• Газеты, часопісы і г.д.
  • Альбом для цёткі Марылі  Марыя Вайцяшонак

    Альбом для цёткі Марылі

    Марыя Вайцяшонак

    12+
    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 661с.
    Мінск 2019
    158.22 МБ
    Само павінна прайсці... Конь, кажа Юзючок, не баіцца дажджу, сцюжы. A хворае, малое? Можа, і праўда. Тут, y вёсцы, век са скацінай, спраканалыя людзі, як не верыць. Хіба яна, гараджанка, калі каня гадавала? Яна і падысці да іх першыя дні не адважвалася. Кабыла стаяла, як на палатне Рубенса. Калені, клубы — усё выварачана магутнай сілай родаў, выварачана схваткамі, пакутамі, боль штуршкамі ішоў, хвалямі. Расхіненае ўбакі пасляродавае цела ільснілася, бы ў дарагім уборы, з яго яшчэ не сышла тая раптоўная палёгка, калі нарадзілася жарабя, цела з той высокай амаль боскай прыгажосцю саміцы. Непадалёк ад іх некалькі раскідзістых старых дубоў. Быццам і задалёка адзін ад аднаго, але выдавалі гаем. I з якога боку на іх ні зірнуў, усё роўна яны стаялі не паасобку, быццам кожны з іх увесь час, увесь век памятаў пра астатнія, паварочваўся тварам, пільнаваўся, бы ў нейкай сур’ёзнай мужчынскай гульні. A можа, гэтая блізкасць ад рэдкай дасканаласці волатаў напроці іншых дрэў. Ніводнай лішняй галіны ці лістка, і нават заламаны навальніцай сук не калечыў. Сухі, павалены дуб абапіраўся аб зямлю моцнымі сукамі, стаяў сярод жывых высокім урачыстым саркафагам. Падысці асцярожна, пачаставаць кабылу ласункам і зноў сесці пад дубамі, глядзець збоку, сцяўшы вусны ад захаплення. Доўга не знаходзіла да яе слоў пяшчоты, ласкі, бы перад вачыма велічная высечаная статуя. Жарэбка Лялька, нагойсаўшыся, іншы раз клалася
    каля самых матчыных ног, каля капытоў, цяжкіх, каменных, перавязаных путам, нязграбных. Якраз жа галавой, і вочы заплюшчвала, спала, без усялякай асцярогі, бы спушчанае з рук, нізка, y прыпол. Няўжо не зачэпіць?!. Кабыла аднойчы сама першай пазвала жанчыну да сябе, ціхім, як да жарэбкі, іржаннем. нават і не іржаннем, a быццам проста па клавішах прабеглі лёгкай рукой. Убачыла, высока падняла галаву і пайшла насустрач, да рук, крок далікатны, на абцасах. Захапленне, страх згаслі, асвяціліся сінія па вядру, разумныя вочы жывой істоты, якой звычайна патрэбна чыстая вада, бульба, бурак, абмешаны мукой, нялішне і кош травы, яблык, каб не прапала малако.
    A дождж амаль не пераціхаў. Спрабавала напытаць, каб хто ў вёсцы пусціў жарэбку, пакуль хварэе, y свой хлеў. У адказ една тое: коні, маўляў, сцюжы не баяцца, дождж ім не шкодзіць, не бядуй, вучыцелька!
    У тую ноч надышла бура. Хату накрывала цяжкой хваляй, не паспееш адсапсціся, як за ёй ішла другая, трэцяя. Захлынула вокны, шум, плёскат, гойданне дрэў укалыхвалі да ванітаў. Страх заснуць, бы ты яшчэ можаш сваім розумам даць якую раду, упільнавацца, каб цябе не сарвала з месца, не аднесла далёка ад людзей. Назаўтра, ступіўшы на зямлю з таго начнога каўчэга, ледзь пазнаеш наваколле. Мокрая, шэрая, як мыша, птушка на клёне. Суседка на ганку ў хустцы нанайніцу, ступае асцярожна, каб не паваліцца, ідзе ў сад да выварачаных яблынь, да затопленай бульбы. Рукі вісяць уздоўж цела, ужо яна, выдавалася, доўга не змусіць нічога імі рабіць, наглытаўшыся гэтай цёмнай вады — бяды. Рака затапіла хлявы, лазню, ідзе перакатамі, шуміць дажджом, бы кожная кропля ў ёй яшчэ жыве асобна, гамоніць сваім голасам. Праехала па вуліцы пустая падвода, a падалося, што зноў варочаецца навальніца. Галасы ў вёсцы над вадой чыстыя, званчэйшыя, далёка чувацца. Жанчыны клічуць да сябе дзяцей, пабыўшы, зноў клічуць — надта блізка бяда. Нават паспускалі з ланцугоў сабак. Скрышаныя зёлкі, кветкі, водараслямі матляецца лісце дрэў, чорная зямля пад нагой, ані следу, бы й не было дагэтуль жыцця твайго, працы. I самае нязвыклае пасля — мыць ганак, ставіць чайнік, трымаць запалены сярнік, бачыць агонь, бо ты ўжо на самым дне затопленага сусвету.
