяўблі тыя, каму гэта было карысна. Маскалі казалі, што праваслаўныя — гэта рускія. а палякі чаўплі, што каталікі — усе палякі. Дык дзе ж тады беларусы? А ёсць жа такі народ, не, дзядзька?
— Дык во, панятна, што ёсцека.
— Ну дык нам, мусіць, няпраўду стараліся казаць.
— А хто ж тое надта ведаў. Называліся тутэйшымі, ды ўсё.
— Праўду кажаце. Гэта таксама, каб мы забыліся, хто мы ёсць. Нават нашай нацыянальнасці не паміналі.
— Цікава вы гэта ўсё й так проста выводзіце,— адсапнуўся звязны.— Ну, а самі ж адкуль?
— 3 Глыбоччыны.
— Ад Глыбокага.
— Недалёка. Ведаеце. Можа, былі там?
— Чуў. Меў знаёмых адтуль.
Хвіліну памаўчалі.
— Эх, братка ты мой, свет цяпер так перамяшаўся. Забадзяліся ж мы й пагубіліся. Хто гэта ведае, што будзе... Ведаем толькі, што было. Дый цяжка ж, цяжка,— уздыхнуў звязны.
— А вы даўно ў войску?
— Браток, здаецца, ужо век цэлы. Перад вайной яшчэ чынную службу адбыў. Пасля на рэзэрву пазвалі. Змабілізавалі перад вайной, а тады ў плен да бальшавікоў папаў...
Звязны пачаў апавядаць доўгую сваю гісторыю. Шмат такіх ці падобных чуў Сымон раней. Седзячы побач яго, гаротнік сумным і поўным уздыханняў і жалю голасам апавядаў аб цяжкіх цярпеннях у сібірскіх лагерах, аб тым, як з крываўкі ледзь не скончыўся ў Казахстане, але нехта спіртам выратаваў. Прыгадаў пасля й пра сям’ю. Голас ягоны пачаў дрыжаць. Месцамі спыняўся, не могучы гаварыць.
Сымон цярпліва слухаў і не перашкаджаў яму апавядаць. Відаць было, што чалавек пастанавіў адкрыць сваю душу й сэрца. Хто ведае, ці не першага сустрэў у войску чалавека, што асмеліўся загаварыць да яго моваю маткі. Сям’я звязнога, згодна з апавяданнем, была застрэленая ў час вайны немцамі, а хата спаленая. Жонка й дачка, што па гадах мела быць сёння дзеўкай — адзінае са шматлікага, але найдаражэйшае, што вязала яго з Бацькаўшчынай,— сталіся ахвярамі гітлераўскага сляпога тэрору. Звязовы ад хвалявання гаварыў урыўкамі, а на вочы набягалі слёзы. Аб сямейнай трагедыі даведаўся не так даўно ад суседа з дому, якога сустрэў кагадзе ў войску. Відаць было, што насіў у сэрцы свежую, ніколі, можа, не меўшую нагоды загаіцца рану.