Змагарныя дарогі  Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Кастусь Акула
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 572с.
Мінск 1994
158.06 МБ
— ...і так, браток ты мой, застаўся сягонніка адзін, як палец. Ды мне ж ужо й гады самыя лепшыя мінулі. А тут во якое ліха прыйшло. Думалася нядаўна, што хоць дадому вернешся. Надзеіўся, што жывуць. Ажно во...
Дзядзька, здавалася, не мог далей гаварыць. Сымон чакаў. Гледзячы на гаротніка, балела яму сэрца. Вось гэта быў адзін з мільёнаў беларусаў, што страцілі ўсё й наперадзе бачылі адно беспрасветную цьму й безнадзейнасць. Выкінутыя на чужы бераг, не ведаючы ані людзей, ані не маючы сіл для далейшага жыцця, страціўшы найлепшыя гады ў службе за чужое або ў нядолі ў чужым ярме дома, кешкаліся цяпер у цемры.
— Дый варочацца ж няма куды. Што было, тое пайшло з
дымам. Мая бедненькая жоначка й дачушка. Каты са свету звялі. Куды ж мне цяпер кінуцца, што рабіць і з чаго пачаць? Як жа мне тут заставацца? He знаю ні языка, дый гады не тыя. А калі б і ў Польшчу ехаць, дык ужо, мусіць, на тыя «адзысканыя» землі пасулілі б... Божа ж мой, Божа! Як жа далей быць і што рабіць?
Слёзы, быццам гарох, пасыпаліся з вачэй дзядзькі звязнога. Пакуль нязручным рухам стараўся іх выцерці, адна слязіна ўпала на левыя грудзі й раздрабілася аб востры рог адной з чатырох зорак на сіняй берэтцы. Гэта былі зоркі за раны. Побач было з паўтузіна берэтак ад іншых крыжоў і медалёў.
— Калі б я ведаў, што вам парадзіць. He плачце, супакойцеся,— прамовіў зусім непераконлівым голасам Спарыш, і перад вачыма памяці ягонай устала прыгорбленая, запрацаваная постаць свайго беднага гаротнага бацькі. He мог глядзець на слёзы. Прыгадаўшы родных, ведаў, што тыя стогнуць у непасільным ярме. Дый ці толькі яны... Цэлы беларускі народ.
Сымон устаў і падышоў да акна. На сэрца нахлынула вялікая дэпрэсія. Глядзеў на захмаранае неба. Думкі разбягаліся, быццам тыя неспакойныя асеннія брытанскія хмары. А яны бесперапынна й стала плылі ў няведамае.
Парасткі на чужыне
і
Павуцінне сувязі між адзінкамі й групамі беларусаў Другога корпуса, так дбайліва й цярпліва снаванае й сплятанае ў адзін клубок у Італіі, было парванае-парастрасанае з пераездам у Ангельшчыну ўлетку 1946 года. Аддзелы войска параз’язджаліся й пасяліліся на новых месцах па цэлым абтоку. Адзінкі й групы страцілі сувязь. Спыніўся не толькі працэс вышукоўвання й выкопвання тых, што пазашываліся яшчэ раней і ў Італіі не былі знойдзенымі. Трэба было найперш устанавіць і спалучыць асноўную пражу сувязі самых цвёрдых і ініцыятыўных, што маглі б пасля навокал сябе разглядацца й вышукоўваць.
Перад беларусамі стала зусім новае, першараднае вагі пытанне: што далей? Войска канчалася. Трэба было рупіцца аб будучыні. Так удала пісалася пасля ў першых радках часопіса «На шляху»: «На шляху, а не дома, стаімо мы, выгнаныя з-пад родных стрэх вайной і чужацкай навалай. Мяркуем, дзе пайсці, куды кінуцца...»
Пытанні «дзе пайсці, куды кінуцца» лягчэй было б вырашыць арганізавана, грамадою. Патрэба беларускай арганізацыі адчувалася вельмі пякуча. Гэткім чынам ізноў пачыналася ад нітак сувязі, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й і 3-й дывізіях былі ўтрымаліся, хаця не мелі сувязі міжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі інжынер Мікола Абрамчык і рэдакцыя «Беларускіх Навін» з Парыжа. Пры іхняй дапамозе беларусы звязаліся не толькі міжсобку, але і з саюзам украінцаў Вялікай Брытаніі, управа якога добразычліва аднеслася да ініцыятараў праектаванай першай беларускай арганізацыі ў Ангельшчыне.