    Раптоўна ўспомніцца, што на тых днях, якраз перад бурай, бачыла жанчыну ў чорным. Ішла яна ў поле да лесу ад вёскі, не зразумець толькі, ад чыёй хаты, хто. За плячыма высока каса і граблі. Ідзе, крокаў не відаць, a рухаецца, перамяшчаецца хутка, быццам і не на сваіх нагах, a па ветры, зачапіўшыся грабавідлам за хмару. Лёгка, краем лесу, зайшлася ў кусты, дастала свой грыб, пэўна, зазначаны надоечы. I зноў яе бачыш ужо на гэтым баку пералеску. Ідзе нетаропка, не тое што каб да нейкай работы. A здалёк дык быццам ходзіць пракосамі: узад-уперад, узад-уперад. Граблі высока над галавой — пэўна, зграбала, ссоўвала да вёскі хмары. I сонца свяціла, і відно, што не старая, a яна выйшла сенаваць y чорным... Назаўтра — бура, разводдзе, бяда.
    Нехта каля ракі сказаў і забыўся на тое: маўляў, загінула народжанае гэтай ноччу жарабя, набрала вады ў вушкі. «Як гэта?!» — перапытвала Ганна ў людзей. «А, ведама, калгаснае...» — адказвалі абыякава, бы яно, калгаснае, нетрывушчае, асуджанае на пагібель, нечага і дзівіць.
    I Ляльцы з начы пагоршала. Кабыла нервавалася, ускідвала азадкам, ляскала ў паветры капытамі, шугала мачой, як з вядра, ці то баронячыся ад двух жарабцоў, ці то штукуючыся перад імі; тыя, пэўна, недзе адарваліся ноччу, табуніліся каля яе. Лялька ўжо не здужала нават падняцца з зямлі. У храпах стаялі буйныя кроплі расы, цельца як мачонік, a яна нетаропка, па-жабрацку, бы са стала старэчай рукой, падбірала губой крошкі хлеба. Во калі парвала ўсе зашчапы, забароны вясковыя — трэба самой браць раду, нікога болей не пытаючыся! Гэта скачаная бурай трава, гэтае мокрае поле не выцягнеш з-пад жарэбкі, не перасушыш, як посцілку, не перакінеш. I самой табе не будзе спакою, што б там ні казаў Юзючок, чаго б ні маўчала абыякава вёска, бы й ты ўвесь час на ейнай сырой хворай ложы. Ні з кім не радзячыся, фуфайку на сябе — пабегла ў суседнюю вёску па ветурача.
    Ішла, злавалася на сябе, выгаворвала некаму як не ўголас. Бурым заносіла паабгрызеныя каровамі пагоркі. «Хапае кабыле травы», — пярэчыў Юзючок. A жарэбцы? Чаму ніхто з вёскі не падышоў, не параіў ёй, гараджанцы, даваць яйка з сахарам, яшчэ ж на памяці ў старых людзей, як выхаджвалі немцы сваіх знямоглых y дарозе жарабят? Лялька ўсё ж радзей
    падыходзіла да вымя. «Калгаснае...» — як яны кажуць. Сама вінавата, не звярнула ўвагі, думалася, што сп’яна выгаворваў ёй сусед Паўла: «Каб гэта сваё, a так спасіба ніхто не скажа! Я во быў узяўшы з фермы ў кішэню, можна сказаць, смецця, прадсядацель мяне пасля гэтага на кожным сабранні спавядае. Дык я пасля буду ягонае жарабя падымаць?!.» Але ж гэта не мёртвы калгасны інвентар, не кола ці плуг, каб ісці й перажаргаць. Гэта ж не старшынёва, a жывая, боская істота, як душа трывае? Вось няхай, маўляў, Бог і пільнуецца, і ратуе жарэбку? I ты пяклуйся, калі табе трэба... Ці не спазнілася яна? Ці не позна пайшла перак вёскі? Перак старога гаспадара Юзючка, ухвалёнага дзедам Ляксеем: «Во, Юзюк! Ён хадзяін! У яго, каб ты паглядзела, якія сві-і-нні!» Чаму ж не — свінні ж свае, не калгасныя! Цяпер, ідучы па склізкай дарозе, разумела, чаму не хінуліся да яе Юзючок з Настасяй, як бы й не заўважалі ейнай дапамогі, быццам чакалі, калі нацешыцца гараджанка, надакучыць ёй забаўляцца з коньмі. Паздароўкаецца каторы — і прэч, не пастаіць, не загаворыць. «Можа, проста некалі ім, старыя ж людзі, a бульба яшчэ на полі, a свая скаціна ў хлеве, восень, разважала раней. Як y злосці ўсё роўна ходзім...» Тады, успомнілася, дашчэнту збедаваўшыся па Ляльцы, адчула патрэбу нарэшце сустрэцца са старымі, пара надышла пабедаваць разам, як парадніцца на момант, — адну ж бяду маюць. Пайшла ў хату. Падсвядома жадаючы ўдзячнасці ад старых, сама ўзяла з сабой гасцінец, панесла. Настася сустрэла на панадворку, несла поўнае вядро сырадою. 0, якім знакам, якой дарагой узнагародай быў бы ёй кубак малака! Яна, як чараўніца, напаіла б ім усіх знявераных y сялянскай добразычлівасці, y сялянскай высакароднасці, акрыяла б сама, амаль пакутуючы каля хворай Лялькі. Але Настася, як заўсёды, спяшалася.
