Зваротныя дарогі
Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя
Алесь Пашкевіч
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 243с.
Беласток 2001
96 Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т.—Т.2.—Мн., 1988.—С.5.
метрапольнай перыёдыцы (а тым больш у навуковых выданнях) гаворкі не вялося. На эміграцыі ж твор У.Случанскага меў толькі ўхвальныя водгукі. "<...>аповесьць “Драбы”<...> з пункту гледжаньня майстэрства пабудовы і разьвіцьця фабулы, характарыстыкі герояў і падзей, экспрэсыўнасьці і пачуцьцёвасьці твор, якому, пакуль што, няма роўнага ў беларускай літаратуры. <...> У асобе Случанскага маем Пісьменьніка з вялікай літары. Аўтар “Драбаў” мастак. <...> Ён ня піша, а малюе вобразы, асабліва вобразы прыроды"97узрушана выказваўся ў рэцэнзіі на кнігу М.Кавыль.
Лёс У.Случанскага (сапраўднае прозвішча Шнэк) не толькі тыповы для ўсіх выгнанцаў-паязджан яго ўзросту. Ён высвечвае найбольш пакручастыя шляхі беларуса ў трагічныя часіны другой сусветнай вайны.
У.Случанскі нарадзіўся 23 сакавіка 1927 года ў Мінску. 3 1933 года сям'я жыла ў Ленінградзе, дзе бацька пісьменніка Сцяпан Міронавіч вучыўся ў Ваенна-палітычнай акадэміі. У Ленінградзе У.Случанскі пайшоў у школу, аднак у 1936 годзе бацька атрымаў накіраванне ў Забайкальскую вайсковую акругу, і сям'я мусіла ехаць у Чыту. Праз два гады Сцяпана Міронавіча выключылі з партыі і звольнілі са службы.
Было вяртанне на Радзіму, у Слуцк. Бацька ўладкаваўся на працу ў школу, дзе працягвалі вучобу два сыны: Уладзімір і Алег. Падчас вайны сям'я Шнэкаў засталася на акупаванай тэрыторыі. Прэзідэнт пранямецкай Беларускай цэнтральнай рады Радаслаў Астроўскі (колішні дырэктар першай Слуцкай гімназіі) прызначыў Сцяпана Міронавіча начальнікам Беларускай краёвай абароны па Слуцкай акрузе і той пачаў актыўна арганізоўваць у колішнім паўстанцкім павеце беларускае войска, за што і самога, і ўсю сям'ю немцы арыштоўваюць і некалькі месяцаў трымаюць у турме.
Пасля турмы пярэбары ў Менск, дзе Уладзіміра залічылі ў афіцэрскую школу БКА. А з 1944 года і пачаліся ў яго выгнанніцкія дарогі.
97Кавыль М. “Драбы” У.Случанскага // Беларуская Думка.1964, №6. С.25.
Гэтыя звесткі ўжо вядомы па шасцітомным біябібліяграфічным слоўніку "Беларускія пісьменнікі" (артыкул Л.Савік). Архіўныя матэрыялы дазваляюць удакладніць і пашырыць іх найперш дзеля аб'ектыўнасці. Бацька пісьменніка нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Лядна на Случчыне. У школе да акупацыі выкладаў матэматыку і вайсковую справу. Пры немцах працаваў у службе парадку, арганізаваў і ўзначаліў слуцкую паліцыю. Пастановай БЦР ад 25 лютага 1944 года стаў начальнікам аддзела Беларускай Краёвай Абароны Слуцкага вокруга. У Берліне служыў ва Управе вайсковых спраў пры БЦР. Пры эвакуацыі Рады з Берлінскага вакзала знік. Яго старэйшы сын Уладзімір пасля беларускай рамесніцкай школы скончыў курсы кіраўнічага складу Саюза Беларускай Моладзі (у г. Альберцін), у лютым-сакавіку 1945 года вучыўся на снайпера ў лагеры СС, служыў у брыгадзе "Беларусь" і быў палонены амерыканскім войскам. Быў выдадзены савецкім карным органам. Падчас праходжання "фільтрацыйнай праверкі" пры лагеры №238 у Рославе (Нямеччына) 20 лістапада 1945 года Уладзімір Шнэк сведчыў: "Калі пачаў набліжацца амерыканскі фронт, нас прымусілі будаваць у бліжніх вёсках супрацьтанкавыя загароды. Затым, калі амерыканцы сталі зусім блізка, нас знялі і накіравалі ў Чэхію ў вёску Напошук, дзе стаялі ў лесе, а потым пры падыходзе французскіх і амерыканскіх войскаў немцы, якія былі пры нас, разбегліся, а мы прыйшлі да чэхаславацкіх партызан у красавіку 1945 года і былі там да моманта паланення амерыканскім войскам"98.
