Зваротныя дарогі
Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя
Алесь Пашкевіч
Выдавец: Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”
Памер: 243с.
Беласток 2001
Няпэўнасць і чаканне стамлялі, і ў 1965 годзе (калі ў СССР змяніўся не да лепшага кіраўнік дзяржавы) М.Цэлеш за свой кошт выдае кнігу "Дзесяць апавяданьняў" выбранае з лепшых, на яго меркаванне, і дапрацаваных твораў (а свае апавяданні М.Цэлеш не лічыў канчаткова завершанымі і дасканалымі, пра што сведчаць ягоныя шматлікія "бязлітасныя" праўкі нават і ў аўтарскім асобніку "Дзесяці апавяданьняў"). У большасці тэкстаў гэтай кнігі ("Пад знакам Задзіяка", "Помста", "Мера гвалту" і іншых) непахісна і непрымірыма апісваліся гады бальшавіцкіх здзекаў з беларускіх сялян у часы сталінскай калектывізацыі.
Аўтарскія пераклады апавяданняў М.Цэлеша пачынаюць друкаваць рускія эмігранцкія выданні. Так, апавяданне "Пёрка й іншыя" пад назвай "Как жнть?" змясціла "Новое русское слово" (1966, 9, 10, 11 сакавіка) побач з урыўкам з рамана У.Маканіна "Прямая лнння". Па-руску былі апублікаваны і апавяданні (такога ж антытаталітарнага зместу) "Пракрустаў ложак" і "У імя догмы".
I зноў расчараванні, апатыя, песімізм. 20 лістапада 1967 года М.Цэлеш у лісце прызнаваўся Ю.Віцьбічу: "He пішу цяпер нічога, хаця задумана й навет пачата досыць шмат; не спадзяюся скончыць пісаць няма ніякай ахвоты, калі падумаеш, што ўсё гэта да нічога й да нікога; ня толькі сярод нас, беларускіх эмігрантаў, пануе цяпер апатыя да творчасьці ва ўсіх галінах чалавечага духу, але і ўва ўсіх і ўсюды сьвет імчыцца поўным тэмпам да катастрофы, бо "не адзіным хлебам жыве чалавек" і не адзінымі ракетамі можна змагацца із злом, напроціў ракеты павялічваюць зло!.."
Падчас прыезду на сесію Генеральнай Асамблеі ААН з М.Цэлешам сустракаўся М.Танк. Народнаму паэту, галоўнаму рэдак-
тару часопіса "Полымя", пісьменнік-эмігрант перадаў некалькі сваіх апавяданняў для публікацыі ў Савецкай Беларусі (праз некаторы час іх і надрукавала "Полымя", адно замест прозвішча аўтара стаяў псеўданім Мікалас Пралескас).
Яшчэ праз некаторы час на імя М.Танка прыйшоў ліст, у якім М.Цэлеш выкладаў умовы, паводле якіх ён згадзіўся б вярнуцца на Бацькаўшчыну. У эмігранцкім асяродку ЗША стасункі М.Цэлеша з М.Танкам і савецкімі ўладамі пачалі абрастаць чуткамі, ставіцца да пісьменніка пачалі насцярожана. Хоць, як потым згадваў Б.Сачанка, які тады працаваў у "Полымі" і чытаў той ліст да М.Танка, М.Цэлеш патрабаваў "змены таталітарнага рэжыму, надання Беларусі сапраўднага суверэнітэту і незалежнасці ад Масквы".
Але самае страшнае яго пакідалі сілы. I ўпэўненасць. Напрыканцы 1975 года, хворы і стомлены, М.Цэлеш, думаецца, усё ж сабраўся ехаць на Бацькаўшчыну, ехаць паміраць... 10 снежня ён пісаў Вітаўту Тумашу: "Рыхтую Вам перасылку зборніка апавяданьняў выбраных, папоўненых новымі, дапрацаваных. 3 маімі слабымі сіламі гэта нялёгкая праца. У канцы гэтага месяца думаю Вам пераслаць. У далейшым, калі-б із мной што-кольвек здарылася дрэннае, трэба зьвяртацца да дачкі Карал..."173.
"Калі-б... што-кольвек здарылася дрэннае..."
Як прадчуваў, як прарочыў...
А на працоўным стале заставаліся матэрыялы і накіды аповесці пра Вялікае княства Літоўскае "Карона і здрада", рукапісы біяграфічнай аповесці, пачатай яшчэ ў 1950-м, "Смага пустыні" (пра перажытае падчас паязджанства), першы варыянт аповесці "Без шацунку на шчасьце", няскончаная аўтабіяграфічная аповесць "Нашчадкі" (пра сваё маленства і юнацтва), у нататніку з'яўляліся новыя спавядальныя запісы:
"Мы ня хочам, каб нас вынішчалі.
Каб зьдзекваліся з нашай мовы.
173Цэлеш М. Хмары над БацькаўшчынайС. XXIX
Каб калечылі нашых дзяцей у школах.
Тое, што кажуць там нашы людзі, ня мае ніякой канггоўнасьці, бо робяць гэта пад палкай.
