Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
Як здароўе, пытаецеся? Па гэтай жызні: якая жызня, такое і здароўе. Ляжаць магу, a хадзіць цяжка, усё баліць.
Раптам заўважаю: перад ім y траве, y пыле ляжыць кніжка.
A што ж чытаеце?
— Казкі, — адказвае, адкінуў вокладку, глядзіць асалавелымі ад чытанкі вачыма.
Казкі?! Аж дух заняло ад неспадзяванасці. Раптам адчуванне надзвычайнай палёгкі, бы трапіў y ягоны казачны астральны свет. Адчуванне дасканалага імгнення, калі душа падымаецца над табой, a ты, амаль не дыхаючы, нема азіраешся, нічога не пазнаючы, ідзеш па вясковай дарозе, перабіраеш нагамі, як прывід. Пэўна, y такія хвіліны цябе ўжо аніхто не бачыць, які ты ёсць. I сам не памятаеш аніводнай недарэчнасці ў жыцці ні сваёй, ні чужой. Толькі вось гэта ў чалавеку на тваёй дарозе вартае ўвагі. Якое цудоўнае, якое неспадзяванае жыццё, як бы мы адзін аднаго ні калечылі.
Шчыміць уваччу, гарчыць на вуснах, пэўна, ад палыну...
АМАРЫЛІС
Завірусе на пагорку нічога не перашкаджала, як y стэпе: нікла да вокан, лапала па сценах, адчыняла слабыя казённыя запоры пад’ездаў, форткі, качалася марцовай коткай. Нейкая ейная гулёная разняволенасць перадавалася й чалавеку другі дзень новага году, як на другі дзень вяселля, калі ўсе ўжо перазнаёміліся і разам пераначавалі. Ляпнула фортка, y пакой уварвалася паветра, свежае, набрынялае ляснымі гушчарамі, вецер зашчаміўся крысом y дзвярах, рэкнуў, вырваўся на пляцоўку — і я за ім, і тут ужо пах зімовай навальніцы. Апранаюся на хаду, пачуццё, што мяне ўспомнілі, за мной зайшліся, як было ў дзяцінстве, калі скачаныя ў снег дзеці гурбай увальваліся ў хату, што і дзверы не зачыніць. Куды ідзеш? па што? — абы з хаты! Шчанючку Марту за пазуху — і ходу!
Шаравой маланкай бліснуў ліхтар на слупе і згас. Завіруха сціхла, вея — завуць яе ў нашай вёсцы. A ні следу, цёмныя пячуры сумётаў, вуліца ляжала імшарай, наламанае галлё ў скверы скінутымі з дрэў птушынымі гнёздамі. 3 пагорка сумёты ішлі плыткімі хвалямі, бы на беразе ў час адліву мора.
Гэтую энергію патрэбна было сабраць, як ранішнюю расу сабе на твар.
Анікагуткі. Праўда, ля сметніцы зварухнулася жывая жаночая постаць, убачыўшы мяне, прытка абярнулася, як да знаёмай начніцы:
— Во! I нашто каторы, каб запытаўся, выразаў усё ў сярэдзіне? — трымала ў руках знойдзены абутак. — Харошыя ж боты, імпартныя!
Гідліва адкінула іх убок, выгаворвала некаму, наракаючы, маўляў, жывуць тут людзі, не адчуваючы пад сабой ейнага хісткага яруса, не ўлічваючы ейнай патрэбы. Разглядала мой норкавы паўбурносік увішным чаплістым позіркам, бы перавязвала мяне таўстой вяроўчынай, якой і сама была падперазаная. Пайшла далей перабіраць сметніцы, пайшла слабодным, упэўненым крокам — яна гаспадарыла тутака, пэўна, заўсёды. «3 новым годам!» — крыкнула мне, адыходзячы. На момант я намацала пад нагой самую ніжнюю прыступку
лесвіцы і таксама, як і яна, не паслізнулася, прыняўшы за гонар ейную свойскасць.
Сустрэча з жабраком часта адкідвае мяне прэч, я перад ім гаспадыня-самазванка нават і тады, калі адчыняю яму катораму дзверы і ў сваім доме.
Мы абедзве збіралі гэтай ноччу тое, што было непатрэбна ўсім, хто моцна спаў, закалыханы веяй.
Баюся, што памылюся: крыху пабыўшы, пэўна, выйдзе перабіраць сметнікі баба Тася. Суберыць і адкінутае жабракамі «арыстакратамі», перамые, папрасуе, зацыруе і складзе ў шафу не сабе, бо жыве ў такім-сякім дастатку. «Парой будзе... раздам», — адказвае дачцэ (тая сварыцца, саромеецца матчыных выхадак), маўляў, прыдуць яшчэ цяжэйшыя часы, трэба некаму запасіцца на кожнага збадзялага.
Мне вусцішна пераняць ейны ясны зрок — няўжо спраўдзіцца? Цяжка сабе ўявіць бабу Тасю з рыззём y сваёй сям’і, але я яе разумею, амаль па-змоўніцку, бы недзе ў падсвядомай цемры таксама рыхтуюся да горшага, як чыясьці ахвяра. Мат ка найсвенша, каб запытаўся, хто толькі нас спарадзіў?