II
Каля лётнішча Бодні Эйрфілд у правінцыі Норфолк сканцэнтраваныя былі ўсе школы 3-й дывізіі. Вучань ліцэя Віктар Сянкевіч налічыў навокал сябе дваццаць трох беларусаў і пачаў аднаўляць працу, спыненую пераездам з Італіі. Група зактывізавалася. Адбываліся сяброўскія зборкі, супольна радзіліся й пастанаўлялі пра будучыя арганізацый-
ныя крокі. Устанавілася й пісьмовая сувязь з беларусамі іншых аддзелаў. Да Сянкевіча зноў сотнямі хлынулі пісьмы.
Дзейнікі з «двойкі» зноў паклікалі юнака й пыталіся, што пішацца ў карэспандэнцыі. Віктар адказваў, што панам з «двойкі» й так добра ведамы змест пісьмаў. Пачаліся новыя цяжкасці. На Сянкевіча ад шматлікіх палякаў пасыпаліся даносы. Давялося хлапцу развітацца, не скончыўшы школы, з навукай і ехаць у свой аддзел каля Лондана. Крыху пазней змусілі пакінуць працу выкладчыка ў гімназіі й прафесара Гука.
Увосень 1946 года ва ўкраінскай газеце «Наш кліч» з’явіўся Сянкевічаў заклік-артыкул. Аўтар звяртаўся да вайскоўцаў-беларусаў, каб адклікаліся, вышукоўвалі іншых, арганізоўвалі часовыя групы. Падкрэсліваў, што наспеў час да ўтварэння беларускае арганізацыі.
III
Праз знаёмых, што мелі сувязі між верхавіны польскае арміі, прафесар Гук умовіўся сустрэцца з шэфам штаба генералам Капанскім. Мэтаю было атрыманне афіцыяльнага вайсковага дазволу на ўтварэнне беларускае арганізацыі самапомачы. Капанскі прыняў Гука й Сянкевіча ў кастрычніку. Да добра абгрунтаванае й матываванае просьбы беларусаў генерал аднёсся прыхільна й абяцаў выдаць аб гэтым адмысловы вайсковы загад. Адылі пасля гэтага два разы яшчэ давялося прафесару Гуку рабіць візіты да генерала Капанскага, каб папхнуць справу абяцанага загаду, што заграз дзесь у канцылярыі штаба. Віктару Сянкевічу, што жыў бліжэй Лондана, восем разоў трэба было ездзіць у сталіцу. Кожны раз ад’ютант раіў прыйсці заўтра. Агоркла юнаку цяганіна ўзад і ўперад, быццам тая рэдзька. Нарэшце пры дапамозе знаёмага палкоўніка пашанцавала.
Капанскі паклікаў Віктара ў кабінет і прасіў пачакаць, пакуль машыністка напіша тую доўгачаканую й так вартасную пісульку.
Тым часам распытваў юнака пра беларусаў, іхнія планы на будучыню ды пра іх колькасць у польскай арміі. Тон гутаркі быў сяброўскі. Генерала цікавіла, дзе, на думку Сянкевіча, павінны быць беларускія межы. На сценах кабінета вісела шмат мапаў. Віктар паказаў беларускія этнаграфічныя межы, уключыўшы Беласточчыну, Сувальшчыну й
Берасцейшчыну. Як некалі лейтэнант Пшэрэмбскага, зацікавіў Капанскага факт, што Сянкевіч быў каталіком і беларусам. Роспытам у гэтай справе адвёў колькі хвілін часу.
Націсканне з усіх бакоў зрабіла сваё. Загад быў выданы. На просьбу прафесара Гука капітан Загурскі, што меў добрыя кантакты ў польскай газеце «Дзеньнік польскі і дзеньнік жолнежа», пастараўся, каб газета змясціла вайсковы загад. Гэткім чынам шмат беларусаў даведалася, што ад гэтага часу, ці былі б яны ў наземных, паветраных ці марскіх польскіх збройных сілах, маглі належаць да свае беларускае арганізацыі самапомачы. Загад меў быць прачытаны і па ўсіх аддзелах, але шматлікія, незычлівыя беларусам афіцэры наўмысля яго ігнаравалі.
Віктар Сянкевіч, вярнуўшыся ў свой аддзел, з большай энергіяй узяўся за працу. Быў сакратаром у батальёне й таму познімі вечарамі пасля службовых гадзін мог карыстацца машынапіскай і рататарам. Праўда, стараўся рабіць гэта ўпотайку ад начальства.