Аднак у Берліне У.Случанскі змог уцячы і патрапіць у Ватэнштат у "лагер для перамешчаных асоб" англійскай зоны. Там сабралася ўся сям'я Шнэкаў. Уладзімір працягваў вучобу ў беларускай гімназіі, дзе родную мову і літаратуру выкладаў паэтэмігрант Хведар Ільяшэвіч. 3 ягонага "хрышчэння" Уладзімір і напісаў сваё першае апавяданне "У вагні" (пад псеўданімам У.Случанскі было змешчана ў лагерным часопісе "Шляхам жыцьця" (1947, № 9-10)). "У вагні" першы празаічны твор, прысве-
98Цытуецца па: Соловьев А.К. Белорусская Центральная Рада: созданне. деятельность, крахМн., 1995С.88-89. Месца захавання і архіўны фонд "сведчання" ў кнізе не пазначаны. (Тэкст пададзены ў перакладзе з рускай.)
чаны Слуцкаму збройнаму чыну 1920 года, у якім відавочна выявілася здольнасць аўтара белетрызаваць гістарычныя падзеі, акцэнтаваць увагу на найбольш істотным, сутнасным і пафасным.
У апавяданнях "Пад сьцягам бел-чырвона-белым", "He прапусьцім", "Пётр Фёдаравіч ня верыць" празаік апісваў трагічнае сучаснае Беларусі, станавіўся летапісцам абра-баванай Бацькаўшчыны, абаронцам нацыянальнага.
У.Случанскі выдаваў у Нямеччыне часопіс "Нашы ветразі", арганізоўваў беларускі скаўцкі pyx, а ў 1950-м выехаў у Аўстралію. Працаваў на фермерскай гаспадарцы, пакуль не асталяваўся ў Мельбурне. Актыўна займаўся нацыянальнай грамадскай справай, выдаваў часопіс "На варце" і гумарыстычны дадатак да яго "Ёрш". Скончыў Каралеўскі інстытут тэхналогіі ў Мельбурне.
3 1989 года на пенсіі. Наладжваў сувязі з Бацькаўшчынай: дапамагаў накіроўваць на адпачынак у Аўстралію беларускіх дзяцей з Чарнобыльскай зоны, даваў кансультацыі пры арганізацыі Слуцкага музея, у 1993-м наведаў Беларусь, быў удзельнікам Першага з'езда беларусаў свету, выступіў з прамовай. Памёр у Аўстраліі 3 лютага 1995 года, пахаваны ў Карынгтоне.
Як празаік У.Случанскі найбольш каларытна раскрыўся ў гістарычных жанрах аповесці пра полацкага князя Расціслава "Братчына" і рамане "Драбы".
Дзесяцігоддзі на падсавецкай Беларусі нацыянальная канцэпцыя гісторыі магла распрацоўвацца не ў адпаведнай галіне навукі, а ў нешматлікіх празаічных творах беларускіх пісьменнікаў.
Зоркай першай велічыні ззяе на небасхіле нацыянальнай гістарычнай літаратуры імя У.Караткевіча. Творча запазычваючы раманную "тэхніку" і мастацкія топы — новыя для літаратуры беларускай з "раманаў таямніцаў" (іх першапачынальнікі Ганна Радкліф, Мэцьюрын, Дзікенс), менавіта: замак, загадкі (таямнічыя галасы, незнаёмцы-прывіды, "патаемныя" дзверы-хады і інш.), a таксама "раманаў жахаў" ("гатычных" раманаў), што найбольш яскрава выявілася ў рамане "Дзікае паляванне караля Стаха", У.Караткевіч змог у сваіх творах адлюстраваць багатую гісторыю Беларусі, нібыта ў мастацкай рэтраспекцыі ўвасобіць аўтарскую
мадэль народнага і дзяржаўнага існавання. Таямніцы былі для У.Караткевіча і спосабам сувязі сюжэтных ліній, і адначасна сродкам псіхалагічнага аналізу герояў (пісьменнік, да ўсяго, выкарыстоўваў некаторыя асаблівасці "рамана таямніцаў" і для паказа сучаснасці ("Чорны замак Альшанскі"). Аднак бясспрэчнай застаецца прыязнасць У.Караткевіча найперш да традыцыі гістарычных раманаў В.Скота. Як беларускі вальтэр-скотавец, як чыннік сусветнага кантэксту гістарычнай прозы, ён ствараў свае раманы ў межах рамантычнай традыцыі і ўвасабляў найперш рамантычную канцэпцыю гісторыі сваёй Бацькаўшчыны. Трэба адзначыць, што гістарызм вальтэр-скотаўскага тыпу стаў ці не першай мастацкай формай для ўласнагістарычнай еўрапейскай літаратуры. Затым з'явіўся гістарызм інтэлектуальнага, познерэалістычнага (або мадэрнісцкага) рамана, а не рамантычнага.
