Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
Выносіла з пакоя, зачыняла дзверы, ішла да сябе ў майстэрню. Трэба сказаць няні, каб не расказвала ёй болей на ноч страшныя казкі, абавязкова трэба папярэдзіць...
Ноч. Ледзь гойдаецца квяцістая шаўковая фіранка на ад чыненым акне. Круглатварая поўня ўжо ў пакоі японскай багавіцай Шчасця. Тая з сямі, што расказвае дзіцяці казкі... Сон морыць. Сон утомны, рознакаляровы. Хто гэта?! Маці... Яна спавівае Франчыны ножкі ў сваю начную кашулю, горне ў падол. Разнімае салодкія вусны: «Мачыха завяла дзяўчо ў лес і кінула там. Хто ў лесе, хто ў бары — прыйдзі да мяне ночку начаваць, — просіцца малая. — Я ў лесе, я ў бары, я прыйду да цябе ночку начаваць, — адзываецца мядзведзь». Сон цалуе абедзвюх y вочы. Голас маці хвалямі: то мацнеў, чуўся зусім блізка, то затухаў, зноў накочваўся, гойдаў яе, як на гушкалцы. «Прывёў мядзведзь да сябе ў логава, пачаў слаць пасцелю: рад палення, рад камення — і ступу наверх». Мулка пад бачком, яна скрозь сон закраталася. Каціся бліжэй, каціся да мяне, горне маці. Яна бярэ Франку за ручку і ўжо разам, пабраўшыся, яны ідуць праз лес, разам да мядзведзя, разам заглядаюць y ягонае вушка, поўнае розных прысмакаў... A што далей? Далей маці ўстане, прыснуўшы дзіця, і будзе гатаваць y сагане абіраную бульбу з соллю, і ні скарыначкі, каб хаця пранашчыцца...
Франка падхапілася, няня! крычыць, да чаго гэта: яна зноў убачыла ў сне сваю маці-нябожчыцу, жывою... Ідзе да Тусі. Тая ўжо не спіць, вейкі ледзь сплюшчаны, погляд як y птушаняці ў чужым гняздзе, зыркі. Пачынае весела гукаць да яе, забаўляць: «Не смяшы мяне, я не люблю, калі мяне раніцай смешаць». — «Чаму, Туся?» — «Я зайдуся... Мне вось тутака робіцца блага», — паказвае на грудкі.
Збянтэжана адыходзіцца: Божа, хто гэты чалавечак? Ніколі не задае пытанняў нічым не цікавіцца. Іншы раз здавалася, што да яе не даходзяць гукі, пахі, святло, хацелася правесці рукой перад вачыма, каб упэўніцца, што вочы ейныя бачаць. Туся не хацела знаёміцца з навакольным светам, быццам ужо была ва ўсё пасвячоная.
Дзынькнула разбітая талерка, за ёй ляціць на падлогу кубак, ляпнулі дзверы — гукі выбухамі на ўвесь дом. Не, яна не накрычыць, але як растлумачыць, што разбіты збан стаяў
дзеля прыгажосці. «Навошта ён... ты ім не карысталася», — па-гаспадарску прыціскае Туся далонькай усё трапяткое, усё няўлоўнае.
Чыстая праўда, яна сама ўжо чуе толькі гэтыя разбуральныя гукі.
Ішла да сябе ў майстэрню — вярнуўшыся з Японіі, уражаная краінай, хацела намаляваць цыкл карцін. Садзілася ў крэсла, каб крыху засяродзіцца, галава раптоўна хінецца на плячо, нейкая незразумелая прыгнечанасць амаль на біялагічным узроўні, як y расліны. Ніякіх успамінаў, ніводнай краскі навокал, нават шуму жывой лістоты — пустое бадылле, аніякай апоры пад нагой — уся прастора цяпер быццам належыць малому дзіцяці.
Але ж трэба неяк размежавацца — яна пасадзіць Тусю маляваць y пакоі на другім паверсе. «Я не хачу тут быць!» — «Чаму?» — «Там ляжыць мёртвы матыль!»
— Няня, дзе ты?!
Глядзела на іх y садзе праз акно, здалёк. Позняе замуства, не мела сваіх дзяцей, марыла аб дзяўчынцы, аб дачцэ, чакала, быццам хадзіла цяжарная, быццам яшчэ быў час, забываючыся, што дзіця ўжо побач. Сем японскіх багавіц Шчасця абступаюць яе, і кожная з дзіцем. Адна з іх падхапіла доўгае кімано, прыбірае ўсё ў майстэрні з-пад ног, рассоўвае па кутках, каб не паваліцца, гуляючы ў хованкі. 3 завязанымі вачыма, знарочыста стаіўшыся, яна ходзіць узад-уперад, ловіць дзіця. Яна блізка чуе ягоны малочны пах, водар, ёй лёгка яго злавіць, як лёгка ў суцэльнай цемры дакрануцца да сваіх вуснаў. Але яна марудзіць. Яшчэ некалькі хвілін блазноты, каб пабыць з ім y адным узросце, y ягоным бязмежным часе — патрапіць яму. I вось яно ўжо злоўленае, цёплае, вісіць y цябе на руцэ, калоціцца птушанём, б’ецца ў сутонні тваіх каленяў. 0, як доўга яны былі разлучаны ў сусвеце!..