У працы арганізацыйнай і публіцыстычнай Віктар быў пачаткоўцам, асабліва калі ішла гаворка пра статут, камунікаты й іншыя справы афармлення. Тут на помач прыйшла даспеласць і дасведчанасць прафесара Гука. Стары настаўнік і арганізацыйны працаўнік яшчэ з Бацькаўшчыны цешыўся, што ў асобе маладога юнака знайшоў добрую тэхнічна-канцылярскую сілу. Хутка з’явіўся першы нумар часопіса «На шляху», пасля прыйшлі камунікаты й розныя пісьмы арганізацыйнага характару. Быццам жаўранкі напрадвесні, цешыла роднае слова рассеяных суродзічаў. Надыходзіў новы перыяд у жыцці выгнаннікаў. Лучыліся адзінкі й групы, на чужой глебе паказаліся парасткі новага беларускага арганізма.
Нягледзячы на афіцыяльны характар захадаў, шмат беларусаў не магло пазбыцца нагнанага да гэтага часу палякамі страху перад самавыяўленнем. Арганізаванне ішло марудна. У кожным амаль аддзеле меншыя афіцэры стаўлялі розныя перашкоды. Адны застрашвалі, фабрыкавалі інтрыгі й плёткі, іншыя адмаўлялі, трэція ігнаравалі просьбы ініцыятыўных арганізатараў, чацвёртыя адкрыта ставілі перашкоды й не дазвалялі ані нарадаў, ані тварэння аддзелаў. Перамагаў ранейшы недавер і нялюбасць палякаў да ўсяго чужога.
Адылі арганізацыйнага прагрэсу беларусаў не ўдалося ім спыніць. Хутка расло новае цела. Выяўляліся людзі,
дужэў нованароджаны арганізм. У Лондане навокал двух першых ініцыятараў збіралася кіраўнічая група. Адбываліся паседжанні часовае ўправы Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, рабіліся планы першага агульнага з’езда, апрацоўваўся праект статута, абмяркоўваліся планы куплі першага Беларускага дома.
IV
Зімовым вечарам 1947 года ў перапоўненай піўнушцы лонданскага раёна Сого пры колькіх сталах на покуці сядзелі тры групы маладых жаўнераў. Сталы былі застаўленыя пляшкамі й шклянкамі з півам. Жаўнеры не прыглядаліся, здавалася, да каляровай публікі, што тут збіралася. Таўставатая жанчына сярэдніх гадоў, перакуліўшы, відаць, некалькі порцый віскі, барабаніла разбразганым піянінам і падпітым голасам то цягнула «Му Johny is over the ocean», to зноў вярталася да «Only Five minutes more»*.
Пры адным стале сядзелі Віктар Сянкевіч, Кастусь Дзежка, Віктар Караткевіч і Сымон Спарыш. Па суседству былі сябры, з якімі некалі пачалі супольную вандроўку з Паўночных казармаў на менскім бруку. Ад гэтага дня мінула два з паловаю гады. Час узбагаціў іх вялікай практыкай, прыспорыў цярпенняў і выкінуў на чужы незнаёмы бераг. У сэрцах гарэў нязгасны зніч вялікага кахання да паняволенага народа. Няведанне лёсу пакінутых дома блізкіх й найдаражэйшых, вечная журбота па родных, цяжкое перажытае ды няпэўнасць заўтрашняга адлюстравалася як на іхніх выглядах, так і ў духовых істотах. За пару з лішнім гадоў перажылі тое, што людзі ў нармальныя мірныя часы праходзяць за дзесяткі, калі наогул спатыкаюць на жыццёвых дарогах сваіх нейкія ліхалецці.
У піўнушцы пры сталах былых менскіх кадэтаў вяліся ажыўленыя гутаркі. Шмат хто даўно міжсобку не сустракаўся. Заўтра мае адбыцца першы агульны з’езд Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, і гэта падзея была для іх не толькі днём супольнае сустрэчы, але й пэўнага трыумфу. Як-ніяк будавалі новае, пракладалі новыя шляхі на тым агульным шляху, які некалі мае завярнуць на вызваленую Бацькаўшчыну.
Пад хмяльком дзяліліся цяпер рознымі згадкамі з перажытага, чутага, бачанага. Нагода ж была першая й агульная.