    Вярнуўшыся да сябе ў хату, Ганна стала тады перад Адзігітрыяй. Не ведаючы пацераў, прасіла дапамогі, звярталася чамусьці да ейнага дзіцяці, пэўна, не адважваючыся трывожыць засмучоную чалавечым лёсам Багародзіцу. A можа, яно, маленькае, народжанае ў хлеве, каля жывёлы, само распытвала ў жанчыны пра жарэбку? Чужыя ў гэтай вёсцы й калгасныя коні, і яна, гараджанка, каму ж яшчэ да іх справа?..
    Там-сям y лесе падымаліся з нізін, спяшаючыся, надзявалі аберуч шапкі на самыя вочы, беглі на пагорак апёнкі. Зарана,
    праўда, але ж такая сёлета сырызна. Зусім побач храснула, павалілася надламанае бурай уначы дрэва. Медзвядзём роў, выдавалася, y самыя вушы дзед Ляксей, неяк ведучы кабылу да работы. A заўсёды ж быццам такі прыветны чалавек: «Няхай ро-о-біць, нагуля-я-лася, халера яе не возьме!..» Успомнілася, як помсліва тузаў за аброць, спаганяў тое, што жарабя прывяла, што гуляе, a ў вёсцы такая пільніца — якраз жа салому калгас дзяліў. Пакуль усе навазілі... Доўгая была Ляльцы тая дарога, тады й закульгала...
    — Ну, што, цётка, маеш? Чаго прыйшла? — запытаўся ветурач, калі знайшла яго ў канторы.
    Ганна тлумачыла, збівалася, зноў гаварыла, a самой аж y твары стала горача. Цётка... Думаў, што нейкая калгасніца... Ён жа не такі ўжо і малады гэты «пляменнік». Можа, і аднагодак... Пэўна ж, абшушкаўся, y фуфайцы, боты гумовыя ў гразі па халяву, твар збедаваны. Не, каб напудравацца, намаляваць вусны!.. Адным словам, бясполая істота перад мужчынай — «цётка!» Не, не ўмее яна сябе паставіць y вёсцы! Трэба было з’явіцца амаль афіцыйна, патрабаваць, a не прасіць хуткай дапамогі, ведаючы ад людзей, што ветурач аніякі ў калгасе, што гіне маладняк на ферме. Ён жа і сам быў павінен даўно наведацца і сачыць за здароўем малой... «Падыду, калі буду час мець», — адказаў, з гэтым і вярталася. Грэбліва адмінаючы лужы, ішла з фермы, як на тое, жанчына... y лакірках на босую нагу. Во, пэўна ж з вясковай інтэлігенцыі, не іначай. A яна, адным словам — цётка, аніякая не настаўніца...
    Каго цяпер дакараць, каго вінаваціць? Ну як нельга было зразумець, здагадацца, што меў на ўвазе Юзючок, калі казаў: «Што будзе, тое будзе, a бульбу то ўжо выкапаем!..» Марудзіў клікаць на дапамогу, бо прыедзе ветурач, мусіць забраць ка~ былу з жарэбкай лячыць на канюшню — нечым будзе разагнаць барозны. Вось і ўся прычына! Мокрая сёлетняя восень. Бачыла, неяк зайшоўшы: ляжыць баба Стэпка ў халоднай хаце, увярцеўшыся ў коўдру: «Ай, гэтак да дажджу спяшалася ўхапіць бульбу! Ухапіла... Але ж, во, печ яшчэ не цеплілася, сагрэцца не здужаю, усё цела ахлудзела...» «Задаўленне» як яна кажа, паднялося ад такой работы... Лятуць людзі навыперадкі да Юзючка, просяць каня — ратуюць бульбу.