Зрэдку, заўсёды неспадзявана наязджаў з вёскі швагер. Маўклівы, медзведзяваты мужчына ішоў па пакоях, як па полі, шырока расчыняў дзверы, шукаючы дачку. Хапаў яе, лавіў ручкі, ножкі, цалаваў усё па парадку. Туся, знямеўшы ў ягоных нязграбных ласках, хатульком спаўзала па жываце на падлогу.
Франка стаяла збоку, бянтэжылася, быццам не мела дазволу іх бачыць.
Швагер хутка ад’язджаў. «Ты мяне не шкадуеш!» раптам расплачацца Туся. — «Я цябе шкадую, калі сцялю пасцелю, шкадую, калі вару табе кашу, калі мыю твае сукенкі...» Яна ўсё зробіць, усё, што патрэбна, але толькі каб не прыручыць да сябе моцна. Бо трэба на зіму вяртаць Тусю да бацькі з мачахай, y вёску няня бабіць узімку сваіх унукаў, можа дапамагаць толькі ўлетку. «Чаму ты з намі не едзеш?» — пыталася Туся, ад’язджаючы. — «А што я там буду рабіць? y мяне ж тут праца», — «Паштаркай можна ці ў канторы, y краме...»
Развіталіся. Садзілася за пісьмовы стол, рыхтавалася да лекцый — і не магла пасля разабраць свой почырк. Бралася за нейкія недаробкі, нешта цыравала і дзівілася — гузікі прышыла з найніцы. Трэба было ад самага пачатку ўладкоўваць сваё звыклае жыццё. Вось нарэшце ўсё на сваім месцы, кожны прадмет. Нарэшце можна сесці на тэрасе, кубачак кавы з кардамонам, спакойна, нікому не трэба даваць заўвагі, не чуючы смаку за сталом: «Туся, не гойдайся, Туся, не чвякай, Туся... Туся... Туся...» Нарэшце можна жыць y свеце сваіх фантазій.
Толькі нейкая крыўда, як y дзіцяці, што яе не ўзялі ў вёску пагуляць y хованкі.
«Люблюлюблюлюблю», пісала заўсёды Туся на паштоўках з вёскі, адным доўгім загадкавым словам.
Зіма, вясна, зноў лета. Вяртаючыся з працы, іншы раз і ў дом не заходзіла: няня, збірай Тусю. Садзілася ў «Шкоду» на выставы, y музеі, на розныя святы, проста ў госці. Размовы, відовішчы, a застаўшыся адна, дзяўчынка садзілася і з году ў год выразала з паперы цюльпанчыкі. Хто яе навучыў?! «Туся, давай збяром кветкі, табе ў школе загадвалі зрабіць гербарый». — «Гэта дзяўчаты ў класе любяць матылёў, кветкі ляпляп-ляп y кніжку. A я толькі калі лісцікі...»
I наогул, дзе гэта ўсё адбываецца? y чыім злым доме? «Туся, ты не памыла ногі нанач». — «Я раніцай ногі мыю». — «Ты зноў без шкарпэтак абулася», «Толькі адну нагу без шкарпэткі», — адказвае скоранька, бы якая сараканожка. Перасцілае ложак, знаходзіць пад сенніком костачкі чарнасліву, паперкі ад цукерак. Туся?! «Гэта яшчэ ў залецці». Маніць спрытна, амаль весела, бы счытвае з гатовага. Нічога ў доме не схавана, не замкнёна, і сама Туся ўвесь час на вачах, разам. Дык тады што — ноччу?! Хаваючыся?! Смачней,
калі адна ласуецца? I ёй не гарчыць гэты смак адзіноты, быццам яшчэ не зведана сямейнае, няма тут чалавека, з кім хацелася б падзяліцца?!
Падводзілі нервы. Дом напаўнялі нейкія незнаёмыя дагэтуль гукі, шоргат таямнічага жыцця. Нехта нябачна падпільноўваў яе, каб счакаць, калі адвернецца спіной, гуляў з ёй y злыя гульні. Мышынымі гнёздамі ляжалі пад ложкам пакамячаныя паперкі ад цукерак, печыва. Ніколі не дазваляла сабе ўгневацца, накрычаць ніколі.