Колькі ўжо прайшло таго часу, пакуль мы тут «прымяралі» імпартовы абутак, мяне могуць спахапіцца дома, і шчанюк досыць накуляўся ў снезе. Але гэты навагодні «фэст» толькі распачынаўся: па снезе ішла жанчына, Начная Дама — далі ёй мянушку ў нашым доме. Рухалася, не гледзячы пад ногі — вызначаная, намацаная гадамі начная сцежка, яна заўсёды, казалі, гуляла па начах, імшары, пячуры снежныя ей не заміналі. На прыполе, замацаваныя жывулькай, маленькія камочкі ваты, прыбрала сябе ялінкай, як y бясснежную зіму.
Папраўдзе, я яе амаль не бачыла, ейнае жытло на першым паверсе: вокны звонку застаўлены заўсёды дошкамі, завешаны посцілкамі. Аднойчы спатрэбілася зайсціся па сантэхніка, ён, падказалі, якраз нешта рамантаваў y ейнай кватэры. Завіхнутыя рыззём ножкі стала, крэсла, нават краны, стокі туга загорнутыя, як перацятыя. На вокнах байкавыя коўдры, каб аніякага шуму, гуку, голасу вады, дрэва, голасу чалавека. На падлозе, на канапе, паўсюль расчыненыя, як скарбонкі, ляжалі тоўстыя кніжкі. Яна старанна збірала свае думкі, старанна абараняла рэшткі розуму. Казалі, яна
згубіла ў вайну дзяцей. Я хутка сышла, адчуваючы недазвол гаспадыні гэта ўсё бачыць, затрымаць y адчыненых дзвярах варожы ей свет.
Стук малатка выдаваўся падземным, адбойным.
Цяпер яна ішла разняволена (хоць ты скрозь праваліся на месцы, каб хаця не перашкодзіць), пазірала на завешаныя сонныя вокны, спынялася, нешта там разглядаючы. За шыбамі стаялі вазоны з кветкамі і больш быццам нічога. Жанчына глядзела на іх, бы на жывыя істоты — краталіся вусны, лавіла хуткім позіркам нечыя няўлоўныя рухі. Магчыма ў гэтых кветках бачыла сваіх дзяцей, заўважала, як расце каторы, што расквітнела, што падрасло за дзень, за тыдзень, за год. Вунь ужо гарыць y цемры тугая пупышка амарыліса.
Агароджаныя ноччу ад людзей фіранкамі, кветкі належалі толькі ей.
Ад гэтай пары, спраканаўшыся, што Начная Дама ходзіць каля дому, зразумела, што ёй будуць належаць і мае сны.
Раптам цішыня накрыла з галавой, як капшуком. Шчанючка Марта віўкнула на руках, агрызнулася ззаду даганяў чалавек з ратвейлерам. Я спынілася, каб даць дарогу, мой малы правакатар завурчаў яшчэ мацней. Сабака кінуўся да нас з брэхам, пачаў атакаваць круга.
— Забярыце сабаку! — закрычала я.
Мужчына стаяў нерухома, даючы волю свайму гадаванцу. Насунуты капшук на самыя вочы, глядзеў не мігаючы, зрок прыцэльны. Сабака раз-пораз падымаўся на заднія лапы, даставаў да плячэй.
— Забярыце сабаку... я... цяжарная...
Суха ў роце, перацяты на момант усе сувязі з улоннем, нам абоім не стае дыху. Толькі б дзіця не пачула майго здрадніцкага голасу, майго страху.
Ён забраў сабаку імгненна, пайшоў прэч, сагнуўшыся ўдвая, несучы, як цяжар, маю звестку свету. Ні муж, ні мае родныя яшчэ аб гэтым не ведалі. Страх і абраза-. ён? першым?
Я яго пазнала: жыве побач y суседнім доме, заўсёды ходзіць, захінуўшы твар, рукі з кішэняў выпіраюць колам, шалупінне сланечніка на вуснах, на ветры ззаду. I я перад ім ужо быццам трымала на руках сваё дзіця, захінаючыся, прасіла літасці да сябе?!
Так, гэта ён, гэта ягоная галубятня ў скверы. Зрэдку стаяў, закінуўшы голаў, глядзеў уверх. Галубы, падняўшыся высока, амаль знерухомелі, бы знайшоўшы там апірышча, ледзь дасягальнае для зроку, тая вышыня, адкуль ніхто іх не можа спудзіць і нават свіст гаспадара пэўна таксама туды не далятаў. Ледзьве варушыліся празрыстыя трапяткія крылы, як на самым кончыку моцнага полымя-шаламя. Полымя гасла і галубы вярталіся. Іншы раз, падсвечаныя халодным сонечным промнем, птушкі ўверсе нагадвалі кволыя першыя кветкі, ледзьве падфарбаваныя вясновай цнотай. Галубы вярталіся.