Мы хочам быць роўнымі сярод роўных, у саюзе з усімі й гаспадарамі ў сябе дома";
"У жыцьці столькі плюгаўства, здрады й халуйства, што для душы добрага й шчырага нічога іншага не застаецца, як толькі пакутваць, гніць і гінуць!";
"Мастацтва абараняе чалавека перад праклёнам самотнасьці толькі адно яно";
"У сьвеце антаганізмаў нельга быць без айчызны";
"Загналі мяне ў асабістае падпольле! Mary толькі сам з сабой шчыра размаўляць. Трэба навучыцца мець два твары. Але ці змагу я?"
...Мікола Цэлеш напрыканцы 1975 года выйшаў з дому і знік. I прыйшоў на Бацькаўшчыну толькі праз два дзесяцігоддзі у сваіх творах, у памяці.
Проза Масея Сяднёва.
Узмацненне лірычнага пачатку ў аўтабіяграфічнай прозе эміграцыі
Жанрава-стылёвае падабенства з мемуарамі, "успаміннасць", увага да лёсавызначальных зменаў у грамадстве, сведкамі якіх былі самі аўтары, сталі адметнымі рысамі прозы беларускай эміграцыі. Многія творы пісьменнікаў-эмігрантаў успрымаюцца сёння своеасаблівымі мастацкімі сведчаннямі пра эпоху сталінскага таталітарызму, кранальнымі летапісамі чалавечых пакут, балючымі споведзямі-ўспамінамі пра перажытае ліхалецце 30-х гадоў. "Мы ўсе ў даўгу перад нашай беларускай эміграцыяй, перад пісьменнікамі, якія дзівам ацалелі ад сталіншчыны. <„.> Яны першыя казалі праўду пра сталінскі генацыд. Мы пачалі гаварыць, калі было дазволена",напісаў у адказах на анкету часопіса
"Нёман" народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін174. Пасля антытаталітарнай аўтабіяграфічнай аповесці Ф.Аляхновіча "У капцюрох ГПУ" выкрыццё сталінскага генацыду стала галоўнымі задачамі многіх твораў паваеннай беларускай эміграцыі, сярод якіх і раманы Масея Сяднёва "Раман Корзюк" і "I той дзень надыйшоў". Гэта і да іх суаднесена наступная характарыстыка К.Акулы: "Добра абгрунтаваныя працы пра савецкі масавы тэрор, пра розныя цёмныя закуты й кашмары найбольш каланіяльнае імперыі дваццатага стагоддзя"175.
М.Сяднёў увайшоў у гісторыю нашай літаратуры найперш як паэт, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў. Ен вярнуўся на Беларусь яшчэ ў 60-х гадах, праўда, як... прататып. Вобраз сына Дзяніса Зазыбы Масея, мінскага студэнта, літаратара, спісаны ў пенталогіі І.Чыгрынава "Плач перапёлкі" з Масея Сяднёва. Больш таго, М.Сяднёў адзін з самых улегендаваных постацяў нашай літаратуры XX стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1913 годзе (у многіх публікацыях памылкова называецца 1915-ы) у вёсцы Мокрае на Касцюковіцкай зямлі. Паступіў у педінстытут, беспадстаўна рэпрэсаваны, вывезены ў Сібір. Падчас вайны апынуўся на волі. Згадваюць (няпэўна), што быў пісарам у нямецкай управе. Карыстаючыся той "пасадай", выпісваў вяскоўцам бясплатнае малако. Дапамагаў так і сям'і дзевяцігадовага хлапчука з Вялікага Бору Івана Чыгрынава. А да ўсяго ахутаная легендарнай смугой і гісторыя аб тым, як М.Сяднёў "звёў" дзяўчыну ў камандзіра партызанскага атрада. Напрыканцы вайны пісьменнік падаўся ў эміграцыю: Беласток, Нямеччына, ЗША.
Безумоўна, большасць з перажытага М.Сяднёвым аніяк не магло ўвасобіцца адно ў паэзіі, сам жыццёвы вопыт патрабаваў формы празаічнай, легішым узорам якой і стаў аўтабіяграфічны раман.
На вокладцы кнігі "Раман Корзюк", аддрукаванай у Мюнхене ў 1985 годзе,-змрочны малюнак Ірыны Рагалевіч-Дутко: чорная ноч, што як тушшу заліла і неба, і зямлю; як прадрапаныя чымсьці зоркі-дзіркі; некалькі шляхоў сыходзяцца ў адзін дзесь
І74Барадулін Р. Аратай, які пасвіць аблокі.-Мн., 1995 C.123.
І75Беларус 1974, №207 (ліпень).С.5.
на ўяўным небасхіле і, загнуўшыся спіраллю, знікаюць; над усім вялікая жоўтая поўня, і гэта ад яе нежывога святла зіхцяць дарогі, на адной з якіх кволая постаць чалавека. Просты, нават лубочны малюнак, а напоўніцу перадае настрой кнігі, пачуцці герояў, жыццёвыя шляхі якіх абагрэты не сонечным цяплом, a заліты здрадаівай поўняй адной з галоўных "гераіняў" твора.