Сучасная беларуская гістарычная проза пераважна і дасюль застаецца ў межах рамантычнай канцэпцыі сваёй гісторыі. Творы Л.Дайнекі, В.Іпатавай, ранняга У.Арлова пісаліся большасцю ў рамантычных абсягах. І.Шамякін у "Вялікай княгіні" застаўся, думаецца, у параметрах сацрэалізму. Раман Г.Далідовіча "Кліч роднага звона" гістарычная проза эклектычнага плану, дзе мастацкае і дакументальнае зманціраваны ў адно (гэта проза школы рускага "гісторыка-ілюстрацыйнага", рэалістычнага па канцэпцыі рамана В.Іванова, А.Югава і інш.). Рамантычнай канцэпцыі беларускай гісторыі ў літаратуры папярэднічалі тэксты, якія недалёка адышліся ад міфалагізацыі фальклору або яе "паводлегістарычнай" белетрызацыі. Асобна ў кантэксце беларускай гістарычнай прозы паперадзе У.Караткевіча бачацца, як ужо адзначалася, постаці В.Ластоўскага, М.Гарэцкага, Я.Дылы, а таксама У.Случанскага.
Усе гэтыя аўтары па-рознаму, большасцю толькі ўскосна (бо доўгі час былі падзабароннымі), уздзейнічалі на агульны літаратурны рух. Гістарычная проза У.Случанскага, у прыватнасці яго гістарычны раман "Драбы", займае ў тых узаемадачыненнях найбольш маргінальнае месца, аднак высвечвае найболып паказальныя шляхі магчымага станаўлення гэтага літаратурнага накірунку ў выпадку свабоднага і незаідэалагізаванага імперска-савецкай
кан'юнктурай мастацкага развіцця, не такога пакручастага і дыскрэтнага, бо У.Случанскі ўяўляецца няўбачаным, непачутым пярэдаднем маладзейшага на тры гады У.Караткевіча, а таксама Л.Дайнекі і У.Арлова. Якраз у прозе У.Случанскага былі выпрацаваны тыя ж асновы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі, што праз дзесяцігоддзе пачнуць увасабляцца ў прозе У.Караткевіча.
Як сведчыць аўтар прадмовы да кнігі "Драбы" С.Пасечны, У.Случанскі задумваў напісаць гістарычную трылогію. (На жаль, недаступнасць аўстралійскіх архіваў пісьменніка не дазваляе меркаваць пэўна, ці споўніліся ягоныя задумы, бо і на апошняй старонцы кнігі "Драбы" пазначана: "Канец першай часткі".) Аднак "Драбы" выглядаюць цалкам самастойным, ідэйна, кампазіцыйна і сюжэтна завершаным творам.
Абраўшы за свой ідэал служэння Радзіме дзейнасць князя Вітаўта, У.Случанскі старанна і займальна выпісвае яго гістарычную постаць, а таксама ягоных слаўных аднадумцаў і сяброў рыцараў Пагоні, якіх у старадаўнасці менавалі драбамі. Аднак, што паказальна, У.Случанскі не робіць Вітаўта галоўным героем і асноўнай дзейснай асобай рамана. На працягу ўсяго аповеду яго кампазіцыйным і сюжэтным "счапленнем" становіцца выдуманы аўтарам вобраз ваяводы Фёдара Грозаўскага, яго гераічныя дзеі на карысць Бацькаўшчыны, асабістае жыццё гэтага драба (гісторыя кахання з Марыляй).
Ахоп падзей у рамане "Драбы" вызначаецца спецыфічнай "ілюстрацыйнай" эпічнасцю. Дэталёва апісана жыццё прадстаўнікоў розных катэгорый грамадства XV стагоддзя: просталюдзінаў з-пад Слуцка і Капыля, панцырных баяр, драбаў Вялікага Княства Літоўскага (капітана літоўскіх лучнікаў пры двары караля Ягайлы ваяводы Пашкевіча, крэўскага ваяводы Станіслава і інш.), польскай знаці (пана Ежы з Чэрвіцы), а таксама мечаносцаў крыжацкага ордэна (камандора ордэну Фрыдрыха фон Кройцэнбэрга і інш.). Твор У.Случанскага вызначаецца і шырокай геаграфічнай панарамнасцю: старадаўні Слуцак Кракаў Берасце Тураў Полацак Камянец Наваградак Слуцак.