I цяжка было адрозніць сярод свойскага вуркатання галубоў чалавечы голас.
Тады як гэтае відовішча спалучалася з маёй начной сустрэчай?
Што гэта: галубіны від спорту — не болей? прытулак здзічэлай душы? ці звычайны гандаль? Навошта яму было зневажаць, страшыць чалавека, якога нават не ведаеш? Хіба ўжо надышлі такія часы, калі кожны стаў самавыяўляцца як найгорш? Мы ўжо жывем сярод аб’яўленага злачынства? Ці можа гэта не па злосці, a проста адольвае хваравітае пачуццё безабароннасці? Выходзіць іншы чалавек на вуліцу са сваім вартавым сабакам без павадка, як з ружжом ці то дзеля абароны ці то дзеля нападу. Цяпер я ўжо прызвычаілася, жывучы на пагорку. Цяпер шукаю згоды не з гаспадаром, a з ягоным пестуном: знаёмлюся, дазнаўшыся мянушку, гукаю да яго каторага, нешта тлумачу, сівеючы ад страху. Чарнабровы нямецкі аўчар Акорд ужо не кідаецца з брэхам пад ногі. Сярэднеазіяцкі аўчар Рэй садзіцца наводдаль, пільнуе нас са шчанюком, як тых авечак. Каменныя лапы, сабраныя ў камок, выцягнутыя перад сабой, галава нерухомая, як y сфінкса, і такі жоўты пустэльны погляд, што ў мяне поўныя вочы жвіру. Мы дамовіліся з ім аб вечным маўчанні.
Умомант для мяне ўвесь свет стаў варожым: я цяжарная... мне могуць перашкодзіць... Ад напружання звінела паветра, быццам дрыжэлі шыбы ў вокнах. Я парадзіха... Я амаль багавіца... да мяне нельга нават дакранацца, не тое што. Страх з мяне выходзіў, як замарозка, слепа рухалася напрасткі, як тая Начная Дама. Мне пільна яшчэ раз убачыць твар свайго Страху, каб вызваліцца канчаткова — спужацца яшчэ раз
і авалодаць мужнасцю. Я ішла да ягонага пад’езду, хістаючыся, ён спусціць, нацкуе на мяне ратвейлера, ён... і ўявіць немагчыма, але я не хачу жыць побач, увесь век баючыся сустрэчы, не хачу пусціць y гэты свет яшчэ адну ахвяру!
Не ведаю ягонай кватэры, званю наўздагад, адчыняюць, не пытаючыся. Мужчына і жанчына на парозе, узбуджаныя, вясёлыя твары са свежымі сінякамі, паміж імі тая лёгкая згода, весялосць (якраз пасля бойкі), калі яшчэ ўдалося спыніцца, не забіцца да смерці. I ніхто з іх не можа папракнуць другога, пераважыць п’юць разам, y кватэры пуста, як на завуголлі, нежылася прастора, нечалавечая. I яна ў нечым лёгкім, басанож, абое бы нейкія пералётныя птушкі, якія выпадкова тут зазімавалі. 0, яны ведаюць галубятніка, a як жа! Ахвоча кідаюцца праводзіць, па-вясковаму, да самых «вароцейкаў», далікатна развітваюцца.
Няма сумневу, што гэта добрыя, даверлівыя людзі, якія зблудзілі ў свеце, зламаліся. Да іх рэдка звяртаюцца па дапамогу.
Стаю пад дзвярыма, раскалупанае гняздо замка. Адазваўся сабака (страх мае моцны пах), насцярожаныя крокі — нехта прынік да вочка, і не адчыняў, і не пытаўся, не выдаючы сябе, толькі чувалася цяжкая мужчынская здыхаўка. I я маўчала. Гэта быў момант, калі сама знаходзілася па той бок чалавечых адносін — я сама, пэўна, палохала, як тады, калі ў кватэру залезлі злодзеі. Месяц не магла зазірнуць y шафу, мярзотнае адчуванне, бы табе залезлі ў вантробы. Доўга пасля, абы надыходзіла ноч, без дай прычыны падхоплівалася, ішла крадучыся да вакна, узіралася ў вочка на дзвярах — пільнавала дом. I аднойчы раптам насупраць, блізка — вока! брыво з рудымі валасамі! я — з рыкам назад! Бяру сякеру, як на звера, буджу сямейнікаў — нікога няма, табе падалося, кажуць. A ў мяне лапаткі сышліся на спіне, я баялася людзей, доўга не было даверу да нікога, маўляў, ёсць гады, я ведаю. Доўга была на варце заўсёды. I калі на дачы выпадала начаваць адной, садзілася ля вакна, сядзела і глядзела ў цемру, мне пільна бачыць, чуць, каб быць гатовай абараніцца. Але на дачы быў накшы страх, з дамешкам незнаёмых гукаў прыроды, пужала ейная моц, навальнічныя зрухі. У горадзе баішся толькі чалавека. Ганебны, зневажальны стан, быццам няма даверу да самога сябе.