"Рамана Корзюка" найперш хочацца назваць трагічнай гісторыяй-драмай 30-х гадоў нашага стагоддзя, сцэнар якой пісалі ў менскім будынку на скрыжаванні вуліц Савецкай і Урыцкага. НКУС, зрэшты, здзяйсняла і пастаноўкі той гісторыі, і праводзіла рэпетыцыі. Гэта ў кабінетах НКУС, як сведчыць сваім раманам М.Сяднёў, выспелілася ідэя аб нацдэмаўскай змове "ва ўсебеларускім маштабе", "контррэвалюцыйнай шпігунска-дэверсіўнай арганізацыі". Вось і пачалі збірацца цэлыя турмы "кулакоў" і нацдэмаў, а ў кіраўнікі "Саюза вызвалення Беларусі" падбірацца вядомыя беларускія нацыянальныя дзеячы: Ігнатоўскі, Чарвякоў, Жылуновіч-Гартны. Іншымі словамі сказаў пра гэта ў "Рамане Корзюку" адзін з кіраўнікоў НКУС: "<...>усё, што мы робім, ні больш, ні менш санітарнае мерапрыемства", бо з Захаду ўжо "запахла порахам", а на каго, маўляў, абаперціся будзе ворагу, як не на такіх "інфіцыраваньгх" непакорай да савецкай улады?
Праблематыку "Рамана Корзюка" літаратура на Беларусі зможа распрацоўваць толькі на пачатку 90-х гадоў, калі знікнуць цэнзурныя і ідэалагічныя забароны. Толькі ў 1991-1994 гадах Алесь Петрашкевіч напіша дакументальную трагедыю "Воля на крыжы", дзе будуць асвятляцца тыя ж грамадска-культурныя і палітычныя падзеі, што і ў першым рамане М.Сяднёва і ў тым жа ідэйна-праблемным ракурсе176.
"Раман Корзюк" М.Сяднёва разглядаць і аналізаваць мэтазгодна ў сістэме праблемных і жанрава-стылёвых каардынатаў агульнай антытаталітарнай, "дысідэнцка-антысавецкай" літаратуры. Арыенцірамі аўтарскай задумы бачацца найперш творы А.Салжаніцына.
"Успомнім, што "Раман Корзюк" пісаўся М.Сяднёвым у 19831984 гадах,адзначаў Я.Чыквін у артыкуле, прысвечаным твор-
176Петрашкевіч А. Воля на крыжы // Полымя2000 №2 С.82-146.
часці пісьменніка ("Шлях да сябе"),значыць ён узнікаў пад знакам "оруэлаўскай" даты, і на ім, здаецца, ляжыць водбліск оруэлаўскага спосаба мыслення і мастацкага абагульнення. <.„> У шырэйшым плане М.Сяднёў, падобна Дж.Оруэлу, аўтару кнігі "1984 год", паказвае, як пад уздзеяннем палітычных ідэялагем і сухіх канструкцый, што рэдуцыруюць жывую, паўнакроўную рэчаіснасць толькі да памераў палітыкі, а палітычную дзейнасць да прапаганды і насілля, страшэнна дэфарміруецца тая ж рэчаіснасць і ўсё грамадства". Класіфікуючы два раманы М.Сяднёва як аўтабіяграфічную дылогію, Я.Чыквін першым правёў і слушныя паралелі паміж прозай пісьменніка і лепшымі ўзорамі прозы беларускай метраполіі: "У аснову сваёй дылогіі М.Сяднёў паклаў філасофію, характэрную ў беларускай літаратуры найперш для В.Быкава: класавым барацьбе і справядлівасці пісьменнік супрацьпастаўляе самакаштоўнасць чалавечай асобы"17 .
"Раман Корзюк" М.Сяднёва спавядальны дакумент пра гвалт-генацыд і здзекі з народа і уадначас абвінаваўчы акт і здраднікам, і катам (тыпу следчых НКУС Цімошкі ці Палітыкі). Беларусь ператварылі ў змрочны замак, адзін з "князькоў" якога начальнік НКУС. I жывуць (працуюць, вучацца, кахаюць) усе нібыта пад жудасным аграмадным каўпаком, у страшэннай пастцы-краіне. Аніяк з яе не вырвацца бацьку Рамана, селяніну з заслаўскага хутара Савосту Корзюку. Яго залічылі ў кулакі, адабралі жывёлу, коней, апісалі хлеб, не пасароміліся нават "экспрапрыіраваць" і пустыя гаршкі. I зямлю забралі. Да ўсяго пачалі лавіць як забойцу сакратара райкама партыі (хоць сакратара тога самі ж улады і застрэлілі: каб засведчыць "кулацка-буржуазны" супраціў на вёсцы). У пустой хаце трымаюць жонку і дачку, робяць засаду. He купаўся ў раскошы і малодшы сын. У яго, Рамана Корзюка, і абуць нават прыстойнага не было чаго на ногі галёшы не скідваў у інстытуцкай распранальні, бо стары чаравік прадзёрся, і ў дзірку вызіралі голыя пальцы. Так і шлёпаў на экзамен па дыялекгычным матэрыялізме.