A што калі прырода зла мае такія ж правы, як і дабро дзеля раўнавагі? Дзеля цэласнасці свету? I трэба спакайней, збоку назіраць, як мастак, за ягонымі праявамі?
A што калі... I раптам расплакалася ўголас: «Туся, ты мне ўвесь час маніш! Я больш так не магу!» — «Ніколечкі не буду, цётачка Франка!» заламала рукі, узмалілася, вочы поўныя пуду. Франка як знявечылася — так віняцца толькі перад чужымі, строгімі, няўмольнымі цёткамі.
Нянька падбягала, супакойвала:
— Не рві сваё сэрца, Туся, праўда, ужо ладная, але нічога не разумее, паглядзіш — яна паправіцца, палепшае.
Туся яшчэ і яшчэ абяцала, прылятала кожнае лета, прыкладалася, як пчала, да сухіх кветак і адлятала — ні з чым. Варта было даць Тусі заўвагу ці параду, «дык ты хочаш, каб усё па-твойму было?» — скажа і сама спужаецца.
A ці ведала яна, якое шчасце паўтарыць раптам жэст маці, ейнае слова, міміку, звычку? Гэта ўжо як сустрэча, неспадзявана напатканая ў падсвядомасці: як твар да твару, калі ты з малога, без яе, навобмацкі ходзіш сярод чужых...
Туся яшчэ пісала на паштоўках, на сурвэтках папяровых за сталом: люблюлюблюлюблю.
Ці не гуляе ўжо яна ў гэтае слова, усыпляючы цётку, здагадваючыся, што з гадамі ёй яно неабходней, як калісьці было неабходна самой Тусі ў дзяцінстве?
Не можа быць! 0, яна яшчэ зразумее! жанчыны кожан раз абступалі яе, цешылі сябе, луналі над ёй аж пад столлю анёлы толькі давалі ходу.
A што калі Туся адчувала: любяць, але не яе, і ненавідзела тую, што як за ейнай спіной увесь час, якую яны бачаць y сваіх марах, якую чакаюць?!..
Зноў хадзіла па пакоі ўзад-уперад, узад-уперад... Перабірала сустрэчу з сяброўкамі ў «Ракаўскім бровары». Якраз насупраць за сталом сядзела там маладая маці з дзяўчынкай. Яна раз-порах абнімала малую, гладзіла ручкі, цалавала: «Мая ты прыгажуня... Мая ты панна...» Дзяўчо пазірала безуважна, амаль не дыхала, нічога не гаварыла, як y непрытомнасці. Беглы, кароткі погляд, нізкі лоб — усё ў ёй увабрана ў сябе, з той пароды, рэдка калі на ўдачу развіхнецца з гадамі, закрасуе. A маці надзявала ёй на шыю нізкі пацерак, чапляла бліскучыя абручыкі на галоўку, каб узрушыць ейны сон, пабудзіць. Ні на кога не звяртала ўвагі, як y трансе, бо, пэўна, падышоў такі момант, калі маці робіцца магам, чараўніцай. Яна лячыла сваё дзіця, яна яе замаўляла: ты прыгажуня, ты прыгажуня... Няўжо ведае, што яно непрыгожае?
Багавіцай шчасця пазірала навокал, уладарна прымушала ўсіх за сталом верыць y тое, аб чым гаварыла дачцэ.
Чаму ўвесь час гэта ўспамінаецца?
Тэлефонны званок перапыніў ейныя сумневы. «Мама!» радасна, не вітаючыся, як наўздагон, ідучы ззаду, даганяючы на вячэрнім змроку. Франка маўчала. «Мама?!» — ужо сумняваючыся. На момант адчула тую таямнічую сувязь y голасе, тую танальнасць адносін, калі не існуе перашкодаў, не існуе адлегласці заўсёды побач, бы яшчэ і пупавіна не адрэзана. Франка не прызнавалася.
«Мама, ты?» зараз дагоніць, паверне за плячо, паглядзіць y твар... «Вы памыліліся», — адказала, пачуўшы свой прытворна-малады голас...
Толькі цяпер яна заўважыла на стале ляльку, падараваную ў Японіі. Збоку быццам гуляе сама з сабою, a калі павянуць... На шчоках ружовае святло ад лямпы, як ад сонца на белым снезе, калі яно на самым захадзе. Сонны разрэз вачэй — лялька толькі прачнулася. Адна рука прыпадымалася, прымеркаваўшыся, каб легчы на тваё плячо, моцна абхапіць. I вочы ўжо прыспушчаныя, глядзіць перад сабой, дробныя крокі, ужо набліжаецца, несучы ў выцягнутых руках поўную чашу ўмольнага нясцерпнага жадання.